АБ МОЦЫ І ГОДНАСЦІ РУЖАНЦА
[50] Такім чынам, дзякуючы казанням майго дарагога
Дамініка і моцы Ружанца, цэлыя краіны былі падпарадкаваныя Касцёлу, складаліся
багатыя ахвяраванні; будаваліся касцёлы і шпіталі; людзі вялі чыстае і
сумленнае жыццё; здзяйсняліся цуды. Можна было ўбачыць найвялікшую святасць з
пагардай да гэтага свету, пашанай да Касцёла, справядлівасцю князёў, супакоем
сярод грамадзянаў, сумленнасцю прадпрыемстваў і сямейных агмянёў. Больш таго,
людзі не пачыналі працы, не прывітаўшы перш Мяне Маім псалтыром, і не жадалі
пайсці на адпачынак, не памаліўшыся да Мяне на каленях. Калі здаралася, што
нехта ўзгадваў, што не аддаў Мне належнай пашаны, хутка ўставаў з ложка і вітаў
Мяне з яшчэ большай павагай і жалем, што не зрабіў гэтага раней.
Ружанец быў настолькі славуты, што пабожныя вернікі, як
толькі пра яго даведваліся, адразу далучаліся да ружанцовага Брацтва. Калі
нехта жыў у граху або багахульнічаў, пра яго казалі прыказкай: “Ён не брат
святога Дамініка”. Я не магу таксама моўчкі абысці знакі і цуды, якія дзякуючы
святому Ружанцу я ўчыніла ў розных месцах: эпідэміі чумы, якія я спыніла;
жудасныя войны, якія я супакоіла; праліццё патокаў крыві, якія я не дапусціла; і
нарэшце, ўсе беды, якіх я пазбегнула. Анёлы радуюцца вашым ружанцам, Святой Тройцы
яны вельмі падабаюцца, для Майго Сына гэта радасць, а для Мяне гэта настолькі
вялікае шчасце, што вы не можаце нават сабе гэтага ўявіць.
[51] Сярод усяго,
што існуе ў Касцёле, пасля святой Імшы, Ружанец дзеля Мяне – гэта самае
прыемнае з усяго, што ёсць. (Блаславёны Алэн).
Дзякуючы заахвочванням блаславёнага Дамініка ўсе браты і
сёстры яго Ордэна ўшаноўвалі Мяне і Майго Сына з вялікай пабожнасцю, няспынна і
вельмі глыбока адгаворваючы гэты псалтыр Святой Тройцы. Кожны дзень усе
маліліся цэлы Ружанец. Калі нехта гэтага не зрабіў, то лічыў свой дзень
змарнаваным. Пашана да гэтага практыкавання была настолькі вялікая, што браты
святога Дамініка, з любові да гэтага набажэнства, вельмі ахвотна прыходзілі да
касцёла і далучаліся да хору. Калі здавалася, што нехта выконваў свае абавязкі
з занядбаннем, яму ціха казалі: “Мой дарагі брат, або ты больш не молішся
Псалтыр Марыі, або ты молішся яго вельмі не пабожна”.
АБ ГОДНАСЦІ
АНЁЛЬСКАГА ПРЫВІТАННЯ
“Я сам, ведаючы аб моцы звеставання Пана, адгаворваў
гэтае прывітанне з вялікай стараннасцю. І на самай справе, знаходзячыся ў сваім
людскім стане, я маліўся да Марыі, якая знаходзілася ў стане боскай ласкі і
хвалы” (Блаславёны Алэн).
“Аднойчы, пэўнай жанчыне, якая належыла да Брацтва св.
Ружанца, калі яна адпачывала ў сваім ложку, аб’явілася блаславёная Дзева і
сказала: “Не бойся, дачка, Я – твая пяшчотная Маці, Якой ты пабожна кожны дзень
служыш; але будзь вытрывалай і захавай вернасць. Ведай, што Анёльскае
Прывітанне прыносіць мне такую радасць, якую немагчыма перадаць словамі.” (Гільём Пэпін, Іn Rosario aureo, Sermon 47).
[53] Гэта пацверджана візіяй святой Гертруды. Вось, што
можна прачытаць у кнізе IV, раздзеле
XI яе Аб’яўленняў: “Раніцай, у свята Звеставання бл. Дзеве Марыі, калі спявалі “Ave, Maria” у кляштары, дзе жыла Гертруда, святая ўбачыла тры ручайкі, якія сыходзілі
ад Айца, Сына і Святога Духа, і пяшчотна ўліваліся ў сэрца Дзевы Марыі.
З гэтага Сэрца яны ізноў імкліва вярталіся да сваёй крыніцы. Такім чынам, Святая Тройца абдаравала Марыю ласкай быць самай магутнай пасля Айца, самай мудрай пасля Сына і самай міласэрнай пасля Духа Святога. Святая таксама даведалася, што кожны раз, калі на зямлі вернікі моляцца “Вітай, Марыя”, тры таямнічыя ручайкі імкліва ахопліваюць блаславёную Дзеву, уліваюцца ў Яе сэрца і пасля таго, як напоўняць Яе дзівоснай асалодай, вяртаюцца ва ўлонне Бога. З гэтай бязмежнай радасці чэрпаюць сваю частку святыя і анёлы, а таксама ўсе тыя, што на зямлі моляцца гэтае прывітанне, якое аднаўляе даброты ў душах дзяцей Божых. Вось словы Марыі, якія Яна сама сказала святой Мектыльдзе: “Ніколі чалавек не казаў нічога больш прыгажэйшага за «Ave, Maria». Няма словаў больш салодкіх Майму Сэрцу, якімі можна Мяне прывітаць, чым гэтыя словы, поўныя пашаны, і якімі прывітаў Мяне сам Бог.”
[54] Аднойчы Святая Дзева сказала святой Мектыльдзе: “Вось
тут, на гэтым плашчы, выгравіраваныя ўсе Анёльскія Прывітанні, якія ты да Мяне
скіравала. Калі гэтая частка Майго плашча будзе поўная “Ave, Maria”, Я забяру цябе ў валадарства Майго любага Сына.” Дыянізій з кляштара
Картузаў, наконт аб’яўлення Марыі аднаму са сваіх наведвальнікаў, разважаў так:
“Вітайма Святую Дзеву нашым сэрцам, нашымі вуснамі і нашымі ўчынкамі, каб
аднойчы Яна не сказала нам: «Гэты народ ушаноўвае мяне вуснамі, а сэрцам далёка
ад Мяне.»”
[55] “Рышард са Святога Ларана пералічвае прычыны, па
якіх ён маліўся “Вітай, Марыя” перад тым, як пачаць казанне.
“1. Ваяўнічы Касцёл хоча наследаваць Арханёла Габрыэля,
які перад тым, як абвясціць Марыі добрую навіну словамі “вось Ты пачнеш і
народзіш Сына”, з павагай прывітаў Яе словамі “Ave, Maria”. Такім чынам, Касцёл, перад тым, як пачаць абвяшчаць Евангелле, вітае
Святую Дзеву.
2. Слухачы Божага Слова атрымаюць большыя плёны ад
навукі. А прапаведнікі ў гэтым выпадку выконваюць паслугу анёла. Але, каб
слухачы нарадзілі праз веру Езуса Хрыста ў сваіх душах, трэба, каб яны атрымалі
ласку Святой Дзевы, якая першай Яго нарадзіла, і разам з Ёй яны стануць маці
Езуса Хрыста. Таму што без Марыі яны не могуць нарадзіць Езуса ў сабе.
3. Праз малітву “Ave, Maria”, плённасць якой нам
паказвае Евангелле, яны атрымаюць дапамогу Святой Дзевы.
4. Дзякучы гэтай малітве можна пазбегнуць вялікіх
небяспекаў: Марыя – Асвятляльніца і дае святло прапаведнікам.
5. Слухачы, па прыкладзе Святой Дзевы, больш уважліва
слухаюць і з большым клопатам захоўваюць у сэрцы Слова Божае.
6. Дэман, вораг людскога роду і прапаведвання Евангелля,
будзе выгнаны вельмі далёка, таму што, згодна са словамі Езуса, трэба
асцерагацца таго, каб дэман, які не хоча збаўлення людзей, не прыйшоў і не
скраў слова з сэрцаў слухачоў.”
[56] Вось, што распавядае Клімент Лосаў у сваёй першай
кнізе казанняў пра Ружанец: “Калі святы Дамінік адышоў да неба, а ружанцовае
набажэнства вельмі аслабла і амаль памерла, у розных рэгіёнах выбухла і пачала
лютаваць жудасная чума. Бедныя жыхары пабеглі да святога пустэльніка, які жыў
адасоблена, захоўваючы вялікую стрыманасць, і папрасілі ў яго заступіцца за іх
перад добрым Богам. Святы чалавек паклікаў Маці Збаўцы, молячы Яе прыйсці на
дапамогу ў якасці Заступніцы грэшнікаў. Марыя прыйшла да яго і сказала: “Яны
перасталі Мяне праслаўляць. Менавіта таму на іх зваліліся няшчасці. Няхай яны
зноў пачнуць практыкаваць старое набажэнства, тады яны зведаюць даброты Майго
заступніцтва. Я паклапачуся аб тым, каб іх уратаваць, калі яны будуць
ушаноўваць Мяне, адгаворваючы Ружанец, таму што гэтая малітва вельмі Мне
падабаецца. Людзі паслухаліся голасу Марыі і пачалі рабіць сабе ружанцы, на
якіх маліліся ад усяго сэрца...” (Discursus 322, Clemens Losow, sermo I de Rosario).