Малітвы да Езуса і Марыі

 Малітва да Езуса

66. Мой любы Езу, дазволь мне звярнуцца да Цябе, каб засведчыць табе ўдзячнасць за ласку, якую Ты мне ўдзяліў, даючы мне Сваю Святую Маці праз набажэнства нявольніцтва, каб Яна была маёй заступніцай перад Тваёй Веліччу і маім усеабдымным дапаўненнем у маёй вялікай беднасці. Нажаль! Госпадзе, я такі бедны, што без гэтай добрай Маці я загіну. Так, Марыя патрэбная мне каля Цябе і паўсюль: патрэбная, каб суцішыць Твой справядлівы гнеў, бо я столькі абражаў Цябе кожны дзень; патрэбная, каб спыніць вечнае пакаранне Тваёй справядлівасцю, якое я заслугоўваю; патрэбная, каб глядзець на Цябе, каб гаварыць з Табой, маліцца да Цябе, наблізіцца да Цябе і спадабацца Табе; патрэбная, каб уратаваць маю душу і душы іншых людзей; адным словам, патрэбная, каб заўсёды спаўняць Тваю святую волю і ўва ўсім дадаваць Табе большай хвалы.

О! Як жа мне абвяшчаць па ўсім свеце гэтую міласэрнасць, якую Ты аказаў мне! Няхай увесь свет даведаецца пра тое, што без Марыі я быў бы ўжо асуджаны! Колькі ж я павінен дзякаваць за такое вялікае дабрадзейства! Марыя ўва мне, haec facta est mihi. Oh! quel trésor! O! Якое суцяшэнне! І я не буду пасля гэтага цалкам Ейны? O! Якая няўдзячнасць, мой мілы Збаўца! Пашлі мне лепш смерць, калі мне здарыцца гэтае няшчасце: бо я жадаю лепш памерці, чым жыць, не належачы цалкам Марыі.

Я тысячу разоў пад крыжам прыняў Марыю разам са святым Янам Евангелістам за ўсё сваё дабро і столькі ж разоў аддаў сябе Ёй; калі я яшчэ не зрабіў гэта так, як Ты жадаеш, мой дарагі Езу, я раблю гэта зараз так, як ты гэтага хочаш; і, калі Ты бачыш у маёй душы і ў маім целе нешта, што не належыць гэтай велічнай Каралёўне, я прашу Цябе забраць гэта і аддаліць ад мяне, бо, не належачы Марыі, я не варты Цябе.

67. O Святы Духу! Удзялі мне ўсе гэтыя ласкі і пасадзі, палівай і падтрымлівай у маёй душы любую Марыю, якая з'яўляецца Дрэвам сапраўднага жыцця, каб яно расло, квітнела і прыносіла багаты плён. О Духу Святы! Дай мне вялікае прагненне ўшанавання і вялікую прыхільнасць да Тваёй боскай Сужонкі, вялікую апору на Яе матчынае ўлонне і няспынную надзею на Яе міласэрнасць, каб у Ёй Ты фармаваў ува мне сапраўднага Езуса Хрыста, вялікага і моцнага, да паўнаты дасканалага ўзросту. Амэн.

 

Малітва да Марыі Яе верных слугаў

68. Вітай Марыя, любая Дачка Спрадвечнага Айца; вітай, Марыя, цудоўная Маці Сына; вітай, Марыя, найвярнейшая сужонка Духа Святога; вітай, Марыя, мая дарагая Маці, мая любая Гаспадыня і мая магутная Валадарка, вітай, мая радасць, хвала, маё сэрца і мая душа! Ты ўся мая праз міласэрнасць, і я ўвесь Твой праз справядлівасць. Але я яшчэ не цалкам належу Табе: я ізноў цалкам аддаюся Табе як вечны нявольнік, нічога не пакідаючы ані дзеля сябе, ані дзеля іншага.

Калі Ты бачыш ува мне нешта, што Табе не належыць, я прашу Цябе забраць гэта зараз і стаць поўнай Гаспадыняй маёй волі; разбурыць, вырваць і знішчыць усё, што не падабаецца Богу, і змясціць ува мне, вырасціць і зрабіць усё, што Табе падабаецца.

І няхай святло Тваёй веры асветліць цемру майго духа; няхай Твая глыбокая пакора зойме месца маёй пыхі; няхай Тваё велічнае сузіранне спыніць няўважлівасць майго блукаючага ўяўлення; няхай Тваё няспыннае Божае жыццё напоўніць маю памяць Яго прысутнасцю; няхай полымя любові Твайго сэрца растопіць і распаліць абыякавасць і холад майго сэрца; няхай Твае цноты зоймуць месца маіх грахоў; няхай Твае заслугі будуць маім упрыгожаннем і маім дапаўненнем перад Богам. Нарэшце, мая дарагая і любая Маці, зрабі, калі ласка, каб я не меў іншага духа, апрача Твайго, каб пазнаць Езуса Хрыста і Яго Боскую волю; каб я не меў іншай душы, апрача Тваёй, каб хваліць і праслаўляць Госпада; каб я не меў іншага сэрца, апрача Твайго, каб любіць Бога чыстай і гарачай любоўю, як Твая.

69. Я не прашу ў Цябе ані візіяў, ані аб'яўленняў, ані смаку, ані задавальненняў, нават духовых. Табе нележыць яснае бачанне без цемры; Табе належыць смакаваць у поўні без горычы; Табе належыць слаўна трыюмфаваць па правіцы Твайго Сына ў небе без аніякага прыніжэння; Табе належыць кіраваць анёламі і людзьмі без аніякага супраціву і нарэшце распараджацца згодна з Тваёй воляй усімі дабротамі Бога бяз рэшты.

Вось, мая боская Марыя, найлепшая частка, якую даў Табе Бог і якая ніколі не будзе ў Цябе адабраная; і гэта напаўняе мяне вялікай радасцю. У сваю чаргу, тут, на зямлі, я не хачу нічога іншага, апрача таго, што Ты мела: верыць чыста, ані не смакуючы, ані не бачучы; радасна пакутваць без суцяшэння стварэнняў; няспынна паміраць дзеля сябе без перапынку; шмат працаваць да самай смерці - дзеля Цябе, не маючы ўласнага інтарэсу, як самы нягодны з Тваіх нявольнікаў. Адзіная ласка, аб якой я прашу праз міласэрнасць, - гэта кожны дзень і момант майго жыцця казаць тройчы Амэн: Няхай будзе так на ўсё тое, што Ты зрабіла на зямлі, калі жыла тут; Няхай будзе так на ўсё тое, што Ты робіш цяпер у небе; Няхай будзе так на ўсё тое, што Ты робіш у маёй душы, каб там была толькі Ты, каб у поўні праслаўляць ува мне Езуса цяпер і ў вечнасці. Няхай будзе так.