Дзень першы: Чулае сэрца святога Людвіка.
У святога Людвіка быў вельмі цудоўны духоўны шлях, якім Бог яго праводзіў, а ён быў Яму вельмі паслухмяны. Любоў да Бога і бліжняга, асабліва да тых, што знаходзіліся ў вялікай патрэбе, былі падставай гэтага шляху.
Ужо з дзяцінства і з першага ўзрушэння яго сумлення, Людвіка прыцягвала Божая любоў. “Ён аддаляўся ад сваіх равеснікаў, каб пазбягаць іх забаваў, хаваўся, каб маліцца на ружанцы перад абразом Маці Божай". Кс. Альбін, сябра і семінарыйны прыяцель св. Людвіка напісаў: “Часта сярод нас ён выглядаў так, як бы знаходзіўся ў пачуццёвым экстазе, адключаны, захоплены Богам. Ён не мог запанаваць над сваімі ўзрушэннямі сэрца, якое было прасякнутае Божай любоўю, і ўздыхаў за сталом, на рэкрэацыі, паўсюль. Гэта быў вынік гарачых натхненняў Божай любові ў Святым Духу, які пранікаў сэрца, каб дазволіць пакашатваць Яго слодыч”.
Гэтая любоў да Бога, а таксама малітва, былі падставай яго святога духоўнага шляху ажно да найвышэшай вяршыні малітвы. Адкрываючы сваё сэрца для Бога, распаленае любоўю, як сталы святар і місіянер, ён запісаў: “О мой Божа, я прагну Цябе любіць, я пачынаю згараць, Ты мяне захапляеш. Дазволь мне любіць Цябе” (Песня 138, 1).
Адначасова з узрастаннем любові да Бога, у чулым сэрцы св. Людвіка ўзрастала любоў да бліжняга. Аднаго дня, калі ён быў яшчэ ў семінарыі, маці Людвіка, Жанна, наведвала бедных у касцёле св. Іва ў Рэннах. Яна пазнаёмілася з адной беднай жанчынай і спыталася, хто яе туды прывёў, а яна адказала: “Твой сын, спадарыня. Гэта ён знайшоў мне тут месца і прывёў мяне сюды.” Няма сумневу ў тым, што яго маці была шчаслівая і ганарылася сваім сынам.
Людвік вельмі чула перажываў цярпенні бліжніх і ўчынкамі любові, якія былі незвычайнымі, перамагаў тых, што закрывалі свае сэрцы на патрэбы іншага. Усё сваё жыццё св. Людвік адносіўся да ўбогіх з верай, перажываючы кожную такую сустрэчу як працяг сваёй любові да Езуса ў Эўхарыстыі. З такой самай пяшчотай, любоўю і палкасцю, якая праяўлялася ў малітве, Людвік падыходзіў да кожнага ўбогага, у якім бачыў самога Езуса. Бедныя называлі яго “добры айцец Манфор”.
Малітва. Пане, наш Божа, св. Людвік дэ Манфор усё сваё жыццё правёў так, каб любіць Цябе і бліжняга, а мы так мала праяўляем гэтую любоў. Праз яго заступніцтва дапамажы нам перамагчы нашыя маладушныя сэрцы і ўсё тое, што нам перашкаджае сапраўды любіць. Пачуй нашую просьбу і праз яго заступніцтва дай нам чыстае сэрца, каб мы любілі чыстай любоўю. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя, ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Дзень другі: Духоўнае ўзрастанне св. Людвіка і нашае.
Святы Людвік даў нам сведчанне таго, што дасягнуў вышыні духоўнага і містычнага жыцця на зямлі, з’яднання з Хрыстом, якога называе Мудрасцю: “У новай сям’і, да якой я належу, я пашлюбаваўся з Мудрасцю і крыжам, тут увесь мой скарб, цяпер і ў вечнасці, зямны і нябесны, і ён настолькі вялікі, што калі б іншыя яго пазналі, майму лёсу зайздросцілі б самыя багатыя і самыя магутныя валадары зямлі. Ніхто не ведае таямніцы, пра якую я кажу, або ведае пра яе вельмі мала” (Ліст 20).
Святы Людвік пісаў свайму сябру Блэну, што ён адчуваў прысутнасць Езуса і Марыі ў сваёй душы. Манфор растлумачвае характарыстычную рысу гэтай містычнай еднасці з Марыяй у песні: “Гэтая добрая Маці і Настаўніца на кожным кроку моцна мяне падтрымлівае, а калі я па сваёй слабасці ўпаду, Яна адразу мяне ўзнімае. Гэта, кажу я вам, незразумелая рэч. Я нясу ў сабе Марыю, але ў ценю веры” (Песня 77, 11-15).
Святы Людвік вельмі добра дае зразумець, што калі нехта сапраўды аўтэнтычным чынам жадае жыць духоўнасцю прысвячэння, якой ён навучае, то гэтая духоўнасць павядзе яго вузкім шляхам Евангелля да вызвалення ад эгаізму і самалюбства. Мэтай з’ўляецца ачышчэнне і ўзрастанне ў любові. Сапраўды, Марыя, вернікаў, якія прысвячаюць сябе Ёй, вядзе шляхам вялікай і чыстай любові. Менавіта такі гэты шлях, з аднаго боку – паміранне для граху і для самога сябе, а з другога боку – перамяненне і нараджэнне новага чалавека ў Езусе Хрысце. У песні сама любоў кажа пра сябе: “Самалюбства цалкам супярэчыць святому полымю божай любові, трэба ўсё цярпець і ўсё зрабіць, каб перамагчы гэтую вытанчаную злобу. Каб палаць Маім чыстым полымем, каб каштаваць Маё святое намашчэнне, мы павінны ненавідзець сябе ажно да цалкавітага ўтаймавання. Маё збаўчае полымя гасіцца вадой лёгкіх грахоў. Хто не робіць іх дабраахвотна, той дойдзе да чыстай любові неба” (Песня 5, 29-31).
Святы Людвік шляхам, якім прайшоў сам, хоча весці душы да чыстай любові і еднасці з Езусам – Мудрасцю. Ён усведамляе, што можа быць ня лёгка зразумець і прыняць значэнне і сутнасць гэтай духоўнасці. “Паколькі сутнасць гэтага набажэнства знаходзіцца ўнутры чалавека, якога яно павінна фармаваць, а таму не кожны зможа яго аднолькава зразумець” (ТСН №119). “Не трэба вялікіх намаганняў, каб запісацца ў якое-небудзь брацтва, штодзённа маліцца некалькі розных малітваў; але сапраўдная цяжкасць заключаецца ў тым, каб увайсці ў дух гэтага ўшанавання, якое павінна ўнутрана зрабіць душу залежнай, як нявольніка, ад Найсвяцейшай Дзевы, а праз Яе – ад Езуса” (ТСН № 44).
Каб сапраўды зразумець і штодзённа жыць духам прысвячэння Езусу праз Марыю, трэба перш за ўсё клапаціцца аб тым, каб прыняць сапраўдную падставу гэтай духоўнасці, якая заключаецца ў цалкавітым адданні сябе Марыі, каб менавіта Яна вяла нас шляхам да еднасці з Езусам праз сітуацыі і падзеі нашага жыцця. Трэба чуваць над унутраным духам гэтага ахвяравання сябе, згаджаючыся на шлях памірання для граху і самалюбства, каб мы духоўна ўзрасталі і саспявалі, прымаючы ўсе патрэбныя і неабходныя прылады духоўнага жыцця, каб шляхам чыстай любові мы дайшлі да еднасці з Езусам. Вынікам такой духоўнай прыхільнасці з’яўляецца духоўны дынамізм, які трывае ўсё жыццё. Яго ажыццяўленне не залежыць толькі ад нашай працы, але гэта таксама дар Божай ласкі.
Малітва. Пане наш Божа, праз свайго ўлюбёнага Сына, праз ласку Ты нас адкупіў і прыняў як сваіх любых дзяцей так, што мы можам называць Цябе Абба – Ойча. Па прыкладзе і праз заступніцтва св. Людвіка ты вызваліў нашыя сэрцы ад усяго, што перашкаджае нам узрастаць духоўна і ад таго, што Табе вельмі непрыемна, каб мы сапраўды жылі духам нашага ўсынаўлення ў Хрысце дзеля Тваёй хвалы. Пачуй нашую просьбу і праз заступніцтва св. Людвіка дай нам ласку, каб мы ніколі не сышлі з гэтага духоўнага шляху і ўзрастання ў веры. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя, ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Дзень трэці: Давер Богу.
Людвік пакінуў сваю сям’ю і паехаў у Парыж, каб у Семінарыі падрыхтавацца да святарства. Упершыню ён адчуў сябе вельмі вольным і адказным за сваё жыццё. Ён усведамляў, што перад ім яшчэ шмат спакусаў і жыццёвых выпрабаванняў. Ён абраў свой шлях, абапіраючыся толькі на Бога і Яго Провід. Грошы, якія ён меў у кішэні, і рэчы, прыгатаваныя яго матуляй для падарожжа, ён аддаў першаму бедняку, якога сустрэў у дарозе. Пазней, калі ён сустрэў іншага жабрака, але ўжо не меў, чаго даць, памяняўся з ім адзеннем – аддаў яму сваё новае, а сабе ўзяў яго старое і бруднае. Вольны, нічога не маючы, Людвік склаў шлюб цалкавітай убогасці і ахвяравання сябе Божаму Провіду, шлюб, які захоўваў на працягу ўсяго свайго жыцця. Блэн, які суправаджаў свайго сябра на шляху фармацыі да святарства, запісаў: “У гэты час Людвік бязмежна аддае сябе ў рукі Божага Провіду, з даверам і супакоем, так, як бы Яна цалкам над ім чувала. Нават торба золата, якая б яго чакала ў Парыжы, не дала б яму большай упэўненасці”.
Святы Людвік на працягу ўсяго свайго жыцця захаваў вялікі і цалкавіты давер Богу і Яго айцоўскаму Провду. Ён асабіста зведаў шмат унутраных і вонкавых цяжкасцяў. Жыў у крайняй убогасці, ва ўнутнанай і вонкавай цемры, звязанай з ажыццяўленнем свайго місіянерскага паклікання і заснавання Ордэна. Але ва ўсім ён спакойна і з цалкавітым даверам аддаваўся Богу, як сам казаў, Айцу, які заўсёды праяўляе Сваю прысутнасць і Свой клопат. Менавіта пра гэта св. Людвік піша ў адной са сваіх песняў: “Мы здзіўляемся Провіду, які ўсё вядзе да мэты, усё ведае, усім кіруе, моцна і лагодна ўсё растаўляе, нават самую маленькую рэч. Увесь сусвет пра яго кажа, заўсёды і паўсюль, уся зямля поўная яго дзівоснага парадку: змены пораў года, аблокі ў небе, ўсё, што жыве, кіраванае так, каб узаемна сабе дапамагаць. Гэтая мудрасць распасціраецца з аднаго канца да другога, у адно імгненне вока, адным позіркам усе пазнае і ўпаракдоўвае. Бог ведае пра нашыя цяжкасці, Ён ведае пра ўсе нашыя патрэбы, і як добры наш Айцец, тысячамі спосабаў клапоціцца аб тым, каб даць нам Сваю дапамогу. Таму пакладзем сваю надзею ў Яго бязмежную дабрыню, таму што Ён прагне, каб мы ад Яго чакалі таксама часовых дабротаў, натуральных дабротаў, якімі карыстаемся кожнага дня, такімі, як адзенне, ежа і кожная іншая дапамога. Паспрабуем зразумець гэтую вялікую таямніцу Збаўцы, якой Ён жадае нас навучыць праз Сваю любоў: цалкам спадзявайцеся на вернага Бога, адпачніце на грудзях Яго Айцоўскай дабрыні” (Песня 28).
Малітва. Пане наш Божа, св. Людвік заўсёды давяраў Тваёй Айцоўскай дапамозе, а мы ўсё яшчэ мала Табе давяраем. Дапамажы нам і праз заступніцтва св. Людвіка ўдзялі нам ласку, каб мы моцна і з даверам верылі Табе. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Дзень чацвёрты: Прапаведнік валадраства Езуса Хрыста праз Марыю.
Абвяшчэнне Радаснай Навіны або, як любіў казаць св. Людвік, Валадарства Езуса Хрыста праз Марыю, нараджаецца як плод і мэта асабістага і касцёльнага духоўнага ўзрастання, а ў яго фундаментах ляжыць пасланне Езуса: “Ідзіце ва ўсе канцы свету і абвяшчайце Евангелле ўсялякаму стварэнню” (пар. Мк 16, 15). Апостальства з’яўляецца важным элементам асабістага ўзрастання ў веры. Гэта азначае, што ачышчэнне душы ад граху і прыняцце евангельскіх каштоўнасцяў, паглыбленне адносінаў з Богам праз веру, надзею і любоў, сведчанне хрысціянскага жыцця, клопат і актыўнае абвяшчэнне Евангелля, а таксама справы пашырэння Божага Валадарства, з’яўляюцца часткай аўтэнтычнага духоўнага ўзрастання. Апостальскае і місіянерскае вымярэнне развіцця духоўнага жыцця вызваляе вернікаў ад таго, каб абмежаваць духоўны шлях у сферы прыватнасці і інтымнасці, што можа з’явіцца ў якасці спакусы ў асабістым жыцці верай. Апостальства разам з малітвай нараджаецца з асабістых адносінаў з Хрыстом. Апостальства з’яўляецца плёнам узрастання хрысціянскай любові да Бога і чалавека, якая схіляе вернікаў да таго, каб убачыць патрэбы бліжняга, і заахвочвае апостальствам сведчыць пра Божую любоў. Паводле св. Людвіка, адсутнасць апостальскага вымярэння з’яўляецца знакам неадпаведнага асабістага шляху ўзрастання ў веры: “Я абраў шлях праз свет, я выбраў душу вандроўніка, каб збавіць майго беднага бліжняга. Ці магу я проста глядзець, як паўсюль душа майго дарагога брата гіне з-за граху, ці можа гэта не крануць майго сэрца? Не, не, Пане, яго душа вельмі каштоўная. Ці я буду спакойна глядзець, як гэтая прыгожая душа ідзе ў вечную смерць і ніхто на гэта не рэагуе? Ці я буду спакойна глядзець, як Кроў Бога, які любіць гэтую душу, будзе марна пралітая, а яе вартасць назаўсёды змарнаваная? Хутчэй я быў бы праклятым. Ах, Пане, усе Цябе зневажаюць у чалавеку, які з’яўялецца Тваім вобразам. Ці павінен я гэта моўчкі цярпець? Твае ворагі забіраюць Тваю хвалу, а я павінен быць на іх баку? Сапраўды, лепш смерць! З Табой, Пане, я перамагу” (Песня 22).
Св. Людвік усведамляў, што вораг людскіх душаў змагаўся з ім падчас місій, якія ён праводзіў: “Калі я прыходжу ў якое-небудзь месца праводзіць місіі, шатан выкарыстоўвае ўсю сваю моц, каб перашкодзіць і знішчыць, але я прыходжу з Езусам, Марыяй і св. Міхалам і перамагаю яго”. Св. Людвік глыбока ўсведамляў гэтую духоўную барацьбу для навяртання і збаўлення душаў, якая была ў яго жыцці падчас усіх місіяў.
Малітва: Пане наш Божа, св. Людвік дэ Манфор усё сваё жыццё правёў так, каб любіць Цябе і бліжняга, а мы так мала ажыццяўляем гэтую любоў на сваім шляху. Праз яго заступніцтва дапамажы нам перамагчы нашыя маладушныя сэрцы і ўсё тое, што нам перашкаджае сапраўды любіць. Пачуй нашую просьбу і праз яго заступніцтва дай нам чыстае сэрца, поўнае любові. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя, у якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Дзень пяты: Настаўнік сапраўднага ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі і духоўнасці ахвяравання сябе Езусу праз Марыю.
Св. Людвік ужо з дзяцінства ў сваёй малітве, з прастатой і моцай свайго чулага сэрца, з дзіцячым даверам адкрываў сэрца перад Марыяй, якую даў нам Езус. Блэн, сябра св. Людвіка, напісаў: “Усе ведаюць, што ён называў Марыю сваёй добрай Маці, але не ўсе ведаюць, што ўжо з самага дзяцінства ён звяртаўся да Яе з дзіцячай прастатой, ахвяруючы Ёй усе свае патрэбы, як часовыя так і духоўныя. Калі ён станавіўся перад Марыйным абразом, паводзіў сябе так, як бы побач з ім нікога ўжо не было. Да Яе ён прыбягаў з вялікім даверам і быў упэўнены, што будзе выслуханы. Ён ніколі не губляў спакою, не сумняваўся. Паводле яго, усё было вырашана ўжо тады, калі ён маліўся да сваёй добрай Маці”.
У набажэнстве і прысвячэнні сябе Марыі св. Людвік трываў усё сваё жыццё і гэтаму навучаў іншых. Фундамент ушанавання Марыі ён знайшоў у Евангеллі і ў волі Езуса. Езус прагнуў скіраваць духоўны шлях сваіх вучняў так, каб раней ці пазней яны сустрэліся з Марыяй і абралі Яе за сваю Маці. Марыя з’яўляецца Езусовым дарам для вучняў, які трэба прыняць у сваім духоўным жыцці. Св. Людвік прыняў гэты дарі і параіў яго іншым: “Я жадаю лепш памерці, чым жыць, не належачы цалкам Марыі. Я тысячу разоў пад крыжам прыняў Марыю разам са святым Янам Евангелістам за ўсё сваё дабро і столькі ж разоў аддаў сябе Ёй” (ТМ 66). “O, які ж шчаслівы чалавек, які ўсё даверыў Марыі і сам цалкам даверыўся і згубіўся ў Ёй! Ён цалкам належыць Марыі, і Марыя цалкам належыць яму. Ён смела можа сказаць разам з улюбёным вучнем: «Я ўзяў Яе як усё сваё дабро»” (ТСН 179).
Паводле св. Людвіка, прысвячэнне сябе Езусу праз Марыю з’яўляецца дасканалым аднаўленнем абяцанняў св. Хросту. Ён раіць таксама, каб кожны хрысціянін цалкам прысвяціў сябе Марыі, каб цалкам быць Езусавым. Гэтае прысвячэнне непасэрдна спасылаецца на хрысціянскія зарокі і свядомае прыняцце абавязкаў хрысціянскага жыцця і вядзе асобу да ўзрастання ў веры. Марыя, якая заўсёды была верная Богу, дапамагае на гэтым шляху душы, якая прысвячае сябе Ёй. Манфор піша: “Нашая поўная дасканаласць — у тым, каб быць падобнымі да Езуса Хрыста, з’яднацца з Ім і прысвяціць сябе Яму. А самае дасканалае з усіх набажэнстваў — тое, што робіць нас падобнымі, яднае і самым дасканалым чынам прысвячае Езусу Хрысту. Марыя ж найбольш падобная да Езуса Хрыста з усіх стварэнняў. Таму набажэнства да Найсвяцейшай Дзевы, Яго Святой Маці, прысвячае і робіць душу найбольш падобнай да нашага Госпада. І чым больш душа будзе прысвечаная Марыі, тым больш яна будзе належаць Езусу Хрысту. Таму дасканалае прысвячэнне Езусу Хрысту — гэта не што іншае, як дасканалае і поўнае прысвячэнне сябе Найсвяцейшай Дзеве. Гэта менавіта тое набажэнства, якому я навучаю, ці, інакш кажучы, гэта дасканалае аднаўленне абяцанняў святога Хросту.” (ТСН 120).
Малітва: Пане наш Божа, Ты ўдзяліў св. Людвіку ласку сапраўднага ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і зрабіў яго настаўнікам прысвячэння Езусу праз Марыю. Праз яго заступніцтва удзялі нам ласку, каб нас уфармоўвала Найсвяцейшая Панна Марыя, і каб мы жылі сапраўдным жыццём хрысціяніна. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Дзень шосты: Любоў да Касцёла.
Св. Людвік, які рыхтаваўся да святарскай і місіянерскай працы з людзьмі, меў глыбокія пачуцці да Касцёла і разумеў яго вымярэнне, якое азначае Народ Божы, Валадарства Божае і місіянерскае пасланне Касцёла. Каб лепш разумець дух, які вёў св. Людвіка, досыць прачытаць два тэксты з яго жыцця. Як малады святар, пасля некалькіх месяцаў пастаральнага досведу, ён пісаў свайму духоўнаму кіраўніку: “З іншага боку, я адчуваю вялікае прагненне пашыраць любоў да Пана і Яго святой Маці, так, каб простым і ўбогім чынам пачаць евангелізаваць беднякоў у вёсках і заахвочваць грэшнікаў да ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі. Так рабіў адзін добры святар, які нядаўна памёр, як святы. Ён падарожнічаў ад парафіі да парафіі, евангелізуючы беднякоў, лічучы на Божы провід. Сапраўды, мой любы ойча, я не годны такога вартаснага служэння, але бачучы патрэбу Касцёла, я не магу нястомна не прасіць аб убогім таварыстве добрых святароў, якія б пад аховай Найсвяцейшай Дзевы праводзілі гэтую місію. Я з вялікім цярпеннем хачу суцішыць гэтае добрае і няспыннае прагненне, цалкам забываючыся пра сваю ролю, пакідаючы ўсё ў руках Божага Провіду і цалкам падпарадкоўваючыся Тваім загадам, якія заўсёды будуць для мяне як прыказанне” (Ліст 5).
Пад канец свайго жыцця, св. Людвік у размове са сваім сябрам Блэнам тлумачыў сваё місіянерскае жыццё мудрасцю, якая ўсё робіць для патрэбаў Касцёла: “Адна мудрасць у асобах, які жывуць у супольнасці і паводле рэгулы, інашя мудрасць у місіянера і апосталаў. Першыя не распачынаюць нічога новага, але жывуць згодна з рэгулай іх дамоў, а іншыя павінны прыносіць хвалу Богу праз сваю ахвяру і распачынаючы новыя справы. Не трэба здзіўляцца, калі пра першых нічога не кажуць, бо яны спакойныя і не робяць нічога надзвычайнага; але іншыя трывала змагаюцца супраць свету, духа цемры і заганаў, павінны прыняць тое, што яны зведаюць ад ворага вялікія пераследванні. Калі тыя першыя прынятыя светам, то гэта з’яўляецца знакам таго, што пекла не вельмі іх баіцца. Так ёсць, калі нехта жыве, як сябра свету. Другія – гэта апостальскія мужы, якія заўсёды робяць нешта новае. Немагчыма, каб пра іх не казалі. Святы Павел прайшоў увесь грэцкі і лацнскі свет, а св. Пётр пайшоў у Рым і хацеў падаслаць каралеўскае месца Езусу Хрысту. Калі б ён дзейнічаў паводле першай мудрасці, Сінагога б не рэагавала і не пераследвала б маленькае стада Хрыста, але і гэтае б маленькае стада не разраслося б, а свет і сёння быў бы поўны бажкоў і заставаўся б язычніцкім.
Калі св. Людвік развае пра Касцёл, яго жыццё і місію ў свеце, ён не з’яўляецца наіўным ідэалістам. Ён глыбока ўсведамляе, што грэх пазначае жыццё хрысціянаў у Касцёле. Апісанне гэтага стану свету і Касцёла ёсць у творах св. Людвіка: “Узгадай, Пане, пра гэтую Супольнасць у вымярэнні Тваёй справядлівасці. Для Пана ўжо час дзейнічаць: яны зняславілі Тваё Права. Ужо час выканаць тое, што Ты абяцаў! Затаптанае Тваё святое Права і адкінутае Евангелле. Патокі беззаконня заліваюць усю зямлю і хвытаюць Тваіх слугаў. Уся зямля спустошаная, бязбожнасць узвышаная, Твае святыні зняважаныя, а агіда спусташэння закралася нават у святыя месцы” (ПМ 5). “Твой Касцёл настолькі моцна аслаблены і забруджаны злачынствамі яго дзяцей” (ПМ 20).
Св. Людвік шукаў прылады, каб дапамагчы людзям вытрываць у навяртанні. Усім падчас місіяў ён раіў аднаўленне веры перад Бібліяй, аднаўленне зарокаў і прысвячэнне сябе Езусу праз Марыю. Ён пытаў: “З чаго паходзіць гэтае агульная маральная распушчанасць, калі не з таго, што мы жывем, забываючыся пра абяцанні і абавязкі св. Хросту, і што мала хто асабіста пацвярджае і аднаўляе запавет з Богам, заключаны хроснымі бацькамі.
Малітва: Пане наш Божа, Ты жадаеш, каб Тваё Валадарства пашыралася ва ўсім свеце, Ты даеш нам Сваё Слова, якое прынясе збаўленне. Ты св. Людвіку ўдзяліў ласку адважнага і нястомнага абвяшчэння Слова. Праз яго заступніцтва ўдзялі нам ласку, каб тое, што мы прынялі ад Цябе, мы маглі даваць іншым, каб такім чынам быць Тваімі сведкамі ў свеце. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Дзень сёмы: Апостал Крыжа і перамогі Хрыста.
Духоўнае жыццё неразрыўна звязана з разуменнем Крыжа, які кожны сустракае ў сваім жыцці. Сталыя і ўраўнаважаныя адносіны да Крыжа з’яўляюцца вялікім духоўным майстэрствам. Вельмі лёгка дрэнна зразумець і не прыняць духоўнасці крыжа, вынікам чаго можа быць блякаванне у духоўным развіцці і ўзрастанні.
Св. Людвік з’яўляецца вялікім настаўнікам духоўнасці Хрыстовага Крыжа. Гледзячы на Крыж, св. Людвік глядзеў на пасхальную таямніцу Езусавай пакуты, смерці і ўваскрашэння: “Вось, як мне здаецца, самая вялікая “каралеўская таямніца”, самая вялікая таямніца Спрадвечнай Мудрасці: гэта Крыж. Ох! Як жа далёка знаходзяцца думкі і шляхі Спрадвечнай Мудрасці і як моцна яны адрозніваюцца ад думак і шляхоў людскіх, нават самых наймудрэйшых! Гэты вялікі Бог хоча адкупіць свет, выгнаць і звязаць злых духаў; зачыніць пекла і адчыніць людзям Неба; Спрадвечнаму Айцу аддаць бясконцую хвалу. Гэта вялікая мэта, цяжкая справа і вялікае прадпрыемства. Чым скарыстаецца Мудрасць, пазнанне якой ахоплівае ўвесь свет ад аднаго канца да другога, якая лагодна валадарыць і ўсё робіць з вялікай моцай? Яна мае ўсемагутную правіцу; адным рухам рукі можа знішчыць усё, што Ёй супрацьстаіць, і можа зрабіць усё, што пажадае; адным словам сваіх вуснаў можа стварыць і ўсё знішчыць. Досыць толькі Ёй гэтага пажадаць, каб так сталася. Яе Любоў дыктуе законы гэтай моцы. Яна прагне ўцелавіцца, каб даць чалавеку сваедчанне свайго сяброўства; Яна хоча сама сысці на зямлю, каб зрабіць магчымым узнясенне ў Неба. Няхай так станецца! (…) Яна глядзіць менавіта на Крыж; мае ў ім упадабанне; цэніць яго па-над усё, што самае вялікае і цудоўнае ў Небе і на зямлі, як прыладу Яе заваявання і аздобу Яе велічы, багацце і раскоша Яе панавання, сяброўку і абранніцу Яе Сэрцу. О глыбіня багаццяў, мудрасці і ведаў Божых. Які ж цудоўны Яго выбар, а Яго думкі і суджэнні – узвышаныя і незразумелыя! Якая ж невыказная Яго любоў да гэтага Крыжа! (ЛСМ 167, 168).
Пакута і смерць Езуса на Крыжы з’яўляецца Божым выбарам і самым вялікім доказам і праяўленнем збаўчай любові Сына Божага, які, будучы цалкам вольным, ахвяруе Сябе дзеля нашага адкуплення. Пакута і смерць Езуса з’яўляюцца доказам і праяўленнем любові, і гэта яна кліча, каб людзі адказалі ёй любоўю. Хрысціянскае жыццё з’яўляецца наследаваннем Езуса Хрыста і адказам на Яго пакліканне да любові, якая кожнага дня выражаецца ў нашых крыжах. Такім чынам можна зразумець духоўнасць Крыжа, якой навучае св. Людвік: “Сярод усіх аргументаў, якія могуць нас схіліць да любові Езуса Хрыста, Уцелаўлёнай Мудрасці – на маю думку – самым моцным аргументам з’яўляюцца Яго пакуты, якія Ён пажадаў выцярпець, каб даць нам доказ Сваёй любові” (ЛСМ 154).
Малітва: Пане наш Божа, Ты ў Сваёй усемагутнай Мудрасці пажадаў, каб Твой Сын, Езус Хрыстус, збавіў гэты свет праз смерць на Крыжы і Ўваскрашэнне. Ты, Божа, зрабіў св. Людвіка палымяным апосталам Хрыстовага Крыжа, які ён прапаведваў прыкладам і словам. Праз яго заступніцтва ўдзялі нам ласкі, каб мы добра неслі наш крыж, наслядуючы Твайго Сына. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Дзень восьмы: Настаўнік трывання ў ласцы.
З пастаральнага досведу, як місіянер, Манфор быў глыбока перакананы, што вытрываласць з’яўляецца вялікай праблемай людскіх душаў і таму заахвочваў прыняць духоўнасць прысвячэння. Праблема вытрываласці ў добрым з’яўляецца вельмі істотнай у жыцці веры. Гэта рэчаіснасць, у якой прысутнічаюць: Божая ласка, людская вольнасць і крухкасць людской натуры, выкліканая яе мінулым, слабасцямі і зраненнямі, негатыўным уплывам свету і шатана, спакусамі і ўяўленнямі. Каб мы маглі збіраць плёны, мы павінны трываць у ласцы, павінны быць вернымі ласцы Божай. Зерне, якое ўпала ў зямлю, павінна памерці, потым паволі і ўкрыта ўзрастаць, тады ў свой час яно прынясе плёны. Марыя, якая заўсёды была верная і вытрывалая, дапамагае душы, якая Ёй аддаецца, каб яна вытрывала ў вернасці і такім чынам прыносіла плёны.
Св. Людвік заахвочвае: “Нарэшце, што наймацней заахвочвае нас практыкаваць данае набажэнства да Найсвяцейшай Дзевы — менавіта тое, што гэта найцудоўнейшы сродак вытрываць ў цнотах і застацца вернымі. Чаму большасць навяртанняў грэшнікаў недаўгавечныя? Чаму яны зноў так лёгка ўпадаюць у грэх? Чаму большасць справядлівых замест таго, каб уздымацца ад цноты да цноты і атрымліваць новыя ласкі, губляюць часта і тую маленькую колькасць ласкаў, што маюць? Гэтае няшчасце здараецца, як я ўжо сказаў, ад таго, што чалавек, маючы сапсаваную, слабую і нясталую чалавечую натуру, спадзяецца на сябе і абапіраецца на свае ўласныя сілы, а таксама лічыць сябе здольным захаваць скарб сваіх ласкаў, цнотаў і заслугаў. Праз гэтае набажэнства мы давяраем Святой Дзеве, якая застаецца вернай, усё, што ў нас ёсць. Мы прымаем Яе за поўную ўладарку ўсіх нашых дабротаў натуры і ласкі. Мы давяраемся Яе вернасці, абапіраемся на Яе моц, будуем на Яе міласэрнасці і любові, каб Яна захавала і памножыла нашыя цноты і заслугі, нягледзячы на супраціў д’ябла, свету і цела, што робяць усе намаганні, каб іх у нас адабраць. Мы кажам Ёй, як добрыя дзеці сваёй маці і добрыя слугі сваёй гаспадыні: «Depositum custodi. Мая добрая Маці і Гаспадыня, я прызнаюся, што атрымаў праз Тваё заступніцтва ад Бога больш ласкаў, чым заслугоўваю, а мой згубны досвед вучыць мяне, што я нашу гэтыя скарбы ў вельмі крохкім начынні, і я занадта слабы і нягодны, каб захаваць іх самому: adolescentulus sum ego et contemptus. Праз ласку прымі на захаванне ўсё, што мне належыць, і захавай дзеля мяне праз Сваю вернасць і моц. Калі Ты будзеш мяне сцерагчы, я нічога не згублю; калі Ты будзеш мяне падтрымліваць, я не ўпаду; калі Ты будзеш мяне абараняць, я буду захаваны ад маіх ворагаў” (ТСН 173).
Малітва: Пане наш Божа, Ты заклікаеш нас, каб мы вытрывалі на шляху веры да канца жыцця. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Людвіка удзялі нам ласкі, каб мы добра жылі сапраўды хрысціянскім жыццём і шчасліва памерлі. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Дзень дзевяты: Ён вядзе нас да любові і да Езуса.
Набажэнства да Марыі павінна весці нас да Езуса Хрыста. Гэта вялікае перакананне св. Людвіка, пра якое ён шмат разоў казаў. Рознымі спосабамі выражаў гэтую цэнтральную праўду нашай веры ў Езуса Хрыста. Сутнасцю кожнай духоўнасці, таксама і марыйнай, з’яўляецца той факт, што яна павінна весці нас да Езуса.
Марыя неразрыўна звязаная з жыццём Езуса Хрыста, а гэта значыцца і з хрысціянамі. Св. Людвік так прапаведваў, абапіраючыся на Слове Божым: “Езус Хрыстус, наш Госпад, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, павінен быць канчатковай мэтай усіх нашых пабожных практыкаванняў. У іншым выпадку яны былі б несапраўднымі і памылковымі. Езус Хрыстус — гэта Альфа і Амега, пачатак і канец кожнай рэчы. Мы дзейнічаем, кажа Апостал, толькі дзеля таго, каб кожнага чалавека зрабіць дасканалым у Езусе Хрысце, таму што толькі ў Ім жыве ўся поўня Боскасці і ласкі, цноты і дасканаласці. Таму што толькі ў Ім мы атрымалі духоўнае блаславенства. Таму што Ён — наш адзіны Настаўнік, які павінен нас навучыць, наш адзіны Госпад, ад якога мы павінны залежаць, наш адзіны Гаспадар, з якім мы павінны быць з’яднаныя, наш адзіны ўзор, на які мы павінны быць падобнымі, наш адзіны лекар, які павінен нас лячыць, наш адзіны пастыр, які павінен нас карміць, наш адзіны шлях, па якім мы павінны ісці, нашая адзіная праўда, у якую мы павінны верыць, нашае адзінае жыццё, якое павінна нас ажыўляць, і нашае адзінае ўсё ў кожнай рэчы, якой нам павінна быць дастаткова. І не дадзена пад небам іншага імя, акрамя імя Езуса, якім мы павінны быць збаўленыя. Бог даў нам толькі адзіны падмурак нашага збаўлення, дасканаласці і хвалы — гэта Езус Хрыстус. Кожны будынак, які не стаіць на моцным падмурку, пабудаваны на сыпучым пяску, і безумоўна раней ці пазней упадзе. Кожны вернік, што не з’яднаны з Хрыстом, як вінаградная лаза, упадзе, высахне і будзе прыдатны толькі на тое, каб яго выкінулі ў агонь. Калі мы ў Езусе Хрысце, а Ён у нас, нам не трэба баяцца асуджэння. Ані анёлы ў небе, ані людзі на зямлі, ані дэманы ў пекле, ані іншае стварэнне не можа нам пашкодзіць, бо нішто не можа нас адлучыць ад любові Божай у Езусе Хрысце. Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце мы можам усё: аддаць пашану і хвалу Айцу ў еднасці з Духам Святым, стацца святымі і быць для нашых бліжніх водарам вечнага жыцця.
Калі мы будзем мець сапраўднае набажэнства да Найсвяцейшай Дзевы, то гэта толькі дзеля таго, каб мець больш дасканалае набажэнства да Езуса Хрыста. Гэта толькі дзеля таго, каб даць лёгкі і пэўны спосаб знайсці Езуса Хрыста. Калі б ушанаванне Святой Дзевы аддаляла ад Езуса Хрыста, яго трэба было б адкінуць як падман д’ябла. Але ўсё наадварот, як я ўжо паказаў і яшчэ пакажу пазней, гэтае набажэнства патрэбнае нам, каб дасканалым чынам знайсці Езуса і пяшчотна Яго любіць і верна Яму служыць.” (ТСН 61-62).
Малітва: Пане наш Божа, Ты клічаш нас да таго, каб мы верылі ў Твайго Сына, Езуса Хрыста, і каб мы Яго любілі. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Людвіка удзялі нам ласку сапраўднай любові да Езуса. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія да св. Людвіка дэ Манфора.
Modlitewnik Św. Ludwika Marii Grignion de Monfort,