ДРУГАЯ ЧАСТКА
У чым сутнасць сапраўднага ўшанавання Марыі
Шматлікія формы сапраўднага
ўшанавання Святой Дзевы
24. Ёсць сапраўды шмат
праўдзівых набажэнстваў да Святой Дзевы, і я не кажу тут пра аблудныя.
25. Першае з іх у тым,
каб выконваць хрысціянскія абавязкі, пазбягаючы смяротнага граху, дзейнічаючы
больш з любові, чым са страху, і молячыся час ад часу да Маці Божай, не маючы
нейкага асаблівага набажэнства да Яе.
26. Другое - у тым, каб
мець да Святой Дзевы больш дасканалае пачуццё пашаны, любові і даверу. Можна
ўступіць у брацтва Святога Ружанца, Шкаплера, адмаўляць частку або ўвесь
Ружанец, ушаноўваць Яе абразы і алтары, праслаўляць Яе і ўдзельнічаць у Яе
супольнасцях. І гэтае ўшанаванне, якое выключае грэх, з'яўляецца добрым, святым
і хвалебным; але яно не настолькі дасканалае і здольнае адцягнуць душы ад
стварэнняў і адарваць іх ад самых сябе, каб з'яднаць з Езусам Хрыстом.
27. Трэцяя форма ўшанавання Святой Дзевы, якую ведае і практыкуе вельмі маленькая колькасць людзей, - гэта менавіта тая, пра якую я зараз раскажу.
Дасканалае практыкаванне ўшанавання Марыі
1. Змест гэтай формы ўшанавання
28. Прызначаная душа, яго
змест у тым, каб цалкам аддаць самога сябе ў якасці нявольніка Марыі, а праз Яе
Езусу; пасля чаго рабіць усё з Марыяй, у Марыі, праз Марыю і дзеля Марыі.
Растлумачу гэтыя словы.
29. Трэба выбраць
адметны дзень, каб аддаць сябе, прысвяціць і ахвяраваць дабраахвотна і з
любові, без боязі, цалкам, не пакідаючы нічога сабе, сваё цела і сваю душу;
свае вонкавыя матэрыяльныя даброты – такія, як хата, сям'я і заробак; унутраныя
даброты душы, умельствы: заслугі, ласкі, цноты і задавальненні.
Тут трэба заўважыць, што
праз гэтае ўшанаванне складаецца ахвяра Езусу праз Марыю з усяго, што душа мае
найдаражэйшага і чаго ніводная рэлігія не патрабуе ахвяраваць, з правам
распараджацца самым сабой і вартасцю сваіх малітваў, ахвяраў, аскезаў і
задавальненняў; усё аддаецца ў поўнае распараджэнне Святой Дзевы, каб усё
рабіць згодна з Яе воляй дзеля большай хвалы Бога, якую толькі Яна ведае
дасканала.
30. Душа аддае ў Яе
распараджэнне ўсю задавальняльную і набытую вартасць сваіх добрых учынкаў:
такім чынам, пасля ўчыненага ахвярапрынашэння, хаця і без аніякага зароку, душа
ўжо не з'яўляецца больш уласніцай усяго ўчыненага ёю дабра; але Найсвяцейшая
Дзева можа скарыстаць гэта або дзеля якой-небудзь душы ў чысцы, каб аблегчыць
яе пакуты ці вызваліць, або дзеля якога-небудзь беднага грэшніка, каб яго
навярнуць.
31. Праз гэтае ўшанаванне
душа складае свае заслугі ў рукі Святой Дзевы. Але гэта дзеля таго, каб іх
захаваць, памножыць, упрыгожыць, бо мы не можам перадаць адзін аднаму ані
заслугі асвячальнай ласкі, ані хвалы... Душа аддае Ёй задавальняльную і набытую
вартасць сваіх малітваў і добрых учынкаў, каб іх размяркоўваць і даваць тым,
каму Яна захоча; і, калі пасля таго, як душа прысвеціць сябе Святой Дзеве, яна
захоча аблегчыць пакуты якой-небудзь душы ў чыстцы, выратаваць якога-небудзь
грэшніка, падтрымаць малітвай, ахвяраваннем, аскезай, ахвярай аднаго са сваіх
сяброў, трэба пакорліва прасіць Яе аб гэтым і прыняць тое, што Яна вырашыць, не
ведаючы пра гэта; і быць перакананым, што вартасць нашых учынкаў
размяркоўваецца той самай рукой, якой Бог паслугоўваецца, каб даць нам свае
ласкі і дары, і выкарыстоўваецца дзеля Яго найвялікшай хвалы.
32. Я сказаў, што гэтае ўшанаванне
заключаецца ў тым, каб аддаць сябе Марыі ў якасці нявольніка. Трэба адзначыць,
што ёсць тры віды нявольніцтва.
Першае - нявольніцтва існавання;
такім чынам нявольнікамі Бога з'яўляюцца людзі, добрыя і злыя.
Другое - нявольніцтва
прымусу; такім чынам нявольнікамі Бога з'яўляюцца дэманы і асуджаныя.
Трэцяе - нявольніцтва
любові і добрай волі; і менавіта такім чынам мы павінны прысвяціць сябе Богу
праз Марыю - найдасканалейшым спосабам, якім стварэнне можа скарыстацца, каб
аддаць сябе свайму Творцы.
33. Заўважце яшчэ, што
ёсць вялікая розніца паміж слугой і нявольнікам. Cлуга патрабуе платы за сваю
працу; нявольнік не атрымоўвае нічога. Слуга можа пакінуць свайго гаспадара,
калі захоча, і служыць яму толькі на працягу нейкага часу; нявольнік не можа
пакінуць яго, ён дадзены яму назаўсёды. Слуга не дае гаспадару права распараджацца
сваім жыццём і смерцю; нявольнік аддаецца цалкам, такім чынам, што яго гаспадар
можа пазбавіць яго жыцця і не будзе пры гэтым падлягаць суду.
Адсюль добра відаць, што
нявольніцтва прымусу вымагае большай залежнасці - такой, якая можа быць у
чалавека толькі ў дачыненні свайго Творцы. Таму хрысціяне не з'яўляюцца такімі
нявольнікамі - толькі туркі і ідалапаклоннікі.
34. Шчаслівая і тысячакроць
шчаслівая вольная душа, што прысвячае сябе Езусу праз Марыю ў якасці нявольніка
любові пасля таго, як праз хрост была выбаўленая ад тыранічнага нявольніцтва
дэмана!
2. Узвышанасць гэтай формы ўшанавання
35. Мне б спатрэбілася
шмат святла, каб дасканала апісаць дзівоснасць гэтай формы ўшанавання, але я
скажу толькі наступнае:
1) Аддаць сябе такім
чынам Езусу праз рукі Марыі азначае наследаваць Бога, які даў нам свайго Сына
толькі праз Марыю, удзяляе нам свае ласкі толькі праз Марыю; гэта наследаваць
Бога, які прыйшоў да нас праз Марыю, даўшы нам прыклад, каб мы рабілі, як Ён, і
просіць нас ісці да Яго тым жа самым шляхам, якім Ён прыйшоў да нас, гэта
значыць, праз Марыю; гэта наследаваць Духа Святога, які ўдзяляе нам свае ласкі
і дары толькі праз Марыю. Ці ж не справядліва, што ласка вяртаецца да аўтара,
кажа святы Бернард, тым самым шляхам, якім да нас прыйшла?
36. 2) Ісці да Езуса праз
Марыю - гэта сапраўднае ўшанаванне Езуса Хрыста, бо такім чынам мы
падкрэсліваем, што не годныя самастойна наблізіцца да Яго бясконцай святасці па
прычыне нашых грахоў, і нам патрэбная Марыя, Яго святая Маці, каб быць нашай
заступніцай і пасрэдніцай перад Ім, нашым Пасрэднікам. Гэта адначасова
наблізіцца да Яго як да нашага пасрэдніка і брата і ўпакорыцца перад Ім як
перад нашым Богам і суддзёй - адным словам, гэта азначае практыкаваць пакору,
якая заўсёды захапляе Сэрца Бога.
37. 3) Прысвяціць сябе
такім чынам Езусу праз Марыю азначае скласці ў рукі Марыі нашыя добрыя ўчынкі,
якія, хоць і здаюцца добрымі, але вельмі часта забруджаныя і ня вартыя позірку
і прыняцця іх Богам, перад якім нават зоркі нячыстыя.
О! Давайце маліць гэтую
добрую Маці і Валадарку, каб, прыняўшы наш бедны падарунак, Яна яго ачысціла,
асвяціла, узняла і аздобіла так, каб ён быў варты Бога. Усе заслугі нашай душы такія
малыя перад Богам, Айцом сям'і, каб заваяваць Яго сяброўства і ласку, як перад
каралём чарвівы яблык беднага селяніна, фермера Яго Вялікасці, каб заплаціць за
сваю ферму. Што зрабіў бы бедны чалавек, калі б быў разважлівы і прыйшоў да
каралевы? Сяброўка беднага селяніна, поўная пашаны да караля, ці не ачысціць
Яна гэты яблык ад усяго чарвівага і сапсаванага і ці не пакладзе яго на
прыгожую пазалочаную талерку, аздобленую кветкамі; і кароль, ці зможа ён запярэчыць
таму, каб прыняць яго з радасцю з рук каралевы, якая любіць гэтага селяніна? «Modicum
quid offerre desideras? manibus Mariae tradere cura, si non vis sustinere
repulsam». «Калі вы хочаце ахвяраваць нешта Богу, - кажа святы Бернард, - аддайце
гэта ў рукі Марыі, калі не хочаце быць адкінутыя».
38. Добры Божа, наколькі
малое тое, што мы робім! Але аддайма ўсё ў рукі Марыі праз гэтае набажэнства. Калі
мы будзем цалкам адданыя Ёй, наколькі гэта магчыма, вызваляючыся ад усяго ў Яе
гонар, Яна будзе да нас нязмерна зычлівая, Яна дасць нам у сто разоў больш, Яна
цалкам аддасць нам сябе самую разам са сваімі заслугамі і цнотамі; Яна пакладзе
нашыя дары на прыгожую пазалочаную талерку сваёй міласэрнасці, Яна апране нас
як Рэбэка Якуба ў прыгожае адзенне свайго старэйшага і адзінага Сына Езуса
Хрыста, гэта значыць, у яго заслугі, якімі Яна распараджаецца: такім чынам,
пасля таго, як мы, Яе слугі і нявольнікі, пазбудземся ўсяго дзеля таго, каб
аддаваць Ёй пашану, Яна дасць нам падвойнае адзенне: Omnes domestici ejus vestiti
sunt duplicibus: адзенне, упрыгожанні, парфуму, заслугі і цноты Езуса і Марыі ў
душы нявольніка Езуса і Марыі, ачышчанага ад самога сябе і вернага ў сваім
агаленні.
39. 4) Аддаць сябе такім
чынам Святой Дзеве азначае практыкаваць на самым высокім узроўні любоў да
бліжняга, бо дабраахвотна быць Яе палонным азначае аддаць Ёй самае
найдаражэйшае, што мы маем, каб Яна магла распараджацца гэтым так, як Яна захоча,
на карысць жывых і памерлых.
40. 5) Менавіта гэтая
форма ўшанавання забяспечвае нашыя ласкі, заслугі і цноты, робячы Марыю іх
захавальніцай, кажучы Ёй: «Трымай, мая дарагая Валадарка, вось усё, што праз
ласку Твайго Сына я зрабіў добрага; я няздольны іх захаваць па прычыне маёй
слабасці і зменлівасці, па прычыне вялікай колькасці і злосці маіх ворагаў,
якія мяне атакуюць удзень і ўначы. На жаль! Калі штодня бачыш кедры Лівану, што
падаюць у бруд, і арлоў, што ўздымаюцца да сонца, а пасля робяцца начнымі
птушкамі; тысячы справядлівых гэтак сама падаюць па маёй лявіцы і дзесяць тысяч
па маёй правіцы, але, мая наймагутнейшая Каралёўна, захавай усё маё дабро, бо я
баюся, што ў мяне яго ўкрадуць, трымай мяне, бо я баюся, што ўпаду; я давяраю
Табе на захаванне ўсё, што маю: «Depositum custodi». - «Scio cui credidi». Я
добра ведаю, хто Ты такая, таму цалкам давяраюся Табе; Ты верная Богу і людзям,
і Ты не дазволіш, каб згінула нешта з таго, што я Табе даверыў; Ты магутная, і нішто
не можа ані пашкодзіць Табе, ані захапіць тое, што ў тваіх руках». «Ipsam sequens
non devias; ipsam rogans non desperas; ipsam cogitans non erras; ipsa tenente, non
corruis; ipsa protegente, non metuis; ipsa duce, non fatigaris; ipsa propitia, pervenis»
(Святы Бернард, «Inter flores», раздз. 135). І яшчэ: «Detinet Filium ne
percutiat; detinet diabolum ne noceat; detinet virtutes ne fugiant; detinet
merita ne pereant; detinet gratiam ne effluat». Гэта словы святога Бернарда,
які выразна выказвае ўсё, што я толькі што сказаў. Калі б быў толькі адзіны
матыў, каб пабудзіць мяне да гэтай формы ўшанавання як да сродка ўратавацца і
памножыць у сабе ласку Божую, я мусіў бы горача яго жадаць.
41. 6) Гэтая форма
ўшанавання робіць душу сапраўды вольнай воляй дзяцей Божых. Паколькі дзеля
любові да Марыі душа стаецца нявольніцай, гэтая дарагая Валадарка з удзячнасці
пашырае і павялічвае сэрца і дапамагае ісці гіганцкімі крокамі па шляху Божых
прыказанняў. Яна забірае нуду, смутак і скрупулёзнасць. Менавіта гэтаму
набажэнству навучыў наш Госпад дарагую Агнешку дэ Ланжак, манахіню, якая
памерла ў меркаванні святасці, як пэўнаму сродку выйсці з вялікіх цяжкасцяў і збянтэжанасці,
у якіх яна знаходзілася: «Станься, сказаў Ён ёй, нявольніцай маёй Маці і вазьмі
маленькі ланцужок»; што яна і зрабіла; і ўмомант зніклі ўсе яе цяжкасці.
42. Каб зацвердзіць гэтую
форму ўшанавання, спатрэбілася б пералічыць тут усе булы і індульгенцыі папаў і
пастырскія пасланні біскупаў, напісаныя на яго карысць, брацтвы, заснаваныя ў
яго гонар, прыклад шматлікіх святых і вялікіх, якія яго практыкавалі; але я
абыходжу ўсё гэта маўчаннем.
3. Практыкаванне і дух гэтай формы ўшанавання.
43. Я сказаў ужо, што змест
гэтага набажэнства ў тым, каб рабіць усё з Марыяй, у Марыі, праз Марыю і дзеля
Марыі.
44. Не досыць адзін раз
аддаць сябе Марыі ў якасці нявольніка; не досыць нават рабіць гэта кожны месяц
і кожны тыдзень: гэта было б нетрывалае набажэнства, і яно не ўзняла б душу да
такой дасканаласці, да якой здольнае яе ўзняць. Няцяжка ўступіць у якое-небудзь
брацтва, абраць гэтаую форму ўшанавання і прамаўляць уголас некалькі малітваў
кожны дзень, як гэта прадпісана; але вельмі цяжка ўвайсці ў дух гэтага
набажэнства, змест якога ў тым, каб душа сталася ўнутрана залежнай і
нявольніцай Святой Дзевы і Езуса праз Яе.
Я знайшоў шмат асобаў,
якія з дзіўным жаданнем узяліся за святое нявольніцтва вонкава; але я рэдка
сустракаў тых, хто быў захоплены гэтым знутры, і яшчэ менш тых, хто вытрываў у
гэтым.
Дзейнічаць з Марыяй.
45. 1) Галоўнае практыкаванне гэтай формы
ўшанавання ў тым, каб усё рабіць з Марыяй, гэта значыць, абраць Марыю за гатовы
прыклад усяго, што трэба рабіць.
46. Таму, перш чым за
нешта ўзяцца, трэба адмовіцца ад самога сябе і сваіх найлепшых поглядаў; трэба
ўпакорыцца перад Богам, як той, хто няздольны да якога-кольвек звышнатуральнага
дабра і якой-кольвек справы, карыснай для збаўлення; трэба звярнуцца да Святой
Дзевы і з'яднацца з Ёй у Яе інтэнцыях, нават калі яны нам невядомыя; трэба праз
Марыю з'яднацца з інтэнцыямі Езуса Хрыста, гэта значыць, стацца начыннем у
руках Найсвяцейшай Дзевы, каб Яна дзейнічала ў нас, праз нас і дзеля нас так,
як Ёй гэта здасца найлепшым дзеля большай хвалы Яе Сына, а праз Яе Сына - дзеля
хвалы Айца; такім чынам, каб жыць унутраным жыццём і брацца за духоўную справу
толькі залежачы ад Яе.
Дзейнічаць у Марыі.
47. 2) Трэба ўсё рабіць
у Марыі, гэта значыць, патроху прызвычаіцца аддавацца ўнутранай малітве, каб
стварыць там маленькае падабенства ці духоўны вобраз Найсвяцейшай Дзевы. Яна
будзе ў гэтай душы Араторыем, каб маліцца там да Бога не баючыся быць адкінутай;
Вежай Давідавай, каб быць там у бяспецы ад усіх сваіх ворагаў; запаленым
свяцільнікам, каб асвячаць унутрыны свет і гарэць Божай любоўю; святым Алтаром,
каб бачыць з Ёй Бога; і, нарэшце, яе адзіным «Усім» каля Бога, яе ўсеабдымным
прытулкам. Калі яна будзе маліцца, гэта будзе ў Марыі, калі яна будзе прымаць
Езуса ў Святой Камуніі, яна будзе гэта рабіць у Марыі, каб знайсці ўпадабанне;
калі яна будзе дзейнічаць, гэта будзе ў Марыі; і паўсюль і ўва ўсім яна будзе
чыніць акты адрачэння ад сябе самой.
Дзейнічаць праз Марыю.
48. 3) Трэба ісці да
нашага Госпада толькі праз Яе заступніцтва і ўплыў, які Яна мае на Яго, i,
такім чынам, душа ніколі не будзе адна ў малітве да Яго.
Дзейнічаць дзеля Марыі.
49. 4) Трэба рабіць усе
свае справы дзеля Марыі, гэта значыць, што душа, з'яўляючыся нявольніцай гэтай
велічнай Каралёўны, павінна працаваць толькі дзеля Яе, толькі на Яе карысць,
толькі дзеля Яе хвалы як найбліжэйшай мэты і дзеля хвалы Божай як апошняй мэты.
Яна павінна, дарэчы, ува ўсім, што робіць, вырачыся любові да сябе, якая амаль
заўсёды незаўважным чынам робіцца мэтай, і часта паўтараць у глыбіні сэрца: О
мая дарагая Валадарка, гэта дзеля Цябе я іду туды ці сюды, раблю гэта ці іншае,
зношу гэтую пакуту ці абразу!
50. Асцерагайся, прызначаная
душа, таго, каб верыць, што найбольш дасканала - ісці непасрэдна да Езуса, непасрэдна
да Бога ў сваіх дзеяннях і намерах; калі ты хочаш ісці да іх без Марыі, твае
дзеянні, твае намеры не будуць мець вялікай вартасці; але, ідучы праз Марыю, ты
будзеш мець у сабе дзеянне Марыі, і, такім чынам, яно будзе больш узнёслым і
больш вартым Бога.
51. Апроч таго,
асцерагайся гвалтам змушаць сябе адчуць і пакаштаваць тое, што ты робіш і
кажаш: кажы і рабі ўсё з чыстай верай, якую Марыя мела на зямлі, якую Яна
ўдзеліць і табе з цягам часу; пакінь сваёй Валадарцы, бедная маленькая
нявольніца, яснае бачанне Бога, захапленні, радасць, задавальненне, багацце і пакінь
сабе толькі самую веру, поўную нясмаку, няўважлівасці, нуды, сухасці; кажы: «Амэн,
няхай будзе так», - на ўсё, што робіць Марыя, мая Валадарка, у небе; гэта
найлепшае, што я магу цяпер зрабіць.
52. Яшчэ асцерагайся
турбавацца праз тое, што не адчуваеш адразу пяшчотнай прысутнасці Святой Дзевы
ў сваёй душы. Гэтая ласка даецца не ўсім; і, калі Бог дорыць гэта душы праз
сваю вялікую міласэрнасць, душа можа вельмі лёгка яе згубіць, калі не будзе
вернай таму, каб часта аддавацца ўнутранай малітве; і, калі табе надарылася
гэтае няшчасце, пакорліва вярніся і ўчыні ганаровую ахвяру сваёй Валадарцы.
4. Плады, якія нараджае ў вернай душы гэтая форма ўшанавання.
53. Досвед навучыць цябе
гэтаму больш, чым я табе кажу, і ты знойдзеш, калі была вернай нават малому з
таго, што я табе расказаў, у гэтым ўшанаванні столькі багацця і ласкі, што
будзеш здзіўленая і ўся перапоўненая радасцю.
54. Давай жа працаваць,
дарагая душа, і рабіць так, каб праз гэтую форму ўшанавання, верна практыкаваную,
душа Марыі была ў нас, каб праслаўляць Бога, каб дух Марыі быў у нас, каб
радавацца ў Богу сваім Збаўцы. Пра гэта сведчаць словы святого Амброзія: «Sit in
singulis anima Mariae ut magnificet Dominum, sit in singulis spiritus Mariae ut
exultet in Deo». І не трэба верыць, што больш хвалы і шчасця ў тым, каб прабываць
ва ўлонні Абрагама, які з'яўляецца Раем, чым ва ўлонні Марыі, бо Бог стварыў у
Ёй свой пасад. Гэта словы святога абата Гэрыка: «Ne credideris majoris esse felicitatis
habitare in sinu Abrahae, qui vocatur Paradisus, quam in sinu Mariae in quo Dominus
thronum suum posuit».
55. Гэтае форма
ўшанавання, верна практыкаваная, прыносіць шматлікія плады ў душы. Але галоўны
дар, якім валодае душа, - устанавіць у душы жыццё Марыі такім чынам, каб гэта
ўжо не душа жыла, але Марыя ў ёй, дзе душа Марыі стаецца яе душой. Тады, калі
праз ласку, невыказную, але сапраўдную, боская Марыя стаецца Каралевай у душы,
якія ж цуды Яна тады там чыніць? Паколькі Яна стваральніца вялікіх цудаў,
асабліва ў душы, Яна працуе там таямнічым чынам, незаўважна нават дзеля самой
душы, якая сваім веданнем можа разбурыць хараство Яе працы.
56. Паколькі Яна паўсюль
жыватворчая Дзева, Яна прыносіць у кожную душу, у якой прысутная, чысціню сэрца
і цела, чысціню інтэнцыяў і намераў, жыватворчасць у добрых справах. Не думай,
дарагая душа, што Марыя, больш жыватворчая за ўсе стварэнні, якая здолела нарадзіць
Бога, застаецца пасіўнай у вернай душы. Яна будзе рабіць так, каб гэтая душа
няспынна жыла ў Езусе Хрысце, а Езус Хрыстус - у ёй. Filioli mei, quos iterum parturio
donec formetur Christus in vobis (Гал. 4,19), і, калі Езус Хрыстус - таксама
плод Марыі - жыве ў кожнай душы паасобку гэтак сама, як і ўвогуле ўва ўсім
свеце, то асаблівым чынам Езус Хрыстус - Яе плод і найвялікшае стварэнне – жыве
ў той душы, дзе знаходзіцца Марыя.
57. Нарэшце Марыя
стаецца ўсім у гэтай душы пасля Езуса Хрыста: Яна асвячае яе дух сваёй чыстай
верай, Яна паглыбляе яе праз сваю пакору, Яна пашырае яе і ахінае сваёй любоўю,
Яна ачышчае яе сваёй чысцінёй, Яна ўшляхетнівае яе і павялічвае праз сваё
мацярынства. Але на чым гэта я спыняюся? Бо толькі досвед дае спазнаць усе
гэтыя цуды Марыі, якія з'яўляюцца неверагоднымі дзеля людзей вучоных і
ганарлівых і нават дзеля шматлікіх пабожных людзей.
58. Паколькі менавіта
праз Марыю Бог прыйшоў у свет упершыню, у пакоры і прыніжэнні, ці нельга
таксама сказаць, што менавата праз Марыю Бог прыйдзе і другі раз, як гэтага
чакае ўвесь Касцёл, каб валадарыць паўсюль і судзіць жывых і памерлых? Ведаць,
як гэта будзе і калі гэта будзе, ці ведае хтосьці пра гэта? Але я добра ведаю,
што Бог, чые думкі далёкія ад нашых, як неба ад зямлі, прыйдзе ў той час і
такім чынам, якім людзі менш за ўсё чакаюць, нават самыя вучоныя і дасведчаныя
ў Святым Пісанні, але неасвечаныя ў гэтым пытанні.
59. Мы таксама павінны
верыць, што напрыканцы часоў, і, можа, нават раней, чым мы думаем, Бог пашле
вялікіх людзей, напоўненых Духам Святым і духам Марыі, праз якіх гэтая
Валадарка ўчыніць вялікія цуды ў свеце, каб знішчыць грэх і ўстанавіць
валадарства Езуса Хрыста, свайго Сына, над гэтым сапсаваным светам; менавіта
праз гэтую форму ўшанавання Святой Дзевы, якую я толькі акрэсліваю і памяншаю
праз сваю слабасць, гэтыя святыя асобы вытрываюць да канца.
5. Вонкавыя практыкі гэтай формы ўшанавання.
60. Апроч унутраных
практык гэтага ўшанавання, пра якое я толькі што расказаў, ёсць таксама
вонкавыя, якія не трэба апускаць і ігнараваць.
Прысвячэнне і яго абнаўленне.
61. Першае - аддаць сябе
Езусу Хрысту ў які-небудзь святочны дзень Марыю, нявольнікамі якой мы сталіся,
прыняць Святую Камунію ў гэты дзень і правесці яго ў малітвах: гэтае
прысвячэнне трэба аднаўляць мінімум раз на год у той самы дзень.
Ахвяраванне якога-небудзь дару Святой Дзеве.
62. Другая практыка -
кожны год у той самы дзень прыносіць маленькую ахвяру Святой Дзеве, каб выказаць
Ёй сваю службу і залежнасць: гэта заўсёды было знакам пашаны нявольнікаў да сваіх
гаспадароў. Гэтай данінай можа быць нейкае ўтаймаванне плоці, ці нейкая ахвяра,
ці нейкая пілігрымка, ці якія-небудзь малітвы. Блаславёны Марэн у дачыненні
свайго брата П'ера Дам'ена кожны год у той самы дзень публічна бічаваў сябе
перад алтаром Святой Дзевы. Але гэтую практыку ніхто ані не просіць ані не раіць;
але, калі мы не даем Марыі шмат, то трэба прынамсі рабіць гэта з сэрцам пакорлівым
і вельмі ўдзячным.
Абавязковае святкаванне свята Звеставання.
63. Трэцяя практыка - кожны
год з асаблівай пабожнасцю святкаваць свята Звеставання, якое з'яўляецца
галоўным святам гэтага набажэнства, устаноўленага дзеля таго, каб ушанаваць і
наследаваць залежнасць, у якую, з любові да нас, аддала сябе ў гэты дзень
спрадвечнае Слова.
Малітва Маленькага Вяночка і Магніфікату.
64. Чацвёртая знешняя
практыка - кожны дзень маліцца, без абавязку пад цяжарам граху, Маленькі
Вяночак да Найсвяцейшай Дзевы, які складаецца з трох «Ойча наш» і дванаццаці
«Вітай, Марыя», а таксама часта маліцца «Магніфікат», які з'яўляецца адзінай
пасняй Марыі, якую мы маем, каб дзякаваць Богу за ўсе яго дабрадзействы і
прыцягнуць новыя; асабліва не трэба ўпускаць магчымасці маліцца яго пасля
Святой Камуніі як падзяку, бо, як сцвярджае навуковец Герсон, сама Святая Дзева
рабіла гэта пасля Камуніі.
Насіць маленькі ланцужок.
65. Пятая практыка - насіць
маленькі асвечаны ланцужок на шыі, на руцэ або на целе. Гэтую практыку можна
апусціць, не парушаючы тым самым сутнасці набажэнства; але ж было б небяспечна
ёй пагарджаць і асуждаць, а таксама не надаваць
ёй увагі.
Вось матывы, дзеля якіх
трэба насіць гэты вонкавы знак: 1) каб абараніць сябе ад згубных ланцугоў
першароднага граху і грахоў, учыненых падчас нашага жыцця, якімі мы былі
скаваныя; 2) каб ушанаваць повязі любові, якімі наш Госпад пажадаў нас звязаць,
каб зрабіць сапраўды вольнымі; 3) паколькі гэтыя повязі - повязі любові, traham
eos in vinculis caritatis, гэта дзеля таго, каб нагадаць нам, што мы павінны
дзейнічаць, толькі кіруючыся гэтай цнотай; 4) нарэшце, мы носім гэты ланцужок
дзеля таго, каб нагадаць сабе пра нашую залежнасць ад Езуса і Марыі ў якасці
нявольнікаў.
Шмат вядомых асобаў, што
сталіся нявольнікамі Езуса і Марыі, настолькі цанілі гэтыя ланцужкі, што скардзіліся
на тое, што ім не дазвалялі насіць іх адкрыта на нагах, як турэцкім
нявольнікам.
O ланцужок, больш
каштоўны і слаўны за ўсе залатыя ўпрыгожанні і каштоўныя камяні імператараў, бо
яны злучаюць нас з Езусам і Яго Святой Маці і таму з'яўляюцца слаўнымі знакамі!
Трэба заўважыць, што,
калі ланцужок не са срэбра, ён можа быць з жалеза, бо гэта зручней.
Ніколі ў жыцці не трэба
яго кідаць, каб ён мог суправаджаць нас да суднага дня. Якая радасць, якая
хвала, які трыюмф дзеля вернага нявольніка ў дзень суду, чые косці на гук трубы
ўздымаюцца з-пад зямлі, усё яшчэ звязаныя ланцугамі нявольніцтва, якія не сатлеюць!
Адна гэтая думка павінна дадаваць моцнай прагі ніколі не пакідаць гэты ланцуг, які
б нязручны ён ні быў дзеля цела.