Таварыства Марыі Каралевы Сэрцаў – або Брацтва Марыі Каралевы Сэрцаў – гэта таварыства вернікаў, якія, каб больш плённа жыць багаццем і ласкамі свайго хросту, вырашылі: а) ісці евангельскім шляхам, прапанаваным св. Людвікам-Марыяй дэ Манфорам у “практыкаванні сапраўднага ўшанавання” Святой Дзевы, гэта значыць цалкавітага Прысвячэння сябе Езусу праз Марыю; б) супрацоўнічаць з місіяй Касцёла ў свеце, разам з айцамі і братамі Манфартанцамі (Таварыствам Марыі).
Брацтва мае толькі адну мэту, якую Езус вызначыў для тых,
хто, праз хрост, становіцца Яго вучнем – гэта імкненне да святасці дзяцей Божых
праз дасканалую любоў (пар. ТМ 3, СУ 61).
У гэтым пошуку вернасці і дасканаласці, супольнікі
Брацтва чэрпаюць натхненне і крочаць шляхам вялікага сведкі і настаўніка св.
Л.-М. дэ Манфора, якога Касцёл вельмі ўшаноўвае і рэкамендуе яго духоўны шлях.
Разам з Манфорам супольнікі жадаюць бачыць у Езусе Хрысце
Мудрасць Божую, якая ўцелавілася ў Марыі, каб прыйсці на зямлю ў пошуках людзей
і сказаць ім пра міласэрную пяшчоту Айца, каб адкрыць ім што такое сапраўдная
жыццёвая мудрасць.
Разам з Манфорам супольнікі жадаюць бачыць у Марыі, Маці
Езуса, сваю сапраўдную духоўную Маці, якой Збаўца, на Кальварыі, даверыў ўсіх
сваіх вучняў, каб Яна іх уфармоўвала і дапамагала станавіцца “дасканалымі
вучнямі”. Каб Святая Дзева магла лягчэй выконваць сваё матчынае і настаўніцкае
заданне, супольнікі брацтва, як “улюбёны вучань”, прымаюць Яе ў сваё жыццё і
цалкам прысвячаюць сябе Ёй, бяз рэшты і беспаваротна. З Яе дапамогай і ў
залежнасці ад Яе, яны ўпэўненыя ў тым, што будуць крочыць з большай лёгкасцю і
вернасцю, у паслухмянасці Духу любові, па слядах Езуса Хрыста.
“Усё належыць Езусу праз Марыю”, гэта іх духоўны дэвіз
(СУ 120-121).
Прыналежнасць да Брацтва Марыі Каралевы Сэрцаў не звязана
з ніводным абавязкам якога-небудзь асаблівага апостальства, а патрабуе толькі
аднаго: жыць і распаўсюджваць, прыкладам і ўчынкам Валадарства Езуса Хрыста
праз заступніцтва Марыі. Вернік, які далучаецца да Брацтва, застаецца ў сваім
жыццёвым стане, ва ўмовах, у якіх знаходзіцца ў момант уступлення.
Пасля далучэння да Брацтва не патрабуецца ніякага асаблівага апостальства. Супольнік
Брацтва не пакідае свайго сямейнага і грамадскага асяроддзя, але імкнецца яго
напоўніць водарам Хрыста (пар. 2Кар 2, 14.15).
Брацтва не з’яўляецца ні пастулатам, ні навіцыятам, які
імкнецца павялічыць колькасць сваіх супольнікаў, а толькі школай глыбокага
хрысціянскага жыцця, пад матчынай апекай Марыі, дасканалым аднаўленнем
хрысціянскіх зарокаў, сродкам, каб жыць як мага больш дасканала там, дзе Пан
нас кліча.
Найважнейшай з’яўляецца добрая і няспынная фармацыя
вернікаў для жыцця ў духу прысвячэння сябе Богу, паводле метаду і формулы св.
Людвіка дэ Манфора, “настаўніка духоўнага жыцця”.
Каб далучыцца да Брацтва, трэба прачытаць “Трактат аб
сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы”, пасля адпаведнай 33-дзённай падрыхтоўкі
прачытаць “акт прысвячэння сябе Езусу Хрысту, Уцелаўлёнай Мудрасці, праз
Марыю”, даслаць у рэгіянальны цэнтр Брацтва матываваную просьбу ад прыняцці.
Супольнікі Брацтва кожны дзень аднаўляюць акт прысвячэння
кароткай формулай “Я ўвесь Твой, Марыя” (“Totus tuus, Maria”).
Таварыства Марыі Каралевы Сэрцаў адкрытае для ўсіх
вернікаў (свецкіх, святароў, братоў і сясцёр законных, якія прагнуць ісці
духоўным шляхам, які прапануе святы Людвік Грыньён дэ Манфор. Для законных
асобаў дзейнічае кан. 307, пар.3.
Каб далучыцца да ТАВАРЫСТВА МАРЫІ КАРАЛЕВЫ СЭРЦАЎ, Манфартанскага
Марыйнага Брацтва, можна напісаць да айцоў манфартанцаў у Польшчы: svecenikmf@gmail.com. Каб даведацца больш,
можна напісаць на адрас Легіёна Марыі ў Беларусі: legionmaryi@gmail.com.