Урачыстасць Беззаганнага
Зачацця Панны Марыі
Манфартанская спадчына ў Еўропе
Дарагія сябры,
Свецкія і кансэкраваныя асобы, якія выконваеце розную паслугу ў Касцёле, каріўнікі супольнасцяў, святары і біскупы, прыміце братэрскае прывітанне ад Місіянераў Манфартанцаў, раскіданых па ўсім свеце. Радасць і Супакой у тым, хто з’яўляецца крыніцай нашай надзеі, Езусе Хрысце, нашым Пану.
З нагоды ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця, 8 снежня 2015 года, Папа Францішак даў нам наступнае разважанне: «Святкаванне гэтай урачыстасці складаецца з двух рэчаў. Першая, цалкам прыняць Бога і Яго міласэрную ласку ў нашым жыцці. Другая, стаць у сваю чаргу, рамеснікамі міласэрнасці на евангелічным шляху. Свята Беззаганнай стане тады нашым святам для ўсіх, калі, праз наша штодзённае “так”, мы здолеем перамагчы свой эгаізм і зрабіць больш шчаслівым жыццё нашых бліжніх, даць ім надзею, выціраючы слёзы і дорачы радасць.
На ўзор Марыі мы пакліканыя несці Хрыста і быць сведкамі Яго любові, гледзячы перш за ўсё на тых, хто з’яўляецца прывілеяваным у вачах Езуса. А гэта тыя, каго Ён сам вызначыў: «Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц 25, 35-36).
Мэта гэтага ліста – падараваць некалькі элементаў для разважання, хоць і ў скарочанай форме, наконт таго, што мы бачым у духоўнасці марыйнага прысвячэння Святога Людвіка дэ Манфора; "Езус, наш Збаўца, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек павінен быць канчатковай мэтай усіх нашых пабожных практыкаванняў..." (Сапраўднае Ўшанаванне, 61). Нашае самае вялікае жаданне, каб манфартанская духоўнасць магла нам дапамагчы атаясаміцца з Езусам Хрыстом па прычыне Яго безумоўнай любові да чалавека.
Мы ведаем, што некаторыя асобы, групы і некаторыя Інстытуты Кансэкраванага Жыцця, якія распаўсюджваюць «Прысвячэнне Езусу праз рукі Марыі», па методыцы святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора, сталі прычынай паважных пастырскіх праблемаў у розных парафіях і дыцяэзіях. Некаторыя біскупы кантактаваліся з намі, каб атрымаць тлумачэнні наконт дачыненняў манфартанскай Кангрэгацыі да некаторых спецыфічных груп і актуальнага стану манфартанскай духоўнасці ў тым, што датычыцца практыкавання "Сапраўднага Ўшанавання Маці Божай", прапанаванага святым Людвікам Грыньёнам дэ Манфорам.
Першыя хрысціянскія супольнасці таксама мелі падобныя цяжкасці, і таму пісалі: «Мы пачулі, што некаторыя з вас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, занепакоіўшы вашыя душы» (Дзеі 15, 24). Мы не дасылаем гэты ліста прыватна якой-небудзь асобе, хутчэй мы хочам прадэманстраваць нашу лучнасць з усімі вамі.
Нягледзячы на тое, што гэты ліст падпісаны мной, ён быў напісаны не адной рукой і ўзгоднены з рэчаіснасцю кожнага кантыненту.
ШМАТЛІКАЯ СЯМ’Я
Тоеснасць кожнай асобы амаль заўсёды звязана з чалавекам, месцам, ці карацей кажучы, з гісторыяй. І Манфартанцы не выключэнне.
Цяжка прадставіцца не спаслаўшыся не некага вельмі асаблівага, ад каго мы атрымалі нашу назву: Св. Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор. Ён нашмат больш вядомы, чым яго місіянеры. Мы сталі вядомымі дзякуючы яму, яго закаханасці ў Хрысце, Марыі, убогіх і місіях.
Наш Святы Заснавальнік хацеў, каб мы называліся так: «Liberos... вольныя людзі, напоўненыя Святым Духам, якія рухаюцца, як воблакі ў небе, там, куды іх вядзе Дух». Я б хацеў, каб нас ведалі таксама як «Сяброў убогіх». А нават больш, «сапраўдных дзяцей Марыі, якія з ружанцам і евангеллем, паўсюль будуць несці полымя Божай любові» (Малітва за Місіянераў, 12).
Мы з’яўляемся часткай вялікай сям’і, МАНФАРТАНСКАЙ СЯМ’І: Місіянеры Манфартанцы, Дочкі Мудрасці і Браты Святога Габрыэля. Мы служым на місіях на пяці кантынентах, мы прысутныя больш, чым у 30 краінах. Свецкія асобы, якія прысвяцілі сябе Езусу праз Марыю, далучаюцца з намі да той самай духоўнасці і той самай місіі.
Аднак, манфартанскі харызмат і духоўнасць выходзяць за межы краінаў, дзе мы працуем; такім чынам ёсць невылічальная колькасць свецкіх асобаў, якія з энтузіазмам выконваюць абяцанні хросту праз «Цалкавітае прысвячэнне Езусу праз Марыю», робяць манфартанскую Сям’ю яшчэ больш колькаснай і прысутнай у тых краінах, дзе манфартанскай Кангрэгацыі яшчэ няма.
ПРОСЬБА ПАПЫ І АКТУАЛЬНЫ СТАН
ПРАПАНАВАНАЙ ДУХОЎНАСЦІ ДЭ МАНФОРА
21 чэрвеня 1997 года, з нагоды 50-ай гадавіны кананізацыі святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора, святы Ян Павел II скіраваў такую просьбу: «Дарагія браты і сёстры вялікай манфартанскай сям’і, у гэты год малітвы і разважання над каштоўнай спадчынай святога Людвіка-Марыі, я заахвочваю вас рабіць намаганні, каб гэты скарб, які не павінен быць схаваны, прыносіў плёны. Навука вашага заснавальніка і настаўніка аб’ядноўвае тэмы, над якімі разважае Касцёл на парозе вялікага Юбілею; ён пракладвае шлях сапраўднай Мудрасці, якую трэба адкрыць столькім маладым людзям, якія шукаюць сэнс жыцця і майстэрства жыць.»
Ён працягваў, у тым самым лісце, даручаючы нам місію: «Я падтрымліваю вашыя ініцыятывы распаўсюджваць манфартанскую духоўнасць у формах, якія падыходзяць розным культурам, дзякуючы супольнай працы члонкаў вашых трох Інстытутаў. Будзьце таксама апорай і прыкладам для рухаў, якіх натхняе пасланне Грыньёна дэ Манфора, каб даць марыйнай духоўнасці больш пэўную аўтэнтычнасць. Аднавіце вашую прысутнасць сярод убогіх, вашую дзейнасць у эклезіяльным душпастэрстве, вашую гатоўнасць да евангелізацыі» (Ліст 21 чэрвеня 1997 г.)
8 снежня 2003 года, з нагоды 160 год з моманту першага выдання “Трактату аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі”, выдадзенага ў 1843, святы Ян Павел II напісаў ліст да Манфартанскай сям’і, названы: "Пра дактрыну Заснавальніка".
У гэтым пасланні святога Яна Паўла II мы можам знайсці цудоўнае разважанне пра манфартанскую духоўнасць. Ён абапіраецца на тэксты святога Людвіка дэ Манфора: “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы”, “Таямніца Марыі”, “Песні”, а таксама тлумачыць, адкуль узяўся дэвіз яго біскупскай геральдыкі, "Totus tuus" – “Увесь твой” (“Трактат аб сапраўдным ушанаванні” 233).
Першы пункт, на які ён звярнуў увагу, цяпер, як Папа, датычыўся развіцця марыйнай тэалогіі і неабходнасці яе прачытаць і інтэрпрэтаваць у святле Другога Вытаканскага Сабору: «Дактрына гэтага святога вельмі глыбока паўплывала на марыйную духоўнасць шматлікіх вернікаў, а таксама на маё асабістае жыццё. Гаворка ідзе пра духоўнасць рэчаісную, са значна вялікай аскетычнай і містычнай глыбінёй, выражанай у жывым і палымяным стылі, які часта спасылаецца на вобразы і сімвалы. Пачынаючы з эпохі, калі жыў святы Людвік дэ Манфор, марыйная тэалогія зрабіла вялікі крок уперад, асабліва дзякуючы рашучаму спрыянню Другога Ватыканскага Сабора. І менавіта ў святле Сабора трэба сёння перачытваць і інтэрпрэтаваць манфартанскую дактрыну, якая не губляе сваю галоўную вартасць” (Ліст 8 снежня 2003, Пар. 1).
Святы Ян Павел II вельмі добра зразумеў сэнс «нявольніцтва любові», выраз, ужыты святым Людвікам дэ Манфорам, каб акрэсліць паставу хрысціяніна ў ажыццяўленні прысвячэння Езусу Хрысту праз Марыю. Гэта набажэнства, якое павінна дапамагаць нам узрастаць у святасці, таму што яно кіруе нас да любові, да выкліку стаць слугамі Езуса Хрыста ў бескарыслівым служэнні ўбогім, патрабуючым і выгнаным. Марыя была вернай свайму “так” (Лк 1, 38) і адразу пайшла дапамагаць сваёй сваячцы Альжбеце (Лк 1, 39). Марыя зрабіла сваёй малітву ўсяго ізраільскага народа, прызнаючы веліч Бога ў Яго любові да ўбогіх, галодных і зняволеных праз Яго міласэрныя і вызваляючыя ўчынкі (Лк 1, 46-55).
Таму святы Ян Павел II напісаў: «Канстытуцыя “Lumen Gentium” дадае: " У той час як Касцёл у асобе Бласлаўлёнай Дзевы Марыі ўжо дасягае дасканаласці, дзякуючы якой існуе беззаганным і незаплямленым (пар. Эф 5, 27), хрысціяне дагэтуль старанна імкнуцца, перамагаючы грэх, узрастаць у святасці (№ 65). Святасць – гэта дасканаласць любові, той любові да Бога і да бліжняга, якая з’яўляецца прадметам самага вялікага прыказання Езуса (пар. Mt 22, 38), а таксама самым вялікім дарам Духа Святога (пар. 1 Co 13, 13). Такім чынам, у сваіх Песнях святы Людвік-Марыя паспяхова паказвае вернікам веліч любові (Песня 5), святло веры (Песня 6) і моц надзеі (Песня 7).
У манфартанскай духоўнасці, дынаміка любові асаблівым чынам выражаецца ў сімвале нявольніцтва любові да Езуса на ўзор Марыі і з яе матчынай дапамогай. Гаворка ідзе пра поўную лучнасць з кенозай[1] Хрыста; жывую камунію з Марыяй, інтымна прысутнай у таямніцах жыцця Сына. "Толькі нявольніцтва добрай волі робіць так, што мы, хрысціяне, цалкам належым Езусу Хрысту і Яго Святой Маці, як Езус Хрыстус, які стаўся нявольнікам дзеля любові да нас: Formam servi accipiens. А таксама на ўзор Святой Дзевы, што назвала Сябе служабніцай і нявольніцай Бога. Апостал з гонарам называе сябе servus Christi. У Святым Пісанні хрысціянаў часта называюць servi Christi" (“Трактат аб сапраўдным ушанаванні”, 72). На самай справе Сын Божы прыйшоў у свет з паслухмянасці Айцу ва Ўцелаўленні (пар. Габ 10, 7), потым прынізіў сябе, робячыся паслухмяным да смерці і смерці на Крыжы (пар. Флп 2, 7-8)» (Ліст 8 снежня 2003 г., Праграф 6).
Сёння існуюць каталіцкія групы, якія маюць тэндэнцыю аддязяляцца ад рэчаіснасці і не несці адказнасці за бліжняга. Яны не чытаюць дакументы, якія спасылаюцца на сацыяльную Дактрыну Касёла, не цікавяцца шляхам развіцця Касцёла пасля Другога Ватыканскага Сабора, і ў шматлікіх выпадках яны збіраюцца разам, каб узнавіць пабожныя практыкаванні, якія былі перад Саборам, яны нават ужываюць некаторыя тэксты святога Людвіка дэ Манфора і практыкуюць манфартанскае прысвячэнне, каб апраўдаць свой выбар.
Сярод гэтых групаў няма манфартанскай сям’і, і манфартанскае прысвячэнне павінна быць тым, чым яно з’яўляецца: дасканалым аднаўленнем абяцанняў хросту, якое азначае ўрачыстае вызнанне таго, што “я веру так, як верыць Касцёл і разам з Касцёлам”. Мы жывем у дасканалай еднасці з Касцёлам. Калі тыя, што практыкуюць гэтае набажэнства, не прызнаюць Папу, як бачны знак каталіцкасці, яны губляюць свае арыенціры; у выніку яны будуць абараняць нейкую ідэалогію і пойдуць у кірунку рэлігійнага фундаменталізму.
Да тых, што распаўсюджваюць манфартанскае прысвячэнне для падрыхтоўкі да “немінучага канца свету”, мы скіроўваем наступныя словы Яна Паўла II:
«Гэтае эсхаталагічнае вымярэнне разглядаецца святым Людвікам дэ Манфорам, асабліва, каі ён кажа пра "святых апошніх часоў", уфармаваных Святой Дзевай, каб несці ў Касёле перамогу Хрыста на сіламі зла (пар. “Трактат аб сапраўдным ушанаванні”, 49-59). Ні ў якім выпадку гаворка не ідзе пра адну з формаў "міленарызму"[2], але ў глыбокім сэнсе гэтага слова пра эсхаталагічны характар Касцёла, звязаны з адзінасцю і збаўчай універсальнасцю Езуса Хрыста. Касцёл чакае хвалебнага прыйсця Езуса ў канцы часоў. Як Марыя і з Марыяй, святыя ёсць у Касёле і для Касцёла, каб заззяла яго святасць, каб несці ва ўсе канцы зямлі і да канца часоў справу Хрыста, адзінага Збаўцы» (Ліст 8 снежня 2003 г., Параграф 8).
МАНФАРТАНСКАЯ СПАДЧЫНА Ў ЕЎРОПЕ
Той, хто ідзе гігінцкімі крокамі.
Як казалі навочныя сведкі, Манфор захапляў адных, шакаваў і нават злаваў іншых. Чаму такія розныя думкі? Кім ён быў, гэты дзіўны чалавек, які прыцягваў натоўпы і прапаведваў, часам ужываючы метады, якія некаторыя душпастыры лічылі найменш сумнеўнымі.
Першы біёграф Манфора апрасіў шмат навочных сведкаў, адзін з іх гэта абат Дэ Басцьер, які супрацоўнічаў з місіянерамі на працягу доўгіх гадоў. Па яго словах, Манфор усведамляў свой, часам, нават неўтаймаваны тэмперамент: «Ён сам мне сказаў, што яму цяжэй перамагчы сваю гарачнасць і прыступы гневу, чым усе іншыя эмоцыі разам узятыя, і, калі б Бог прызначыў яго для гэтага свету, ён быў бы самым жудасным чалавекам свайго стагоддзя».
У адной са сваіх Песняў манфор спявае: «Давайце служыць Богу бяз рэшты, таму што падзеленае сэрца гіне. Усё або нічога, кажа Бог сваімі словамі. Трошкі чаго-небудзь, кажа шатан, мне будзе досыць», (Песня 153). Аддайце ўсё, або не давайце нічога, вось яго тэмперамент з любога пункту гледжання. З бязмежнай шчодрасцю ён прысвяціў сябе Дзеве Марыі і прыняў Яе як маці і настаўніцу. У Сапраўдным Ушанаванні ён называе Марыю “формай Бога”. «Той, хто змешчаны ў гэтую боскую форму, адразу перамяняецца ў Езуса Хрыста і Езус Хрыстус у яго… “О прыгожае і сапраўднае параўнанне, піша Манфор, хто яго зразумее? Я хачу, каб гэта быў ты, мой дарагі брат. Але памятай, што ў гэтую форму кладуць толькі тое, што мяккае і вадкае...” (Сапраўднае Ўшанаванне, 219-221).
Манфор змагаўся, ён быў перамелены, ён быў размякчаны. З самага юнацтва Дзева яго вяла і накіроўвала. Вельмі блізкі сябра, які стаў канонікам у катэдры ў Руане, узгадваючы пра іх адносіны, сказаў, што ў духоўным плане Манфор ішоў гіганцкімі крокамі, і ён за ім не паспяваў. У яго было ўражанне, што Дзева Марыя вяла яго за руку (пар. Біяграфія, Жан-Батыст Блэн, 16 і 19).
Наследаваць Манфора
Канешне, Манфор жыў у кантэксце сваёй кольтуры і сваёй эпохі і быў пазначаны сямейным кліматам і атрыманай адукацыяй. Часам нас уражвае нейкі момант з біяграфіі, часам прыцягвае які-небудзь урывак з яго тэкстаў, таму, каб добра зразумець вобраз Манфора, трэба абавязкова прачытаць яго творы, хаця б адну біяграфію, а таксама азнаёміцца з некалькімі старымі і новымі даследваннямі, каб мець магчымасць адрозніць і выйсці па-за межы выразаў і вобразаў яго часу, агульнапрынятымі ў тую эпоху. Гэта патрабуе ўважлівага чытання і няспыннага распазнавання.
Перш за ўсё не трэба імкнуцца пераймаць гэтага ні з кім незраўнага чалавека. Бог кожнаму дае таленты і кожны павінен іх выкарыстаць для служэння. Кожная людзкая асоба мае свае характарыстычныя дары, а таксама ўсведамляе сваю абмежаванасць (Манфор гэта таксама ўсведамляў, пар. Сведчанне Дэ Басцьера, цытаванае вышэй). Наследаваць айца Манфора не азначае свядомае перайманне святога, а з усяго сэрца, са сваімі талентамі ісці духоўным шляхам, які ён прапаноўвае.
Духоўны шлях Манфора
Манфор не ўсё прыдумаў сам, яго можна змясціць у кантэксце духоўнага руху Францускай Школы. Ён навучыўся прымаць Біблію тым, чым яна ёсць на самай справе: Слова Божае, якое спачатку патрабуе ўважлівага слухання, а потым ужо дзейснага адказу. Ён заўсёды насіў яго з сабой. Калі паспрабаваць прыкладна палічыць дні і тыдні, якія Манфор жыў адзін на адзін з Богам (кіламетры, якія прайшоў, побыт у скітах), то атрымліваецца вельмі дзіўная цыфра: амаль чвэрць свайго святарскага жыцця.
Разважаючы над Старым і Новым Запаветам, ён быў крануты захаваннем Бога: заклапочаны лёсам усяго чалавецтва, з самага пачатку, Бог выбірае сабе асобы і просіць у іх дапамогі, каб ажыццявіць свой вялікі план, не меншы, чым “новая зямля і новае неба”! Каб ажыццявіць свой план, Бог шукае супрацоўнікаў. Па меры таго, наколькі пазітыўны адказ дае гэты “абраннік Божы”, ствараецца сапраўднае партнёрства.
Новы і канчатковы саюз з чалавецтвам быў створаны праз Езуса Хрыста, спрадвечную і ўкрыжаваную мудрасць. Манфор быў вельмі ўважлівы на асаблівую прысутнасць Маці Божай у таямніцы Хрыста і Касцёла. З пункту гледжання супрацоўніцтва, Яна не толькі дасканалы прыклад, але таксама, для таго, хто хоча служыць Пану, каштоўная дапамога. Манфор не толькі дае нам моцную дактрыну, але таксама паказвае цудоўны шлях, каб перайсці ад дактрыны веры да жывой веры.
Яго вялікі поспех у тым, што ён сам асабіста прайшоў духоўны шлях, які прапаноўвае. Дзякуючы сваёй вытрывалай малітве і дапамозе Святой Дзевы, якую ён адчуваў, ён дайшоў да “новага нараджэння”, перамянення ў Езуса Хрыста, апісанага ў Сапраўдным Ушанаванні 119 і Таямніцы Марыі 3. У сваю чаргу, Манфор перажыў Пяцідзесятніцу, ён стаў святаром, які палымнеюў агнём.
Роля Марыі
У сваёй “Таямніцы Марыі” ён дае гэтае сведчанне наконт шляху, які вядзе да новага нараджэння: «Досвед навучыць цябе гэтаму больш, чым я табе кажу, і ты знойдзеш, калі была вернай нават малому з таго, што я табе расказаў, у гэтым практыкаванні столькі багацця і ласкі, што ты будзеш здзіўленая і ўся перапоўненая радасцю...» (53).
У “Сапраўдным ушанаванні” ён кажа пра лёгкі, кароткі і дасканалы шлях, а потым завяршае: «Станем жа на гэты шлях і пойдзем ім у дзень і ў начы, да поўні дасканаласці Езуса Хрыста» (152 - 168). Перамяненне ў Езуса Хрыста, новае нараджэнне, на якое Езус робіць намёк падчас сустрэчы з Нікадэмам (пар. Ян 3,3), вось куды вядзе гэты шлях. Новае нараджэнне падразумявае таксама дзейнасць маці.
Таямніца ўцелаўлення – гэта ключавая падзея ў Божым дзеянні, таямніца, якая з’яўляецца рэчаіснасцю да канца часоў, і ў часе, якім мы жывем. «Душа, жывы вобраз Бога, адкуплены найкаштоўнейшай Крывёю Езуса Хрыста, воля Божая аб табе ў тым, каб ты была святой, як Ён, у гэтым жыцці, і слаўнай, як Ён, у іншым. Набыццё святасці Божай - гэта тваё бясспрэчнае пакліканне» (“Таямніца Марыі” № 3). З моманту нашага хросту мы пакліканыя стаць “хрыстамі” Бога.
Апосталы апошніх часоў
«Ці можна любіць кагосьці, каго не ведаеш? Ці можна любіць моцна тое, што ледзь ведаеш? Ці не таму мы так мала любім спрадвечную і ўцелаўлёную Мудрасць, любага Езуса, што мы яе не ведаем або ведаем вельмі мала?» (“Любоў Спрадвечнай Мудрасці” № 8). З юнацкіх гадоў Манфор палае жаданнем зрабіць так, каб людзі ведалі Езуса Хрыста. Зрабіць так, каб людзі даведаліся пра ролю Марыі ў таямніцы ўцелаўлення. У 1700 годзе, гэта год яго святарскага пасвячэння, ён піша свайму духоўнаму кіраўніку: «Я адчуваю вялікае жаданне зрабіць так, каб N. ведала Госпада і Яго святую Маці, ісці проста і ўбога, навучаць катэхізісу ўбогіх у вёсках... Я не магу стрымліваць сябе, бачучы патрэбы Касцёла, увесь час, скардзячыся, прасіць невялічкую ўбогую супольнасць добрых святароў, якія будуць выконваць гэтую паслугу пад штандарам Найсвяцейшай Дзевы» (Ліст 5, 6 снежня 1700 г.).
Гэтую мару аб супольнасці місіянераў, працуючых для таго, каб людзі ведалі і любілі Езуса Хрыста, Манфор будзе насіць у сэрцы ўсё жыццё. Ён будзе імкнуцца яе ажыццявіць, клічучы розных людзей пайсці за ім і просячы дапамогі ў свайго сябра Пуляра дэ Пляс, заснавальніка ордэна Айцоў Святога Духа. У сакавіку 1716 года, за месяц да смерці, ён заахвоціць групу свецкіх зрабіць пілігрымку да Маці Божай з Ардзіл’е, каб выпрасіць у Бога гэтых «добрых місіянераў, якія ідуць сцежкамі апосталаў» (Правіла для белых пенітэнтаў, O.C. стар. 816). Адной з галоўных якасцяў гэтых місіянераў будзе праца ў духу супрацоўніцтва і падпарадкаванасці ўладам Касцёла (Рэгула для місіянераў № 22), каб «аднавіць у хрысціянах дух хрысціянства» (Рэгула для місіянераў № 56).
Манфор выказвае сваё жаданне ў «Палымянай Малітве», а таксама ў некалькіх урыўках “Трактату аб сапраўдным ушанаванні”. Ён сцвярджае, што асобы, якія пачнуць практыкаваць прапанаваную ім форму ўшанавання, будуць «сапраўднымі апосталамі апошніх часоў» (Сапраўднае ўшанаванне 59). Калі ўзяць разам тэксты Манфора, а таксама значныя падзеі з яго жыцця, можна зразумець, што гэтыя словы не з’яўляюцца нечым накшталт Божага штодыднёвіка або календара канца свету, этапы якога мы можам распазнаць сёння. Дарэчы, сам Манфор піша: «Але калі і як гэта будзе?... Толькі Бог гэта ведае: а нам застаецца маўчаць, маліцца, ўздыхаць і чакаць» (Сапраўднае Ушанаванне 59).
На працягу гісторыі словам “апошнія часы” надавалі рознае значэнне, але айцец Манфор разумее гэта па-свойму. У “Сапраўдным Ушанаванні” ён спасылаецца на перыяд часу ад Уцелаўлення Езуса ва ўлонні Марыі да апошняга суда: «Дзеянне трох Асобаў Найсвяцейшай Тройцы падчас Уцелаўлення і першага прыйсця Езуса Хрыста надалей працягваецца нябачным чынам у Святым Касцёле, і так будзе працягвацца да канца свету, да апошнаяга прыйсця Езуса Хрыста» (Сапраўднае Ўшанаванне 22).
Хто яны, апосталы апошніх часоў? Можна было б напісаць доўгі ліст розных характарыстычных рысаў, цытаваных Манфорам, напрыклад: “вялікія душы, поўныя ласкі і запалу” (СУ 48), “адважныя жаўнеры і верныя слугі Езуса Хрыста” (СУ 50), “прадвызначаныя” (СУ 55), “слугі, нявольнікі і дзеці Марыі”... “пасланнікі Бога... дзеці Левія,... добра ачышчаныя агнём вялікіх выпрабаванняў, якія моцна трымаюцца за Бога... несучы смірну ўтаймавання цела” (СУ 56), “сапраўдныя апосталы апошніх часоў... сярод духоўных асобаў” (СУ 58), “вялікая эскадра мужных і адважных жаўнераў Езуса і Марыі, мужчын і жанчын” (СУ 114). Можна працягваць гэты ліст. Заўважым, што, калі падсумаваць гэтыя выразы, можна зрабіць нешта накшталт аўтапартрэту, які зрабіў аўтар: лучнасць з Богам, апостальскі запал, адданасць Марыі і досвед крыжа.
Паслухмянасць
Другая характарыстычная рыса Манфора – гэта тое, што ён заўсёды дзейнічаў у дасканалым падпарадкаванні біскупам у дыяцэзіях, дзе працаваў, нават, калі часта ад гэтага пакутваў. На самай справе, паслухмянасць прымушала яго сысці ў цішыню. Замест таго, каб абараняцца, ён сыходзіў у пустыннае месца, у лучнасці з Езусам і Марыяй, і там чэрпаў моц. Гэтая паслухмянасць, разгляданая ў святле Божай волі, дапамагала выспяваць яго ініцыятывам, і не дазваляла, каб у ім памерла ўнутраная вольнасць дзяцей Божых.
Вось адзін яскравы прыклад: выгнаны ўладамі дыяцэзіі Пуацье, шукаючы волі Божай, ён вырашыў прадставіць сваю справу Папе. Клемент XI, зноў адаслаў яго ў Францыю, падскрэсліваючы паслухмянасць біскупам: «У вас ёсць вялікае поле дзейнасці ў Францыі, каб ажыццявіць ваш запал. Не трэба нікуды ехаць, заўсёды працуйце ў дасканалай паслухмянасці біскупам у дыяцэзіях, куды вас паклічуць. Бог, такім чынам, дасць блаславенства вашай працы».
«Толькі Бог» - гэта быў дэвіз Манфора. Увесь час ён шукаў толькі волю Божую. У семінарыі Сен-Сюльпіс ён навучыўся выракацца ўласнай волі, каб адкрывацца на Бога. Ён прыняў гэту мудрасць як залатое правіла ўсяго свайго жыцця, а нават зрабіў яго галоўным пунктам у Рэгуле місіянераў Супольнасці Марыі. Ён лічыць рашучую і ўпартую непаслухмянасць самым вялікім злачынаствам, якое толькі можна ўчыніць у супольнасці (пар. 25-26). Паслухмянасць касцёльным уладам – гэта характарыстычная вольнасць тых, што хочуць ісці крокамі Манфора. Як мы ўжо сказалі ва ўступным слове гэтага ліста: мы жывем і заўсёды хочам жыць у лучнасці з Касцёлам, як Касцёл.
Св. Людвік-Марыя дэ Манфор таксама не вельмі добра выкарыстоўваецца інстытуцыямі, якія не падпарадкоўваюцца Сабору і развіццю Касцёла ў свеце. Яны наведваюць манфартанскія месцы і надаюць вобраз мінулага манфартанскаму харызмату. Яны схільныя бачыць у манфартанскай духоўнасці шлях супраціву зменам у Касцёле і саборным рэформам. Мы супраць такога погляду на тэксты Манфора, які заўсёды быў паслухмяны і падпарадкаваны Касцёлу.
Мы сцвярджаем, што з’яўляемся часткай паслясаборнага Касцёла і лічым, што менавіта ў сэрцы Касцёла мы павінны рабіць вядомым манфартанскі шлях.
Вонкавыя знакі
Як растлумачыць той факт, што біскупы выганялі Манфора са сваіх дыяцэзій як нязручнага святара? Часам ім не падабалася яго радыкальнасць, часам ён быў ахвярай інтрыгаў. У вачах адных Манфор быў вялікім святым, у вачах другіх - хутчэй ератыком. А несумненна, трэба было ўлічваць яго моцны тэмперамент. Як кожны вучань Хрыста, ён ведаў ад чаго пакутваў. Пра яго казалі, што ён дзіўны чалавек, святар абарванец, які жабраваў і меў знешнія рысы, якія прыцягвалі ўвагу. Аднак, можна сцвярджаць, што нават і з гэтага пункту гледжання, ён ішоў наперад. На самай справе, у нас ёсць дакумент, дату якога лёгка ўстанавіць і ў якім можна ўбачыць Манфора, які змяншае вартасць знешняга і робіць націск на ўнутраныя якасці. Дакумент быў напісаны за два месяцы да яго смерці.
Вось яго кантэкст. Ён адчуваў, што сілы яго пакідаюць і вельмі пакутваў ад таго, што яшчэ не выпрасіў у Бога кангрэгацыю, аб якой увесь час так моцна маліўся. З нагоды місіі, якую ён праводзіў, ён папрасіў у трыццаці трох Белых Пенітэнтаў адправіцца ў спецыяльную пілігрымку, “каб выпрасіць у Бога добрых місіянераў”. Месцам пілігрымкі ён выбраў месца культу Маці Божай Адзілье ў Сомюр; гэта Пьета, ля стоп якой, у важныя моманты свайго жыцця, ён складваў усё, што было ў яго сэрцы. Гэта была вялікая справа, доўгая пілігрымка, шэсць дзён пехатою, час прабывання ў санктуарыі і шэсць дзён, каб вярнуцца. Для яго гэты крок быў настолькі важны, што ён напісаў спецыяльнае кіраўніцтва на некалькі старонак. Пілігрымка павінна была стаць сапраўднай падзеяй. Пачатак гэтага кіраўніцтва ўказвае на ўнутранае настаўленне пілігрымаў:
«Падчас гэтай пілігрымкі ў вас павінна быць толькі адна мэта 1) выпрасіць у Бога, праз заступніцтва Святой Дзевы, добрых місіянераў, якія пойдуць слядамі ўбогіх апосталаў, цалкам аддаючыся Божаму Провіду і практыкуючы ўсе цноты пад апекай Святой Дзевы; 2) дар мудрасці, каб зведаць, пакаштаваць і практыкаваць цноты, і зрабіць так, каб іншыя таксама яе пакаштавалі і пачалі практыкаваць. Ад іншых вас павінна адрозніваць вельмі сціплае адзенне, манаске маўчанне і няспынная малітва на працягу ўсяго падарожжа. Вы павінны, аднак, без асаблівага адрознення ад іншых, мець у руцэ ружанец і крыж на грудзях, каб паказаць, што гэта не падарожжа, а пілігрымка...».
У канцы гэтага кіраўніцтва ён выражае сваю веру:
«Калі яны перажывуць гэтую пілігрымку такім чынам, я ўпэўнены, што гэта будзе падзея годная Бога, анёлаў і людзей, і што яны выпрасяць у Бога, праз Яго святую Маці, вялікія ласкі не толькі для сябе, але і для ўсяго Касцёла Божага».
Трэба заўважыць, што Манфор патрабуе, каб гэты крок быў падзеяй годнай Бога і людзей. Магчыма, раней ён ўзмацніў бы гэтую падзею знешнімі знакамі, але напрыканцы свайго жыцця ён зрабіў націск на ўнутранае захаванне.
Зрэшты, гісторыя вучыць нас, што некаторыя знешнія знакі былі дрэнна зразуметыя людзьмі, напрыклад, нашэнне ланцужкоў. Яшчэ да айца Манфора Святы Пасад некалькі разоў забараняў гэтае практыкаванне па прычыне таго, як гэта інтрэрпрэтавалі тыя, што насілі ланцужкі, і тыя, якія бачылі гэта з боку.
Мы ведаем, што айцец Манфор добра растлумачвае сэнс нашэння ланцужкоў, але, нягледзячы на гэта, ёсць рызыка памылковага зразумення. Менавіта таму, ў Манфартанскіх Асацыяцыях замест ланцужкоў носяць медалік Марыі Каралевы Сэрцаў[3], сімвал зразумелы для ўсіх. Натхнёныя святам Беззаганнага Зачацця Марыі, дапаможам адзін аднаму зрабіць сапраўднае ўшанаванне, прапанаванае св. Людвікам дэ Манфорам, шляхам святасці, шляхам сапраўднага заангажавання ў служэнне ўбогім і адкінутым.
Генеральны Настаяцель
Рым, 8 снежня 2017 г.