Уступнае слова для святароў, для грэшнікаў, для дзяцей

    

    Белая ружа
[Для святароў]

 [1][1] Слугі Найвышэйшага, прапаведнікі праўды, дудары Евангелля, дазвольце мне прадставіць вам белую ружу гэтай маленькай кнігі, каб пакласці ў вашае сэрца і ў вашыя вусны праўды, якія тут прадстаўлены вельмі проста і без упрыгожванняў.

У вашае сэрца, каб вы самі навучыліся святому практыкаванню Ружанца і скаштавалі яго пладоў. 

У вашыя вусны, каб вы абвяшчалі іншым дзівоснасць гэтага святога практыкавання і праз яго навярталі душы.

Асцерагайцеся, калі ласка, думаць як прастачкі, а нават як шматлікія вучоныя ганарліўцы, што гэтае практыкаванне нязначнае і не дае пладоў; яно сапраўды вялікае, узвышанае і боскае. Менавіта неба яго нам дала дзеля таго, каб навяртаць самых зацвярдзелых грэшнікаў і самых упартых ератыкоў. Бог узбагаціў яго ласкамі ў гэтым жыцці і хвалой у іншым. Святыя яго практыкавалі і Пантыфікі зацвердзілі.

О, як жа шчаслівы святар і кіраўнік душаў, якому Дух Святы адкрыў таямніцу, якой не ведае большая частка людзей aбо ведае толькі павярхоўна! Калі ён атрымае практычныя веды, ён будзе маліцца на ружанцы кожны дзень і зробіць так, што іншыя таксама будуць маліцца. Бог і Яго святая Маці адораць яго душу незлічонымі ласкамі, каб ён быў прыладай Яго хвалы; і ён атрымае больш плёнаў дзякуючы свайму слову, нават простаму, за адзін месяц, чым іншыя прапаведнікі за некалькі гадоў.

[2] Не трэба задавольвацца, мае дарагія браты, толькі тым, каб раіць яго іншым; трэба, каб мы практыкавалі яго самі. Мы можам быць перакананымі ў дзівоснасці святога ружанца, але, калі мы не молімся на ружанцы, іншыя наўрадці зробяць намаганне выканаць тое, што мы ім раім, таму што ніхто не дае таго, чаго сам не мае: Coepit Jesus facere et docere.[2] Наслядуйма Езуса Хрыста, які пачаў з таго, што сам рабіў тое, чаму навучаў. Наслядуйма Апостала, які ведаў і прапаведваў толькі Езуса Хрыста ўкрыжаванага.[3] Гэта тое, што мы будзем рабіць, прапаведваючы святы ружанец, які, як вы ўбачыце пазней, не толькі набор, які складаецца з малітваў “Paterі “Ave[4], гэта яшчэ боскі кароткі пераказ таямніцаў жыцця, пакутаў, смерці і хвалы Езуса і Марыі. 

Калі б я верыў, што дадзены мне Богам досвед наконт дзейснасці прапаведвання святога ружанца для навяртання душаў можа вас пераканаць распаўсюджваць святы ружанец, нягледзячы на супрацьлеглую тэндэнцыю сярод прапаведнікаў, я расказаў бы вам пра цудоўныя навяртанні, якія я бачыў, прапаведваючы святы ружанец; але я задаволюся[5] толькім тым, што распавяду вам некалькі старажытных і пацверджаных гісторый. Я таксама змясціў дзеля вас шмат лацінскіх тэкстаў, напісаных добрымі аўтарамі, якія пацвярджаюць тое, што я тлумачу людзям па-француску. 


   
Чырвоная ружа
[Для грэшнікаў]

[3] Вам, бедныя грэшнікі і грэшніцы, самы вялікі грэшнік, якім я з’яўляюся, дорыць вам гэтую чырвоную ружу, пафарбаваную Крывёй Езуса Хрыста, каб дапамагчы вам расквітнець і збавіць вас. Бязбожнікі і закаранелыя грэшнікі кожны дзень усклікаюць: Coronemus nos rosis: укарануем сябе ружамі.”[6] Заспявайма таксама і мы: “Спляцем сабе вянок з ружаў святога ружанца.”

О, як жа іх ружы адрозніваюцца ад нашых; іх ружы – гэта іх цялесныя задавальненні, марная пашана і згубныя багацці, якія хутка завянуць і згніюць; але нашыя – гэта пабожна паўтараныя Pater і Ave, далучаныя да нашых добрых пакутных ўчынкаў, не завянуць і будуць трываць вечна, а іх бляск будзе такім жа яскравым, як цяпер, так і праз тысячу гадоў. 

Іх ружы - гэта толькі падобнасць  ружаў, на самай справе - гэта шыпы, якія коляцца на працягу жыцця дакорамі сумлення, прасякваюць у хвіліну смерці каяннем і ўсю вечнасць паляць злосцю і адчаем.   

Калі ў нашых ружаў ёсць шыпы, то гэта шыпы Езуса Хрыста, які ператварае нашыя шыпы ў ружы.  Калі нашыя ружы коляцца, то толькі на нейкі час і толькі дзеля таго, каб нас вылечыць ад граху і нас збавіць.  

[4]  Дык спляцем сабе  гэтыя райскія ружы, кожны дзень молячыся ўвесь ружанец, гэта значыцца тры часткі па пяць дзесяткаў або тры маленькія вяночкі з кветак ці тры кароны: 1) каб ушанаваць тры кароны Езуса і Марыі, карону ласкі Езуса ў Яго ўцелаўленні, Яго цярнёвую карону падчас пакутаў і Яго карону хвалы ў небе, а таксама трайную карону Марыі, якую Яна атрымала ў небе ад Найсвяцейшай Тройцы; 2)  каб атрымаць ад Езуса і Марыі тры кароны; першая – заслугі, назбіраныя падчас жыцця, другая – супакой у хвіліну смерці, трэцяя – хвала ў небе. 

Калі вы будзеце пабожна і верна маліцца на ружанцы да самай смерці, нягледзячы на вашыя вялікія грахі, паверце мне: Percipietis  coronam  immarcescibilem. Вы атрымаеце вянок хвалы, які ніколі не завяне.”[7]  Калі б вы былі на краі бездані, калі б вы адной нагой былі ўжо ў пекле, калі б вы прадалі сваю душу д’яблу як чараўнік, калі б вы былі ератыкамі, зацвярдзелымі і ўпартымі як дэман, раней ці пазней вы б усё роўна навярнуліся, з умовай, я паўтараю зноў, і звярніце ўвагу на словы маёй парады, што вы кожны дзень будзеце пабожна маліцца святы ружанец да самай смерці, каб ведаць праўду і атрымаць скруху і прабачэнне сваіх грахоў. У гэтай кнізе вы прачытаеце шмат гісторый вялікіх грэшнікаў, якія навярнуліся дзякуючы святому Ружанцу. Чытайце іх і разважайце.

 Толькі Бог.

 

  Містычны ружовы куст [Для містычных душаў]

[5]  Не будзе нічога дрэннага, душы пабожныя і асвечаныя Святым Духам, калі я дам вам маленькі ружовы куст з неба, каб пасадзіць яго ў садзе вашай душы; ён не пашкодзіць пахучым ружам вашых кантэмпляцый. Ён вельмі пахучы і цалкам боскі, ён не парушыць парадак у вашай кветкавай клюмбе; ён вельмі чысты і ўпарадкаваны, ён усё кіруе да парадку і чысціні; ён вырастае незвычайна высокім і становіцца вельмі размашыстым, калі яго штодзённа паліваць і як трэба даглядаць; ён не толькі не перашкаджае, але нават захоўвае і ўдасканальвае ўсе іншыя пабожныя практыкаванні. Пабожныя душы, ці вы добра мяне разумееце! Гэты куст – гэта Езус і Марыя ў жыцці, у гадзіну смерці і ў вечнасці.  

[6] Зяленае лісце гэтага куста азначае радасныя таямніцы Езуса і Марыі; шыпы – балесныя таямніцы; кветкі - хвалебныя. Ружы ў бутонах увасабляюць дзяцінства Езуса і Марыі; адкрытыя прадстаўлюць Езуса і Марыю ў цярпеннях, а расквітнеўшыя паказваюць Езуса і Марыю ў іх хвале і трыюмфе. Ружа радуе сваёй прыгажосцю: вось Езус і Марыя ў радасных таямніцах; яна коліцца сваімі шыпамі: вось Яны ў балесных таямніцах; яна радуе асалодаю свайго водару: вось Яны нарэшце ў хвалебных таямніцах. 

Не пагарджайце ж маёй шчаслівай і боскай раслінай, пасадзіце яе ў сваёй душы, робячы пастанову кожны дзень маліцца ружанец; даглядайце яе і палівайце вернай штодзённай ружанцовай малітвай, робячы добрыя ўчынкі, і вы ўбачыце, як гэтае зерне, якое цяпер здаецца такім маленькім, з цягам часу стане вялікім дрэвам, дзе нябесныя птушкі, гэта значыць прызначаныя і ўзвышаныя кантэпляцыяй душы, зробяць сабе гняздо і жытло, каб быць у ценю яе лісця, схаваныя ад гарачыні сонца, каб у яе вышыні быць абароненымі ад дзікіх зямных жывёлаў, і, нарэшце, каб быць клапатліва накормленымі яе плодам – умілаваным Езусам,  якому належыць пашана і хвала на векі вечныя. Амэн. Няхай будзе так.

 Толькі Бог.

 

Бутон ружы [Для дзяцей]

[7] Я дару вам, мае дзеткі, прыгожы бутон ружы; гэта адно з маленькіх зярнятак вашага ружанца, якое вам здаецца такім нязначным! Якое ж яно каштоўнае, гэтае зярнятка! О, які ж цудоўны гэты бутон ружы, о як жа ён расквітнее, калі вы будзеце пабожна маліцца вашыя “Вітай, Марыя”! Будзе занадта раіць вам маліцца кожны дзень увесь Ружанец. Пабожна адгаворвайце хаця б адну частку Ружанца кожны дзень, гэта маленькі вянок з ружаў, які вы ўскладаеце на галаву Езуса і Марыі. Верце мне, паслухайце прыгожую гісторыю і добра запамятайце яе.  

[8] Дзве маленькія дзяўчынкі, дзве сястры, пабожна маліліся на ружанцы на парозе свайго дому; у гэтую хвіліну перад імі з’явілася прыгожая спадарыня, яна наблізілася да самай малодшай, якой было толькі шэсць гадоў, узяла яе за руку і павяла. Яе старэйшая сястра, вельмі здзіўленая, пачала яе шукаць і, не знайшоўшы, у слязах пайшла ў хату і сказала, што яе сястру некуды павялі. Бацька і маці дарэмна шукалі яе тры дні. Праз тры дні яны знайшлі яе ля ўваходу вясёлую і радасную; яны спыталі ў яе, адкуль яна прыйшла; яна сказала, што прыгожая спадарыня, у гонар якой яна малілася на ружанцы, завяла яе ў прыгожае месца і дала ёй з’есці смачныя пачастункі, а таксама дала ёй на рукі прыгожае маленькае дзіцятка, якое яна моцна цалавала. Маці і бацька, якія толькі нядаўна навярнуліся, паклікалі шаноўнага айца езуіта, які навучаў іх веры і малітве на Ружанцы, і ён ім растлумачыў, што адбылося. Ад яго мы пра ўсё і даведаліся. А здарылася гэта ў Парагваі.

Наслядуйце, мае дзеткі, гэтых маленькіх дзяўчынак, і кожны дзень, як трэба, адгаворвайце ваш ружанец, тады вы заслужыце ласку пайсці ў неба і бачыць Езуса і Марыю, калі не ў гэтым жыцці, то ў вечнасці пасля смерці.

Няхай будзе так. 

Вучоныя і неадукаваныя, справядлівыя і грэшнікі, вялікія і маленькія няхай вітаюць і праслаўляюць удзень і ўначы Езуса і Марыю малітвай святога ружанца. Salutate Mariam, quae multum laboravit in vobis. Прывітайце Марыю, якая шмат напрацавалася дзеля нашага дабра.”[8] 



[1] У рукапісе, нумары 1-8 знаходзяцца ў канцы твора, старонкі 202-213; няма сумневу ў тым, што Манфор напісаў сваю прадмову пасля таго, як распавёў пра ўсе дэталі. Але будзе лепш, калі гэтыя старонкі зоймуць сваё сапраўднае месца, у пачатку.

[2] Пар. Дз 1,1: “я напісаў, Тэафіле, пра ўсё, што рабіў Езус і чаму вучыў ад пачатку.”

[3] Пар. 1Кар 2,2: “Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч  Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага.”

[4] Лацінскія словы “Pateri Ave або “Ave, Maria, якія часта сустракаюццаў св. Людвіка дэ Манфора, азначаюць малітвы “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”. Яны пакінутыя ў тэксце, каб захаваць стыль аўтара.

[5] Спачатку Манфор напісаў так: “Але я задаволюся тым, што распавяду вам… адну вельмі старую гісторыю, расказаную вельмі добрымі аўтарамі, і якая здарылася ў 1497 годзе ў горадзе Ноаён…”

[6] Мдр 2, 8: “пазвіваем сабе вянок з ружаў.”

[7] Пар. 1П 5,4.

[8] Пар. Рым 16,6. Прывітанне, скіраванае апосталам да жанчыны – чальца хрысціянскай супольнасці ў Рыме, якое святы Людвік адрасуе тут Найсвяцейнай Панне Марыі.