Гісторыя Рэбэкі і Якуба

 [183] Да усіх праўдаў пра Святую Дзеву і Яе дзяцей і верных слугаў, што я тут апісаў, Дух Святы дае нам у Святым Пісанні цудоўны вобраз у гісторыі Якуба, які атрымаў блаславенства свайго айца Ісаака дзякуючы клопатам і заступніцтву сваёй маці Рэбэкі. Вось як Дух Святы гэта падае. Пасля я растлумачу гэты вобраз. 

Гісторыя Якуба і Эсава 

   [184] Эсаў прадаў Якубу сваё права паршародства. Рэбэка, маці абодвух сыноў, якая вельмі любіла Якуба, праз некалькі гадоў святым таямнічым спосабам падрыхтавала яму гэты прывілей. Калі Ісаак пачуў сябе лепей, ён пажадаў блаславіць сваіх сыноў перад смерцю і паклікаў Эсава, якога любіў больш, загадаў яму пайсці на паляванне і прыгатаваць ежу, каб потым ён мог яго блаславіць. Рэбэка хутка папярэдзіла пра гэта Якуба і загадала яму ўзяць двух казлянят са статку. Калі ён прынёс іх маці, яна прыгатавала Ісааку страву, якую ён любіў.  Потым апранула Якуба ў адзенне Эсава, пакрыла яго рукі скурай казлянятаў, каб бацька, які быў ужо сляпы, чуючы словы Якуба, падумаў, што гэта яго брат Эсаў. Ісаак, праўда, быў здзіўлены, пачуўшы голас Якуба, сказаў яму падысці, потым дакрануўся да казлінай скуры, якой былі пакрытыя яго рукі. Ён сказаў, што гэта голас Якуба, але рукі ўсё ж такі Эсава. Пасля таго, як Ісаак паеў і, пацалаваўшы Якуба, адчуў пах адзення яго брата, ён яго блаславіў і пажадаў яму расы неба і плённасці зямлі. Ён паставіў яго гаспадаром над усімі братамі і скончыў блаславенства наступнымі словамі: «Няхай той, што будзе цябе праклінаць, сам будзе пракляты, а той, хто цябе будзе блаславіць, няхай будзе поўны блаславенства».

   Як толькі Ісаак скончыў свае словы, увайшоў Эсаў і прынёс ежу, якую згатаваў з таго, што здабыў на паляванні, каб бацька яго блаславіў. Гэты святы патрыярх быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся пра ўсё, што толькі што адбылося. Але ён ужо не мог адмовіцца ад таго, што зрабіў, і нават наадворот, бачучы ў гэтым правіцу Госпада, пацвердзіў. Эсаў жа, як падае Святое Пісанне, вельмі разгневаўся і моцна абвінаваціў у падмане свайго брата. Ён запытаўся ў бацькі, ці той меў толькі адно блаславенства. Святыя Айцы кажуць, што Эсаў — гэта вобраз тых, што хочуць аб’яднаць Бога і гэты свет і карыстацца адначасова суцяшэннем неба і ўцехамі зямлі. Ісаак, крануты адчаем Эсава, блаславіў і яго, але зямным блаславенствам і зрабіў яго падданым брату. Гэта нарадзіла ў ім зларадную нянавісць да Якуба, і ён пачаў чакаць смерці Ісаака, каб забіць брата. Якуб не змог бы пазбегчы смерці, калі б Рэбэка, яго маці, не дапамагла яму сваімі парадамі і прадбачлівасцю, а Якуб не паслухаўся яе. 

Паводзіны Эсава ў дачыненні да Рэбэкі 
і паводзіны адрынутых у дачыненні  да Марыі
 

   [185] Перш, чым патлумачыць гэтую вельмі прыгожую гісторыю, трэба заўважыць, што, паводле святых Айцоў і інтэрпрэтатараў Святога Пісання, Якуб з’яўляецца вобразам Езуса Хрыста і прызначаных душаў, а Эсаў — вобразам адрынутых. Досыць добра прыгледзецца да ўчынкаў і паводзінаў аднаго і другога, каб гэта ўбачыць.

   1. Эсаў, старэйшы, быў моцны і высокі, спраўны і ўмелы ў стральбе з луку, забіваў шмат дзічыны на паляванні.

   2.  Ён амаль што не бываў дома і спадзяваўся толькі на свае сілы і ўмеласць, працаваў толькі на вольным прасторы.

   3. Ён не надта клапаціўся пра тое, каб падабацца сваёй маці Рэбэцы і нічога дзеля гэтага не рабіў.

   4. Ён настолькі любіў добра паесці і так любіў свой страўнік, што прадаў права першародства за міску сачавіцы.

   5. Ён быў, як Каін, поўны нянавісці да свайго брата Якуба і злосна яго пераследваў.

   [186] А вось штодзённае захаванне адрынутых.

   1. Яны трацяць свае сілы і ўменні на часовыя справы. Яны вельмі моцныя, спраўныя, спрытныя і дасведчаныя ў зямных рэчах, але вельмі слабыя і цёмныя ў рэчах нябесных: «In terrenis fortes, in coelestibus debiles». Таму:

   [187] 2. Яны вельмі мала ці ўвогуле не бываюць у сябе дома, гэта значыць, унутры сябе, гэтым унутраным і галоўным доме, які Бог даў кожнаму, каб там прабываць на яго ўзор, таму што Бог заўсёды прабывае ў Сябе дома. Адрынутыя не любяць самотнасці, духоўнага жыцця, унутранай пабожнасці. А людзей, што жывуць унутраным жыццём, выракаюцца гэтага свету і аддаюцца больш працы ўнутранай, чым знешняй, лічаць разумова абмежаванымі, дзікімі і святошамі.

   [188] 3. Адрынутыя ўвогуле не клапоцяцца пра ўшанаванне Святой Дзевы, Маці прызначаных. Праўда, яны і не ненавідзяць Яе адкрыта. Часам Яе праслаўляюць, кажуць, што любяць, і нават маюць нейкія пабожныя практыкаванні ў Яе гонар. І ў той самы час яны не могуць знесці, калі хтосьці Яе пяшчотна любіць, бо не маюць да Яе пачуццяў Якуба. Калі гаворка ідзе пра тое, каб ушаноўваць Яе (практыкаванне, якому аддаюцца Яе добрыя дзеці і слугі, каб заслужыць Яе дабразычлівасць), яны крытыкуюць яго і не вераць, што яно патрэбнае ім для збаўлення. І, хоць яны і не ненавідзяць адкрыта Святую Дзеву і не пагарджаюць набажэнствамі да Яе, але лічаць, што гэтага досыць, каб атрымаць ласкі Святой Дзевы, і яны ўжо Яе добрыя слугі, калі моляцца ці мамрычаць нейкія малітвы ў Яе гонар, не маючы любові да Яе і не клапоцячыся пра тое, каб выправіць сваё жыццё.

   [189]  4. Адрынутыя прадаюць сваё права першародства, ці радасць раю, за міску сачавіцы, ці зямныя радасці. Яны смяюцца, п’юць, спажываюць ежу, забаўляюцца, гуляюць, танчаць, не прыкладаючы намаганняў, як Эсаў, каб стаць годнымі блаславенства Айца нябеснага. Адным словам, яны думаюць толькі пра зямныя справы, любяць толькі зямныя справы, гавораць і дзейнічаюць толькі дзеля зямных справаў і задавальненняў. Яны прадаюць такім чынам ласку хросту, шату чысціні, сваю нябесную спадчыну за кароткія хвіліны радасці, марны дым зямной пашаны і кавалак жоўтай ці белай цвёрдай зямлі.

   [190] 5. Урэшце, адрынутыя ненавідзяць і кожны дзень пераследуюць усіх прызначаных, адкрыта ці таемна. Яны абцяжарваюць іх, пагарджаюць імі, крытыкуюць, усё робяць насуперак ім, зневажаюць, абкрадаюць, падманваюць, даводзяць да бядоты, палююць на іх, сціраюць у пыл. А самі ў гэты час назапашваюць багацце, жывуць у сваё задавальненне, клапоцяцца пра свой гонар, узбагачаюцца, растуць у вачах гэтага свету і жывуць згодна сваім жаданням.

Паводзіны Якуба ў дачыненні да Рэбэкі
і паводзіны абраных у дачыненні да Марыі
 

   [191] 1. Якуб меў слабейшае цела, быў лагодны і спакойны. Звычайна ён заставаўся дома, каб заваяваць дабразычлівасць сваёй маці Рэбэкі, якую вельмі любіў. Нават калі ён і выходзіў з дому, гэта было ані не па яго волі, ані не праз давер да ўласных здольнасцяў, але праз паслухмянасць сваёй маці.

   [192] 2. Ён любіў і шанаваў сваю маці, таму заставаўся дома ля яе. Бачыць яе было самым вялікім шчасцем дзеля яго. Ён пазбягаў усяго, што магло б ёй не спадабацца, і рабіў усё, што, як ён думаў, магло ёй спадабацца. І таму Рэбэка любіла яго за кожным разам усё больш.

   [193]  3. Ён ува ўсім быў падданы сваёй дарагой маці і цалкам ува ўсім паслухмяны. Яе загады выконваў не чакаючы, з любоўю і без скаргаў. Ён выконваў найменшыя яе загады.  Ён верыў усяму, што яна казала, не сумняваючыся. Напрыклад, калі яна сказала яму прынесці двух казлянятаў, каб з іх прыгатаваць ежу айцу Ісааку, Якуб не пярэчыў, не сказаў, што яны маюць досыць дзеля аднаго чалавека. Але, не спрачаючыся, зрабіў тое, што яна яму загадала.

   [194] 4. Ён вельмі давяраў сваёй дарагой маці і не абапіраўся на свае здольнасці, а толькі на клопат і апеку сваёй маці. Ён звяртаўся да яе ўва ўсіх сваіх патрэбах і раіўся з ёй ува ўсіх сумневах. Напрыклад, калі ён запытаўся, ці замест блаславенства ён не атрымае ад бацькі праклён, і калі ў адказ яна сказала, што тады возьме на сябе гэты праклён, ён паверыў ёй і цалкам даверыўся.

   [195] 5. Урэшце, ён наследваў цноты, якія бачыў у сваёй маці, і, здаецца, гэта была адна з прычынаў таго, што ён заставаўся дома. Гэта дзеля таго, каб наследваць сваю дарагую маці, якая была вельмі цнатлівая, і быць як мага далей ад кепскіх кампаніяў, што разбураюць добрыя звычаі. Дзякуючы гэтаму ён стаўся годным атрымаць падвойнае блаславенства свайго дарагога бацькі.

   [196] А вось штодзённае захаванне абраных:

   1. Яны заўсёды застаюцца дома разам са сваёй маці, гэта значыць, яны любяць самоту, жывуць унутраным жыццём, часта моляцца па прыкладзе і ў еднасці са сваёй Маці, Святой Дзевай, чыя хвала была ўнутры і якая ўсё сваё жыццё любіла самотнасць і малітву. І сапраўды, часам здаецца, што яны па-за светам, але гэта толькі з волі Божай і іх дарагой Маці, каб выконваць абавязкі свайго стану. Нават калі б яны выконвалі навялікшыя знешнія справы, найбольш яны цэняць тое, што робяць унутры сябе, у еднасці з Найсвяцейшай Дзевай Марыяй, таму што ствараюць там вялікую справу сваёй дасканаласці, у параўнанні з якой усе іншыя справы — толькі дзіцячая гульня. Таму, калі іх браты і сёстры выконваюць знешнія справы з найбольшымі намаганнямі, спрытам і поспехам, атрымоўваючы пахвалу і ўхвалу свету, яны ведаюць дзякуючы святлу Духа Святога, што найбольш хвалы, дабра і радасці ў схаваным і самотным жыцці з Езусам Хрыстом, іх Настаўнікам, у поўным і дасканалым падпарадкаванні сваёй Маці, чым у тым, каб па сваёй волі чыніць розныя цуды ў свеце, як гэта рабіў Эсаў і адрынутыя. «Gloria et divitiæ in domo ejus» («Хвала Бога і багацце чалавека ў доме Марыі»).

   Пане Езу, як жа любыя твае скарбніцы! Верабей знайшоў сабе дом, і туркаўка гняздо сваім птушанятам. O, як жа шчаслівы чалавек, які жыве ў доме Марыі, дзе Ты жыў першы! Менавіта ў гэтым доме абраных ён атрымоўвае дапамогу толькі ад Цябе аднаго і там пракладае ў сваім сэрцы сцежкі і прыступкі, каб узняцца да дасканаласці ў гэтай даліне слёз. «Quam dilecta tabernacula, etc

   [197] 2. Яны пяшчотна любяць і па-сапраўднаму ўшаноўваюць Найсвяцейшую Дзеву як сваю добрую Маці і Гаспадыню. Яны любяць яе не толькі вуснамі, але ў праўдзе. Яны ўшаноўваюць Яе не толькі знешне, але з усім сэрцам. Яны пазбягаюць, як Якуб, усяго, што можа Ёй не спадабацца, і старанна робяць усё, каб атрымаць Яе дабразычлівасць. Яны прыносяць Ёй не двух казлянятаў, як Якуб Рэбэцы, але тое, што яны ўвасабляюць, гэта значыць, сваю душу і цела, разам з тым, што ім належыць: 1) каб Яна іх прыняла як Сваю ўласнасць; 2) каб Яна дапамагла ім памерці для граху і для саміх сябе, ачышчаючы іх і вызваляючы з любові да сябе, каб яны падабаліся Езусу, Яе Сыну, які жадае, каб Яго сябры і вучні памерлі дзеля сябе; 3) каб Яна ўфармавала іх паводле ўпадабання Айца нябеснага і дзеля Яго большай хвалы, якую Яна ведае лепш за ўсіх; 4) каб з Яе дапамогай і праз Яе заступніцтва, добра ачышчаныя ад усялякага бруду, памерлыя дзеля сябе і дасканала прыгатаваныя душа і цела сталіся цудоўнай стравай, годнай вуснаў і блаславенства Айца нябеснага. Ці не гэта ж самае зробяць абраныя, што скаштуюць і цалкам прысвецяць сябе Езусу Хрысту праз Марыю, пра што я навучаю, каб засведчыць Езусу і Марыі чулую і адважную любоў?

   Адрынутыя кажуць, што яны досыць любяць Езуса і ўшаноўваюць Марыю. Аднак робяць гэта не сваёй сутнасцю, аж да таго, каб ахвяраваць сваё цела разам з яго моцай і душу разам з яе схільнасцямі, як гэта робяць абраныя.

   [198] 3. Абраныя падпарадкаваныя і паслухмяныя Святой Дзеве як сваёй добрай Маці па прыкладзе Езуса Хрыста, які трыццаць тры гады пражыў на зямлі і прынёс хвалу Богу Айцу поўным падпарадкаваннем і паслухмянасцю Сваёй святой Маці. Яны слухаюцца Яе, дакладна выконваючы ўсе Яе парады, як Якуб слухаў парады Рэбэкі, якому яна сказала: «Acquiesce consiliis meis». («Сын мой, выконвай мае парады»). Альбо як слугі на вяселлі ў Кане, якім Святая Дзева сказала: «Quodcumque dixerit vobis facite». («Зрабіце ўсё, што вам скажа Мой Сын«).  Якуб, за тое,  што паслухаўся сваёй маці, цудам атрымаў блаславенства, хоць натуральным чынам не павінен быў яго атрымаць, як слугі на вяселлі ў Кане. За тое, што яны паслухаліся парады Святой Дзевы, яны заслужылі атрымаць першы цуд Езуса Хрыста, дзякуючы якому па просьбе Марыі вада перамянілася ў віно.  Таксама і ўсе іншыя, што да канца вякоў будуць атрымоўваць блаславенства Айца нябеснага і будуць ушанаваныя Яго цудамі, будуць атрымоўваць гэтыя ласкі толькі дзякуючы дасканалай паслухмянасці Марыі. Эсавы ж, наадварот, з-за непаслухмянасці Святой Дзеве будуць іх губляць.

   [199] 4. Абраныя маюць вялікі давер да дабрыні і моцы Найсвяцейшай Дзевы Марыі, іх добрай Маці. Яны заўсёды патрабуюць Яе дапамогі. Яны глядзяць на Яе як на палярную зорку, каб дайсці да порту. Яны распавядаюць Ёй пра ўсе свае цяжкасці і патрэбы з вялікай адкрытасцю сэрца. Яны спадзяюцца на Яе міласэрнасць і ласкавасць, каб атрымаць праз Яе заступніцтва прабачэнне грахоў і скаштаваць Яе слодыч у цяжкасцях і смутку. Яны цудоўным чынам пагружаюцца, хаваюцца і губляюцца ў Яе любым дзявоцкім улонні, каб там быць ахінутымі Яе чыстай любоўю, быць ачышчанымі ад усялякага бруду і знайсці ў поўні Езуса, які валадарыць там, як на сваім самым хвалебным троне. O, якое шчасце! Не верце, кажа абат Гэрык, што больш шчасця ў тым, каб жыць ва ўлонні Абрагама, чым ва ўлонні Марыі, таму што ў Ёй Госпад усталяваў Свай трон. «Ne  credideris  majoris  esse  felicitatis  habitare  in  sinu Abrahae quam in sinu Mariae, cum in eo Dominus posuerit thronum suum».

   Адрынутыя, наадварот, спадзяюцца толькі на сябе, разам з марнатраўным сынам спажываць тое, што свінні, разам з жабамі ядуць зямлю і разам з прадстаўнікамі гэтага свету любяць толькі бачныя і знешнія рэчы, а таму не могуць скаштаваць слодыч прабывання ва ўлонні Марыі. Яны ўвогуле не адчуваюць той падтрымкі і таго даверу, які маюць абраныя адносна Святой Дзевы, іх добрай Маці. Яны любяць і спатольваюць свой марны знешні голад, як кажа святы Грыгорый, таму што не хочуць пакаштаваць слодыч, якая ўнутры іх і прыгатаваная ў Езусе і Марыі.

   [200] 5. Урэшце, выбраныя ідуць па сцежках Святой Дзевы, сваёй добрай Маці. Яны наследуюць Яе і менавіта ў гэтым знаходзяць сваё сапраўднае шчасце і пабожнасць. У гэтым яны таксама носяць беспамылковую пячатку іх прызначэння, як ім кажа Сама добрая Маці: «Beati  qui  custodiunt  vias  meas». Што азначае: “Блаславёныя, што практыкуюць мае цноты і ідуць сцежкамі майго жыцця, падтрыманыя ласкай Божай. На працягу жыцця яны шчаслівыя дзякуючы багаццю ласкаў і слодычы, якія Я ўдзяляю ім са сваёй поўні, а яшчэ больш тым, што мяне так верна наследуюць. Яны шчаслівыя ў хвіліну смерці, бо яна салодкая і спакойная, і Я зазвычай побач з імі ў гэтую хвіліну, каб самой прывесці іх да вечнай радасці. І, вядома, яны будуць шчаслівыя ў вечнасці, бо ніводны з маіх добрых слугаў, што наследаваў мае цноты ў жыцці, не загінуў.

   Адрынутыя ж, наадварот, нешчаслівыя на працягу жыцця, у хвіліну смерці і ў вечнасці, таму што ўвогуле не наследуюць Найсвяцейшай Дзевы ў Яе цнотах. Яны абмяжоўваюцца тым, што часам уступаюць у Яе брацтвы, чытаюць некалькі малітваў у Яе гонар і выконваюць некалькі знешніх пабожных практыкаванняў. O Святая Дзева, мая добрая Маці, як жа шчаслівыя тыя, што, паўтараю гэта з радасцю сэрца, не спакушаюцца несапраўдным ушанаваннем Цябе, верна захоўваюць Твае шляхі, выконваюць Твае парады і загады!  І наадварот, нешчаслівыя і праклятыя тыя, што злоўжываюць ушанаваннем Цябе і не захоўваюць прыказанняў Твайго Сына: «Maledicti omnes qui declinant a mandatis tuis».