Пяты дзесятак

 Святы спосаб малітвы на Ружанцы

 

   Сорак першая Ружа [Чысціня душы]

[116] Не даўжыня малітвы падабаецца Богу, а стараннасць у малітве заваёўвае Яго сэрца.

Адно толькі “Вітай, Марыя”, добра прамоўленае, мае большую заслугу, чым сто пяцьдзесят дрэнна адгавораных. Амаль усе каталікі адгаворваюць прынамсі адну частку Ружанца або некалькі дзесяткаў “Вітай, Марыя”. Чаму ж тады так мала тых, хто паўстае з граху і ўзрастае ў цнотах? Таму што яны не моляцца так, як трэба.  

[117] Таму разгледзім спосаб, як трэба маліцца, каб падабацца Богу і стаць больш святымі. Па-першае, трэба, каб асоба, якая моліцца Ружанец, была ў стане ласкі або мела пастанову не грашыць, таму што ўся тэалогія  вучыць нас, што добрыя справы і малітвы, учыненыя ў стане смяротнага граху, мёртвыя і не могуць падабацца Богу ані заслужыць вечнае жыццё. У гэтым кантэксце напісана: Non est speciosa laus in ore peccatoris[1]: Праслаўленне, Анёльскае Прывітанне і Малітва Езуса Хрыста не прыемныя Богу, калі яны выходзяць з вуснаў зацвярдзелага грэшніка.

У тым самым кантэксце напісана: Populus hic labiis me honorat, cor autem eorum longe est a me[2]: Асобы, якія ўступаюць у Маё Брацтва, кажа Езус Хрыстус, кожны дзень моляцца ўвесь Ружанец або адну яго частку без жалю за грахі, ушаноўваюць мяне вуснамі, але іх сэрцы далёка ад Мяне. 

[2°] Я сказаў: “Або прынамсі пастанаўленне парваць з грахом”, 1) таму што, калі б прабыванне ў стане Божай ласкі было абсалютнай умовай для таго, каб нашыя малітвы былі прыемныя Богу, тады вынікала б, што асобы, жывучыя ў цяжкім граху, увогуле не павінны былі б маліцца, хоць яны маюць у гэтым большую патрэбу, чым справядлівыя. Гэта аблуда, асуджаная Касцёлам. Тады не трэба было б раіць грэшніку маліцца на Ружанцы, таму што гэта не мела б сэнсу. 2) Таму што, калі нехта з жаданнем жыць у граху і без жадання парваць з ім, далучыўся б да Брацтва Святой Дзевы або маліўся б Ружанец ці іншую малітву, быў бы ў ліку ілжывых прыхільнікаў Святой Дзевы, саманадзейных і ненавернутых шанавальнікаў, якія пад плашчом Святой Дзевы, са шкаплерам на целе або з ружанцам у руцэ, клічуць: “Святая Дзева, добрая Дзева, Вітай, Марыя”, а потым крыжуюць і жудасна раздзіраюць Езуса Хрыста сваімі грахамі. Нажаль, яны падаюць з самых святых вышыняў Брацтва Святой Дзевы ў самае полымя пекла.  

[118] Мы раім святы Ружанец усім людзям: справядлівым, каб вытрываць і ўзрастаць у ласцы Божай; грэшнікам, каб выйсці са сваіх грахоў. Але Богу не спадабаецца, калі мы будзем заклікаць грэшніка зрабіць плашч апекі Святой Дзевы плашчом асуджэння за ўкрыванне сваіх злачынстваў, а Ружанец, які з’яўляецца лекам на ўсялякае зло, змяніць на смерцяносную і згубную атруту. Corruptio optimi pessima.

Трэба быць чыстым анёлам, кажа вучоны Хуга, кардынал, каб наблізіцца да Святой Дзевы і маліцца Анёльскае Прывітанне. Аднойчы Яна паказала аднаму распуснаму чалавеку, які кожны дзень, рэгулярна, адгаворваў свой Ружанец, прыгожыя плады на забруджанай пасудзіне. Ён вельмі напужаўся, а Яна яму сказала: “Вось, як ты Мне служыш: ты дорыш Мне прыгожыя ружы ў брудным і знішчаным посудзе. Падумай, ці могуць яны быць Мне прыемнымі.”

 

Сорак другая Ружа [Уважлівая малітва Ружанца]

[119]  Не досыць, каб добра маліцца, выказваць нашыя просьбы праз самую дасканалую малітву, якой з’яўляецца Ружанец, трэба яшчэ быць вельмі ўважлівым, таму што Бог слухае больш голас сэрца, а не голас вуснаў. Маліцца Богу з дабраахвотнай няўважлівасцю было б вялікай непавагай, якая зрабіла б нашыя Ружанцы бясплённымі, а нас напоўніла грахамі. Як мы можам прасіць нечага ў Бога, які нас слухае, калі мы самі сябе не слухаем, калі мы звяртаемся да гэтай бясконцай Велічы, а ў думках дабраахвотна ляцім за матыльком? Гэта аддаліць ад сябе блаславенства гэтага вялікага Пана і замяніць яго ў пракляцце, скіраванае на тых, хто робіць Божую справу нядбала: Maledictus qui facit opus Dei negligenter.[3]

[120] Аднак, па праўдзе, ты не можаш адгаворваць свой Ружанец без ненаўмыснай няўважлівасці; вельмі цяжка нават сказаць “Вітай, Марыя” так, каб тваё ўяўленне, якое заўсёды ў руху, не аддцягнула на хвілінку тваю ўвагу. Але ты можаш маліцца без наўмыснай няўважлівасці, прыкласці ўсе намаганні, каб зменшыць самавольную, і засяродзіць сваю ўвагу. 

Дзеля гэтага, стань у прысутнасці Божай, павер, што Бог і Яго Святая Маці глядзяць на цябе, што твой добры Анёл з права ад цябе збірае твае “Вітай, Марыя” як ружы, калі яны добра прамоўленыя, каб зрабіць з іх карону для Езуса і Марыі. І наадварот, дэман з левага боку кружыць вакол цябе, каб паглынуць твае “Ave  Maria” і пазначыць іх у сваёй кнізе смерці, калі яны прамоўленыя без увагі, пабожнасці і пакоры. Асабліва не забывайся ахвяраваць кожны дзесятак у гонар кожнай таямніцы таямніцаў і ўяўляць сваім розумам нашага Пана і Яго Святую Маці ў таямніцах, у якіх Іх ушаноўваеш.

[121]  У жыцці блаславёнага Германа з Ордэна Нарбэртанаў можна прачытаць, што, калі ён маліўся Ружанец з увагай, пашанай і пабожнасцю, разважаючы над таямніцамі, яму аб’явілася Святая Дзева ў ззяючым святле, невыказнай прыгажосці і цудоўнай велічы.  Але потым, яго пабожнасць паменшылася і ён маліўся Ружанец вельмі паспешліва, без увагі. Тады яму зноў аб’явілася Святая Дзева, твар Яе быў у змаршчках, сумны і непрыемны. Герман, вельмі здзівіўся такой змене. І Святая Дзева яму сказала: “Я перад тваімі вачыма такая, як у тваёй душы, таму што ты адносішся да Мяне як да асобы нічога нявартай і годнай пагарды. Дзе тыя часы, калі ты вітаў Мяне з павагай і ўважлівасцю, разважаючы над таямніцамі і захапляючыся Маёй веліччу?”[4]

 

Сорак трэцяя Ружа [Адважна змагацца з няўважлівасцю] 

[122] Паколькі няма малітвы больш пахвальнай для душы і больш хвалебнай для Езуса і Марыі, чым добра адгавораны Ружанец, так няма малітвы больш складанай, каб добра  маліцца, і ў якой так цяжка вытрываць да канца, з-за няўважлівасці, якая прыходзіць натуральным шляхам пры частым паўтаранні той самай малітвы.  

Калі мы молімся Гадзінкі да Святой Дзевы або сем псалмоў, або чытаем нейкія іншыя малітвы, якія адрозніваюцца ад Ружанца, змена і разнастайнасць словаў, з якіх складаюцца гэтыя малітвы, засяроджваюць нашую ўвагу,  аднаўляюць дух, і ў выніку душы становіцца лёгка іх маліцца. А ў Ружанцы, паколькі ўвесь час паўтараецца “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, а таксама трэба захоўваць тую самую форму, вельмі цяжка не знудзіцца падчас такой малітвы, не заснуць і ўвогуле не пакінуць, каб пачаць нейкую іншую малітву, крэатыўную і менш нудную. Менавіта таму, каб вытрываць у малітве святога Ружанца, патрэбна мець больш моцную пабожнасць, чым для ўсіх іншых малітваў, як, напрыклад, псалтыр Давіда.

[123] Гэта становіцца больш складаным з-за нашага ўяўлення, настолькі лятучага, што яно не спыняецца нават на адну хвіліну. А таксама злосць дэмана, вельмі нястомнага ў тым, каб адцягваць нашую ўвагу і перашкаджаць нам маліцца. Чаго толькі не робіць гэты злы дух супраць нас, калі мы молімся на Ружанцы супраць яго? Ён павялічвае нашае знеахвочванне і натуральную нядбаласць. Перад тым, як мы распачынаем малітву, ён павялічвае нашую нуду, няўважлівасць і засмучэнне; падчас нашай малітвы, ён прыгнечвае нас з усіх бакоў, а калі мы заканчваем з вялікай цяжкасцю і няўважлівасцю, ён нам нашэптвае: “Ты не сказаў нічога, што мела б вартасць; твой Ружанец нічога няварты, табе лепш ўзяцца за якую-небудзь працу і заняцца сваімі справамі; ты губляеш час, адгаворваючы столькі малітваў без увагі; паў-гадзіны медытацыі або добрага чытання больш вартыя.  Заўтра ты будзеш менш заспаны і памолішся з большай уважлівасцю, адкладзі свой Ружанец на заўтра.” Так д’ябал, сваімі хітрыкамі, часта робіць так, што мы пакідаем малітву Ружанца цалкам або яго скарачаем. Бо ён кажа нам замяніць малітву або адкласці на пазней.

[124] Не вер яму, дарагі брат у Ружанцы. Набярыся мужнасці, хоць падчас усёй малітвы на Ружанцы тваё ўяўленне будзе табе падсоўваць розныя недарэчныя думкі, якія ты з усёй моцы будзеш імкнуцца адагнаць, як толькі іх заўважыш. Твой Ружанец настолькі лепшы, наколькі больш варты; настолькі больш варты, наколькі больш цяжкі; настолькі больш цяжкі, наколькі натуральна менш прыемны для душы і поўны няшчасных мошак і мурашак, якія поўзаюць туды сюды ў тваім уяўленні, незалежна ад тваёй волі, і не даюць душы магчымасці пакашатаваць тое, што яна моліцца, і адпачыць у супакоі.[5]  

[125]  Калі падчас малітвы на Ружанцы трэба змагацца з няўважлівасцю, якая табе дакучае, змагайся адважна са зброяй у руцэ. Гэта значыць працягвай маліцца на Ружанцы, хоць не адчуваеш ані смаку, ані суцяшэння: гэта цяжкае змаганне, але збаўленнае для вернай душы. Калі ты адкладзеш зброю, гэта значыць пакінеш свой ружанец, будзеш пераможаны. Тады, д’ябал, як пераможца тваёй вытрываласці, пакіне цябе ў спакоі, а потым папракне цябе ў дзень суду за тваю маладушнасць і нявернасць.  Qui  fidelis  est  in minimo et in majori fidelis erit: “Верны   ў   малым   і   ў   вялікім   верны.”[6] 

Той, хто верны ў тым, каб адкідваць самую маленькую няўважлівасць у найменшай частцы сваіх малітваў, будзе таксама верны ў вялікіх рэчах. Няма нічога больш пэўнага, таму што гэта сказаў Святы Дух. А таму адвагі, добры слуга і служабніца Езуса Хрыста і Святой Дзевы, якія вырашылі маліцца на Ружанцы кожны дзень. Няхай безліч мошак (я называю так няўвагу, якая ваюе з вамі, калі вы моліцеся), не зможа змусіць вас баязліва пакінуць супольнасць Езуса і Марыі, у якой вы знаходзіцеся, молячыся на Ружанцы. Ніжэй я напішу спосабы, каб зменшыць няўважлівасць.

 

Сорак чацвёртая Ружа [Як маліцца Ружанец]

[126] Спачатку памаліся да Духа Святога, каб добра адгаварыць Ружанец. Потым стань у прысутнасці Божай і ахвяруй дзесяткі Ружанца паводле спосабу, які ўбачыш ніжэй. 

Перад тым, як пачаць дзесятак, затрымайся на хвілінку, больш ці менш, у залежнасці ад таго, колькі маеш часу, каб увайсці ў таямніцу, якую молішся ў гэтым дзесятку, і заўсёды прасі ў таямніцы, праз заступніцтва Святой Дзевы, адну з цнотаў, якая найбольш прамянее ў гэтым дзясятку і якая найбольш табе патрэбная. 

Асабліва звярні ўвагу на тое, каб не рабіць дзвюх памылак, якія робяць амаль усе, хто моліцца Ружанец. Першая, яны не маюць ніякай інтэнцыі падчас ружанцовай малітвы; часта, калі іх спытаешся навошта яны адгаворваюць свой ружанец, яны не могуць адказаць. Таму, падчас ружанцовай малітвы, заўсёды май на ўвазе тое, каб выпрасіць якую-небудзь ласку, наследаваць якую-небудзь цноту, або знішчыць які-небудзь грэх.

Другую памылку робяць тады, калі пачынаюць Ружанец толькі з адной інтэнцыяй – хутчэй яго скончыць. Гэта здараецца тады, калі ружанец здаецца нейкім цяжарам, які ляжыць на нашых плячах у тым выпадку, калі мы яго не памаліліся; асабліва тады, калі з ружанца мы зрабілі нейкі маральны прынцып, або атрымалі ў якасці пакуты і насуперак нашай волі.

[127]  Шкода глядзець, як многія моляцца на ружанцы. Яны моляцца з такой дзіўнай паспешлівасцю, што нават паглынаюць палову словаў. Такім смешным чынам нельга ўшанаваць нават апошняга з людзей, а яны думаюць, што ўшануюць гэтым Езуса і Марыю!...

Ці можна пасля гэтага здзіўляцца, што самыя прыгожыя хрысціянскія малітвы амаль не прыносяць ніякіх плёнаў, і пасля тысячы і дзесяці тысячаў адгавораных Ружанцаў мы не становімся больш святымі? 

Спыні, дарагі сабрат у Ружанцы, сваю прыродную паспешлівасць, адгаворваючы Ружанец, зрабі некалькі прыпыненняў падчас Pater і Ave, і адно карацейшае прыпыненне пасля словаў Pater і Ave, дзе я паставіў крыжыкі. 

Ойча наш, каторы ёсць у небе + свяціся імя Тваё + прыйдзі валадарства Тваё + будзь воля Твая + як у небе, так і на зямлі +. Хлеба нашага штодзённага + дай нам сёння + і адпусці нам правіны нашы + як і мы адпускаем вінаватым нашым + і не ўводзь нас у спакусу + але збаў нас ад злога. Амэн +. 

Вітай, Марыя, поўная ласкі + Пан з Табою + блаславёная Ты паміж жанчынамі + і блаславёны плод улоння Твайго, Езус +. Святая Марыя, Маці Божая + маліся за нас грэшных, цяпер + і ў хвіліну смерці нашай. Амэн. +. 

Спачатку табе будзе вельмі цяжка з гэтымі медыянтамі з-за дрэннай прызвычаенасці хутка маліцца; але дзесятак, адгавораны не спяшаючыся, прынясе табе больш заслугаў, чым тысячы Ружанцаў, адгавораных з паспешлівасцю, без разважанняў і прыпыненняў.

[128] Блаславёны Алэн дэ ля Рош і іншыя аўтары, сярод іх Бэллярмэн, распавядаюць, што адзін добры святар параіў тром сваім пенітэнтам – тром сёстрам – кожны дзень, на працягу года, пабожна маліцца Ружанец, і не прапускаць ніводнага дня, каб ушанаваць Святую Дзеву прыгожай шатай хвалы; гэта таямніца, якую ён атрымаў з неба. Усе тры сястры маліліся кожны дзень увесь год. У свята Ахвяравання, вечарам, калі яны ляглі спаць, Святая Дзева, у суправаджэнні святой Кацярыны і святой Агнешкі, увайшла ў іх пакой. Яна была апранутая ў ззяючую святлом сукенку, на якой з усіх бакоў было напісана залатымі літарамі: Ave Maria gratia plena. Каралева неба падышла да ложка старэйшай з сясцёр і сказала ёй: “Вітаю, цябе, дачка мая, ты вітала Мяне так часта і так добра. Я прыйшла падзякаваць табе за такую прыгожую сукенку, у якую ты Мяне апранула.” 

Дзве святыя дзевы, якія былі з Ёй, таксама ёй падзякавалі і ўсе разам зніклі. 

Праз гадзіну, Святая Дзева, разам са сваімі  спадарожніцамі, зноў ўвайшла ў пакой. Яна была апранутая ў зялёную сукенку, але без залатых літараў і без ззяючага святла. Яна падышла да ложка другой сястры, падзякавала ёй за гэтую сукенку, ў якую яна Яе апранула, молячыся на ружанцы. Але, паколькі гэтая другая сястра бачыла, як Святая Дзева паказалася старэйшай сястры ў прыгaжэйшай аздобе, яна спыталася чаму. “Гэта таму, адказала Марыя, што яна саткала Мне прыгажэйшую вопратку, лепш адгаворваючы свой Ружанец, чым ты.”   

Недзе яшчэ праз гадзіну, Святая Дзева прыйшла трэці раз да самай малодшай сястры, апранутая ў вельмі брудныя парваныя лахманы. Яна сказала ёй: “О, дачка, так ты Мяне апранула, дзякуй табе.” 

Дзяўчына, засаромленая, ўсклікнула: “Як, мая Гаспадыня, як я магла так дрэнна Цябе апрануць. Прабач мяне. Я прашу Цябе даць мне яшчэ час, каб апрануць Цябе ў прыгажэйшае адзенне, лепш адгаворваючы Мой Ружанец.” Візія скончылася і самая малодшая сястра, вельмі засмучаная, расказала спаведніку аб тым, што здарылася. Ён заахвоціў сясцёр яшчэ год маліцца Ружанец з яшчэ большай стараннасцю, чым раней. Так яны і зрабілі. Праз год, у тое самае свята Ахвяравання, зноў аб’явілася Святая Дзева, у суправаджэнні святой Кацярыны і святой Агнешкі, якія неслі кароны. Яна была апранутая ў дзівосную сукенку. Марыя сказала сёстрам: “Будзьце ўпэўненыя, дачушкі Мае, заўтра вы ўвойдзеце ў Нябеснае Валадарства з вялікай радасцю.” На што ўсе тры адказалі: “Нашыя сэрцы гатовыя, дарагая Гаспадыня, нашыя сэрцы гатовыя.” Візія скончылася. У гэтую самую ноч яны дрэнна сябе адчулі і паслалі за спаведнікам. Яны прынялі апошнія сакрамэнты, потым падзякавалі свайму спаведніку за святое практыкаванне, якому ён іх навучыў. Пасля камплеты, Святая Дзева яшчэ раз ім аб’явілася, у суправаджэнні вялікай колькасці дзеваў, апранула трох сясцёр у белыя сукенкі, пасля чаго яны пайшлі ўсе разам, а анёлы ў гэты час спявалі: “Ідзіце, нявесты Езуса Хрыста, атрымайце кароны, якія Ён падрыхтаваў вам у вечнасці.”[7]  

Запамятайце некалькі праўдаў з гэтай гісторыі: 1) як важна мець добрых духоўных кіраўнікоў, якія вучаць святым пабожным практыкаванням, а асабліва святому Ружанцу;  2) як неабходна адгаворваць Ружанец уважліва і пабожна; 3) якая добрая і міласэрная Святая Дзева да тых, хто жалее за мінулае і робіць пастанову рабіць лепш; 4) як шчодра Яна ўзнагароджвае ў жыцці, смерці і вечнасці за маленькія паслугі, якія Ёй верна робяць.

 

Сорак пятая Ружа [Пакорная малітва Ружанца]

[129] Яшчэ дадам, што трэба маліцца Ружанец са сціпласцю, гэта значыць, наколькі магчыма, на каленях, малітоўна склаўшы рукі на грудзях, з ружанцам у руцэ. Аднак, калі нехта хворы, можна маліцца ў ложку; калі ў падарожжы, можна маліцца, ідучы; калі з-за праблем са здароўем нельга стаяць на каленях, можна маліцца стоячы або седзячы. Можна нават маліцца Ружанец, працуючы, калі нельга пакінуць сваю працу і трэба выконваць прафесійныя абавязкі, таму што можна спалучыць працу рук з вуснай малітвай.   

Я прызнаю, што нашая душа абмежаваная ў актыўнасці, калі яна засяроджаная на працы рук; тады яна менш уважлівая на дзейнасць духа, такую, як малітва; аднак, у выпадку неабходнасці, такая малітва мае сваю вартасць у вачах Святой Дзевы, якая ўзнагароджвае больш добрую волю сэрца, чым знешняе дзеянне.  

[130] Я раю вам раздзяліць Ружанец на тры часткі на тры розныя гадзіны дня; лепш яго падзяліць такім чынам, чым адгаварыць увесь адразу.   

Калі ты не можаш знайсці досыць часу, каб памаліцца нават адну частку, памаліся спачатку адзін дзесятак, потым другі і так далей. Такім чынам, нягледзячы на ўсе абавязкі і справы, ты памолішся ўвесь Ружанец перад тым, як пайсці спаць.   

Наслядуй у гэтым вернасць святога Францыска Сальскага. Аднойчы, вельмі стомлены рознымі наведваннямі на працягу дня, каля апоўначы ён узгадаў, што яму заставалася некалькі дзесяткаў Ружанца. Ён стаў на калені і памаліўся перад тым, як легчы спаць, нягледзячы на ўсё тое, што яму казаў яго душпастыр, які бачыў яго вельмі стомленым і жадаў прымусіць яго адкласці на заўтра рэшту дзесяткаў Ружанца, якія яму заставаліся. 

Наслядуйце таксама вернасць, сціпласць і пабожнасць гэтага святога манаха, пра якога распавядаюць хронікі святога Францыска, і які меў звычай, перад абедам, маліцца Ружанец з вялікай увагай і сціпласцю… Я пра яго ўжо пісаў.[8]  

 

Сорак шостая Ружа [Малітва на Ружанцы на два хоры]

[131] З усіх спосабаў малітвы Ружанца, самая хвалебная для Бога, самая збаўленная для душы і самая страшная для д’ябла, гэта яго спяванне або адгаворванне на два хоры.   

Бог любіць супольнасці. Усе анёлы і блаславёныя, сабраныя разам у небе, няспынна спяваюць Яму праслаўленні. Справядлівыя збіраюцца ў розныя супольнасці на зямлі і разам моляцца ўдзень і ўначы. Наш Пан спецыяльна параіў гэтае практыкаванне малітвы вучням і апосталам; Ён паабяцаў ім, што кожны раз, калі хаця б дзве ці тры асобы збяруцца ў Яго імя, Ён будзе сярод тых[9], што сабяруцца, каб маліцца ў Яго імя і чытаць тую самую малітву. Якое шчасце мець Езуса Хрыста сярод нас! Каб гэта атрымаць, досыць сабрацца разам, каб памаліцца Ружанец. Менавіта дзеля гэтага першыя хрысціяне збіраліся так часта, каб разам маліцца, нягледзячы на ўсе пераследы імператараў, якія забаранялі іх сходы.  Яны жадалі лепш быць перад абліччам смерці, чым не пайсці на сход супольнасці, дзе Езус прабываў сярод іх.

[132] Такі спосаб малітвы больш збаўленны для душы: 

1) таму што дух звычайна больш уважлівы ў супольнай малітве, чым у індывідуальнай; 

2) калі маліцца ў супольнасці, тады малітвы кожнай асобы становяцца агульнымі для ўсёй супольнасці і ствараюць адзіную малітву такім чынам, што калі нехта адзін моліцца не вельмі добра, другі, хто моліцца лепш, замяняе гэты недахоп. Моцны падтрымлівае слабога, гарачы запальвае халоднага, багаты ўзбагачае ўбогага, дрэнны пераходзіць да добрых. Як прадаць меру сарняку? Трэба ўсяго толькі змяшаць яго з чатырма або пяцю мерамі добрага збожжа; і ўсё прадана.   

3) Асоба, якая моліцца Ружанец індывідуальна, атрымлівае заслугу толькі свайго Ружанца; але, калі яна моліцца разам з трыццацю асобамі, атрымлівае заслугу трыццаці частак Ружанца. Гэта закон супольнай малітвы. Якое зерне! Якая перавага! 

4) Урбан VIII, які вельмі любіў, калі Ружанец маліліся на два хоры, у розных месцах Рыма, асабліва ў кляштары Мінэрвы[10], удзяліў сто дзён адпусту за кожны раз, калі вернікі будуць маліцца на два хоры: Toties  quoties.  Гэта словы з яго паслання Ad perpetuam rei memoriam 1626 года. Такім чынам, кожны раз, калі мы молімся Ружанец у супольнасці, мы атрымліваем сто дзён адпусту. 

5) Гэтая супольная малітва больш магутная ў тым, каб супакоіць Божы гнеў і прыцягнуць міласэрнасць, чым асабістая. Гэта асаблівая малітва і Касцёл, якога вядзе Святы Дух, карыстаўся ёй ва ўсе часы: у часы  бедстваў і ў часы грамадскіх няшчасцяў. 

Папа Грыгорый ХІІІ, абвяшчае ў сваёй булле, што трэба пабожна верыць у тое, што супольныя малітвы і працэсіі Брацтваў святога Ружанца вельмі дапамаглі выпрасіць у Бога вялікую перамогу хрысціянаў пад Лепанто над марскім войскам Туркаў у першую нядзелю кастрычніка 1571 года.

[133] Людвік Справядлівы, асаджаючы Ля Рашэль, дзе збунтаваныя ератыкі зграмадзілі свае ўмацаванні, напісаў да сваёй маці каралевы і папрасіў распачаць публічную малітву ў інтэнцыі перамогі яго войскаў. Каралева вырашыла публічна маліцца на Ружанцы ў касцёле братоў прапаведнікаў у прадмесці Святога Ганарата ў Парыжы. Малітва была арганізаваная намаганнямі Мансеньёра арцыбіскупа. Набажэнства распачалі 20 мая 1628 года. Каралева-маці і дзейсная каралева таксама прыехалі туды, разам з Мансеньёрам графам Арлеанскім, кардыналамі Ля Рошфуко і дэ Бэрюлем, шматлікімі пралатамі, усім дваром і велічнай колькасцю народу. Мансеньёр арцыбіскуп гучна чытаў разважанні над таямніцамі Ружанца, потым пачынаў Pater і Ave кожнага дзесятка, а манахі разам з прысутнымі адказвалі; пасля Ружанца ў працэсіі панеслі вобраз Святой Дзевы, спяваючы літанію ў Яе гонар.   

Працягвалі набажэнства кожную суботу з незвычайнай палкасцю і вялікім блаславенствам неба, таму што кароль перамог брытанцаў на востраве Рэ і пераможна ўвайшоў у Ля Рашэль у свята Ўсіх Святых таго ж года. Гэты прыклад паказвае якую моц мае супольная публічная малітва.

[134] Нарэшце, Ружанец, які моляцца ў супольнасці, вельмі страшны для дэмана, таму што такім чынам ён становіцца арміяй, якая яго атакуе. Часам злы дух можа вельмі лёгка перамагчы малітву аднаго чалавека, але, калі той з’яднаны ў малітве з іншымі, яму гэта вельмі цяжка зрабіць. Яму лёгка зламаць адзін пруцік, але, калі вы далучыце яго да іншых і зробіце з іх цэлы пук, яго нельга будзе зламаць.  Vis unita fit fortior[11]. Жаўнеры збіраюцца ў войска, каб змагацца з ворагамі; злачынцы часта яднаюцца, каб чыніць распусту і танцаваць; дэманы таксама аб’ядноўваюцца, каб нас знішчыць; чаму ж хрысціяне не маглі б сабрацца разам, у прысутнасці Езуса Хрыста, каб супакоіць Божы гнеў, каб выпрасіць у Яго ласку і Яго міласэрнасць, і каб перамагчы і скінуць дэманаў? 

Дарагія браты ў Ружанцы, калі вы жывяце ў горадзе або вёсцы, не далёка ад парафіяльнага касцёла або капліцы, хадзіце туды хаця б кожны вечар, з дазволу настаяцеля гэтай парафіі і разам з тымі, што жадаюць прыходзіць і маліцца Ружанец на два хоры; рабіце тое самае ў сябе дома або ў іншага жыхара вашай мясцовасці, калі ў вас няма магчымасці часта хадзіць у касцёл або капліцу.  

[135] Гэта святое практыкаванне, якое Бог, дзякуючы сваёй міласэрнасці, устанаваіў у месцах, дзе я праводзіў місіі, каб захаваць і паможыць іх плёны, а таксама перашкодзіць памнажэнню граху. Да таго, як у гэтых месцах пачалі маліцца Ружанец, там былі толькі танцы, распуста, сваркі, плёткі, падзелы; там можна было пачуць толькі бессаромныя спевы і дрэнныя словы. Цяпер там чуваць толькі псалмы і спяванне Pater і Ave; там відаць толькі святыя сходы з 20, 30, 100 чалавек і больш, якія, як манахі, славяць Бога ў вызначаныя гадзіны.  

Ёсць нават месцы, дзе штодзённа адгаворваюць Ружанец тры разы ў дзень. Якое ж вялікае блаславенства неба! Але, паколькі паўсюль ёсць злыя людзі, нават не сумнявайцеся, што ў вашых мясцовасцях таксама знойдуцца зласліўцы, якія не захочуць прыходзіць на Ружанец, якія будуць зласловіць і зробяць усё магчымае, словамі і дрэннымі прыкладамі, каб перашкодзіць вам практыкаваць гэтае святое практыкаванне. Але трымайцеся. Паколькі гэтыя няшчасныя назаўсёды будуць адлучаныя ад Бога і Яго раю ў пекле, трэба, каб тут яны спачатку былі адлучаныя ад супольнасці Езуса Хрыста і яго слугаў.  

 

Сорак восьмая Ружа [Штодзённа маліцца Ружанец з верай, пакорай і даверам. Неабходнасць малітвы]

[136] Народ Божы, прызначаныя душы, адлучыцеся ад зласліўцаў, а каб пазбегнуць і ўратавацца ад асяроддзя тых, што асуджаюць сябе на вечныя цярпенні сваёй бязбожнасцю, нядбаласцю і марнасцю, не губляйце часу, часта маліцеся Ружанец з верай, пакорай, даверам і вытрываласцю. Па-першае, той, хто ўсім сэрцам адкажа на прыказанне Езуса Хрыста няспынна маліцца па Яго прыкладзе, хто ўсвядоміць вялікую патрэбу, якую мы маем у малітве з-за нашай цемры, няведання, слабасці і вялікай колькасці нашых грахоў, напэўна не задаволіцца малітвай Ружанца толькі раз у год, як патрабуе Брацтва вечнага Ружанца, ні адзін раз у тыдзень, як прадпісвае звычайны Ружанец, але будзе маліцца кожны дзень, не прапускаючы, як прадпісвае штодзённы Ружанец. Няма ў гэтым іншай мэты акрамя нашага збаўлення.

Oportet трэба, неабходна semper orare: заўсёды маліцца et non deficere і не стамляцца.[12]

[137] Гэта вечныя словы Езуса Хрыста, у якія трэба верыць і практыкаваць, таму што інакш нам пагражае вечнае асуджэнне.

Патлумач іх сабе, як табе падабаецца, толькі не тлумач паводле сучаснай моды, каб не практыкаваць толькі паводле моды. Езус Хрыстус даў нам праўдзівае тлумачэнне ў прыкладах, якія Сам нам пакінуў: Exemplum dedi vobis ut quemadmodum ego feci, ita et vos faciatis.[13] Erat pernoctans in oratione Dei.[14] Езус маліўся ноччу так, як бы Яму не хапала для малітвы ўсяго дня. 

Ён часта паўтараў сваім апосталам гэтыя два словы: Vigilate et orate. Чувайце і маліцеся.[15] Цела немачнае, а спакуса блізкая і няспынная. Калі вы не будзеце ўвесь час маліцца, вы не вытрываеце. Праўдападобна, апосталы думалі, што словы Езуса былі толькі парадай, яны памылкова зразумелі Яго словы, таму паддаліся спакусе і зграшылі, хоць і былі разам з Езусам.  

[138] Калі ты хочаш, дарагі брат, жыць паводле моды і быць асуджаным паводле моды, гэта значыць час ад часу чыніць смяротны грэх, а потым ісці спавядацца, пазбягаць непрыстойных і вялікіх грахоў і пры гэтым захоўваць вонкавую прыстойнасць[16], табе няма патрэбы столькі маліцца, адгаворваць столькі Ружанцаў. Караценькая малітва ранкам і ўвечары, некалькі частак Ружанца, дадзеных за пакуту, некалькі дзесяткаў “Вітай, Марыя” паспешліва адгавораных, калі на гэта прыйдзе ахвота, і больш не трэба, каб быць прыстойным чалавекам. Калі б ты маліўся менш, пра цябе маглі б падумаць, што ты распуснік; калі б маліўся больш, маглі б падумаць, што ты фанатык і ханжа.

[139]  Аднак, калі, як добры хрысціянін, які хоча сапраўды ўратавацца і наследаваць святых, ты не жадаеш рабіць смяротнага граху, знішчыць усе пасткі і згасіць усе палаючыя стрэлы д’ябла, табе трэба маліцца так, як навучыў і загадаў Езус Хрыстус.   

Такім чынам, трэба, каб ты маліўся свой Ружанец кожны дзень, або прынамсі іншыя падобныя малітвы.

Кажу табе таксама, што праз штодзённы Ружанец ты зможаш зрабіць усё, а менавіта: пазбегнуць усіх смяротных грахоў і перамагчы ўсе спакусы сярод патокаў несправядлівасці свету, якія часта адольваюць нават самых упэўненых, сярод густой цемры, якая часта асляпляе самых прасветленых; сярод злых духаў, вельмі дасведчаных, як ніколі, якія маюць мала часу на тое, каб спакушаць, спакушаюць мацней і хітрэй.

O! Якая ж вялікая павінна быць ласка Ружанца, калі з яго дапамогай табе ўдаецца ўцячы ад свету, д’ябла, плоці і граху і атрымаць вечнае збаўленне ў небе!

[140]  Калі ты не хочаш паверыць мне, павер свайму ўласнаму досведу. Пытаю цябе, ці, адгаворваючы толькі некалькі малітваў, прынятых паўсюдна ў свеце, і так, як гэта звычайна робяць, мог бы ты пазбегнуць цяжкіх памылак і паважных грахоў, якія табе здаваліся лёгкімі з-за твайго асляплення?  Адкрый свае вочы. Каб жыць і памерці без граху, хаця б смяротнага, заўсёды маліся; кожны дзень маліся Ружанец, як гэта рабілі раней у Брацтве.  Калі Святая Дзева дала Ружанец святому Дамініку, то загадала маліцца яго кожны дзень. І святы не прымаў нікога ў Брацтва без пастанаўлення рабіць гэта кожны дзень. І калі сёння ў Брацтве звычайнага Ружанца прадпісана ружанцовая малітва Ружанца раз у тыдзень, то гэта таму што паменшыўся рэлігійны запал, а любоў пахаладзела: патрабуецца роўна столькі, колькі можна выцягнуць з дрэннага малітвеніка. Non fuit ab initio sic.[17]

Тут трэба заўважыць тры рэчы.

[141] Першая, калі ты жадаеш далучыцца да Брацтва штодзённага Ружанца і ўдзельнічаць у малітвах і заслугах тых, што да яго належаць, не досыць толькі ўступіць у Брацтва звычайнага Ружанца або толькі прыняць рашэнне штодзённа адгаворваць свой Ружанец. Трэба яшчэ падаць сваё імя тым, хто прымае ў Брацтва. А таксама добра паспавядацца і прыняць Камунію ў гэтай інтэнцыі, па той прычыне, што звычайны Ружанец не ўключае штодзённага Ружанца, а штодзённы Ружанец не ўключае звычайнага Ружанца.   

Другая рэч, на якую трэба звярнуць увагу, гэта тое, што няма абсалютна ніякага граху, нават лёгкага, калі не памолішся Ружанец кожнага дня, кожную нядзелю, кожны год.

Трэцяя, калі хвароба, абавязкі па паслухмянасці, або нейкая патрэба, або ненаўмысная забыўчасць сталі прычынай таго, што ты не змог адгаварыць свой Ружанец, ты ўсё роўна карыстаешся яго заслугамі і ўсё роўна прымаеш удзел у ружанцовай малітве дзякуючы іншым брацтвам; таму зусім няма патрэбы ў тым, каб наступнага дня адгаварыць два Ружанцы, каб такім чынам навярстаць тое, што не памаліўся, як я думаю, не па сваёй волі. Калі, аднак, хвароба дазваляе табе маліцца адну частку Ружанца, ты павінен яе памаліцца. Beati qui stant coram te semper.[18] Beati qui habitant in domo tua, Domine, in saecula saeculorum laudabunt te.[19] Блаславёныя, Пане Езу, сабраты штодзённага Ружанца, якія кожны дзень збіраюцца ў тваім маленькім доме ў Назарэце, вакол Твайго крыжа на Кальварыі, вакол Твайго трону ў небе, каб кантэмпляваць і разважаць над радаснымі, балеснымі і хвалебнымі таямніцамі. Якія ж яны шчаслівыя на зямлі дзякуючы асаблівым ласкам, якія Ты ім удзяляеш, і якія ж блаславёныя яны будуць у небе, дзе будуць асаблівым чынам Цябе праслаўляць праз усе вякі.  

[142] Па-другое, трэба маліцца Ружанец з верай, паводле словаў Езуса Хрыста: Credite quia accipietis et fiet vobis. Верце, што вы атрымаеце ад Бога тое, што просіце, і Ён вас выслухае[20]. Ён скажа вам: Sicut credidisti,  fiat  tibi. Няхай вам будзе паводле вашай веры.[21] Si  quis  indiget  sapientia,  postulet  a  Deo;  postulet autem in fide nihil haesitans. Калі нехта мае патрэбу ў мудрасці, няхай просіць у Бога з верай, без сумневаў, молячыся Ружанец, і яна будзе вам дадзеная.[22]

[143] Па-трэцяе, трэба маліцца з пакорай, як мытнік; ён двума каленамі стаяў на зямлі, а не адным каленам у паветры, а другім на скамейцы, як ганарліўцы гэтага свету; ён стаяў на парозе святыні, а не ў глыбіні санктуарыя, як фарысей; ён стаяў з апушчанымі вачыма, не асмельваючыся паглядзець у неба, і не з паднятай галавой, спаглядаючы ўлева і ўправа, як фарысей; ён біў сябе ў грудзі, прызнаючы сябе грэшнікам і просячы прабачэння:  Propitius  esto  mihi peccatori[23], а не як фарысей, які хваліўся сваімі добрымі справамі і пагарджаў іншымі ў сваіх малітвах. Асцерагайцеся ганарлівай малітвы фарысея, якая зрабіла яго больш зацвярдзелым і годным асуджэння; але наслядуйце мытніка ў яго малітве дзякучы якой ён выпрасіў прабачэнне сваіх грахоў. 

Асцерагайся жадаць і прасіць  надзвычайных ведаў, візіяў, аб’яўленняў і іншых незвычайных ласкаў, якія Бог некалі ўдзяліў святым падчас  малітвы на Ружанцы.  Sola fides sufficit: досыць самой веры, асабліва цяпер, калі Евангелле і іншыя набажэнствы і пабожныя практыкаванні досыць добра растлумачаныя.   

Не пакідай нават самай маленькай часткі свайго Ружанца, калі ў сэрцы адчуваеш сухасць, нясмак і ўнутраную пакінутасць; гэта было б азнакай ганарлівасці і нявернасці; але як добры пераможца Езуса і Марыі, нічога не бачучы, не адчуваючы і не смакуючы, прамаўляй у сухасці свае Pater і Ave, як мага лепш углядаючыся ў таямніцы.   

Не жадай дзіцячых цукерак і варэнняў, каб есці свой штодзённы хлеб; наслядуй лепш Езуса Хрыста ў яго малітве ў Садзе Аліўным, працягвай малітву на Ружанцы, калі адчуеш, што табе стала цяжэй яго маліцца: Factus in agonia prolixius orabat[24], каб пра цябе можна было сказаць тое, што сказана пра Езуса Хрыста, які маліўся перад смерцю: “Ён яшчэ больш маліўся.”

[144] Па-чацвёртае, маліцеся з вялікім даверам, які абапіраецца на дабрыню і бязмежную міласэрнасць Бога, а таксама на абяцанні Езуса Хрыста. Бог з’яўляецца крыніцай жывой вады, якая няспынна цячэ ў сэрцы тых, што моляцца. Езус Хрыстус з’яўляецца грудзямі спрадвечнага Айца, поўнымі малака ласкі і праўды. Самае вялікае жаданне спрадвечнага Айца адносна нас – гэта даць нам збаўленную ваду Яго ласкі і Яго міласэрнасці. Таму Ён кліча: Omnes sitientes venite ad aquas[25]: Прыходзьце піць Маю ваду праз малітву. А, калі мы не молімся, Ён скардзіцца, што мы Яго пакідаем: Me dereliquerunt fontem aquae vivae[26]. Мы прыносім вялікую радасць Езусу Хрысту, калі просім Яго аб ласках. Для Езуса гэта нават большая радасць, чым для маці карміліцы, чые грудзі поўныя малака, калі яе папрасіць выкарміць дзіця. Малітва – гэта канал Божай ласкі і любові Езуса Хрыста. Калі мы не звяртаемся да Яго ў малітве, як павінны рабіць усе дзеці Божыя, Ён з любоўю скардзіцца: Usque nodo non petistis quidquam, petite et accipietis, quaerite et invenietis, pulsate et aperietur vobis. Вы яшчэ ні аб чым Мяне не папрасілі. Прасіце і Я дам вам, шукайце ў Мяне і знойдзеце, стукайце ў мае дзверы і Я адчыню вам.[27] Больш таго, каб павялічыць наш давер і заахвоціць маліцца да Яго, Ён сказаў, што спрадвечны Айцец дасць усё, аб чым мы Яго папросім у Яго імя.[28]

 

Сорак восьмая Ружа [Вытрывайма ў пабожнай малітве Ружанца]

[145] На пятым месцы дадамо да нашага даверу вытрываласць у малітве. Толькі той, хто будзе вытрывалым у тым, каб прасіць, шукаць і стукаць, той атрымае, знойдзе і ўвойдзе. Не досыць прасіць якія-небудзь ласкі ў Бога на працягу месяца, года, дзесяці год, дваццаці год; не трэба стамляцца і знеахвочвацца: et non deficere. Трэба прасіць ажно да смерці і мець цвёрдую ўпэўненасць, што або выпрасіш у Бога тое, што патрэбна для збаўлення, або памрэш. Але часам нават трэба спалучыць смерць з вытрываласцю ў малітве і даверам Богу і сказаць: Etiam si occident me, sperabo in eum. Нават, калі б Ён жадаў мяне забіць[29], я буду спадзявацца на Яго і атрымаю ад Яго тое, аб чым прашу.

[146] Шчодрасць вялікіх і багацеяў гэтага свету, здаецца, папярэджвае сваімі добрымі ўчынкамі патрабуючых яшчэ да таго, як яны іх папросяць. Але Бог, наадварот, праяўляе сваю дабразычлівасць ў тым, што Ён дазваляе доўга шукаць і прасіць аб ласках, якія Ён жадае ўдзяліць, і чым ласка каштоўнейшая, тым больш Ён чакае, каб яе даць: 

1) каб праз гэта яшчэ больш яе павялічыць; 

2) каб асоба, якая яе атрымае, больш яе цаніла; 

3) каб яна імкнулася не згубіць яе пасля таго, як яе атрымае; таму што звычайна мы мала цэнім тое, што атрымалі вельмі хутка і невялікім коштам.

Таму вытрывай, дарагі брат у Ружанцы, у тым, каб прасіць у Бога праз святы Ружанец ва ўсіх сваіх патрэбах духоўных і цялесных, а асабліва прасіць боскай Мудрасці, якая з’яўляецца бязмежным скарбам: Thesaurus est infinitus[30], і ты абавязкова, раней ці пазней, Яе атрымаеш, з умовай, што ты ніколі Яе не пакінеш і не знеахвоцішся падчас бегу. Grandis enim tibi restat via.[31] 

Таму што цябе чакае яшчэ доўгі шлях, якія трэба прайсці; шмат цяжкіх часоў, якія трэба перажыць; шмат цяжкасцяў, які трэба перадолець; шмат ворагаў, якіх трэба перамагчы. Перад тым, як ты назбіраеш скарбаў для вечнасці, табе трэба адгаварыць шмат Paterі Ave”, каб набыць неба і заваяваць карону, якая чакае вернага брата Ружанца. 

Nemo accipiat coronam tuam.[32] Асцерагайся, каб нехта іншы, больш верны за цябе ў штодзённай малітве Ружанца, не адабраў яе ў цябе. Coronam tuam[33]: яна была твая, Бог яе лдя цябе падрыхтаваў, яна была твая, ты яе амаль заваяваў праз добра адгавораныя Ружанцы. Аднак, паколькі ты спыніўся на гэтым шляху, па якім так добра бег[34], нехта іншы цябе апярэдзіў і прыйшоў першым; нехта іншы, больш старанны і верны, здабыў і заплаціў сваімі Ружанцамі і добрымі ўчынкамі тое, што было патрэбнае, каб мець гэтую карону.   

Quid  vos  impedivit?[35]: Хто ж табе перашкодзіў атрымаць карону святога Ружанца? Нажаль! Гэта ворагі святога Ружанца, якіх вельмі шмат.  

[147] Вер мне, толькі гвалтоўныя асобы здабываюць яе сілай: Violenti rapiunt[36]. Гэтыя кароны не для нясмелых, якія баяцца здзекванняў і пагрозаў свету. Гэтыя кароны не для тых ляніўцаў і марнатраўцаў, якія моляцца свой Ружанец нядбала або занадта хутка, або для супакаення сумлення, або час ад часу, або толькі, калі ёсць жаданне. Гэтыя кароны не для тых баязліўцаў, якія губляюць энтузіязм і складаюць зброю, калі бачаць, што ўсё пекла апалчылася супраць іх Ружанца. 

Калі ты хочаш, дарагі брат у Ружанцы, служыць Езусу і Марыі, молячыся Ружанец кожны дзень, падрыхтуй сваю душу да спакусаў: Accedens  ad  servitutem  Dei,  praepara  animam  tuam  ad tentationem.[37] Ератыкі, распуснікі, уплывовыя гэтага свету, павярхоўна пабожныя, а таксама ілжывыя прарокі, выкарыстоўваючы тое, што ў табе ёсць сапсаванага, разам з усім пеклам, аб’явяць табе страшную вайну, каб прымусіць цябе пакінуць гэтае практыкаванне.  

[148] Каб ты мог забяспечыць сябе супраць атакаў, не столькі ератыкоў і аб’яўленых распуснікаў, колькі ад прыстойных гэтага свету, а нават пабожных асобаў, якім гэтае набажэнства не падыходзіць, я тут прывяду прыклад толькі маленькай часткі таго, што яны думаюць і кажуць кожны дзень. 

Quid vult seminiverbius ille?[38] Venite, opprimamus eum[39], contrarius est enim[40]: “Што хоча сказаць гэты вялікі шанавальнік Ружанца, што ён увесь час бармоча? Якое ж гэта марнатраўства! Ён нічога не робіць, толькі брынчыць ружанцам. Лепш бы пайшоў працаваць, а не бавіўся ў святошу. Канешне!... Маліся на Ружанцы і ўсё гатовае ўпадзе з неба; Ружанец прыгатуе ежу на абед. Бог кажа: “Дапамажы сабе і Я табе дапамагу”. Навошта столькі маліцца? Brevis oratio penetrat coelos[41]; un Pater et un Ave bien dits suffisent. Бог не сказаў нам маліцца на Ружанцы. Гэта добра, калі ёсць час, але мы збавімся і бяз гэтага. Колькі ёсць святых, якія ніколі не маліліся Ружанца?   

Ёсць асобы, якія судзяць увесь свет па сваіх мерках. Ёсць нетактоўныя людзі, якія вельмі перабольшваюць; ёсць такія, якія пакутуюць ад скрупулёзнасці і бачаць грэх там, дзе яго няма; яны кажуць, што тыя, хто не моліцца Ружанца, будуць асуджаныя.   

Адгаворваць свой Ружанец – гэта добра для неадукаваных жанчынак, якія не ўмеюць чытаць. Адгаворваць Ружанец? Ці не лепш памаліцца Афіцый да Святой Дзевы або прачытаць сем псалмоў? Ці ёсць нешта прыгажэйшага за гэтыя псалмы, якія прадыктаваў Святы Дух? 

Ты зрабіў пастанову кожны дзень маліцца Ружанец; гэта ўсё саламяны запал і доўга не працягнецца; ці не лепш было выбраць карацейшую малітву і быць гэтаму верным?  Ідзі, мой дарагі сябра, вер мне, добра маліся раніцай і вечарам і працуй для Бога на працягу дня, большага Ён ад цябе не патрабуе. Калі б не трэба было зарабляць на жыццё, тады яшчэ можна было б маліцца Ружанец; ты можаш маліцца яго ў нядзелю і ў святы, калі маеш выходны, але не ў працоўныя дні, калі трэба працаваць. 

Што! Такі вялікі бабскі ружанец! Я бачыў такі самы, але на адзін дзесятак, ён мае такую самую вартасць, што і на пятнаццаць.  

Што! Насіць Ружанец на пасе, якое ханжаства; раю табе павесіць яго на шыі, як робяць гішпанцы; яны вялікія шанавальнікі Ружанца, яны трымаюць вялікі ружанец у адной руцэ, нават калі ў другой – кінжал, каб нанесці здрадны ўдар. Пакінь, пакінь свае вонкавыя набажэнствы, сапраўднае набажэнства – у сэрцы… і гэтак далей.”

[149] Шмат таленавітых асобаў і вялікіх дактароў, але з цвёрдымі і ганарлівымі сэрцамі, ніколі не параюць табе Ружанца. Наадварот, яны параюць табе хутчэй прачытаць сем пакутных псалмоў або некалькі іншых малітваў, але не Ружанец. Калі нейкі добры спаведнік вызначыў табе за пакуту маліцца Ружанец пятнаццаць дзён або адзін месяц, ты можаш пайсці паспавядацца да аднаго з гэтых спадароў, каб твая пакута была змененая на якія-небудзь іншыя малітвы, пост, удзел у Імшы або ахвяру. 

Калі ты пытаешся парады ў якой-небудзь асобы, якая вельмі шмат моліцца, але не ведае з уласнага досведу дзівоснасці Ружанца, яна не толькі нікому яго не параіць, а наадварот, будзе знеахвочваць іншых, каб кіраваць хутчэй да кантэмпляцыі; так, як бы Ружанец і кантэмпляцыя былі несумяшчальныя; так, як бы столькі святых, якія вельмі любілі Ружанец, не дасягнулі вышэйшай ступені кантэмпляцыі.  

Твае ўкрытыя ворагі будуць цябе атакаваць нават унутры цябе. Я кажу пра моцы тваёй душы і пачуцці твайго цела, няўважлівасць духа, ворагі волі, сухасць сэрца, стомленасць і хваробы цела, усе гэта, разам са злымі духамі, якія ў гэта ўмяшаюцца, будуць табе крычаць: “Пакінь свой Ружанец, гэта ён дае табе гэты галаўны боль; кінь свой Ружанец, гэта зусім неабавязкова і ты не ўчыніш ніякага граху; памаліся толькі адну частку, твае клопаты – гэта знак таго, што Бог не жадае, каб ты яго маліўся, ты памолішся заўтра, калі будзеш лепш сябе адчуваць, і гэтак далей.”

[150] Нарэшце, мой дарагі брат, у штодзённага Ружанца так шмат ворагаў, што я сапраўды бачу ў гэтым азнакі прыхільнасці Бога, асабліва, калі мы атрымаем ласку, вытрываць у гэтай малітве да самай смерці.

Трывай у ружанцовай малітве і ты атрымаеш цудоўную карону, якая падрыхтаваная ў небе за тваю вернасць: Esto  fidelis usque ad mortem et dabo tibi coronam.[42]

 

Сорак дзевятая Ружа [Заўвагі наконт адпустаў]

[151] Дзеля таго, каб, молячыся на Ружанцы, ты мог атрымаць адпусты, удзеленыя Брацтвам святога Ружанца, трэба звярнуць увагу на некалькі заўвагаў наконт адпустаў.[43] 

Агульна, адпуст – гэта адпушчэнне або памяншэнне часовай кары за ўчыненыя грахі. Гэта адбываецца дзякуючы бязмежным заслугам Езуса Хрыста, Святой Дзевы і ўсіх святых, якія захоўваюцца ў скарбах Касцёла. 

Поўны адпуст – гэта адпушчэнне ўсялякай кары за грахі; частковы адпуст, напрыклад 100, 1000 гадоў, або больш ці менш, гэта адпушчэнне кары  за грахі, за якія трэба было б цярпець сто або тысячу гадоў, згодна з вызначанай пакутай паводле старых канонаў Касцёла. Гэтыя каноны за адзін смяротны грэх устанаўлівалі сем, часам дзесяць і пятнаццаць гадоў цярпенняў. Такім чынам, калі чалавек учыніў дваццаць смяротных грахоў, павінен быў цярпець па меншай меры сем разоў па дваццаць гадоў і гэтак далей.  

[152] Дзеля таго, каб браты Ружанца атрымалі адпуст, трэба: па-першае, мець сапраўдны жаль за грахі, паспавядацца і прыняць св. Камунію, як напісана ў буллах пра адпусты; па-другое, не мець прывязанасці да ніводнага лёгкага граху, таму што, калі застаецца прывязанасць, застаецца таксама віна, і кара не будзе адмененая; па-трэцяе, трэба, каб яны маліліся і рабілі добрыя ўчынкі, як напісана ў булле; і, калі, згодна з інтэнцыяй папаў, можна атрымаць частковы адпуст, напрыклад 100 гадоў, не атрымоўваючы поўнага, не заўсёды трэба спавядацца і прымаць св. Камунію. Такі адпуст звязаны з малітвай на Ружанцы, з працэсіямі, з рознымі вяночкамі і г.д. Не пагарджайце гэтымі адпустамі.

[153] Фламэн і шмат іншых аўтараў распавядаюць, што Аляксандра, маладая жанчына з добрай сям’і, пасля таго, як цудоўна навярнулася і была прынятая ў Брацтва святога Ружанца святым Дамінікам, прыйшла да яго пасля сваёй смерці і сказала, што яна была асуджаная на семсот гадоў чысца за некалькі сваіх грахоў, якія яна ўчыніла, а таксама за грахі іншых, якія яны ўчынілі з-за яе свецкіх марнасцяў. Яна прасіла яго дапамагчы ёй і аблегчыць яе цярпенні сваімі малітвамі і малітвамі братоў святога Ружанца, што ён і зрабіў. Праз пятнаццаць дзён яна аб’явілася святому Дамініку, ззяючая ярчэй за сонца, і сказала, што яна была хутка вызваленая ад кары дзякуючы малітвам братоў святога Ружанца, якія за яе маліліся.  

Яна сказала таксама святому, што прыйшла ад душаў з Чысца, каб папрасіць працягваць распаўсюджваць Ружанец, а таксама, каб іх сваякі маліліся за іх на Ружанцы. Аднойчы, калі яны атрымаюць вечную хвалу, яны змогуць вельмі шчодра ім за гэта аддзячыць.[44]

[154] Каб зрабіць для цябе больш лёгкім практыкаванне святога Ружанца, вось некалькі спосабаў, каб яго свята маліцца ў спалучэнні з разважаннямі над радаснымі, балеснымі і хвалебнымі таямніцамі Езуса і Марыі. Выбяры сабе той, якая табе больш даспадобы: ты таксама сам можаш прыдумаць які-небудзь іншы спосаб, як зрабілі некаторыя святыя.[45]



[1] Пар. Сір 15, 9: “Не ёсць прыгожая пахвала ў вуснах грэшніка.”

[2] Марк 7, 6: “Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад Мяне.”

[3] Яр 48, 10: “Пракляты, хто спаўняе справу Госпада нядбала!”

[4] Chronica Virginis, anno 1235.

[5] "Усялякая няўважлівасць, добра пераадоленая, не шкодзіць нам, а наадварот, павялічвае нашыя заслугі i прыспешвае нашыя поспехі ў добрым". (Дон Леходэй, “Шляхі малітвы”).

[6] Пар. Лк 16, 10.

[7] J. A. Coppestein, B. F. “Alani redivivi tractatus mirabilis”, c.70.

[8] Гл. Сёмую Ружу.

[9] Пар. Мц 18,19: “Таксама кажу вам, калі двое з вас пагодзяцца на зямлі аб якой-колечы рэчы, чаго б яны ні папрасілі, будзе ім да Айца Майго, Які ёсць у небе.”

[10] Базіліка Santa Maria Sopra Mineroa Minevra.

[11] Еднасць – гэта моц.

[12] Пар. Лк 18, 1: “Заўсёды трэба маліцца і не кідацца ў роспач.”

[13] Ян 13,15: “Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі,  як  Я  зрабіў  вам.

[14] Лк 6,12: "Правёў  усю  ноч  у  малітве  да Бога."

[15] Мц 26,41.

[16] Або тымі, з-за чыіх паводзінаў свет не абураецца.

[17] “Не так было на пачатку”.

[18] Пар. 1Вал 10,8: “Шчаслівыя тыя, якія стаяць заўсёды перад Табою.”

[19]  Пс 83,5: “Шчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім: век будуць яны славіць Цябе.”

[20] Пар. Мк 11, 24.

[21] Пар. Mц 8,13.

[22] Пар. Якуб 1, 6: “ Але  няхай  просіць  з  вераю  і  не сумняваецца,  бо  той,  хто  сумняваецца,  падобны  да  марской  хвалі,  якую ўздымае  і  кідае  вецер.”

[23] Лк 18, 13: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”.

[24] Лк 22, 43: “І з’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго.”

[25] Пар. Іс 55, 1: “Усе сасмаглыя, прыйдзіце да вады.”

[26] Яр 2, 13: “…пакінулі мяне, крыніцу жывой вады.”

[27] Ян 16,24: “Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё.” ; Mц 7,7: “Прасіце і будзе вам дадзена. Шукайце і знойдзеце. Стукайце і адчыняць вам.”

[28] Ян 16, 23: “…калі што будзеце прасіць Айца у імя Маё, дасць вам.”

[29] Пар. Еў 13,15.

[30] Мудр 7, 14: “Яна бо вялікі скарб для тых, хто яе набыў.”

[31] Пар. 1Вал 19,7: “…бо вялікая дарога ў цябе наперадзе.”

[32] Aп 3,11: “…каб ніхто не забраў твайго вянка.”

[33] Твая карона.

[34] Пар. Гал 5, 7: “Вы  беглі  добра…” 

[35] Пар. Гал 5,7: “…і  хто  ж  перашкодзіў  вам  быць  паслухмянымі  праўдзе?”

[36] Пар. Мц 11,12: “Валадарства  Нябеснае  здабываецца  сілай,  і

гвалтоўныя  людзі  захопліваюць  яго.”

[37] Пар. Сір 2, 1: “Сыне, прыступаючы служыць Богу,…, загартуй душу сваю на выпрабаванні.”

[38] Дз 17,18: “Што  хоча  сказаць  гэты пустаслоў?”

[39] Вых 1,10: “Прыходзьце, давайце разумна абыдземся з ім.”

[40] Мудр 2,12: “…ён нам невыгодны.”

[41] Kароткія малітвы прасякваюць неба.

[42] Aп 2,10: “Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянок жыцця.”

[43] Адпуст – гэта дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана. Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах, для сябе самога або для памерлых, праз паслугу Касцёла, які, як той, хто раздае ласкі адкуплення, размяркоўвае скарб заслугаў Хрыста і святых (КККК 312, стар.110).

[44] Cavanac, Merveilles du Saint Rosaire, ch. 8 ; CN p. 196.

[45] У рукапісе няма Пяцідзесятай Ружы. Магчыма гэта па няўважлівасці аўтара, або гэтай апошняй ружай ён лічыў два спосабы малітвы на ружанцы, якія ідуць далей?