(J. M. Hupperts SMM, пераклад з польскай мовы)
Уступ
Даны
рахунак сумлення рэкамендаваны для практыкавання “Святога нявольніцтва Езуса ў
Марыі”, якому навучаў св. Людвік-Марыя дэ Манфор. Яго трэба рабіць цалкам, раз
у год, падчас першай падрыхтоўкі да асабістага прысвячэння Езусу праз Марыю,
паводле духоўнасці св. Людвіка дэ Манфора.
Рэкамендуецца
таксама рабіць яго кожны дзень часткова, выбіраючы тую частку, якая адносіцца
да асобных практыкаванняў набажэнства і якую трэба ўдасканаліць у даным
перыядзе часу.
Можна
таксама яго зрабіць у форме генеральнага рахунку сумлення, выбіраючы часткі,
прызначаныя на кожны дзень тыдня. Каб зрабіць лягчэйшым гэтае практыкаванне,
усе часткі пазначаныя назвамі дзён тыдня.
Можна
таксама, у розныя хвіліны дня, з прыхільнасцю стараннага нявольніка Марыі,
часта, напрыклад, кожную гадзіну, унутры самога сябе спытаць: “Ці гэтую гадзіну
я быў сапраўдным нявольнікам Езуса ў Марыі? Ці я быў Яму любы?”
Дарагія сын і дачка, нявольнікі Найсвяцейшай Спадарыні,
менавіта Яна твая Маці і Настаўніца, і менавіта Яна знаходзіцца побач з табой.
Менавіта Яна прыме тваю справаздачу і будзе ў цябе пытацца, як ты практыкаваў
Яе дасканалае ўшанаванне. Стань у пакоры перад Ёй і шчыра адкажы на Яе матчыныя
пытанні. Ад Яе нічога не ўкрыеш. Распачынаючы гэты рахунак сумлення, папрасі Яе
пакорна аб ласцы святла, каб ясна ўбачыць глыбіню сваёй душы… Папрасі Яе, каб
гэтае практыкаванне было для цябе вельмі карысным і дапамагло табе ўзрастаць на
Божым шляху. Не бойся, калі бачыш доўгі шлях, які табе трэба прайсці. Твая
Беззаганная Маці будзе тваім шляхам “лёгкім, кароткім і надзейным”, як кажа св.
Людвік з Манфор. Марыя – гэта “Дарога, якая ідзе разам з намі” (бр. Луіджы
Леонэ).
Нядзеля – Акт прысвячэння і яго плёны.
“Я аддаюся Табе і прысячаю, як Твой нявольнік, цела і
душу, даброты ўнутраныя і вонкавыя, нават вартасць маіх добрых учынкаў мінулых,
цяперашніх і будучых, пакідаючы Табе цалкавітае і поўнае права распараджацца
мной і ўсім, што мне належыць без выключэння, так, як Ты пажадаеш, дзеля
большай хвалы Божай цяпер і ў вечнасці.”
Актыўная залежнасць.
1. Дзіця маё: ці ты
аднаўляеш кожнага дня, зранку і ў асобныя гадзіны дня твой акт цалкавітага
аддання Езусу праз Мяне? Ці робіш ты гэта адказна, свядома, з чыстай інтэнцыяй
і рашучай воляй, каб сапраўды аддаць Мне ўсю тваю ўласнасць і зрабіць усё, што
азначае гэтае ахвяраванне?
2. Ці ты перакананы
ў сваіх думках пра тое, што цалкам і сапраўды Мне належыш? Ці ты паважаў Маю
ўладу над усім тым, што Мне аддаў: над целам, душой, пачуццямі і адносінамі,
дабротамі і моцамі, карыстаючыся імі толькі згодна з Маёй інтэнцыяй і дазволам?
3. Ці ты
калі-небудзь запытаўся ў Мяне, якім чынам ты павінен карыстацца сваім целам,
сваімі пачуццямі, сваімі адносінамі і іншымі дабротамі, якія ты Мне ахвяраваў?
4. Ці да цела, якое
ты Мне прысвяціў, ты адносіўся згодна з Маімі інтэнцыямі і прагненнямі? Ці
карміў яго і пільнаваў, як павінен гэта рабіць, чуваючы над тым, каб яно не
было занядбанае? Добра ці дрэнна ты карыстаўся сваімі сіламі? Ці гладзіў,
песціў, задаволіў усе свае патрэбы і капрызы? Ці зрабіў са свайго цела аб’ект
смешнай марнасці і правініўся, шукаючы ўвагі іншых стварэнняў? Ці клапаціўся аб
тым, каб апранаць сваё цела з вялікай сціпласцю? А можа зрабіў яго начыннем
граху, скандалу, носячы правакацыйную вопратку? Ці ўтаймоўваў гэтае грэшнае
цела і практыкаваў хрысціянскую аскезу, забіраючы ў яго ўсё, што з’яўляецца
люксам і не абавязковае ў ежы, памяшканні, вопратцы і г.д.? Ці паддаваўся ў
гэтых рэчах асабістым упадабанням і жаданням?
5. Ці твае вочы, як
нявольніка любові, не выкарыстоўваюцца для аглядання небяспечных і грэшных
вобразаў? Ці ты не заспакойваў марнай цікаўнасці агляданнем вобразаў і чытаннем
тэкстаў, якія могуць весці да граху?
6. Ці выкарыстоўваеш
свае вушы, каб слухаць творы або непатрэбныя размовы, якія шкодзяць? Ці твае
вушы, з-за чыстай цікаўнасці, не слухаюць тое, што не павінны?
7. Ці выкарыстоўваеш
свае вусны і свой язык у размовах, якія супярэчаць цноце сціпласці і любові? Ці
гаварыў тады, калі павінен быў маўчаць?
8. Ці тваё ўяўленне,
твой розум выкарыстоўваюцца згодна з Маімі прагненнямі? Ці добра імі карыстаўся
згодна з абавязкамі асабістага стану: у вучобе, працы, разважаннях, медытацыях
і малітве? Ці рашуча і адразу адкідваў усялякую няўважлівасць у сваіх пабожных
практыкаваннях? Ці не абвінавачваеш сябе за небяспечныя думкі, легкадумныя
ўяўленні, хворыя прагненні і неўпарадкаваную цікаўнасць?
9. Ці тваё сэрца
згадзілася з натуральнымі сімпатыямі і антыпатыямі, адквідваючы асобаў, якіх не
любіш, крытыкуючы іх недахопы і адварочваючы ад іх свой позірк? Ці апраўдваўся
перад сабой, не жадаючы ім дапамагаць? Ці ў тваё сэрца не ўвайшло якое-небудзь
жывое пачуццё, супярэчнае патрэбам твайго жыццёвага стану?
10. Ці твая воля
заўсёды была падпарадкаваная Езусу і Марыі? Ці не шукаеш ажыццяўлення сваёй
уласнай волі, не клапоцячыся аб тым, каб спачатку пазнаць і выканаць волю
Божую? Ці твая інтэнцыя, як сапраўднага нявольніка любові, з’яўляецца motto:
“Не мая воля, але ваша, О Езу, о Марыя?”
11. Ці твае
прамінаючыя даброты сапраўды Мае? Ці ты карыстаўся гэтымі дабротамі з невялікай
прывязанасцю, ці быў залежным ад іх? Ці ты моцна звязаны з такімі рэчамі, як:
грошы, вопратка, мэбля, біжутэрыя? Ці рабіў непатрэбныя закупкі? Ці адказаў на Мае
прагненні, каб аддаць частку сваіх дабротаў на справы міласэрнасці: бедным, на
місіі, на справы, што распаўсюджваюць Марыйную духоўнасць? Ці жывеш,
углядаючыся ў прастату і ўбогасць Езуса і Яго святой Маці?
12. Якім чынам ты
карыстаўся сваімі сіламі? Як праводзіў час, які Мне прысвяціў? Ці карыстаўся ім
адказна, адпаведна абазякам твайго стану? Ці адпаведна выкарыстоўваў час,
прызначаны на твае пабожныя практыкаванні, працу і г.д.? Ці гэты каштоўны час
не быў дрэнна выкарыстаны на рэчы нязначныя і дарэмныя? Якая ж гэта адказнасць
і які доўг, з якога ты дасі справаздачу ў дзень апошняга суду?
Панядзелак – пасіўная залежнасць.
1. Любае дзіця і
найдаражэйшы нявольнік, паразважай цяпер над тым, ці заўсёды ў практыцы свайго
жыцця ты звяртаў увагу на “гэтае поўнае права”, якое даў Мне дзеля цалкавітага
распараджэння сабой і ўсім, што табе належыць, без выключэння, згодна з Маім
упадабаннем? Ці ты прымаў з радасцю і падданасцю, а можа з неахвотай і
неазадаволенасцю тое, што разам з Езусам Я выбрала для цябе?
2. Ці з удзячнасцю
ты прыняў стан твайго здароўя? Ці думаў аб тым, каб падзякаваць Мне за сваё
здароўе? Ці быў нецярплівы, наракаў, калі тваё цела адчувала холад, або, калі Я
дапусціла, каб ты адчуў надмерную гарачыню, смагу або голад, нязручнасць,
хваробу ці калецтва?
3. Ці спакойна ты
згадзіўся з тым, што Я абяцала, што ты будзеш цярпець: страту сваёй рэпутацыі,
праяўленне адсутнасці даверу, дрэнныя адносіны да цябе, ачарненні і здзекванні?
4. Якія ў цябе былі
пачуцці, калі ты павінен быў цярпець страту сваіх прамінаючых дабротаў? Як ты
рэагаваў, калі павінен быў зносіць нязручнасці, беднату і галечу?
5. Ці з пакорай
прымаеш таленты, дадзеныя табе, грамадскі статус, у якім жывеш, сітуацыі, у
якіх знаходзішся, ролю, якую павінен выконваць, умовы, у якіх павінен жыць? Усё
гэта воля Езуса, а таксама Мая воля.
6. Твая душа, ці не
была яна неспакойная, устрывожаная, назадаволеная, калі праз нейкую спакусу,
хваробу, смерць, Я распарадзілася тваімі сваякамі або асобамі, якіх ты вельмі
любіў, групай, да якой належыш? Ты прызнаў Мяне ўладальніцай і каралевай усяго,
што табе належыць. Ты павінен згадзіцца ў сваім жыцці з Маімі правамі, як
уладальніцы.
7. Ці заўсёды і
беспаваротна ты дазваляў Мне распараджацца вартасцю тваіх добрых учынкаў і
малітваў? Ці не адчуваў іх недахопу і жадаў бы зноў іх мець?
Унутраныя практыкаванні сапраўднага ўшанавання
Найсвяцейшай Панны Марыі
Аўторак – праз Марыю.
1. Ты абяцаў Мне
“паслухмянасць ва ўсіх рэчах”. Ці заўсёды Я кіравала тваім жыццём і тваімі
ўчынкамі? Ці прадставіў ты Мне свае намеры, суджэнні, рашэнні, словы, чыны? Ці
супраціўляўся ты свядома таму, што Я табе паказала? Ці не дзейнічаў ты паводле
свайго ўласнага натхнення, ідучы за асабістымі пачуццямі, асабістым нецярплівым
характарам і капрызамі ўласнай волі?
2. Ці ты пытаўся ў
Мяне парады ў сваіх сумневах, ці пытаўся ў Мяне дазволу, каб нешта зрабіць, як
гэта робіць дзіця ў сваёй маці, каб даведацца, што яно павінна зрабіць? Ці
казаў ты Мне часта ў сэрцы і вуснамі: “Мая добрая Маці, ці магу я гэта зрабіць?
Ці павінен я пакінуць тое?”
3. Ці ты зрабіў усё,
каб быць паслухмяным таму, што кажа Езус? Ці думаў, дапускаў, дзейнічаў, жывучы
паводле правілаў, прыказанняў і парадаў Езусавага Евангелля, ці не рабіў гэтага
паводле правілаў і духа гэтага свету, гэта значыцца паводле евангелля шатана?
4. Ці ты быў верным,
адкідваючы цяжкі і лёгкі грэх без ніводнага кампрамісу? Ці рабіў усё, каб
змагацца са сваімі недахопамі?
5. Ці выконваў з
павагай і сумленна абавязкі свайго стану: адказнасць за сям’ю, прафесійныя
абавязкі, даручаныя працы і г.д.?
6. Ці быў, як
нявольнік любові, прыкладам паслухмянасці правамерным аўтарытэтам? Ці заўважаеш
аўтарытэт Езуса і Мой у тваіх настаяцелях: святарах, сужонках, настаўніках,
грамадскіх уладах, касцёльных і рэлігійных настаяцелях і г.д.? Ці твая
натуральная паслухмянасць не была залежная ад годнасці або недахопаў тых, што
былі абраныя, каб служыць тваімі настаяцелямі? Ці не супраціўляўся ты і не
крытыкаваў парады, якія былі табе даваныя? Ці былі сітуацыі занядбання тваёй
паслухмянасці? Якім чынам ты быў паслухмяным – неахвотна, наракаючы, са смуткам
і горыччу, жадаючы гэтага пазбегнуць або з даверам дзіцяці і з радасцю прымаў
указанні сваіх настаяцеляў.
Серада.
1. Які вынік тваёй
залежнасці ад Мяне, ці ты верны жыццёваму правілу, якое Я табе дала, святому
правілу, да якога заахвоціла як Майго нявольніка любові? Ці ты верна дзяліў
час, які прызначаў на малітву, працу, навуку, адпачынак, роздумы? Ці няма
нейкага пункту, на які табе рэгулярна не хапала часу? Ці быў ты асаблівым чынам
верны ў адпаведных пабожных практыкаваннях? Ці не занядбоўваў іх, скарачаючы
або робячы нядбала і без сэрца?
2. Ці ты прызнаў Маю
волю і Маё кіраванне ў сітуацыях, якія ў цябе здарыліся і цябе збянтэжылі? Ці
атрымалася ў цябе сказаць “амэн” на ўсё, што цябе суцяшае і радуе, і тое самае
“амэн” на тое, што табе супярэчыць, перашкаджае, гвалціць, прыціскае, зраньвае,
прыгнятае? Ці ахвотна ты прымаў з Маёй рукі і рукі Бога выкарыстоўванне,
ўсялякія нязручнасці, цяжкасці, немач і жалобу?
3. Ці слухаў ты Мяне
з увагай і цалкам Мяне наследаваў, няспынна просячы Мяне аб ласках? Ці не
адмовіў Мне ў якой-небудзь маленькай ахвяры, якога-небудзь акту любові, які Я
табе запрапанавала? Ці існуе які-небудзь цнатлівы акт, які ты яшчэ ўпарта не
хочаш скласці сваёй любай Маці? Ці не адкінуў ты ў сваім сэрцы запрашэння, якое
Я дала табе дзеля вышэйшага паклікання, да самай дасканалай святасці?
4. Ці ў тваіх
пабожных практыкаваннях – св. Імшы, св. Камуніі, медытацыі і г.д. ты выракся
свайго ўласнага спосабу падрыхтоўкі і ўласных інтэнцый? Ці ты верна звяртаўся
да тваёй Маці і Настаўніцы, клічучы Яе на дапамогу, абапіраючыся на Яе заслугі,
апранаючыся ў Яе цноты? Ці ты ахвяраваўся Мне як прылада, занураючыся ў
спакойную цішыню, каб Я магла маліцца і дзейнічаць у табе і праз цябе? Ці меў
ты да Мяне давер, як малое дзіця да сваёй маці? Ці кожную хвіліну, у кожным
месцы, у кожнай рэчы ты шукаў Маёй матчынай парады? Ці не занядбоўваў ты
даверлівага шукання Маёй дапамогі ў самых найменшых дробязях жыцця, у
штодзённых разладах свайго духоўнага жыцця, у балючыя і цяжкія гадзіны твайго
існавання? Ці паддаўся уплыву, націску, клопатам, знеахвочванню, замест таго,
каб проста пакінуць Мне ўсё тое, што магло з табой здарыцца? Ці давяраеш Мне з
цалкавітым адданнем гадзіну і акалічнасці сваёй смерці і клопат аб сваёй
дасканаласці і сваім вечным збаўленні?
Чацвер – з Марыяй.
1. Ці была Я для
цябе, пасля Езуса, самым дасканалым узорам, які ты ставіў перад сваімі вачыма?
Ці ў розных сітуацыях часта пытаў сябе: “Як бы зрабіла мая добрая Маці, калі б
апынулася на маім месцы?”
2. Ці ты наследаваў
Мяне ў Маёй абсалютнай падпарадкаванасці Богу як Нявольніцы Пана? Ці спрабаваў
жыць Маім Магніфікатам, шукаючы толькі хвалы Божай у тым, што робіш, уводзячы
боскую любоў у сваё жыццё і жывучы з Найсвяцейшай Тройцай у сваёй душы, у
няспынных і поўных пашаны дзіцячых адносінах?
3. Ці ты быў верным
Езусу ва ўсім, цалкам, не любячы нічога і нікога так, як Яго, не шукаючы іншых
інтарэсаў, а толькі Яго і Яго валадарства, заўсёды прагнучы больш цеснай
еднасці з Ім?
4. Ці ты наследаваў
Маю пакору? Ці на практыцы прызнаў, што твае таленты, добрыя вынікі і цноты
паходзяць толькі ад Бога? Ці часта заўважаеш сваю нікчэмнасць, сваю галечу? Ці
не ўзносіўся па-над іншымі ў думках, словах і ўчынках? Ці адчуваў радасць з
таго, што бываеш незаўважаным і, калі цябе лічаць пустым месцам?
5. Ці наследаваў
Мяне, любячы разам са Мной Бога і бліжняга? Ці прабачаў усе знявагі і крыўды?
Ці зносіў цярпліва недахопы тых, што знаходзяцца вакол цябе? Ці быў мілым,
прадбачлівым і адказваў на прагненні іншых? Ці быў гатовы служыць іншым без
карысці дзеля сябе? Ці быў эгаістам і баязліўцам у тыя хвіліны, калі трэба было
клапаціцца, служыць іншым і рабіць дабро? Ці не судзіў сурова іншых, падазраючы
іх або абгаворваючы?
6. Якія твае
адносіны да шатана і да граху? Я, Твая Нябесная Маці, вялікая супраціўніца
ўсялякага граху, а ты? Ці ты мужна змагаўся са смяротнымі і лёгкімі грахамі, а
таксама з несвядомымі недасканаласцямі і супраць таго, што ў нейкай ступені
можа забрудзіць і запляміць чысціню тваёй душы? Ці натужна працаваў, каб стацца
дасканала чыстым і цнатлівым згодна з тваім жыццёвым станам, у думках,
уяўленні, словах, агляданых вобразах, чытаных тэкстах і ва ўсіх тваіх
паводзінах? Ці ты ненавідзеў усё тое, што хаця б у найменшай ступені магло б
весці да зла і граху? Ці выракся фальшывай мудрасці гэтага свету: смяротнай
раскошы, небяспечных забаваў, дрэнных кніжак і вобразаў, недапушчальнай моды?
Ці грашыў сваім стылем апранацца? Ці мужна і вытрывала станавіўся на баку Езуса
і Маім, як мага больш працуючы, каб перамагчы зло, грэх, нячыстасць, скандал,
распусту?
Пятніца – у Марыі.
1. Ці ты не дапусціў
таго, каб быць занадта прывязаным да ўпадабанняў рэчаў гэтага свету? Ці не
дапусціў, каб тваё жыццё было поўнае знешняй заангажаванасці, забываючыся пра
жыццё з Богам, Езусам і Яго Маці, якія вельмі моцна цябе любяць?
2. Ці часта шукаў
засяроджанасці, каб знайсці Мяне ў глыбіні сваёй душы, карыстаючыся практыкаваннем,
якому Я цябе навучыла: маліцца “Вітай, Марыя” у пачатку кожнай гадзіны, насіць
на сабе медалік, абразок або іншы марыйны знак? Ці звяртаўся ты да Мяне часта
кароткімі заклікамі (напрыклад, Маці мая!) Ці распачынаў кожную запісаную
старонку Маім імем? Ці прасіў у Мяне блаславенства, калі выходзіў з дому і
г.д.?
3. Ці спрабаваў жыць
пад Маім позіркам падчас малітвы, працы, адпачынку, як дзіця, якое адчувае
патрэбу, каб быць побач са сваёй маці?
4. Ці спрабаваў
засяродзіцца ў святыні сваёй душы, каб з захапленнем знайсці Мяне разам з
Езусам тварам у твар? Ці з нецярплівасцю чакаеш, каб надышоў час, калі твая
душа будзе дыхаць Мной без перапынку, так як твае лёгкія дыхаюць паветрам?
Субота – для Марыі.
1. Якая звычайна
матывацыя дае натхненне тваёй дзейнасці? Колькі разоў ты здабыў нешта для
асабістага камфорту, марнасці і любові да сябе, пазбаўлячы гэтага іншую асобу?
Такія паводзіны ня годныя нявольніка Езуса і Марыі.
2. Ці часта ты думаў
пра тое, каб ахвяраваць учынкі з любові да Езуса і да Мяне для нашага
праслаўлення і ўдзячнасці Нам? Ці часта ты паўтараў: “Усё для Езуса, для Марыі.
Усё для Вашай любові, найдаражэйшая Маці”?
3. Ці Маё
валадарства з’яўляецца тваім ідэалам? Ці ты прагнуў, каб надышло блаславёнае
валадарства Хрыста Валадара ў тваім жыцці? Ці думаў пра гэтае Валадарства
падчас вольных хвілінаў? Ці ахвяраваў у гэтай інтэнцыі свае гадзіны працы, а
асабліва тое, што было для цябе вельмі цяжкім: малітвы, цярпенні, супярэчнасці
і спакусы? Ці разважаеш кожнага дня пра сваю апошнюю хвіліну, смерць і немач,
прагнучы і гэта ахвяраваць для Майго валадарства? Што ты зрабіў, каб
“прыцягнуць увесь свет да служэння дзеля Майго сапраўднага ўшанавання”? Ці не
быў лянівым і баязлівым, і з-за гэтага часта пазбягаў магчымасцяў даць іншым
магчымасць Мяне пазнаць, каб дасканала Мне служыць?
Заключэнне:
Ты скончыў рахунак
сумлення. Стань у пакоры перад сваёй хвалебнай Каралевай і, бачучы свае
шматлікія недахопы, якімі правініўся, кажы: “Я прашу ў Цябе прабачэння, Маці
Божая, за тое, што я так часта быў няверным. Я не буду знеахвочвацца і буду
працаваць з намаганнем і вытрываласцю, каб стаць яшчэ больш паслухмяным дзіцём
і яшчэ больш верным нявольнікам. Я абяцаю Табе, дарагая Ўладарка, чуваць перш
за ўсё над гэтым пунктам,… у гэтай сітуацыі… Дапамажы мне Сваёй моцнай ласкай.
Паблаславі мяне з Езусам, Тваім скарбам. Маці мая! Дай мне ласку распазнаць,
куды Ты жадаеш мяне паслаць, і пашлі мяне туды, куды пажадаеш”!