Апостальскае і місіянерскае вымярэнне развіцця духоўнага жыцця вызваляе вернікаў ад таго, каб абмежаваць духоўны шлях у межах прыватнасці і інтымнасці, што можа стаць спакусай у асабістым жыцці верай. Апостальства разам з малітвай нараджаецца з асабістых адносінаў з Хрыстом. Апостальства з’яўляецца плёнам узрастання хрысціянскай любові да Бога і чалавека, якая схіляе вернікаў да таго, каб убачыць патрэбы бліжняга, і заахвочвае апостальствам сведчыць пра Божую любоў. Паводле св. Людвіка, адсутнасць апостальскага вымярэння з’яўляецца знакам неадпаведнага асабістага шляху ўзрастання ў веры: “Я абраў шлях, які ідзе праз свет, я выбраў душу вандроўніка, каб збавіць майго беднага бліжняга. Ці магу я проста глядзець, як паўсюль душа майго дарагога брата гіне з-за граху, ці можа гэта не крануць майго сэрца? Не, не, Пане, яго душа вельмі каштоўная. Ці я буду спакойна глядзець, як гэтая прыгожая душа ідзе ў вечную смерць і ніхто на гэта не рэагуе? Ці я буду спакойна глядзець, як Кроў Бога, які любіць гэтую душу, будзе марна пралітая, а яе вартасць назаўсёды змарнаваная? Хутчэй я быў бы праклятым. Ах, Пане, усе Цябе зневажаюць у чалавеку, які з’яўляецца Тваім вобразам. Ці павінен я гэта моўчкі цярпець? Твае ворагі забіраюць Тваю хвалу, а я павінен быць на іх баку? Сапраўды, лепш смерць! З Табой, Пане, я перамагу” (Песня 22).
Св. Людвік усведамляў, што вораг людскіх душаў
змагаўся з ім падчас місій, якія ён праводзіў: “Калі я прыходжу ў якое-небудзь
месца праводзіць місіі, шатан выкарыстоўвае ўсю сваю моц, каб мне перашкодзіць
і знішчыць, але я прыходжу з Езусам, Марыяй і св. Міхалам і перамагаю яго”. Св.
Людвік глыбока ўсведамляў гэтую духоўную барацьбу для навяртання і збаўлення
душаў, якая была ў яго жыцці падчас усіх місіяў.
Малітва: Пане наш Божа, св. Людвік дэ Манфор усё сваё жыццё
правёў так, каб любіць Цябе і бліжняга, а мы так мала ажыццяўляем гэтую любоў
на сваім шляху. Праз яго заступніцтва дапамажы нам перамагчы нашыя маладушныя
сэрцы і ўсё тое, што нам перашкаджае сапраўды любіць. Пачуй нашую просьбу і
праз яго заступніцтва дай нам чыстае сэрца, поўнае любові. Просім Цябе таксама
аб ласцы… (інтэнцыя, у якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.