Каштоўная жамчужына: “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі”.

 Каштоўная жамчужына: 
“Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі”.

(айцец Мільенко Сушац SMM)

 Пішучы “Трактат”, Манфор падсумаваў усё сваё жыццё, тэалагічную адукацыю, чытанне святых аўтараў духоўнай літаратуры, плады асабістай малітвы, святасці і місійную дзейнасць. Гэта значыць, што “Трактат” з’яўляецца плёнам духоўнай сталасці св. Людвіка. Ён абапіраецца на фундаментах францускай школы духоўнасці. Мэта “Трактату” – давесці чытача да прысвячэння Езусу Хрысту праз Марыю.

O! Як жа гэты прыхільнік Святой Дзевы, што не шукае сябе ў служэнні Дзеве, прыемны і каштоўны ў вачах Бога і Яго Святой Маці! Але як жа іх сёння мала! Менавіта дзеля таго, каб іх сталася больш, я ўзяўся за пяро і пачаў пісаць на паперы ўсё тое, чаму плённа навучаў публічна (…). Я прачытаў амаль усе кнігі, у якіх напісана пра ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы, я па-сяброўску размаўляў з самымі святымі і мудрымі асобамі свайго часу і не знайшоў пабожнага практыкавання ў гонар Святой Дзевы, падобнага да таго, пра якое я хачу расказаць, якое патрабуе ад душы найбольшай ахвяры для Бога, якое найбольш вызваляе душу ад сябе самой і самалюбства, якое верна захоўвае душу ў ласцы, а ласку ў ёй, якое самым дасканалым і простым чынам яднае з Езусам Хрыстом і, нарэшце, якое прыносіць найбольш хвалы Богу, найбольш асвячае душу і прыносіць больш пажытку бліжнім” (ТСУ №110, 118).

З VII стагоддзя паходзяць першыя сведчанні духоўнасці прысвячэння або святога нявольніцтва з любові, якое бярэ свае карані і натхненне ў Евангеллі, а таксама імкнецца ўпарадкаваць матчыную ролю Марыю ў жыцці верніка і зрабіць так, каб асоба, якая прысвяціла сябе Ёй, глыбей перажывала свае адносіны з Той, каго Езус даў ёй за Маці. Сярод папярэднікаў гэтай школы трэба назваць: св. Сафронія Ерузалемскага (†638), св. Германа Канстантынопалскага (†733), св. Яна Дамаскіна (†749), папу Яна VII (†707), і асаблівым чынам св. Ільдэфонса з Таледо (†667), які шырока пісаў пра гэта ўшанаванне. Не менш, аднак, св. Людвік дэ Манфор даследваў гэтае ўшанаванне і замацаваў яго на фундаменце Святога Пісання і Традыцыі Касцёла; кіраваны геніем сваёй святасці, ён апісаў прысвячэнне як аўтэнтычную школу духоўнасці. “Вось таямніца , якой навучыў мяне Найвышэйшы і якую я не змог знайсці ні ў воднай кніжцы, ані ў старой, ані ў новай. Я давяраю яе табе праз Духа Святога” (ТМ №1).

Святы рознымі спосабамі называў духоўнасць прысвячэння, якой навучаў: святое нявольніцтва з любові, прысвячэнне Марыі, дасканалае прысвячэнне Езусу Хрысту, прысвячэнне Езусу Хрысту праз Марыю. Манфор усведамляў, што ўжыванне такога або іншага паняцця не з’яўляецца сустнасцю навучанай ім духоўнасці, але хутчэй за ўсё спробай як мага больш дакладнага выяўлення евангельскай рэчаіснасці, якая мае свае карані ў Традыцыі Касцёла. Манфор усведамляў тэалагічную глебу свайго навучання. Ён усведамляў, што канчатковай мэтай прысвячэння можа быць толькі Езус Хрыстус.

Паколькі мы жывем у ганарлівым свеце, і ёсць шмат ганарлівых навукоўцаў, моцных і крытычных, што нават у самых добра ўфармаваных набажэнствах знаходзяць нешта падазронае і вартае крытыкі, лепш казаць пра няволю Езуса ў Марыі і называць сябе нявольнікам Езуса ў Марыі, чым нявольнікам Марыі. Такім чынам мы называем гэтае практыкаванне з пункту гледжання яго канчатковай мэты, якой зяўляецца Езус Хрыстус, а не з пункту гледжання шляху і спосабу дайсці да гэтай мэты, якім з’яўляецца Марыя. Хоць можна, праўда, сказаць і адно, і другое, што я і раблю” (ТСУ 245).

 

Роля Марыі ў Айцоўскім плане гісторыі збаўлення

 

Манфор уключае духоўнасць прысвячэння ў гісторыю збаўлення. Уся веліч і роля Марыі ў гэтым таямнічым Божым плане вынікае з волі Бога, якую мы, як веручыя людзі, адкрываем і прымаем як бескарыслівы дар збаўчай любові Бога. Людвік піша:

Я вызнаю разам з усім Касцёлам, што Марыя, чыстае стварэнне рук Найвышэйшага, у параўнанні з Яго бясконцай Веліччу меншая за атам, ці хутчэй зусім нішто, бо толькі Ён адзіны “Той, хто ёсць”. І гэты вялікі Госпад, заўсёды незалежны і самадастатковы, не патрабаваў і не патрабуе Найсвяцейшай Дзевы, каб ажыццявіць сваю волю і паказаць сваю хвалу. Яму досыць пажадаць, каб усё здзейсніць.

Прымаючы ўсё так, як ёсць, я кажу, аднак, што, калі Бог пажадаў распачаць і скончыць свае найвялікшыя справы праз Найсвяцейшую Дзеву з таго самага моманту, як Яе стварыў, можна быць упэўненымі, што Ён не зменіць свайго жадання давеку, бо з’яўляецца Богам і не змяняецца ані ў сваіх пачуццях, ані ў сваіх паводзінах.

Бог Айцец даў свету свайго Адзінага Сына толькі праз Марыю. Нягледзячы на ўсе ўздыханні патрыярхаў, на ўсе просьбы, што на працягу чатырох тысяч гадоў узносілі прарокі і святыя старога запавету, каб атрымаць гэты скарб, толькі Марыя заслужыла і знайшла ласку ў Бога моцай сваёй малітвы і веліччу сваіх цнотаў. Свет на заслугоўваў, кажа святы Аўгустын, атрымаць Сына Божага беспасрэдна з рук Айца, і Ён даў Яго Марыі, каб свет атрымаў Яго праз Яе.

Сын Божы стаўся чалавекам дзеля нашага збаўлення, але ў Марыі і праз Марыю.

Бог Дух Святы ўфармаваў Езуса Хрыста ў Марыі, але пасля таго, як папрасіў у Яе згоды праз аднаго з першых пасланцоў свайго двору” (ТСУ 14-16).

 

Марыя ў жыцці і дзейнасці Езуса Хрыста

 

Таямнічым спосабам Бог прызначыў Марыю Маці Свайго Сына і абдараваў Яе прывілеем Беззаганнага Зачацця, абдароўваючы таксама з апярэджваннем заслугамі Пакуты Свайго Сына, таму Яна была адкупленая першай і выключным спосабам. Гэта Яе веліч была чыстым дарам Бога. Са свайго боку Яна верна адказала на гэта абдараванне, захоўваючы і заслугамі павялічваючы сваю святасць, а ў той жа час праз чысты дар і свае заслугі, Яна актыўна ўдзельнічала ў таямніцах Уцелаўлення і Адкуплення. Згодна з Божым планам і воляй Езуса Хрыста, роля Марыі не абмяжоўваецца толькі біялагічным мацярынствам, таму што Яна з’яўляецца Маці, якая нарадзіла, карміла і выхоўвала Збаўцу свету, а таксама адносіцца да акту Адкуплення, у якім Яна актыўна прымала ўдзел, згаджаючыся на ахвяру Свайго Сына, складаючы яе пад крыжам разам са сваім матчыным цярпеннем і ахвярай.

Бог Сын зышоў у Яе дзявоцкае ўлонне (пар. Быц 2, 8), як новы Адам у свой зямны рай, каб знайсці там упадабанне і таямніча ўчыніць свае цуды ласкі. Гэты Бог, які стаўся чалавекам, знайшоў сваю свабоду ў тым, каб змясціць Сябе ў Яе ўлонні; Ён праявіў сваю моц дазваляючы насіць Сябе гэтай маленькай дзяўчынцы; Ён знайшоў сваю хвалу і хвалу Айца ў тым, што схаваў сваю веліч ад усіх стварэнняў тут, на зямлі, каб адкрыць іх толькі Марыі; Ён праславіў сваю незалежнасць і веліч у залежнасці ад гэтай любай Дзевы падчас зачацця ў Ёй, нараджэння, ахвяравання ў святыні, укрытым жыцці з Ёй на працягу трыццаці гадоў – аж да самай смерці, у якой Яна павінна была ўдзельнічаць, каб скласці разам з Ёй адзіную ахвяру і з Яе згоды ахвяравацца Спрадвечнаму Айцу, як некалі Ісаак быў складзены ў ахвяру са згоды Абрагама, які паддаўся волі Божай (пар. Быц 22, 2). Гэта Марыя ўскарміла Яго, выхавала, клапацілася і ахвяравала дзеля нас” (ТСУ №18).

 

Роля Марыі ў таямнічай справе Духа Святога, у Касцёле і ў нараджанні вернікаў да звышнатуральнага жыцця

 

Менавіта таму, што Марыя як Першая Адкупленая актыўна прымала ўдзел таямніцы Адкуплення і згодна з воляй Свайго Сына Езуса Адкупіцеля, які даў Яе ўмілаванаму вучню і ўсяму Касцёлу за Маці, Яна выконвае сваю ролю ў нараджанні вернікаў да звышнатуральнага жыцця ў веры. Уся Традыцыя Касцёла, у тым ліку св. Людвік, выказвае гэту таямніцу вобразам Сакрамэнтальнага Цела Хрыста:

Бог Айцец абдараваў Марыю сваёю плоднасцю настолькі, наколькі гэта магло прыняць чыстае стварэнне, каб Яна была здольная нарадзіць Яго Сына і ўсіх супольнікаў Яго містычнага Цела. (…) Калі Езус Хрыстус, Галава ўсіх людзей, нарадзіўся ў Ёй, то і абраныя, часткі гэтай Галавы, павінны таксама абавязкова нарадзіцца ў Ёй. Тая самая Маці не можа даць свету Галаву без частак і частак без Галавы — інакш гэта быў бы вылюдак у парадку натуры; таму, у парадку ласкі, Галава і часткі нараджаюцца ад адной Маці. І калі б частка містычнага Цела Езуса Хрыста — абраны — нарадзіўся ад іншай маці, а не ад Марыі, якая нарадзіла Галаву, гэта быў бы ўжо не абраны і не частка Езуса Хрыста, але вылюдак у парадку ласкі” (ТСУ 17, 32).

Святы Людвік з’яўляецца адным з духоўных настаўнікаў каталіцкага Касцёла, які найбольш казаў пра Духа Святога. Ён усведамляў, што з-за такога спосабу выказвання можа ўзнікнуць тэалагічная праблема. Ці Марыя займае месца ў веры і духоўнасці, якое належыць Духу Святому, таму што Ён з’яўляецца Панам і Жыццядаўцам? У духоўнасці св. Людвіка няма месца на такія сумневы і супярэчнасці, якія па сутнасці не з’яўляюцца плёнам аўтэнтычнага досведу, але спекуляцыйнага разумення.

Манфор кіруецца меркаваннем францускай школы духоўнасці, якая бачыць у таямніцы Ўцелаўлення і Адкуплення здзяйсненне Касцёла і вобраз нараджэння да жыцця ў веры. Менавіта: як Дух Святы ў Марыі, з актыўным удзелам Сваёй Абранніцы, уфармаваў чалавечую натуру Езуса Хрыста, і падобна да таго, як актыўныя гэтыя Асобы ў Адкупленні, так таямнічым спосабам Дух Святы, у еднасці з Марыяй, ажыўляе Касцёл і нараджае вернікаў да звышнатуральнага жыцця. Менавіта пра гэта піша Манфор:

“Духу Святы, памятай аб тым, каб нараджаць і фармаваць дзяцей Божых разам з Тваёй вернай Абранніцай Марыяй.  Разам з Ёй і ў Ёй Ты ўфармаваў Хрыста – Галаву абраных. А таму з Ёй і ў Ёй мей ласку фармаваць усе Яго часткі. Ты не даеш пачатку ніякай іншай Боскай Асобе, але Ты адзіны фармуеш усе Божыя Асобы па-за Боскасцю. І ўсе святыя, якія былі і будуць да сканчэння свету, з’яўляюцца творам Тваёй любові, з’яднанай з Марыяй” (ПМ 15).

Калі Дух Святы, Яе Сужонак, знаходзіць Яе ў душы, Ён сыходзіць туды, без рэшты ўваходзіць, аддаецца гэтай душы з усім багаццем Сваіх ласкаў і настолькі, наколькі гэтая душа дае месца Яго Сужонцы. Таму існуе шмат прычынаў таго, што Дух Святы не чыніць больш вялікіх цудаў у душах, а менавіта тое, што Ён не знаходзіць больш досыць вялікай еднасці са Сваёй вернай і неразрыўнай Сужонкай. Я кажу “неразрыўнай”, бо з таго моманту, як гэтая існая Любоў Айца і Сына ўзяла шлюб з Марыяй, каб нарадзіць Езуса Хрыста, Галаву абраных, і Езуса Хрыста ў іх, Ён ніколі з Ёй не раставаўся, бо Яна заўсёды была верная і плодная” (ТСУ №36).

 

Адносіны да Езуса і Марыі ў жыцці вернікаў

 

Такім чынам Манфор падкрэслівае цэнтральнае месца Езуса Хрыста ў хрысціянскай таямніцы, але таксама ролю, якую Марыя дзякуючы Божай волі займае ў жыцці Касцёла і кожнага верніка. Любоў, якую асоба праяўляе да Марыі, гэта адлюстраванне той любові, якую сам Езус Хрыстус праяўляў да Сваёй Маці, і з’яўляецца плёнам прыняцця дару Езуса: Марыі як Маці.

“Езус Хрыстус, наш Госпад, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, павінен быць канчатковай мэтай усіх нашых пабожных практыкаванняў. У іншым выпадку яны б былі несапраўднымі і аблуднымі. Езус Хрыстус — гэта Альфа і Амега (Ап 1, 8), пачатак і канец кожнай рэчы. Мы дзейнічаем, кажа Апостал, толькі дзеля таго, каб кожнага чалавека зрабіць дасканалым у Езусе Хрысце, таму што толькі ў Ім жыве ўся поўня Боскасці і ласкі, цноты і дасканаласці. Таму што толькі ў Ім мы атрымалі духоўнае блаславенства. Таму што Ён — наш адзіны Настаўнік, які павінен нас навучыць, наш адзіны Госпад, ад якога мы павінны залежаць, наш адзіны Гаспадар, з якім мы павінны быць з’яднаныя, наш адзіны ўзор, на які мы павінны быць падобнымі, наш адзіны лекар, які павінен нас лячыць, наш адзіны пастыр, які павінен нас карміць, наш адзіны шлях, па якім мы павінны ісці, наша адзіная праўда, у якую мы павінны верыць, нашае адзінае жыццё, якое павінна нас ажыўляць, і наша адзінае ўсё ў кожнай рэчы, якой нам павінна быць дастаткова. І не дадзена пад небам іншага імя, акрамя імя Езуса, якім мы павінны быць збаўленыя (пар. Дз 4, 12). Бог даў нам толькі адзіны падмурак нашага збаўлення, дасканаласці і хвалы — гэта Езус Хрыстус. (…)

Калі мы будзем па-сапраўднаму ушаноўваць Найсвяцейшую Дзеву, то гэта толькі дзеля таго, каб больш дасканала ушаноўваць Езуса Хрыста. Гэта толькі дзеля таго, каб даць лёгкі і пэўны спосаб знайсці Езуса Хрыста. Калі б ушанаванне Святой Дзевы аддаляла ад Езуса Хрыста, яго трэба было б адкінуць як падман д’ябла. Але ўсё наадварот, як я ўжо паказаў і яшчэ пакажу пазней: гэтая форма ўшанавання патрэбная нам, каб дасканалым чынам знайсці Езуса і пяшчотна Яго любіць і верна Яму служыць.

На хвілінку звяртаюся да Цябе, о мой любы Езу, каб паскардзіцца Тваёй Велічы, што большасць хрысціянаў, нават самых адукаваных, нічога не ведаюць пра абавязковую сувязь паміж Табой і Тваёй святой Маці. Ты, о Госпадзе, заўсёды з Марыяй, а Марыя заўсёды з Табой і не можа быць без Цябе. У іншым выпадку Яна б перастала быць тым, кім Яна ёсць. Яна настолькі ператвораная ў Цябе праз ласку, што гэта ўжо не Яна жыве, не Яна існуе. Гэта Ты адзіны, мой Езу, жывеш і валадарыш у Ёй (пар. Гал 2, 20), больш, чым ува ўсіх анёлах і блаславёных. О! Калі б мы ведалі хвалу і любоў, якуб Ты атрымліваеш ад гэтага цудоўнага стварэння, мы б інакш ставіліся да Цябе і да Яе. Яна з [Табою] настолькі моцна з’яднаная, што хутчэй можна аддзяліць святло ад сонца, цяпло ад агню, скажу нават больш: можна хутчэй аддзяліць усіх анёлаў і святых ад Цябе, але не боскую Марыю. Таму што Яна любіць Цябе мацней і прасляўляе дасканалей за ўсе іншыя стварэнні разам. (…)

(…) O мой любы Езу, ці ж гэтыя асобы маюць Твайго Духа?

Аднак, мой любы Настаўнік, большасць гэтых мудацоў не зможа аддаліць нас ад ушанавання Тваёй святой Маці і стацца абыякавымі да Яе, бо ўсё, што я толькі што сказаў —  праўда. І будзе гэта ім пакараннем за іх пыху. Захавай мяне, Пане, захавай мяне ад іх думак і іх учынкаў і дай мне Тваю ўдзячнасць, павагу і любоў да Сваёй Святой Маці, каб я, чым больш наследваў Цябе, тым больш любіў і праслаўляў Цябе” (ТСУ 61-65).

 

Падставовы змест прысвячэння: аднаўленне абяцанняў святога хросту і прысвячэнне Езусу Хрысту праз Марыю

 

Манфор спалучаў прысвячэнне сябе Марыі з аднаўленнем ласкі хросту. Такім чынам ён паказвае дарогу святасці, якая падыходзіць кожнаму хрысціяніну: гэта аднаўленне абяцанняў святога хросту праз Марыю. Прысвячэнне, якому навучае Манфор, з’яўляецца шляхам аднаўлення і саспявання да асвячэння жыцця пасля хросту праз Марыю. Таксама сёння мы можам знайсці хрысціянаў кожнага стану, якія жывуць прысвячэннем, пачынаючы ад Святога Айца Яна Паўла ІІ, які свой папскі дэвіз Totus Tuus – Увесь Твой” ўзяў менавіта з “Трактату”.

“Нашая поўная дасканаласць заключаецца ў тым, каб быць падобнымі да Езуса Хрыста, з’яднацца з Ім і прысвяціць сябе Яму. А самае дасканалае з усіх формаў ушанавання — тое, што робіць нас падобнымі, яднае і самым дасканалым чынам прысвячае Езусу Хрысту. Марыя ж найбольш падобная да Езуса Хрыста з усіх стварэнняў. Таму ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы, Яго Святой Маці, прысвячае і робіць душу найбольш падобнай да нашага Госпада. І чым больш душа будзе прысвечаная Марыі, тым больш яна будзе належаць Езусу Хрысту.

Таму дасканалае прысвячэнне Езусу Хрысту — гэта ні што іншае, як дасканалае і поўнае прысвячэнне сябе Найсвяцейшай Дзеве. Гэта менавіта тое, чаму я навучаю, ці, інакш кажучы, гэта дасканалае аднаўленне абяцанняў святога Хросту.

Гэтае ўшанаванне заключаецца ў тым, каб цалкам аддацца Найсвяцейшай Дзеве, каб цалкам належаць Хрысту праз Яе. Трэба Ёй аддаць:

1) нашае цела разам з усімі пачуццямі і часткамі;

2) нашую душу разам з усімі яе сіламі;

3) нашыя знешнія даброты, якія мы называем прыбыткамі, цяперашнімі і будучымі;

4) нашыя даброты ўнутраныя і духоўныя, гэта значыць, нашыя заслугі, нашыя цноты і добрыя ўчынкі мінулыя, цяперашнія і будучыя. Адным словам, усё, што мы маем праз ласку і ў натуральным парадку, а таксама ўсё тое, што мы можам набыць у будучыні натуральным чынам, праз ласку і хвалу. Трэба аддаць гэта бяз рэшты, да апошняга грошыка, да апошняй валасінкі, і нават свае найменшыя ўчынкі, на ўсю вечнасць. І пасля гэтага спадзявацца толькі на адну ўзнагароду за сваю ахвяру і службу — гонар належаць Езусу Хрысту праз Яе і ў Ёй, нават калі б гэтая любая Гаспадыня не была такой, якой сапраўды з’яўляецца, гэта значыць, самай шчодрай і ўдзячнай з усіх стварэнняў” (ТСУ 120-121).

Святы Людвік, пералічваючы ўсё тое, што мы прысвячаем, жадае падкрэсліць цалкавітае адданне сябе Езусу Хрысту ў Марыі. Сёння мы б сказалі: усе, што маем і чым з’яўляемся. Праз прысвячэнне мы аддаем у распараджэнне і на служэнне Богу ўсю нашу сутнасць ва ўсіх яе вымярэннях. Не забывайма, што святы раіць аддаць Марыі, Маці Ласкі, увесь наш духоўны шлях сталення ў веры і ўсе ласкі, якія мы атрымліваем ад Бога.

 

Прароцтва святога Людвіка

 

Мы шмат разоў пераконваліся, што Людвік меў дар прароцтва. Пішучы “Трактат”, святы духам бачыў будучыню гэтага твору, але ён прадказваў таксама падзеі, якія датычыліся Касцёла і свету, ажно да надыходу Валадарства Хрыста.  

Я прадбачу, як драпежныя звяры злятуцца са злосцю, каб сваімі д’ябальскімі зубамі разарваць гэтую маленькую кніжачку і таго, кім Дух Святы паслужыўся, каб яе напісаць, альбо прынамсі схаваць яе ў цемры і цішыні якога-небудзь куфара, каб толькі яна ніколі не з’явілася. Яны нават будуць атакаваць і пераследваць тых, хто будзе яе чытаць і практыкаваць тое, што там напісана. Але нічога! Нават лепш! Гэта нават дадае мне адвагі і надзеі на вялікі поспех, гэта значыць, на вялікую эскадру мужных і адважных жаўнераў Езуса і Марыі, мужчынаў і жанчынаў, каб змагацца са светам, д’яблам і сапсаванай натурай у згубныя як ніколі раней часы, што павінны надысці! Qui legit intelligat (Мц 24, 15). Qui potest capere capiat (Мц 19, 12): “Хто чытае, няхай разумее. Хто можа зразумець, няхай разумее!” (ТСУ №114).

Рукапіс “Трактату” не быў адразу апублікаваны. Першая частка згубілася назаўсёды, але рэшта тэксту была схаваная ў куфары падчас Францускай Рэвалюцыі; пра яе забыліся больш, чым на сто гадоў. У 1842 годзе твор знайшоў а. Пётр Рацюро (†1869) і годам пазней апублікаваў яго. Манфор, пішучы “Трактат”, пакорна даручыў будучыню гэтага твору Божаму Провіду. “Трактат”, як і яго святы аўтар, меў сваю гісторыю пераследванняў, забыцця і славы. Выцягнуты з цемры і цішыні закопанага куфара, ён стаў найбольш друкаваным і перакладаным творам пра Марыю, чытаным ва ўсім каталіцкім Касцёле. Святы Людвік прадказаў не толькі будучыню “Трактату”, але таксама духоўную бітву, пераследванні і цярпенні Касцёла ажно да надыходу Антыхрыста:

“Я сказаў, што гэта будзе асаблівым чынам у апошнія часы і настане вельмі хутка, таму што Найвышэйшы са Сваёй святой Маці павінны ўфармаваць Сабе вялікіх святых, што пераўзыйдуць у святасці большасць святых, як кедры Лібану перавышаюць маленькія дрэўцы. Гэта было аб’яўлена адной святой душы (Марыі дэ Валле, †1656), жыццё якой было напісана спадаром  Рэнты (†1649)” (ТСУ №47). “У рэшце рэшт Бог хоча, каб Марыя сёння была больш вядомая, больш каханая, больш шанаваная, чым раней. Гэта напэўна адбудзецца, калі Яе абраннікі з дапамогай ласкі і святла Духа Святога будуць дасканала практыкаваць у душы тое, пра што я зараз раскажу. Тады яны выразна ўбачаць, наколькі ім дазволіць іх вера, гэтую Марскую Зорку, якая шчасліва прывядзе іх да порту збаўлення, нягледзячы на навальніцы і піратаў. Яны спазнаюць веліч гэтай Гаспадыні і цалкам прысвецяць сябе Яе службе ў якасці Яе падданых і нявольнікаў з любові” (ТСУ №55).

“І ўрэшце Марыя павінна стаць як грозныя войскі перад бітваю (Ап 6, 10) супраць д’ябла і яго паплечнікаў, асабліва ў апошнія часы, таму што д’ябал, ведаючы, што ў яго мала часу (Ап 12, 12), і ён вельмі хутка можа страціць душы, кожны дзень павялічвае свае сілы і змаганні. Хутка ён зробіць так, што пачнуцца жудасныя пераследванні, і паставіць страшэнныя пасткі верным слугам і сапраўдным дзецям Марыі, якіх яму цяжэй перамагчы, чым іншых людзей.

Менавіта гэтых апошніх і жудасных пераследаў д’ябла, якія штодзённа будуць памнажацца да прыйсця Антыхрыста, датычыць першае і добра вядомае прадказанне і праклён Бога супраць змея ў Эдэме. Гэта трэба было патлумачыць тут дзеля хвалы Найсвяцейшай Дзевы, уратавання Яе дзяцей і ганьбы д’ябла. «Inimicitias ponam inter te et mulierem, et semen tuum et semen illius; ipsa conteret caput tuum, et tu insidiaberis calcaneo ejus»  (Быц 3, 15): Я пакладу варожасць паміж табой і жанчынай, яе пакаленнем і тваім; яна раструшчыць табе галаву, а ты будзеш джаліць яе ў пяту»” (ТСУ №50-51).

“У апошнія часы Марыя больш, чым раней, павінна заззяць міласэрнасцю, моцай і ласкай: міласэрнасцю, каб прывесці і з любоўю прыняць бедных грэшнікаў і заблукалых, якія навернуцца і вернуцца да Касцёла; моцай супраць ворагаў Бога, ідалапаклоннікаў, схізматыкаў, магаметанаў, юдэяў і зацвярдзелых бязбожнікаў, якія злосна ўзбунтуюцца, каб спакусіць і пхнуць пры дапамозе абяцанняў і пагрозаў ўсіх тых, хто будзе ім пярэчыць. Нарэшце, Яна павінна заззяць ласкай, каб ажывіць і падтрымаць мужных жаўнераў і верных слугаў Езуса Хрыста, што будуць змагацца за Яго” (ТСУ №50).

“Калі ж настане гэты патоп агню чыстай любові, які Ты запаліш па ўсёй зямлі вельмі лагодна і раз’юшана, каб усе народы, ідалапаклоннікі і нават габрэі запалалі і навярнуліся? Non est qui se abscondat a calore ejus. І няма таго, хто ўхіліўся б ад цеплыні яго (Пс 19, 7). Няхай гэты Боскі агонь, які Езус Хрыстус прынёс на зямлю, будзе запалены да таго, як Твой гнеў знішчыць да пеплу ўсю зямлю. Emitte Spiritum tuum et creabuntur et renovabis faciem terrae. Калі пашлеш Духа Твайго – творацца, і аднаўляеш Ты выгляд зямлі (Пс 104, 30). Спашлі Твайго вогненнага Духа на зямлю, каб паклікаць палымяных святароў, праз паслугу якіх будзе адноўлена аблічча зямлі і наступіць адраджэнне Твайго Касцёла” (ПМ №17).

“Вось вялікія асобы, якія прыйдуць і якіх Марыя падрыхтуе па загадзе Найвышэйшага, каб устанавіць Сваё Валадарства над валадарствам бязбожных, ідалапаклоннікаў і магаметанаў. Але калі і як гэта адбудзецца?... Толькі Бог гэта ведае. А нам застаецца захоўваць цішыню, маліцца і чакаць. Exspectans exspectavi: Цярпліва чакаў я Госпада (Пс 39, 2)” (ТСУ №59).