Вонкавыя практыкаванні гэтага ўшанавання

   [226] Хоць галоўная сутнасць гэтага набажэнства ўнутраная, ёсць шмат разнастайных знешніх практыкаванняў, якімі не варта пагарджаць. Hæc oportuit facere  et illa non omittere. Часам таму, што гэтыя знешнія практыкаванні, добра ўчыненыя, пабуджаюць да ўнутраных; часам таму, што нагадваюць чалавеку, які кіруецца толькі пачуццямі, што ён зрабіў ці павінен зрабіць; часам таму, што знешнія практыкаванні выхоўваюць у веры бліжняга, які гэта бачыць, бо ўнутраныя недасяжныя зроку. Таму, каб ніхто не крытыкаваў і не казаў, што сапраўднае ўшанаванне ў сэрцы, і трэба пазбягаць яго знешніх праяваў, бо гэта марнасць, і трэба хаваць сваю пабожнасць, я кажу гэтым асобам разам з Настаўнікам: «Няхай святло вашае так  свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 16). Гэта не значыць, кажа святы Грыгорый,  што трэба чыніць знешнія пабожныя практыкаванні, каб падабацца людзям і атрымаць пахвалу, бо гэта ўжо марнасць. Але трэба іх часам рабіць перад людзьмі, каб падабацца Богу і гэтым праслаўляць Яго, не клапоцячыся пра пагарду ці пахвалу з боку людзей. Я вельмі коратка раскажу пра некалькі знешніх практыкаванняў, якія я называю знешнімі не таму, што яны выконваюцца без унутраных пабуджэнняў, але таму, што яны маюць знешнія рысы, каб іх можна было адрозніць ад цалкам унутраных.

      Падрыхтоўка і поўнае прысвячэнне самога сябе

   [227] Першае практыкаванне. Тыя, што захочуць увайсці ў дух гэтага асаблівага ўшанавання, якое не з’яўляецца брацтвам, хоць гэта і пажадана, пасля, як я ўжо казаў у першай частцы «Падрыхтоўкі да надыходу Валадарства Езуса Хрыста», дванаццаці дзён, выкарыстаных на тое, каб ачысціцца ад духа гэтага свету, супярэчнага духу Езуса Хрыста, трэба распачаць наступныя тры тыдні, каб напоўніцца Езусам Хрыстом праз Найсвяцейшую Дзеву. Вось у якім парадку трэба гэта рабіць:

   [228] На працягу першага тыдня яны будуць маліцца і выконваць свае пабожныя справы ў інтэнцыі таго, каб выпрасіць пазнанне сябе саміх і жаль за грахі. Усё гэта трэба рабіць у духу пакоры. Дзеля гэтага яны могуць, калі хтосьці жадае, разважаць над тым, што я сказаў пра наш сапсаваны ўнутраны свет, і гэтыя шэсць дзён глядзець на сябе як на смаўжоў, слімакоў, жабаў, свіней, змеяў і казлоў. Або разважаць над словамі святога Бернарда: «Cogita quid fueris, semen putridum; quid sis vas stercorum; quid futurus sis, esca verminum» («Чым я быў — сапсаваным насеннем, чым я ёсць — судзінай, поўнай бруду, чым я буду — спажывай чарвей»). У гэты перыяд яны будуць прасіць наступнымі словамі нашага Госпада і Духа Святога асвяціць іх: «Domine, ut videam» («Госпадзе, зрабі, каб я ўбачыў»). Будуць штодзённа маліцца гімн «Veni, Sancte Spiritus» і Літанію да Духа Святога з малітвай з першай часткі гэтага твору. Кожны дзень яны будуць прыбягаць да Святой Дзевы і прасіць Яе аб вялікай ласцы, што павінна быць падставай для ўсіх іншых ласкаў. І таму кожны дзень яны будуць маліцца «Ave maris Stella» і Літанію да Маці Божай.

   [229] На працягу другога тыдня яны будуць ахвяраваць усе свае малітвы і штодзённыя добрыя справы, каб пазнаць Найсвяцейшую Дзеву. Яны будуць прасіць гэтага ў Духа Святога. Яны могуць чытаць і разважаць над тым, што пра гэта ўжо было сказана. Як і ў першы тыдзень, яны будуць маліцца ў гэтай інтэнцыі Літанію да Духа Святога і «Ave maris Stella», а таксама штодзённы ружанец (можна адну частку).

   [230]  На працягу трэцяга тыдня яны будуць імкнуцца пазнаць Езуса Хрыста. Яны могуць чытаць і разважаць над тым, што мы пра гэта ўжо сказалі, і маліцца малітвай святога Аўгустына, што была змешчаная на пачатку другога раздзела.  З гэтым святым яны могуць паўтараць сотні разоў на дзень: «Noverim te» («Госпадзе, дапамажы мне пазнаць Цябе) або «Domine, ut videam» («Госпадзе, зрабі так, каб я ўбачыў, кім Ты ёсць!») Як і раней, яны будуць маліцца Літанію да Духа Святога, «Ave maris Stella» і дададуць Літанію да імя Езуса.

   [231] Напрыканцы гэтых трох тыдняў яны паспавядаюцца, прыступяць да Святой Камуніі з інтэнцыяй аддаць сябе Езусу Хрысту ў якасці нявольніка праз рукі Марыі. Пасля Камуніі прачытаюць акт ахвяравання, які знойдуць ніжэй. Трэба таксама напісаць яго на паперы, калі ён не надрукаваны, і падпісаць у той самы дзень.

   [232] Было б вельмі добра, каб у гэты дзень яны прынеслі якую-небудзь ахвяру Езусу Хрысту і Яго святой Маці за сваю нявернасць абяцанням святога хросту ў мінулым або каб засведчыць сваю залежнасць ад Езуса і Марыі. Гэтая ахвяра павінна адпавядаць пабожнасці і магчымасцям кожнага. Гэта можа быць пост, утаймаванне плоці, грашовая ахвяра, свечка. Нават калі хтосьці дасць самую найменшую рэч, але са шчырым сэрцам, Езусу гэтага будзе досыць, бо Ён глядзіць толькі на добрую волю.

   [233] Кожны год у той самы дзень яны будуць аднаўляць гэтае прысвячэнне, выконваючы тыя самыя практыкаванні на працягу трох тыдняў.

   Яны могуць яго аднаўляць таксама кожны месяц і кожны дзень вось гэтай кароткай формулай: «Tuus totus ego sum,  et omnia mea tua sunt» («Я ўвесь Твой, і ўсё, што я маю, належыць Табе, о мой любы Езу, праз Марыю, Тваю святую Маці»).

      Маліцца маленькі вяночак да Святой Дзевы

   [234] Другое практыкаванне. Кожны дзень свайго жыцця, наколькі гэта магчыма, яны будуць маліцца маленькі вяночак да Найсвяцейшай Дзевы, які складаецца з трох Pater і дванаццаці Ave ў гонар дванаццаці прывілеяў Найсвяцейшай Дзевы[1]. Гэтае практыкаванне вельмі старажытнае і мае сваю падставу ў Святым Пісанні. Святы Ян бачыў жанчыну з каронай з дванаццаці зорак, апранутую ў сонца з месяцам пад нагамі. Гэтая жанчына — Найсвяцейшая Дзева.

   [235] Ёсць шмат спосабаў добра яго маліцца, і было б вельмі доўга іх пералічваць. Дух Святы навучыць гэтаму самых верных дадзенаму практыкаванню. Аднак спачатку трэба сказаць: «Dignare me laudare te, Virgo sacrata; da mihi virtutem contra hostes tuos» («Дазволь мне хваліць Цябе, Святая Дзева; дай мне моц супрацьстаяць ворагам Тваім»). Далей трэба памаліцца «Credo», потым адно «Pater», далей чатыры «Ave Maria» і адно «Gloria Patri»; ізноў адно «Pater», чатыры «Ave», адно «Gloria Patri»; яшчэ раз тое самае. У канцы памаліцца «Пад Тваю абарону».

      Насіць маленькі жалезны ланцужок

   [236] Трэцяе практыкаванне. Вельмі хвалебная і карысная рэч для тых, што стануць нявольнікамі Езуса ў Марыі, — насіць як знак свайго нявольніцтва з любові спецыяльна асвечаны маленькі жалезны ланцужок.

   Усе гэтыя вонкавыя знакі не галоўнае, і, тым, хто хоча практыкаваць гэтую форму ўшанавання, без іх можна абысціся. Аднак, я не магу не пахваліць тых, што, скінуўшы саромныя ланцугі нявольніцтва д’ябла, першароднага ці сённяшняга граху, добраахвотна сталіся нявольнікамі Езуса Хрыста і цяпер са святым Паўлам хваляцца тым, што знаходзяцца ў ланцугах Езуса Хрыста, у тысячу разоў больш хвалебных і каштоўных,  хоць і з жалеза і не бліскучых, як каралі зямных імператараў.

   [237] Хоць раней не было нічога больш ганебнага за крыж, сёння гэтае дрэва з’яўляецца самым хвалебным у хрысціянстве. Скажам тое самае пра ланцугі нявольніцтва. Раней гэта было самым ганебным, нават у язычнікаў. Але ў хрысціянаў няма нічога больш хвалебнага за ланцугі Езуса Хрыста, таму што яны вызваляюць нас з ганебных повязяў граху і дэмана, таму што яны робяць нас вольнымі і яднаюць з Езусам і Марыяй, не з прымусу, як катаржнікаў, але міласэрнасцю і любоўю, як дзяцей: «Traham eos in vinculis charitafis» (Осія 4, 2): «Я прыцягну іх да Сябе,» - кажа Бог вуснамі прарока, ланцугамі любові, моцнымі, як смерць, і нават мацнейшымі ў тых, што будуць верна насіць гэтыя хвалебныя знакі да самай смерці. Бо хоць смерць і знішчае цела і ператварае ў тлен, яна не зможа знішчыць повязі іх нявольніцтва, бо яны жалезныя і не так лёгка знішчаюцца. І, магчыма, у дзень уваскрашэння цела, на вялікім апошнім судзе, гэтыя ланцугі, што будуць звязваць іх косці, стануцца часткай іх хвалы і ператворацца ў ланцугі святла і хвалы. Таму тысячакроць шчаслівыя нявольнікі Езуса ў Марыі, што будуць насіць гэтыя ланцугі да магілы!

   [238] Вось чаму трэба насіць гэтыя маленькія ланцужкі:

   Па-першае, дзеля таго, каб нагадваць хрысціяніну абяцанні і абавязкі святога хросту, аб тым, што яны былі адноўленыя праз гэтае набажэнства, і непасрэдным абавязку заставацца верным. Паколькі чалавек кіруецца больш пачуццямі, чым верай, ён лёгка забываецца пра абавязкі перад Богам, калі ніякі бачны знак не нагадвае яму пра гэта. А гэтыя маленькія ланцужкі цудоўна служаць хрысціяніну, каб нагадаць яму пра повязі граху і нявольніцтва ў дэмана, з якога яго вызваліў святы хрост, а таксама пра залежнасць ад Езуса Хрыста, якую ён абяцаў таксама падчас святога хросту і пацвердзіў праз аднаўленне сваіх абяцанняў. Адной з прычынаў таго, што хрысціяне так мала думаюць пра абяцанні святога хросту і жывуць у распусце, як быццам бы нічога не абяцалі Богу і як язычнікі, — гэта тое, што яны не носяць ніякага знешняга знаку, які б ім гэта нагадваў.

   [239] Па-другое, гэта патрэбна дзеля таго, каб паказаць, што мы не саромеемся нявольніцтва і служэння Езусу Хрысту і адмаўляемся ад нявольніцтва гэтага свету, ад граху і ад дэмана.

   Па-трэцяе, дзеля таго, каб абараніць сябе і захаваць ад ланцугоў граху і дэмана. Таму што або мы будзем насіць ланцугі несправядлівасці, або ланцугі міласэрнасці і збаўлення: «Vincula peccatorum; in vinculis charitatis».

   [240] О мой дарагі брат, давай жа разарвем ланцугі граху і грэшнікаў, свету і тых, што яму належаць, д’ябла і яго паплечнікаў і адкінем прэч ад сябе яго згубнае ярмо: «Dirumpamus vincula eorum et projiciamus a nobis jugum ipsorum». Паставім нашыя стопы ў хвалебнае жалеза і нашую шыю апранем у Яго каралі: «Injice pedem tuum in compedes illius, et in torques illius collum tuum» (Сірах 27, 2). Схілім нашыя плечы і панясем Мудрасць, Езуса Хрыста, і не будзем сумаваць пад цяжарам гэтых ланцугоў:  «Subjice humerum tuum et porta illam, et ne acedieris vinculis ejus» («Накладзі на ногі твае путы яе і на шыю сваю ланцуг яе» Сірах 6, 25). Заўваж, аднак, што Дух Святы, перш чым сказаць гэтыя словы, рыхтуе да гэтага душу, каб яна не адкінула Яго важную параду. Вось што Ён кажа: «Audi, fili, et accipe  consilium intellectus, et ne abjicias  consilium meum» (Экл 6). «Паслухай, сын мой, і прымі маю параду і не адкідвай яе».

   [241] Ці хочаш ты, мой дарагі сябра, каб я з’яднаўся з Духам Святым, каб даць табе тую самую параду: «Vincula illius alligatura salutis» (Сірах 6). («Гэтыя ланцугі — ланцугі збаўлення. Паколькі Езус Хрыстус на крыжы павінен усіх прыцягнуць да Сябе, воляй-няволяй, то грэшнікаў Ён прыцягне ланцугамі граху, каб звязаць іх, як катаржнікаў і д’яблаў, дзеля свайго вечнага гневу і караючай справядлівасці, а прызначаных Ён прыцягне, асабліва ў апошнія часы, ланцугамі міласэрнасці: «Omnia traham ad meipsum. Traham eos in vinculis charitatis» (Осія 4).

   [242] Гэтыя нявольнікі любові Езуса Хрыста, ці закаваныя ў Яго ланцугі, vincti Christi, могуць насіць свае маленькія ланцужкі на шыі, на руцэ, на поясе ці на назе. Айцец Вінцэнт Гарафа, сёмы генерал Езуітаў, што памёр у святасці ў 1643 годзе, насіў на назе ланцужок у знак свайго нявольніцтва і казаў, што вельмі перажывае з-за таго, што не мог насіць яго адкрыта. Маці Агнешка ад Езуса, пра якую мы ўжо казалі, насіла ланцужок на поясе. Некоторыя іншыя насілі яго на шыі як пакуту за тое, што ў свеце насілі каралі з каштоўных камянёў. Іншыя насілі на руцэ, каб памятаць падчас працы, што яны нявольнікі Езуса Хрыста.

      Асаблівае ўшанаванне таямніцы Ўцелаўлення

   [243] Чацвёртае практыкаванне. Яны будуць мець асаблівае пашану да вялікай таямніцы Ўцелаўлення Слова, якое святкуецца 25 сакавіка і з’яўляецца ўласнай таямніцай гэтага практыкавання, бо яно было дадзенае Духам Святым: 1) каб ушанаваць і наследваць невыказную залежнасць Бога Сына ад Марыі дзеля хвалы Бога Айца і нашага збаўлення. У гэтай таямніцы асаблівым чынам аб’яўляецца залежнасць Езуса Хрыста, які быў нявольнікам і вязнем ва ўлонні боскай Марыі, ад якой Ён цалкам залежыў ува ўсім; 2) каб падзякаваць Богу за незраўнаныя ласкі, якімі Ён абдарыў Марыю, а перш за ўсё — за тое, што абраў Яе быць Яго годнай Маці: менавіта ў гэтым дзве галоўныя мэты нявольніцтва Езуса Хрыста ў Марыі.

   [244] Заўваж, калі ласка, што я кажу проста: «нявольнік Езуса ў Марыі», «нявольніцтва Езуса ў Марыі». Можна, праўда, сказаць, як гэта ўжо рабіў шмат хто дагэтуль: «нявольніцтва Марыі» ці «нявольнік Святой Дзевы». Аднак я лічу, што лепш сказаць «нявольнік» Езуса ў Марыі, як гэта раіў мансеньёр Трансон, генеральны настаяцель Семінарыі Сен-Сюльпіс, вядомы сваёй рэдкай пільнасцю і пабожнасцю. Вось чаму ён гэта раіць:

   [245] 1. Паколькі мы жывем у ганарлівым свеце, і ёсць шмат ганарлівых навукоўцаў, моцных і крытычных, што нават у самых добра ўстаноўленых набажэнствах знаходзяць нешта падазронае і вартае крытыкі, лепш казаць пра няволю Езуса ў Марыі і называць сябе нявольнікам Езуса ў Марыі, чым нявольнікам Марыі. Такім чынам мы называем гэтае практыкаванне з пункту гледжання яго канчатковай мэты, якой зяўляецца Езус Хрыстус, а не з пункту гледжання шляху і яго спосабу, каб дайсці да гэтай мэты, якім з’яўляецца Марыя. Хоць можна, праўда, сказаць і адно, і другое, што я і раблю. Напрыклад, чалавек, што едзе з Арлеану да Тура праз Амбуазу, можа сказаць, што ён едзе да Амбуазы і да Тура. Ён можа сказаць, што вандроўнік Амбуазы і Тура. Але Амбуаза — толькі прамая дарога да Тура, і толькі Тур — канчатковая мэта яго вандроўкі.

   [246]  2. Паколькі галоўная таямніца, якую мы ўшаноўваем праз гэтае практыкаванне, — гэта таямніца Уцелаўлення, дзе Езуса можна ўбачыць толькі ў Марыі і ўцелаўлёным у Яе ўлонні, лагічней сказаць: «нявольніцтва Езуса ў Марыі», сказаць пра Езуса, які жыве і валадарыць у Марыі. Сказаць пра гэта можна паводле дадзенай прыгожай малітвы мноства вялікіх асобаў: «O Jesu, vivens in Maria, veni et vive in famulis tuis in spiritu sanctitatis tuae, in plenitudine virtutis tuae, in perfectione viarum tuarum, in veritate virtutum tuarum, in communione mysteriorum tuorum. Dominare omni adversae potestati in Spiritu tuo ad gloriam Patris. Amen». O Езу, Які жывеш у Марыі, прыйдзі і жыві ў Сваіх слугах, у духу Тваёй святасці, у поўні Тваёй моцы, у дасканаласці шляхоў Тваіх, ва ўдзеле ў Тваіх цнотах, ва ўдзеле ў Тваіх таямніцах. Пануй над кожнай варожай моцай у Тваім Духу, на хвалу Айца. Амэн»).

   [247] 3. Гэтыя словы яшчэ больш паказваюць цесную сувязь паміж Езусам і Марыяй. Яны настолькі моцна звязаныя, што яны адзін цалкам у другім: Езус цалкам у Марыі, а Марыя цалкам у Езусе. Нават больш: гэта ўжо не Яна, але Езус цалкам у Ёй[2]. Можна разлучыць святло з  сонцам, але не Марыю з Езусам. Таму Госпада Езуса можна назваць Марыяй, а Святую Дзеву Марыю — Езусам.

   [248] Час не дазваляе мне затрымлівацца тут, каб растлумачыць цудоўнасць і веліч таямніцы Езуса, які жыве і валадарыць у Марыі, ці, іншымі словамі, Уцелаўлення Слова. Таму я задаволюся тым, што скажу ў трох словах, што менавіта ў гэтым першая таямніца Езуса Хрыста, найбольш укрытага, найбольш узвышанага і найменш вядомага. Менавіта ў гэтай таямніцы Езус ва ўлонні Марыі, называны святымі «aula sacramentorum», святыняй Божых таямніцаў, абраў сабе ўсіх святых. Менавіта ў гэтай таямніцы Ён здзейсніў усе таямніцы Свайго жыцця, даўшы на гэта згоду: «Jesus ingrediens mundum dicit: Ecce venio ut faciam, voluntatem tuam». («Прыходзячы ў свет, Езус казаў: «Вось, іду здзейсніць Тваю волю, Божа» пар. Габр 10,7). Таму гэтая таямніца змяшчае ў сабе ўсе іншыя таямніцы, іх ласкі і волю да іх выканання. Нарэшце, гэтая таямніца — гэта трон міласэрнасці, вялікадушнасці і хвалы Божай.  Трон міласэрнасці для нас таму, што да Езуса можна наблізіцца і размаўляць з Ім і бачыць Яго толькі праз Марыю і Яе заступніцтва. Езус заўсёды выслухоўвае Сваю дарагую Маці і праз Яе заўсёды ўдзяляе ласкі і міласэрнасць бедным грэшнікам: «Adeamus ergo cum fiducia ad thronum gratiæ». Гэта трон Яго шчодрасці да Марыі, бо гэты новы Адам жыў у гэтым сапраўдным зямным раі, Ён учыніў там столькі таямнічых цудаў, што ані анёлы, ані людзі не могуць іх зразумець. Таму святыя называюць Марыю Раскошай Бога, Magnificentia Dei, так як Бог быў цудоўным толькі ў Марыі, «Solummodo ibi magnificus (est) Dominus». Гэта таксама Трон Яго хвалы дзеля Айца, таму што менавіта ў Марыі Езус Хрыстус дасканала згасіў гнеў Свайго Айца, раззлаванага на людзей, Ён дасканала аднавіў хвалу, якую зруйнаваў грэх, і праз ахвяру Сваёй волі і Самога Сябе прынёс Айцу больш хвалы, чым усе іншыя ахвяры старога закону. І нарэшце — праз Марыю Езус прынёс Айцу бязмежную хвалу, якой Ён ніколі не атрымоўваў ані ад аднаго чалавека.

      Вялікая любоў да малітвы «Вітай, Марыя» і ружанца

   [249] Пятае практыкаванне. Яны будуць мець вялікую любоў да малітвы “Вітай, Марыя” ці Анёльскага прывітання, вартасць, заслугі, веліч і неабходнасць якой нават самыя дасведчаныя хрысціяне амаль не ведаюць. Святая Дзева шмат разоў аб’яўлялася вялікім святым, каб паказаць ім заслугі гэтай малітвы, як, напрыклад, святому Дамініку, святому Яну Капістрану, блаславёнаму Алэну дэ ля Рош. Яны, у сваю чаргу, напісалі цэлыя кнігі пра цуды і дзейсную моц гэтай малітвы ў навяртанні грэшнікаў; яны адкрыта казалі і прапаведвалі, што збаўленне свету пачалося з «Ave Maria», і збаўленне кожнага звязанае з гэтай малітвай; што гэтая малітва прынесла ў сухую бясплодную зямлю плод жыцця, і гэтая ж самая малітва, добра адмаўляная, павінна нарадзіць у нашых душах слова Божае і прынесці Плод Жыцця, Езуса Хрыста. Малітва «Вітай, Марыя» — гэта нябесная раса, што сыходзіць на зямлю, гэта значыць, у душу, каб у свой час прынесці свой плод, і, калі душа не амываецца гэтай малітвай, гэтай нябеснай расой, то яна не прыносіць ніякага плоду, а дае толькі шыпы і  калючкі і можа быць навечна асуджаная.

   [250] Вось што Найсвяцейшая Дзева сказала блаславёнаму Алэну дэ ля Рош, як гэта сказана ў яго кнізе «De dignitate Rosarii»:  «Ведай, мой сыне, і распавядзі пра гэта іншым, што магчымым знакам будучага вечнага асуджэння з’яўляецца  нянавісць, холад і нядбайнасць да Анёльскага прывітання, якое прынесла збаўленне свету. «Scias enim et secure intelligas et inde late omnibus  patefacias, quod videlicet signum probabile est et propinquum æternæ damnationis horrere et attediari ac negligere Salutationem angelicam, totius mundi reparativam» (Lib. de Dignit. cap. II). Вось вельмі суцяшальныя і ў той самы час страшныя словы, якім мы маглі б не паверыць, калі б нам не пацвердзілі гэта блаславёны Алэн дэ ля Рош, Святы Дамінік, а таксама досвед іншых вялікіх асобаў на працягу доўгіх стагоддзяў. Ужо даўно было заўважана, што тыя, хто носіць знак асуджэння, — такія, як ератыкі і бязбожнікі, ганарліўцы і аматары гэтага свету – ненавідзяць і пагарджаюць малітвай «Ave Maria» і ружанцам. Ератыкі яшчэ могуць вывучыць і маліцца «Ойча наш», але не «Вітай, Марыя» і ні ў якім разе не ружанец. Для іх гэта жудасць: яны лепш будуць насіць на шыі змяю, чым ружанец. Ганарліўцы таксама. Яны хоць і каталікі, але  з тымі самымі схільнасцямі, што і іх айцец  Люцыфер, і таму ненавідзяць або пагарджаюць малітвай «Вітай, Марыя», а на ружанец глядзяць як на жаночае набажэнства, добрае толькі для неадукаваных. І наадварот: тыя, што маюць на сабе вялікі знак абранасці і прызначанасці, любяць і з задавальненнем моляцца «Ave Maria». І чым больш яны належаць Богу, тым больш любяць гэтую малітву. Вось што Святая Дзева кажа блаславёнаму Алэну.

   [251] Не ведаю, якім чынам, але гэта ўсё ж такі праўда. У мяне няма лепшай таямніцы, каб даведацца, ці асоба ад Бога, апроч адной — спраўдзіць, ці любіць яна маліцца «Вітай, Марыя» і ружанец. Я кажу «яна любіць», бо можа быць так, што асоба па прычынах натуральных ці звышнатуральных можа быць не ў стане маліцца на ружанцы, аднак вельмі гэта любіць і заахвочвае іншых.

   [252] ПРАДВЫЗНАЧАНЫЯ ДУШЫ, НЯВОЛЬНІКІ ЕЗУСА Ў МАРЫІ, ведайце, што «Вітай, Марыя» — найпрыгажэйшая з усіх малітваў пасля малітвы “Ойча наш”. Гэта найпрыгажэйшы камплімент, які вы можаце зрабіць Марыі, бо гэта камплімент, які Найвышэйшы прыслаў Ёй праз аднаго з Арханёлаў, каб заваяваць Яе сэрца. І ён так моцна закрануў Яе сэрца дзякуючы таямнічаму хараству, што Марыя згадзілася на ўцелаўленне Слова нягледзячы на сваю глыбокую пакору. Менавіта гэтым кампліментам вы абавязкова заваюеце Яе сэрца, калі будзеце яго як трэба маліцца.

   [253] Добра адмаўлянае «Вітай, Марыя», гэта значыць, з увагай і сціпласцю, па словах святых, з’яўляецца ворагам д’ябла, які змушае яго да ўцёкаў, молатам, што яго раструшчвае, святасцю душы, радасцю анёлаў, спевам прадвызначаных, песняй Новага Запавету, радасцю Марыі і хвалой Найсвяцейшай Тройцы.  «Вітай, Марыя» — гэта нябесная раса, што робіць душу плоднай; гэта нявінны пацалунак любові, які мы даем Марыі, гэта пахучая ружа і каштоўная перліна, што мы Ёй дорым, гэта келіх амброзіі і боскага нектару, што Ёй падносяць. Усё гэта параўнанні святых.

   [254] Таму я нястомна прашу вас, праз любоў да Езуса і Марыі, не абмяжоўвацца маленькім вяночкам да Святой Дзевы, а маліцца яшчэ адну частку ружанца, а нават, калі ёсць час, поўны ружанец, кожны дзень, - і будзеце бласлаўляць у гадзіну сваёй смерці той дзень і тую хвіліну, калі вы мне паверылі. А пасля таго, як пасееце ў блаславенствах Езуса і Марыі, вы будзеце збіраць вечныя блаславенствы ў небe. «Qui seminat in benedictionibus, de benedictionibus et metet» («Хто сее шчодра, той шчодра і пажне» пар. 2 Кар 9, 6).

      Маліцца «Магніфікат»

   [255] Шостае практыкаванне. Каб падзякаваць Богу за ласкі, якімі Ён надзяліў Найсвяцейшую Дзеву, яны будуць часта маліцца «Магніфікат», як гэта рабіла сама Марыя і іншыя святыя. Гэта адзіная малітва, якую склала Святая Дзева, ці, хутчэй, Дух Езуса ў Ёй, бо Ён прамаўляў Яе вуснамі. Гэта найцудоўнейшы гімн праслаўлення, які Бог атрымаў праз запавет ласкаў. З аднаго боку, самы пакорны і поўны ўдзячнасці, з другога —  самы велічны і ўзвышаны з усіх гімнаў, бо ў ім ёсць нешта таямнічае і ўкрытае, чаго нават анёлы не ведаюць. Гэрсан[3], вельмі пабожны і мудры доктар, пасля таго, як большую частку свайго жыцця пісаў вельмі глыбокія і пабожныя трактаты на вельмі складаныя тэмы, з вялікім хваляваннем напрыканцы жыцця напісаў трактат пра «Магніфікат», каб укаранаваць усе свае творы. У адным са сваіх фоліяў ён піша шмат цудоўных рэчаў пра гэты прыгожы боскі спеў. Паміж іншым ён кажа, што Найсвяцейшая Дзева часта яго малілася, а асабліва пасля Святой Камуніі як падзяку. Навуковец Бэнзоніюс[4], тлумачачы той самы “Маніфікат”, распавядае пра мноства цудаў, учыненых моцай гэтага гімну. Ён кажа, што д’яблы дрыжаць і ўцякаюць, калі чуюць словы «Магніфікату»: «Fecit potentiain in brachio suo, dispersit superbos mente cordis sui» «Выявіў моц рукі Сваёй, рассеяў ганарыстых сэрцам».

      Пагарджаць гэтым светам

   [256] Сёмае практыкаванне. Верныя слугі Марыі павінны пагарджаць, ненавідзець і ўцякаць ад гэта сапсаванага свету, карыстацца сродкамі, якія мы пазначылі ў першай частцы, каб дайсці да поўнай пагарды да свету[5].



[1] Глядзі ў дадатках.

[2] Гэтую таямніцу абагаўлення, якую так цяжка выказаць словамі і якая самым дасканалым чынам здзейснілася ў Беззаганнай Дзеве, выказаў тут св. Людвік словамі Апостала: “Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстос” (пар. Гал 2,20).

[3] Ян Гэрсан, канцлер Парыжскага Універсітэту, вызначаўся вялікімі ведамі і пабожнасцю, памёр у 1363-1428 гг.

[4] Біскуп Ларэта, памёр у 1613 годзе.

[5] Аўтар мае на ўвазе маральны ўпадак і грэх у агульным сэнсе.