“Поўная ласкі” не азначае, што жыццё Марыі
было лягчэйшае. Адсутнасць граху не азначала адсутнасць цярпення. Нават больш,
вялікія дары азначаюць прыгатаванне да выконвання больш цяжкіх заданняў, якія
часта звязаныя з болем і цярпеннем. Беззаганнае Зачацце з’яўляецца выключным
прыгатаваннем Марыі да таго, каб Яна адказала на непаўторнае пакліканне: быць
Маці церпячага Месіі. Яна суправаджала Сына ад нараджэння Яго ў Бэтлеемскай
стаенцы ажно да пакутаў і смерці на Галгофе.
Дар незвычайнай святасці, які Яна атрымала
ў пачатку жыцця, захаваў Яе ад зла і граху, таму Яна – наша сястра ў цярпенні,
але не ў зле і граху.
Марыя Беззаганна Зачатая атрымала ў
спадчыну лёс грэшнай людзкой натуры, звязанай з цярпеннем. Таксама і Хрыстус,
Бог-Чалавек, прыняў людзкое цела, пазначанае цярпеннем і стаў сапраўды адным з
нас, ва ўсім да нас падобны апрача граху (пар. Габр 4, 15).
Марыя поўная ласкі з’яўляецца ва ўсёй
поўні чалавекам, для якога людзкое цярпенне не чужое. Дзякуючы атрыманай поўні
ласкі Марыя нават у найменшай ступені не бунтавалася супраць цярпення, таму што
Яна не супраціўлялася волі Божай, нават, калі яе выкананне было звязана з
цярпеннем. У гэтым Яна падобная да Сына, які навучыў Яе паслухмянасці праз тое,
што выцярпеў (пар. Габр 5, 8). Беззаганнае Зачацце вучыць нас, што чым больш
глыбокая з’яднанасць з Богам, тым большая гатоўнасць выконваць волю Божую,
нават калі трэба ўвайсці на шлях цярпення. Прыклад такой адкрытасці на цярпенне
мы бачым як у Марыі, так і ў жыцці шматлікіх святых. Менавіта таму Марыю мы
называем Каралевай мучанікаў.
Напоўненая любоўю, Яна чэрпала моц
вытрымліваць цярпенні ў любові да Бога і да людзей. Яна была мужная моцай Беззаганнага
Зачацця, якое было не толькі пачаткам Яе жыцця, але таксама давала кірунак і
змест Яе шляху веры.
Так мы праслаўляем Беззаганна Зачатую ў
малітве Касцёла:
Яна была прыгожая ў сваім зачацці, таму што, вольная ад усялякай змазы
граху, поўная прыгажосці, Яна ззяла бляскам ласкі; прыгожая ў дзявочым
нараджэнні, праз якое Яна дала свету Сына, які быў адлюстраваннем Тваёй хвалы,
Збавіцеля і Брата ўсяго чалавецтва; прыгожая ў цярпенні свайго Сына, апранутая
ў пурпур Яго Крыві, лагодная Авечка, церпячая разам з ціхім Баранкам,
абдараваная новым заданнем мацярынства ласкі; прыгожая ва ўваскрасенні Хрыста,
з якім Яна хвалебна валадарыць як Удзельніца Яго перамогі.
Хоць цярпенне неаддзельнае ад людзкога
жыцця, аднак само ў сабе ня мае ніякай вартасці. Яно набірае сэнс толькі праз
любоў, якая ідзе побач. Цярпенне не перамяняе чалавека, але любоў перамяняе
цярпенне.
Крыніца „Zeszyty Maryjne” №5 (149), 2002.
