Трэці дзесятак

 Дасканаласць святога Ружанца 
ў разважанні над жыццём і цярпеннямі 
нашага Пана Езуса Хрыста.

 

Дваццаць першая Ружа

Пятнаццаць таямніцаў Ружанца.  

[60] Таямніца – гэта святая рэч, якую цяжка зразумець. Усе справы Езуса Хрыста святыя і боскія, таму што Ён адначасова Бог і чалавек. Таямніцы Святой Дзевы таксама вельмі святыя, таму што Яна – самае дасканалае з усіх чыстых стварэнняў.  Правільна тое, што справы Езуса Хрыста і Яго Святой Маці называюць таямніцамі, таму што яны напоўненыя цудамі, дасканаласцю, а таксама глыбокім і ўзвышаным навучаннем, якое Дух Святы адкрывае пакорым і простым душам, якія Іх ушаноўваюць. 

Справы Езуса і Марыі можна яшчэ назваць дзівоснымі кветкамі, водар і прыгажосць якіх ведаюць толькі тыя, што да іх набліжаюцца, нюхаюць і адкрываюць праз уважлівае і сур’ёзнае разважанне.  

[61]  Святы Дамінік падзяліў жыццё Езуса Хрыста і Святой Дзевы на пятнаццаць таямніцаў, якія нам адкрываюць іх цноты і галоўныя  падзеі, як пятнаццаць вобразаў, рысы якіх павінны быць для нас правілам і прыкладам жыцця. Гэта пятнаццаць факелаў, якія павінны скіроўваць нашыя крокі ў гэтым свеце;  пятнаццаць ззяючых люстэркаў, каб ведаць Езуса і Марыю, каб ведаць нас саміх і запаліць полымя іх любові ў нашых сэрцах; пятнаццаць печак, каб цалкам нас паглынуць сваім нябесным полымем. 

Святая Дзева навучыла святога Дамініка гэтаму цудоўнаму спосабу малітвы і загадала яго распаўсюджваць, каб абудзіць пабожнасць хрысціянаў і ажывіць любоў да Езуса Хрыста ў іх сэрцах. Яна навучыла гэтаму таксама блаславёнага Алэна дэ ля Рош. “Гэта вельмі карысная малітва, сказала Яна, а гэтая служба – маліцца пяцьдзесят Анёльскіх Прывітанняў –  Мне вельмі прыемная. Але Мне будзе яшчэ больш прыемна і яшчэ лепш зробяць тыя, што будуць маліцца Анёльскае Прывітанне дадаючы разважанне над жыццём, цярпеннем і хвалой Езуса Хрыста, таму што гэтыя разважанні з’яўляюцца душой гэтай малітвы.” На самай справе, Ружанец без разважання над святымі таямніцамі нашага збаўлення будзе, як цела без душы, дасканалы матэрыял без формы, якой з’яўляецца разважанне, што і адрознівае Ружанец ад іншых набажэнстваў.

[62] Першая частка Ружанца складаецца з пяці таямніцаў. Першая таямніца – гэта Звеставанне арханёла Габрыэля Святой Дзеве; другая – Наведванне Святой Дзевай святой Альжбеты; трэцяя – Нараджэнне Езуса Хрыста; чацвёртая – Ахвяраванне Езуса ў святыні і ачышчэнне Святой Дзевы; пятая – Адшуканне Езуса ў святыні сярод вучоных. Гэтыя таямніцы называюць радаснымі, таму што яны прынеслі радасць усяму сусвету. Святая Дзева і анёлы былі напоўненыя радасцю ў шчаслівую хвіліну ўцелаўлення Сына Божага. Святая Альжбета і святы Ян Хрысціцель былі напоўненыя радасцю, калі да іх прыйшлі Езус і Марыя. Неба і зямля ўзрадаваліся нараджэнню Збаўцы. Старац Сімяон напоўніўся радасцю, калі ўзяў Езуса на  рукі. Вучоныя былі ў захапленні, слухаючы адказы Езуса; а хто зможа выказаць радасць Марыі і Юзафа, калі яны знайшлі Езуса праз тры дні Яго адсутнасці?...

[63] Другая частка Ружанца таксама складаецца з пяці таямніцаў, якія называюць балеснымі, таму што Яны паказваюць Езуса Хрыста, прыгнечанага смуткам, пакрытага ранамі,   абцяжаранага знявагамі, болем і пабоямі. Першая з гэтых таямніцаў – гэта Малітва Езуса ў садзе Аліўным; другая – Яго Бічаванне; трэцяя – Яго Ўкаранаванне цернем; чацвёртая – Нясенне Крыжа; пятая – Укрыжаванне і смерць на Кальварыі.

[64]  Трэцяя частка Ружанца складаецца з пяці таямніцаў, якія называюць хвалебнымі, таму што ў іх мы ўглядаемся ў Езуса і Марыю падчас іх хвалебнага трыюмфу. Першая таямніца – Уваскрасенне Езуса Хрыста; другая – Унебаўшэсце; трэцяя – Спасланне Святога Духа на апосталаў і Марыю; чацвёртая – Унебаўзяцце хвалебнай Дзевы; пятая – Укаранаванне Марыі. 

Вось пяць пахучых кветак містычнага куста Ружы, на якіх спыняюцца пабожныя душы, як мудрыя пчолкі, каб збіраць салодкі сок і перарабляць яго ў мёд глыбокай пабожнасці.

 

Дваццаць другая Ружа

Разважанне над таямніцамі Ружанца робіць нас падобнымі да Езуса Хрыста

[65]  Галоўным клопатам хрысціянскай душы з’яўляецца імкненне да дасканаласці. А таму будзьце вернымі наслядоўнікамі Бога, як Яго ўлюбёныя дзеці, кажа нам вялікі Апостал.[1] Гэты абавязак заключаны ў вечным дэкрэце нашага прызначэння, як адзіны спосаб дайсці да вечнай хвалы. Святы Грыгорый з Ніццы ветліва кажа, што мы з’яўляемся мастакамі. Нашая душа – гэта палатно, якое чакае пэндзліка, цноты – гэта колеры, якія павінны перадаць яе бляск, а арыгінал, які мы павінны скап’яваць – гэта Езус Хрыстус, жывы вобраз, які дасканала ўвасабляе спрадвечнага Айца. Таму, як мастак, каб зрабіць партрэт найбльш падобным, ставіць перад вачыма арыгінал, і, наносячы кожны мазок пэндзля, глядзіць на яго, таксама і хрысціянін павінен мець перад вачыма жыццё і цноты Езуса Хрыста, каб нічога не казаць, нічога не думаць, нічога не рабіць з таго, што Яму не адпавядае.  

 [66] Менавіта дзеля таго, каб дапамагчы нам у галоўнай справе нашага прызначэння, Святая Дзева загадала святому Дамініку даць вернікам, што моляцца на Ружанцы, святыя таямніцы жыцця Езуса Хрыста, і не толькі дзеля таго, каб яны ў Яго ўглядаліся і праслаўлялі, а галоўным чынам дзеля таго, каб яны вялі сваё жыццё паводле Яго жыцця і Яго ўчынкаў. Як дзеці паўтараюць за сваімі бацькамі, гледзячы на іх і размаўляючы з імі; яны вучацца іх мове, чуючы, як яны размаўляюць; як вучань, назіраючы за працай свайго настаўніка, вучыцца яго майстэрству;  таксама і верныя браты Ружанца, паважна і з пабожнасцю ўглядаючыся ў цноты Езуса Хрыста ў пятнаццаці таямніцах Яго жыцця, становяцца падобнымі да гэтага боскага Настаўніка, з дапамогай і заступніцтвам Святой Дзевы.  

[67] Калі Майсей ад імя Бога загадаў габрэйскаму народу ніколі не забывацца пра даброты, якімі Ён іх абдараваў, тым больш Сын Божы можа загадаць нам выгравіраваць ў нашых сэрцах і ўвесь час мець перад вачыма таямніцы Яго жыцця, Яго пакутаў і Яго хвалы, таму што гэта вялікія даброты, якімі Ён з намі падзяліўся, і праз якія Ён паказаў нам бязмежнасць Сваёй любові для нашага збаўлення. “О, вы ўсе, што крочыце дарогаю, спыніцеся і паглядзіце, ці ёсць пакута, як мая пакута, якую я перажываю з любові да вас. Узгадайце пра маю ўбогасць і мае прыніжэнні, падумайце пра палын і воцат, якія я прыняў дзеля вас падчас маёй мукі.”[2] 

Гэтыя словы, а таксама шматлікія іншыя, якія тут можна прывесці, досыць добра пераконваюць нас у тым, што мы не павінны задавольвацца толькі тым, каб голасна маліцца Ружанец у гонар Езуса Хрыста і Марыі, але маліцца з разважаннем над святымі таямніцамі.

 

Дваццаць трэцяя Ружа

Ружанец – гэта ўспамін жыцця і смерці Езуса Хрыста

[68] Езус Хрыстус, боскі Абраннік нашых душаў, наш пяшчотны сябра, жадае, каб мы ўзгадвалі Яго даброты і цанілі іх больш за ўсё іншае; Ён вельмі радуецца, а таксама Святая Дзева разам з усімі святымі раю, калі мы пабожна і з любоўю разважаем над ружанцовымі таямніцам, якія з’яўляюцца найлепшым знакам Яго любові да нас і самымі лепшымі падарункамі, якія Ён можа для нас зрабіць. Дзякуючы менавіта такім падарункам Святая Дзева і ўсе святыя радуюцца ў небе. 

Блаславёная Анжэла дэ Фаліно прасіла неяк нашага Пана навучыць яе набажэнству, якое найбольш бы Яго ўшаноўвала. Ён аб’явіўся ёй прыбітым да крыжа і сказаў: “Дачка мая, паглядзі на Мае раны.” Яна даведалася ад любага Збаўцы, што няма нічога больш прыемнага для Яго, чым разважанне над Яго пакутамі. Потым Ён адкрыў ёй Свае раны на галаве, а таксама розныя падрабязнасці Сваёй пакуты, і сказаў: “Я зносіў усё гэта дзеля твайго збаўлення, ці можаш ты зрабіць нешта, што адпавядала б гэтай Маёй любові да цябе?”

[69]  Ахвяра святой Імшы бясконца ўшаноўвае Найсвяцешую Тройцу, таму што паўтарае пакуту Езуса Хрыста, а мы ахвяруем заслугі Яго паслухмянасці, Яго цярпенняў і Яго Крыві. Праз гэта ўвесь Нябесны Двор атрымлівае вялікую хвалу, а шматлікія дактары, разам са святым Тамашам, кажуць нам па той самай прычыне, што Нябесны Двор радуецца еднасці вернікаў, таму што Найсвяцейшы Сакрамэнт з’яўляецца памяткай пакуты і смерці Езуса Хрыста. Такім чынам, усе людзі маюць удзел у яго пладах і прыспешваюць справу свайго збаўлення.   

Таму, калі мы молімся святы Ружанец, разважаючы над святымі таямніцамі, ён становіцца ахвярай праслаўлення Бога за дабрадзействы нашага Адкуплення і пабожнага ўспаміну цярпенняў, смерці, хвалы Езуса Хрыста. Сапраўды Ружанец праслаўляе і з’яўляецца прычынай радасці Езуса Хрыста, Святой Дзевы і ўсіх блаславёных, таму што яны не жадаюць нічога іншага дзеля нашага шчасця, як толькі бачыць нас занятымі гэтым практыкаваннем, хвалебным для нашага Збаўцы і збаўленнага для нас.  

[70] Евангелле запэўнівае нас, што анёлы радуюцца, калі грэшнік навяртаецца і жалее за грахі.[3] Калі анёлы радуюцца з-за таго, што адзін грэшнік пакідае грахі і чыніць пакуту, якая ж радасць, якое свята дзеля ўсяго нябеснага двара, якая хвала дзеля Езуса Хрыста, калі Ён бачыць, што мы на зямлі пабожна і з любоўю разважаем над Яго прыніжэннем, над Яго пакутамі і над Яго жудаснай і ганебнай смерцю?

Ці ёсць яшчэ нешта, што можа глыбей нас закрануць і падштурхнуць да шчырага пакаяння? 

Хрысціянін, які не разважае над таямніцамі Ружанца, праяўляе гэтым вялікую няўдзячнась да Езуса Хрыста і вялікую непавагу да ўсяго, што выцярпеў боскі Збаўца дзеля ўратавання свету. Паводзіны такога хрысціяніна, здаецца, кажуць, што ён не ведае жыцця Езуса Хрыста, не вельмі імкнецца даведацца пра тое, што Ён зрабіў, што выцярпеў, каб нас збавіць. Гэты хрысціянін павінен вельмі баяцца таго, што, не пазнаўшы Хрыста, або забыўшыся пра Яго, Езус адрачэцца ад  яго ў дзень суда з гэтым папрокам: “Сапраўды кажу вам, Я не ведаю вас”.[4] 

Таму разважайма ў святым Ружанцы над жыццём і цярпеннямі Збаўцы. Мы павінны добра Яго пазнаць і навучыцца распазнаваць Яго ў дабрадзействах, каб і Ён распазнаў у нас сваіх дзяцей і сваіх сяброў у дзень суда.  

 

Дваццаць чацвёртая Ружа

Разважанне над таямніцамі Ружанца з’яўляецца найлепшым спосабам дайсці да святасці

[71] Святыя ўважліва вувучалі жыццё Езуса Хрыста, яны разважалі над Яго цнотамі і Яго цярпеннямі, і такім спосабам яны дайшлі да хрысціянскай дасканаласці. Святы Бернард пачаў менавіта з гэтага практыкавання і верна ў ім вытрываў. “З самага пачатку майго навяртання, кажа ён, я малюся букет са смірны, сплецены з балесцяў майго Збаўцы; я паклаў гэты букет на сваё сэрца, думаючы пра хлысты, шыпы і гвоздзі Яго пакутаў. Усім сэрцам і ўсім сваім розумам я кожны дзень разважаю над гэтымі таямніцамі.” 

Гэта практыкавалі святыя пакутнікі. Мы ў захапленні ад таго, як яны трыюмфавалі над самымі жудаснымі катаваннямі.

Адкуль магла брацца такая дзівосная мужнасць пакутнікаў, кажа святы Бернард, як не з ранаў Езуса Хрыста, у якія яны ўвесь час углядаліся? Дзе была душа гэтых адважных асілкаў, калі пралівалася іх кроў, а іх цела забівалі катаваннямі? Іх душа была ў ранах Езуса Хрыста, а гэтыя раны рабілі іх непераможнымі.  

[72] Святая Маці Збаўцы ўсё Сваё жыццё разважала над цнотамі і цярпеннямі Свайго Сына. Калі Яна пачула радасную песню, якую анёлы спявалі пры Яго нараджэнні, калі ўбачыла пастыраў, якія пакланяліся Яму ў стайні, Яе дух напоўніўся радасцю і Яна разважала над усімі гэтымі дзівосамі. Яна параўноўвала веліч уцелаўлёнага Слова з глыбінёй Яго прыніжэння; салому і яслі з Яго тронам і ўлоннем Яго Айца; моц Бога са слабасцю дзіцяці; Яго мудрасць з Яго слабасцю. 

Святая Дзева сказала аднойчы святой Брыгіце: “Калі Я сузірала прыгажосць, сціпласць, мудрасць Майго Сына, Мая душа была поўная радасці, а калі Я глядзела на Яго рукі і ногі, прыбітыя цвікамі, Я пралівала слёзы, Маё сэрца разрывалася ад горычы і болю.” 

[73] Пасля ўнебаўшэсця Езуса Хрыста Святая Дзева правяла рэшту Свайго жыцця, наведваючы месцы, якія боскі Збаўца асвяціў Сваёй прысутнасцю і пакутамі. Там Яна разважала над бязмежнасцю Яго любові і жудаснасцю Яго пакуты. Гэта таксама было няспынным практыкаваннем Марыі Магдалены на працягу трыццаці гадоў, якія яна пражыла ў Сэн-Боме. Нарэшце, святы Геранім кажа, што гэта было набажэнства першых вернікаў. З усіх краінаў свету яны прыяжджалі ў Святую Зямлю, каб яшчэ больш узмацніць у сваіх сэрцах любоў і памяць пра Збаўцу людзей праз прадметы і месцы, якія Ён асвяціў сваім нараджэннем, сваёй працай, сваімі цярпеннямі і сваёй смерцю.

[74] Усе хрысціяне маюць толькі адну веру, пакланяюцца толькі аднаму Богу, спадзяюцца на тое самае шчасце ў небе; яны ведаюць толькі аднаго Пасрэдніка Езуса Хрыста; усе павінны наследаваць гэты боскі прыклад, а дзеля гэтага разважаць над таямніцамі Яго жыцця, над Яго цнотамі і Яго хвалой. Памыляецца той, хто думае, што разважанне над праўдамі веры і таямніцамі жыцця Езуса Хрыста патрэбна толькі святарам, манахам і тым, што пакінулі марнасць гэтага свету. Калі манахі і духоўныя асобы абавязаныя разважаць над гэтымі праўдамі нашай святой веры, каб годна адказаць на сваё пакліканне, свецкія людзі не менш да гэтага абавязаныя з-за небяспекі згубіцца там, дзе яны знаходзяцца. Таму яны павінны ўзбраіцца частым разважаннем над жыццём, цнотамі і цярпеннямі Збаўцы, якія ўвасабляюць пятнаццаць таямніцаў святога Ружанца.  

 

Дваццаць пятая Ружа

Багацце святасці, схаванае ў малітвах і ружанцовых разважаннях  

[75] Ніхто ніколі не зможа зразумець дзівосныя багацці асвячэння, якія схаваныя ў малітвах і таямніцах святога Ружанца. Гэтае разважанне над таямніцамі жыцця і смерці нашага Пана Езуса Хрыста для кожнага, хто ім карыстаецца, з’яўляецца крыніцай самых цудоўнах плёнаў. Сёння мы патрабуем рэчаў, якія нас уражваюць, узрушваюць, пакідаюць у душы глыбокія пачуцці. Што можа быць у свеце больш узрушальнага за гэтую цудоўную гісторыю нашага Адкупіцеля, якая разварочваецца на нашых вачах у пятнаццаці вобразах, якія назгадваюць нам пра вялікія сцэны жыцця, смерці і хвалы Збаўцы свету?

Якія малітвы могуць быць лепшымі і больш узвышанымі за малітву Панскую і Анёльскае Прывітанне? У гэтых малітвах схаваныя ўсе нашыя жаданні і ўсе нашыя патрэбы.

[76] Разважанне над таямніцамі і малітвы Ружанца – самыя лёгкія з усіх малітваў, таму што разнастайнасць цнотаў, жыццё Езуса Хрыста, якое мы паглыбляем, наноў стварае і цудоўна ўзмацняе дух і стрымлівае няўважлівасць падчас малітвы. Вучоныя знаходзяць у гэтых формулах найглыбейшую дактрыну, а маленькія – вельмі даступныя для іх навучанні.   

Трэба прайсці праз гэтае лёгкае разважанне перад тым, як узняцца на вышыню кантэмпляцыі. Гэта думка святога Тамаша  Аквінскага і парада, якую ён нам дае, калі кажа, што спачатку трэба практыкавацца, як на полі бітвы, у набыванні ўсіх цнотаў, дасканалы ўзор якіх мы маем у таямніцах Ружанца; менавіта ў іх, кажа вучоны Каэтан, мы атрымаем глыбокую еднасць з Богам, без якой кантэмпляцыя гэта толькі ілюзія, здольная мыліць душы.

[77] Калі б фальшывыя містыкі нашых дзён паслухаліся гэтай парады, яны б не ўпалі так нізка і не справакавалі б столькі скандалаў сваёй пабожнасцю. Гэта дзіўная ілюзія дэмана верыць, што можна знайсці больш узвышаныя малітвы, чым “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, і пакінуць гэтыя боскія малітвы, якія з’яўляюцца падтрымкай, моцай і абаронай душы.   

Я прызнаю, што не заўсёды абавязкова маліцца іх у голас, а ўнутраная малітва, у нейкім сэнсе, больш дасканалая, чым голасная; але я вас запэўніваю, што вельмі небяспечна, каб не сказаць згубна, самому пакінуць малітву на ружанцы пад прэтэкстам больш дасканалага з’яднання з Богам. Ганарлівая душа, падманутая дэманам, робіць усё, што можа, каб узняцца на высокі ўзровень малітваў святых, пагарджае і пакідае дзеля гэтага старажытныя спосабы малітвы, добрыя, як яна думае, для прастакоў. Яна сама закрывае вушы на гэтыя малітвы і на Анёльскае Прывітанне, а нават на малітву, якую склаў, практыкаваў і параіў сам Бог: Sic orabitis: Pater noster. Так будзеце маліцца: Ойча наш[5]. І такім чынам, яна падае  з ілюзіі ў ілюзію, з бездані ў бездань.

[78]  Вер мне, мой дарагі сабрат у Ружанцы, калі ты хочаш узняцца на высокую ступень малітвы і пры гэтым не трапіць у ілюзію шатана, кожны дзень, калі можаш, маліся ўвесь Ружанец або прынамсі адну яго частку.

Калі ты дзякуючы ласцы Божай дасягнуў таго, чаго хацеў, і хочаш гэта захаваць і ўзрастаць у пакоры, працягвай маліцца Ружанец, таму што ніколі душа, якая кожны дзень моліцца Ружанец, не трапіць у фармальную ерась і не будзе падманутая дэманам. Гэта прапанова, якую я падпішу ўласнай крывёю. 

Калі, аднак, Бог у Сваёй вялікай міласэрнасці моцна прыцягвае цябе падчас малітвы, як некаторых святых, падпарадкуйся Яго дзеянню, дазволь Яму дзейнічаць і маліцца ў табе, адгаворваць Ружанец Яго ўласным спосабам. І няхай табе гэтага будзе досыць на працягу дня. Але, калі ты знаходзішся ў актыўнай кантэмпляцыі або трываеш у звычайнай малітве, напоўненай супакоем, Божай прысутнасцю і любоўю, тады ў цябе яшчэ менш прычын пакінуць малітву на Ружанцы. І напэўна, молячыся на ім, ты не зробіш кроку назад у малітве і цнотах, а наадварот, ён стане табе цудоўнай дапамогай і сапраўднай лесвіцай Якуба, якая складаецца з  15 прыступкаў, па якіх ты пойдзеш ад цноты да цноты, ад святла да святла і лёгка ды без памылак дойдзеш да поўні веку Езуса Хрыста.

 

Дваццаць шостая Ружа [Ружанец – узнёслая малітва] 

[79] Асцерагайся наследаваць упартасць адной пабожнай жанчыны з Рыму, пра якую столькі кажуць у “Цудах Ружанца”.

Гэта была настолькі пабожная і старанная жанчына, што яна здзіўляла сваім святым жыццём самых суровых і аскетычных манахаў Божага Касцёла. 

Жадаючы параіцца са святым Дамінікам, яна пайшла да яго паспавядацца. Святы даў ёй за пакуту адзін раз памаліцца Ружанец і параіў таксама маліцца яго кожны дзень. Яна папрасіла прабачэння і сказала, што ўжо мае вызначаныя практыкаванні: яна штодзённа ходзіць на стацыі ў Рыме[6], носіць валасніцу,  бічуе сябе некалькі разоў у тыдзень, вельмі шмат посціць, а таксама мае іншыя пакутныя практыкаванні. Святы Дамінік вельмі заахвочваў яе выканаць яго параду. Але яна не хацела паслухаць яго парады і адышла ад канфесіяналу вельмі абураная паводзінамі новага духоўнага кіраўніка, які жадаў заахвоціць яе да набажэнства, якога яна не змагла засмакаваць. 

І вось падчас малітоўнага экстазу яна бачыць сваю душу, якая павінна з’явіцца перад Найвышэйшым Суддзёй. Святы Міхал кладзе ўсе яе пакутныя практыкаванні і іншыя малітвы на адну шалю вагі, а на другую ўсе яе грахі і недасканаласці. Потым ён узнімае вагі, шаля вагі з яе добрымі ўчынкамі ўзнімаецца ў гару і не можа пераважыць шалю з яе грахамі і недасканаласцямі. Вельмі напужаная, яна просіць аб міласэрнасці, заклікае святую Дзеву, сваю заступніцу, якая паклала ў шалю з  добрым ўчынкамі адзіны ружанец, які яна адгаварыла як пакуту. Ён аказаўся настолькі цяжкім, што пераважыў усе яе грахі, а таксама ўсе яе добрыя ўчынкі. У тую ж хвіліну Святая Дзева папракнула яе за тое, што яна адмовілася прыняць параду Яе слугі Дамініка і маліцца кожны дзень святы Ружанец. Апрытомнеўшы, яна пайшла кінуцца ў ногі святому Дамініку. Яна распавяла яму тое, што здарылася, папрасіла ў яго прабачэння за свой недавер і паабяцала кожны дзень маліцца святы Ружанец. Дзякуючы гэтаму практыкаванню яна дасягнула хрысціянскай святасці і атрымала жыццё вечнае.   

Вучыцеся на гэтым прыкладзе, пабожныя людзі малітвы, моцы, вартасці і важнасці гэтага набажэнства святога Ружанца ў спалучэнні з разважаннямі над таямніцамі.   

[80] Хто больш адухаўлёны ў малітве, чым святая Магдалена, якую анёлы па некалькі разоў у дзень узносілі да неба, якая была ў школе Езуса Хрыста і Яго Святой Маці? Тым не менш, калі яна аднойчы прапрасіла ў Бога добры сродак, каб узрастаць у любові да Яго і дасягнуць самай высокай ступені дасканаласці, прыйшоў да Яе ад Бога святы Арханёл Міхал і сказаў, што не ведае іншага сродку, акрамя аднаго: разважаць у стоп крыжа над балеснымі таямніцамі, якія яна бачыла сваімі ўласнымі вачыма на Кальварыі.    

Няхай прыклад святога Фрацыска Сальскага, гэтага вялікага настаўніка душаў свайго стагоддзя, абавяжа вас далучыцца да гэтага святога Брацтва, таму што, хоць ён і быў святым, усё роўна прысягнуў кожны дзень адгаворваць увесь Ружанец да канца жыцця.

Святы Шарль Барамэй таксама маліўся на ружанцы кожны дзень і вельмі раіў гэтае набажэнства святарам і духоўным асобам у семінарыях, а таксама ўсім сваім сябрам і знаёмым. 

Блаславёны Пій V, адзін з самых вялікіх Папаў, які кіраваў Касцёлам, кожны дзень маліўся на ружанцы. Святы Тамаш з Вільнова, арцыбіскуп Валенсіі, святы Ігнацы, святы Францыск Ксавэрый, святы Францыск Боргія, святая Тэрэза, святы Філіп Нэры, шматлікія іншыя вялікія асобы, якіх я не называю, дасягнулі дасканаласці ў гэтым набажэнстве. Наслядуйце іх прыклад, вашыя духоўныя кіраўнікі будуць вельмі задаволеныя. А калі яны даведаюцца пра плады, якія вы можаце атрымаць праз гэтае набажэнства, яны будуць першымі вас да яго заахвочваць.  

 

Дваццаць сёмая Ружа [Дабрадзействы Ружанца]

[81] Каб яшчэ больш заахвоціць вас да гэтага набажэнства вялікіх святых, я дадам яшчэ тое, што Ружанец у спалучэнні з разважаннямі над таямніцамі: 1) паступова вядзе нас да дасканалага ведання Езуса Хрыста; 2) ачышчае нашыя душы ад граху; 3) дапамагае нам перамагчы ўсіх нашых ворагаў; 4)  робіць для нас лёгкім практыкаванне цнотаў; 5) запальвае нашыя сэрцы любоўю да Езуса Хрыста; 6) узбагачае нас ласкамі і заслугамі; 7) дае нам сродкі, каб сплаціць Богу і людзям усе нашыя даўгі, і нарэшце, дапамагае нам выпрасіць у Бога ўсялякія ласкі.  

[82] Веданне Езуса Хрыста – гэта навука хрысціянаў і навука збаўлення. Яна даражэйшая і дасканалейшая, кажа святы Павел, за ўсе людскія навукі:  1) дзякуючы годнасці яе прадмету, якім з’яўляецца Бога-Чалавек, у параўнанні з Якім увесь сусвет усяго толькі маленькая кропля або пясчынка; 2) дзякучы сваёй карыснасці; усе людскія навукі напаўняюць нас толькі ветрам і дымам ганарлівасці; 3) дзякуючы яе неабходнасці; таму што нельга збавіцца, не ведаючы Езуса Хрыста, а той, хто пагарджае ўсімі іншымі навукамі, будзе збаўлены, але з умовай, што ён будзе асвечаны навукай Езуса Хрыста. Шчаслівы Ружанец, які дае нам гэтую навуку і гэтае веданне Езуса Хрыста ў разважаннях над Яго жыццём, цярпеннямі, смерцю і Яго хвалой. 

Каралева Сабы, захапляючыся мудрасцю Саламона, усклікнула: “Шчаслівыя твае дамачадцы і твае слугі, якія заўсёды знаходзяцца ў тваёй прысутнасці і слухаюць тваю мудрасць.”[7]  Яшчэ больш шчаслівыя вернікі, якія ўважліва разважаюць над жыццём, цнотамі, цярпеннямі і хвалой Збаўцы, таму што дзякуючы гэтаму сродку яны атрымліваюць дасканалыя веды, у якіх заключаецца вечнае жыццё. Haec est vita aeterna.[8]

[83] Святая Дзева адкрыла блаславёнаму Алэну, што, калі святы Дамінік пачаў прапаведваць вартасць Ружанца, зацвярдзелыя грэшнікі адразу навярнуліся і пачалі горка аплакваць свае злачынствы; нават малыя дзеці пачалі практыкаваць незвычайныя ўтаймаванні цела. Паўсюль, дзе ён прапаведваў Ружанец, палкасць была настолькі вялікая, што грэшнікі змянілі жыццё і сваімі пакутнымі практыкаваннямі і зменамі ў лепшы бок сталі прыкладам для ўсіх іншых. 

Калі ты адчуваеш, што тваё сумленне абцяжаранае якімі-небудзь грахамі, вазьмі свой Ружанец, памаліся адну частку ў гонар таямніцаў жыцця, пакутаў або хвалы Езуса Хрыста, і будзь ўпэўнены, што ў тую хвіліну, калі ты будзеш разважаць і ўшаноўваць гэтыя таямніцы, Ён пакажа Свае святыя раны Айцу ў небе. Ён заступіцца за цябе і выпрасіць для цябе скруху і прабачэнне тваіх грахоў. Аднойчы Ён сказаў блаславёнаму Алэну: “Калі б гэтыя бедныя грэшнікі часта маліліся на Ружанцы, яны б удзельнічалі ў заслугах Маёй пакуты, і  як іх Адвакат Я б злагодзіў боскую справядлівасць.”  

[84] Гэтае жыццё – няспынная вайна і спакуса[9]; мы змагаемся не з ворагамі цела і крыві, а з моцамі пекла[10]. Якую лепшую зброю мы возьмем, каб з імі змагацца, як не малітву, якой навучыў нас наш вялікі Настаўнік; як не Анёльскае Прывітанне, якое прагнала дэманаў, знішчыла грэх і аднавіла свет; калі не разважанне над жыццём і пакутамі Езуса Хрыста; нарэшце – думку, якой мы павінны ўзброіцца, як загадвае святы Пётр[11], каб абараніцца ад тых самых ворагаў, якіх ён перамог, і якія атакуюць нас кожны дзень. “З той хвіліны, кажа кардынал Хуга, як дэман быў пераможаны пакорай і пакутай Езуса Хрыста, ён не можа перамагчы душу, узброеную разважаннем над таямніцамі; а, калі  ён яе ўсё ж такі атакуе, то сам церпіць ганебнае паражэнне. Induite vos armaturam Dei.[12]

[85] Таму ўхапіцеся за Божую зброю, святы Ружанец, і вы раструшчыце галаву д’яблу, і зможаце супрацьстаяць усім яго спакусам.  Адсюль вынікае, што Ружанец, нават як матэрыяльны прадмет, вельмі страшны для д’ябла, а святыя ім карысталіся, каб яго закаваць і выгнаць з цела апантаных. Пра гэта сведчаць шматлікія гісторыі.  

[86] Адзін чалавек, распавядае блаславёны Алэн, пасля таго, як паспрабаваў шмат розных набажэнстваў, каб вызваліцца ад злога духа, вырашыў павесіць сабе на шыю Ружанец. І гэта прынесла яму палёгку. Потым ён заўважыў, што калі здымаў Ружанец з шыі, дэман ізноў пачынаў моцна яго кавэнчыць, тады ён вырашыў насіць яго на шыі ўдзень і ўначы. Гэта выгнала д’ябла назаўсёды, таму што ён не змог знесці гэтага жудаснага ланцуга. Блаславёны Алэн сведчыць, што ён вызваліў вялікую колькасць апантаных, вешаючы ім на шыю Ружанец.  

[87] Шаноўны айцец Ян Амат, з Ордэна Святога Дамініка, праводзіў велікапостныя рэкалекцыі ў Арагонскім каралеўстве. Яму прывялі маладую дзяўчыну, апантаную дэманам. Ён некалькі разоў чытаў малітвы экзарцызму, але ўсё дарэмна. Ён павесіў ёй на шыю свой Ружанец і яна адразу пачала страшна крычаць і жудасна завываць, кажучы: “Зніміце з мяне, зніміце з мяне гэтыя зерні, якія мяне душаць.” Нарэшце айцец, злітаваўшыся над беднай дзяўчынай, зняў з яе шыі ружанец. У наступную ноч, калі айцец адпачываў у сваім ложку, тыя ж самыя дэманы, што апанавалі дзяўчынай, прыйшлі да яго, захлёбваючыся ад злосці, і хацелі ім таксама апанаваць. Але Ружанцам, які ён моцна трымаў у руцэ, і нягледзячы на ўсе намагінні, якія дэманы рабілі, каб яго адабраць, ён моцна адхвастаў гэтых злых духаў, выгнаў іх, кажучы: “Святая Марыя, Каралева Ружанца, прыйдзі мне на дапамогу!” 

Калі, наступнага дня, ён пайшоў у касцёл, то сустрэў гэтую бедную дзяўчыну, усё яшчэ апантаную; адзін з дэманаў, што быў у ёй, насміхаючыся з яго, пачаў казаць: “Браце, калі б не твой Ружанец, мы б цябе перамаглі.” Тады шаноўны айцец кінуў Ружанец на шыю дзяўчыны і сказаў: “Праз найсвяцейшыя імёны Езуса і Марыі, Яго Святой Маці, а таксама праз цноты святога Ружанца, загадваю вам, злыя духі, цяпер жа выйсці з гэтага цела.” У тую ж хвіліну яны былі вымушаныя паслухацца і дзяўчына была вызваленая. Гэтыя гісторыі паказваюць нам моц святога Ружанца у змаганні з усялякага роду спакусамі дэманаў і ўсялякімі грахамі, таму што зярняты святога Ружанца змушаюць іх уцякаць.

 

Дваццаць восьмая Ружа [Збавенныя наступствы пасля разважання над Мукай Пана]

[88] Святы Аўгустын запэўнівае, што няма практыкавання больш плённага і настолькі карыснага для збаўлення, чым часта думаць пра цярпенні нашага Пана. Блаславёны Альберт Вялікі, настаўнік святога Тамаша, даведаўся праз аб’яўленне, што просты ўспамін або разважанне над пакутамі Езуса Хрыста мае больш заслугаў для хрысціяніна, чым пост на хлебе і вадзе кожную пятніцу на працягу года, або кожную нядзелю бічаваць сябе да крыві, ці штодзённа чытаць псалтыр. Якая ж тады заслуга Ружанца, які нясе ўспамін усяго жыцця і пакуты нашага Пана?

Аднойчы Святая Дзева адкрыла блаславёнаму Алэну дэ ля Рош, што пасля  ахвяры святой Імшы, якая з’яўляецца першым і самым жывым успамінам ахвяры Езуса Хрыста, няма набажэнства больш дасканалага і больш заслугоўваючага прызнання, чым Ружанец, які з’яўляецца як бы другім успамінам і адлюстраваннем жыцця і ахвяры Езуса Хрыста.  

[89] Шаноўны айцец Дорлан распавядае, што аднойчы Святая Дзева сказала паважанаму Дамініку, картузу і прыхільніку святога Ружанца, які жыў у Трэвэ ў I48I годзе: “Кожны раз, калі вернік адгаворвае ружанец у спалучэнні з разважаннямі над таямніцамі жыцця і цярпенняў Езуса Хрыста, знаходзячыся ў стане ласкі, ён атрымлівае поўнае і цалкавітае адпушчэнне грахоў.” 

Яна сказала таксама блаславёнаму Алэну: “Ведай, што ёсць яшчэ шматлікія адпусты, якімі надзелены мой Ружанец, а Я дадам яшчэ больш за кожныя пяцьдзесят “Вітай, Марыя” тым, хто будзе маліцца без цяжкага граху, пабожна і на каленях. Таму, хто вытрывае ў малітве святога Ружанца, захоўваючы гэтыя прадпісанні і разважаючы над таямніцамі, Я выпрашу як узнагароду за гэтую добрую паслугу цалкавітую адмену кары за грахі і прабачэнне ўсіх грахоў у канцы жыцця. І няхай гэта не здаецца табе немагчымым. Для Мяне гэта лёгка, таму што Я Маці Валадара нябёсаў, які называе Мяне поўнай ласкі, і калі Я ёй напоўненая, то шчодра вылью яе на сваіх дарагіх дзяцей.”

[90]  Святы Дамінік быў моцна перакананы ў дзейснасці і заслугах святога Ружанца. Ён не даваў інышх пакутаў тым хто, у яго спавядаўся, як мы ўжо бачылі ў гісторыі з рымскай спадарыняй, якой ён вызначыў за пакуту адну частку Ружанца.   

Спаведнікі таксама павінны былі б, каб пэўна ісці крокамі гэтага вялікага святога, даваць пенітэнтам за пакуту Ружанец з разважаннямі над святымі таямніцамі, а не іншыя пакуты, якія не маюць такіх вялікіх заслугаў, ні настолькі прыемныя Богу, ні такія збаўленныя для душаў, каб дапамагчы ўзрастаць у цнотах, і не настолькі дзейсныя, каб дапамагчы не ўпасці ў грэх. Больш таго, адгаворваючы Ружанец, можна атрымаць шмат адпустаў, якіх не маюць многія іншыя набажэнствы.  

[91]  “Напэўна, кажа абат Блозіюс, гэты Ружанец з разважаннямі над таямніцамі жыцця і смерці Езуса Хрыста, вельмі прыемны Езусу Хрысту і Святой Дзеве, а таксама вельмі дзейсны ў тым, каб выпрасіць усялякія ласкі. Мы можам маліцца Ружанец як за сябе, так і за тых, каго нам даручылі, а таксама за ўвесь Касцёл. Таму давайце маліцца святы Ружанец ва ўсіх нашых патрэбах і мы абавязкова атрымаем тое, што папросім у Бога дзеля нашага збаўлення.”

 

Дваццаць дзевятая Ружа [Ружанец – збавіцель душаў]

[92] Няма нічога больш боскага, на думку святога Дыянізія, нічога больш узнёслага і больш прыемнага Богу, чым дапамагаць у збаўленні душаў і знішчаць пасткі шатана, які імкнецца іх знішчыць. Менавіта дзеля гэтага Сын Божы прыйшоў на зямлю. Ён зруйнаваў імперыю шатана, заснаваўшы Касцёл, але гэты тыран сабраў ізноў свае моцы і з гвалтам абрынуўся на душы пры дапамозе ерасі Альбігойцаў, праз нянавісць, разлады і жудасную распусту, якія ён распаўсюдзіў па свеце ў адзінаццатым стагоддзі.   

Які ж лек на ўсе гэтыя бязладдзі, як перамагчы моц шатана? Святая Дзева, Заступніца Касцёла, не дала іншага больш дзейснага сродка, каб злагодзіць гнеў Свайго Сына, знішчыць ерась і рэфармаваць хрысціянскія звычаі. Гэтым сродкам з’яўляецца Брацтва святога Ружанца. Як паказаў досвед, гэты сродак аднавіў любоў, наведванне святых сакрамэнтаў, як у першыя залатыя стагоддзі Касцёла, і рэфармаваў хрысціянскія звычаі.

[93] Папа Леў X сказаў у сваёй булле, што гэтае брацтва было заснавана ў гонар Бога і Яго Святой Маці, як мур, стрымліваючы няшчасці, што імкнуліся знішчыць Касцёл. 

Грыгорый ХІІІ сказаў, што Ружанец быў дадзены небам як сродак дзеля таго, каб злагодзіць Божы гнеў і выпрасіць заступніцтва Святой Дзевы.

Юлій ІІІ сказаў, што Ружанец быў натхнёны дзеля таго, каб было лягчэй адчыніць нам неба праз заслугі Святой Дзевы.   

Павел ІІІ і блаславёны Пій V абвясцілі, што ружанец быў устаноўлены і дадзены вернікам, каб больш дзейсна атрымаць адпачынак і духоўнае суцяшэнне. Хто ж адмовіцца далучыцца да Брацтва, заснаванага дзеля такіх узвышаных мэтаў?

[94] Айцец Дамінік, картуз, вельмі адданы Ружанцу, убачыў аднойчы адчыненае неба і ўвесь Нябесны Двор, выстраяны ў цудоўным парадку. Потым ён пачуў, як яны спявалі Ружанец захапляльнай мелодыяй, на кожным дзесятку ушаноўваючы таямніцу жыцця, пакуты і хвалы Езуса Хрыста і Святой Дзевы. І ён заўважыў, што, калі яны прамаўлялі святое імя Марыі, то схілялі галаву, а калі казалі імя Езуса, станавіліся на калені і дзякавалі Богу за ўсе вялікія даброты, якімі Ён абдараваў неба і зямлю праз святы Ружанец. [Ён убачыў таксама Святую Дзеву і святых, што прынеслі Богу Ружанцы], якія супольнікі Брацтва маліліся на зямлі. Ён убачыў яшчэ шматлікія вяночкі з вельмі прыгожых і пахучых кветак, падрыхтаваныя для тых, хто пабожна моліцца святы Ружанец; кожны раз, калі яны яго адгаворваюць, яны рыхтуюць сабе вянок, якім будуць аздобленыя ў небе. Візія гэтага пабожнага картуза падобная да той, якую меў умілаваны вучань, дзе ён бачыў бязмежную колькасць анёлаў і святых, якія праслаўлялі і бласлаўлялі Езуса Хрыста за ўсё, што Ён выцярпеў на зямлі дзеля нашага збаўлення. Ці не тое самае робяць пабожныя супольнікі ружанцовага Брацтва?

[95] Не трэба думаць, што Ружанец толькі для жанчынаў, дзяцей і неадукаваных людзей. Ён таксама для мужчынаў, а нават вельмі годных мужчынаў. Спачатку святы Дамінік паведаміў Папу Інакенцію ІІІ пра тое, што атрымаў з неба загад заснаваць гэтае святое Брацтва. Святы Айцец яго зацвердзіў і заахвоціў святога Дамініка распаўсюджваць яго, а таксама сам пажадаў далучыцца да Брацтва. Нават кардыналы прынялі яго з вялікай ахвотай, што нават Лопэз напісаў такія словы: Nullum  sexum,  nullam  aetatem,  nullam  conditionem  ab  oratione  rosarii subtraxit se. Ні пол, ні ўзрост, ні стан не выключае з малітвы ружанцовай.”

Такім чынам, у гэтым брацтве можна было ўбачыць розных асобаў: графаў, князёў, каралёў, а таксама пралатаў, кардыналаў, папаў, усіх нават немагчыма тут пералічыць. Калі ты таксама далучышся да гэтага Брацтва, мой дарагі чытач, ты будзеш мець удзел у іх пабожнасці на зямлі і ў іх хвале ў небе. Cum quibus consortium vobis erit devotionis, erit et communio dignitatis.

 

Трыццатая Ружа [Прывілеі ружанцовых Брацтваў]

[96] Калі прывілеі, ласкі і адпусты робяць якое-небудзь брацтва годным заахвочвання, то можна сказаць, што ў Касцёле ружанцовае Брацтва найбольш годнае заахвочвання, таму што яно мае найбольш прывілеяў і ўзбагачанае адпустамі. Няма амаль ніводнага Папы, з пачатку яго заснавання, які б не адкрыў гэтага скарбу Касцёла і не надзяліў яго прывілеямі. Паколькі прыклад пераконвае лепш, чым словы і пажыткі, Святыя Айцы не маглі лепшым чынам адзначыць сваю павагу да гэтага святога Брацтва, як толькі тым, што самі да яго далучыліся. 

Вось кароткі сьпіс адпустаў, якімі Пантыфікі надзялілі Брацтва Святога Ружанца, наноў зацверджаны Святым Айцом Папам Інакенціям ІІ 31 ліпеня I679, атрыманы і дапушчаны да друку арцыбіскупам Парыжа 25 верасня таго ж года:[13] 

1) У дзень уступлення ў брацтва: поўны адпуст; 

2) У гадзіну смерці: поўны адпуст; 

3) За кожную частку Ружанца: дзесяць гадоў адпусту і дзесяць разоў па сорак гадоў адпусту кар чысцовых; 

4) За кожны раз, калі супольнікі пабожна будуць вымаўляць імя Езуса і Марыі: сем гадоў адпусту; 

5) Для тых, што пабожна будуць удзельнічаць у працэсіі святога Ружанца: сем гадоў адпусту кар чысцовых; 

6) Для тых, што ў першую нядзелю кожнага месяца і святы нашага Пана і святой Дзевы, у духу сапраўднай пакуты і выспавяданыя, наведаюць ружанцовую капліцу ў касцёле, дзе знаходзіцца брацтва: поўны адпуст; 

7) Для тых, што ўдзельнічаюць у спяванні малітвы Salve Regina: сто дзён адпусту; 

8) Для тых, што пабожна і, каб даць прыклад іншым, адкрыта носяць святы Ружанец: сто дзён адпусту; 

9) Для хворых супольнікаў, якія не могуць прыйсці ў касцёл, але паспавядаліся і прынялі св. Камунію, будуць кожны дзень маліцца ўвесь Ружанец або прынамсі адну частку: поўны адпуст у дзень, вызначаны, каб яго атрымаць; 

10) Святыя Айцы, дзякуючы сваёй вялікай прыхільнасці да Брацтваў святога Ружанца, далі іх супольнікам магчымасць атрымаць адпусты пры наведванні стацый ў Рыме, наведваючы пяць алтароў і пры кожным молячыся пяць “Ойча наш” і “Вітай, Марыя” ў інтэнцыі Касцёла. Калі ў тым касцёле, дзе знаходзіцца Брацтва, ёсць толькі адзін або два алтары, тады яны павінны памаліцца 25 разоў “Ойча наш” і “Вітай, Марыя” перад кожным алтаром.  

[97] Гэта доказ вялікай прыхільнасці да супольнікаў святога Ружанца, таму што ў Рымскіх касцёлах, дзе знаходзяцца стацыі, супольнікі могуць атрымаць поўныя адпусты, вызваленне душаў чысцовых, а таксама шмат іншых, без цяжкасцяў, расходаў, не пакідаючы сваю краіну; а нават, дзякуючы дазволу Папы Ільва Х, калі Брацтва не заснавана ў месцы жыхарства супольнікаў, яны атрымаюць пералічаныя адпусты, наведваючы пяць алтароў любых касцёлаў. 

Вось дакладна вызначаныя дні, калі могуць атрымаць адпусты тыя, што знаходзяцца па-за Рымам. Гэта было ўстаноўлена Святой Кангрэгацыяй па пытаннях адпустаў, зацверджана нашым Святым Айцом 7 сакавіка I678: 

Ва ўсе нядзелі Адвэнту; у тры постныя дні; у Вігілію Божага Нараджэння, падчас Пастэркі, ранішняй Імшы і на працягу дня; у свята св. Сцяпана, св. Яна Евангеліста і святых Немаўлятаў, Абразання і Трох Каралёў; у нядзелю Сямідзесятніцы[14], Шасцідзесятніцы[15], Пяцідзесятніцы[16], а таксама пачынаючы з Папяльцовай Серады, кожны дзень да нядзелі пасля Вялікадня ўключна; тры дні перад Унебаўшэсцем; у дзень Унебаўшэсця; у вігілію Спаслання Духа Святога, кожны дзень актавы і тры постныя дні ў верасні.  

Дарагі сабрат у Ружанцы, ёсць вялікая колькасць іншых адпустаў. Калі ты хочаш іх атрымаць, прачытай сьпіс адпустаў, вызначаных для ружанцовых Брацтваў. Ты ўбачыш там імёны папаў, год і іншыя рэчы, якія ў гэтай брашуры не змесцяцца.[17]  



[1] Пар. Эф 5, 1: “Дык вось, наследуйце Бога як дзеці ўмілаваныя.”

[2] Пар. Лям 1, 12; 3,19.

[3] Пар. Лк 15, 10: “Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца.”

[4] Пар. Мц 25, 12.

[5] Мц 6, 9.

[6] Старое набажэнства, якое заключалася ў тым, каб наведваць стацыйныя касцёлы горада і чытаць малітвы, вызначаныя для кожнага з іх.

[7] 1Цар 10, 8: “Шчаслівыя людзі твае і шчаслівыя паслугачы твае, - тыя, якія стаяць заўсёды перад табою,  чуюць мудрасць тваю.”

[8] Ян 17, 3: “А  вечнае жыццё  ў  тым,  каб  пазналі  Цябе,  адзінага  праўдзівага  Бога,  і  таго,  каго  Ты паслаў,  Езуса  Хрыста.”

[9] Пар. Ёў 7,1: “Хіба жыццё чалавека на зямлі – гэта не вайна?”

[10] Пар. Эф 6,12: “Бо  нашая барацьба  не  супраць  крыві  і  цела,  але  супраць  панаванняў,  супраць  уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.”

[11] Пар. 1P 4,1: “Паколькі  Хрыстус  цярпеў  за  нас  у  целе,  вы  таксама  ўзбройцеся  той  жа думкай.”

[12] Эф 6, 11: “Апраніцеся  ва ўсю  зброю  Божую,  каб  вы  маглі  супрацьстаяць  подступам  д’ябла.”

[13]  З пачуцця павагі да арыгінальнага тэксту мы пакінулі ў перакладзе сьпіс адпустаў, які напісаў св. Людвік дэ Манфор. Пасля Другога Ватыканскага Сабору адпусты былі змененыя і цяпер гэты сьпіс не актуальны.

[14] Першая з трох нядзель да Вялікага Посту.

[15] Нядзеля за два тыдні да Вялікага Посту; саст. – мясапуст.

[16] Нядзеля за тыдзень да Вялікага Посту; саст. – сырапуст. 

[17] Сёння актуальныя наступныя ружанцовыя адпусты: супольнікі Жывога Ружанца могуць атрымаць поўны адпуст, пры звычайнай умове, восем разоў у год, менавіта: 1) у дзень далучэння да Жывога Ружанца; 2) у свята Божага Нараджэння; 3) у свята Ахвяравання Пана; 4) у свята Звеставання; 5) у свята Ўваскрашэння Пана; 6) у свята Ўнебаўзяцця Маці Божай; 7) ва ўрачыстасць Каралевы Святога Ружанца; 8) у свята Беззаганнага Зачацця Марыі.