Міласэрнасць Святой Дзевы да Яе верных слугаў з любові

   [201] Вось учынкі міласэрнасці Святой Дзевы, найлепшай з усіх маці, што Яна робіць для Сваіх верных слугаў, якія па прыкладзе Якуба цалкам ахвяраваліся Ёй.

      Марыя любіць сваіх нявольнікаў

   «Ego diligentes me diligo» («Я люблю тых, што мяне любяць»).

   Марыя іх любіць: 1) таму што Яна іх сапраўдная Маці, а маці заўсёды любіць сваё дзіця, плод свайго улоння; 2) Яна іх любіць з удзячнасці, таму што яны любяць Яе, як сваю добрую Маці; 3) Яна іх любіць, таму што яны абраныя, і іх любіць Бог: «Jacob dilexi, Esaü autem odio habui», 4) Яна іх любіць, таму што яны цалкам прысвяцілі сябе Ёй, і цяпер яны частка Яе і Яе спадчыны: «In Israel hœréditare».

   [202] Яна любіць іх больш пяшчотна, чым усе маці разам. Збярыце, калі можаце, любоў усіх маці свету да сваіх дзяцей у сэрца адной маці да яе адзінага дзіцяці: несумненна, гэтая маці будзе моцна любіць гэтае дзіця. Але праўда ў тым, што Марыя любіць нашмат больш сваіх дзяцей, чым гэтая маці свайго. Яна любіць сваіх дзяцей не толькі чулай любоў, але плённай. Яе любоў да іх чулая і плённая, як любоў Рэбэкі да Якуба. Вось што гэтая добрая Маці, якую ўвасабляе Рэбэка, робіць дзеля сваіх дзяцей, каб яны маглі атрымаць блаславенства Айца нябеснага:

   [203]  1. Яна шукае, як Рэбэка, спрыяльныя ўмовы, каб учыніць ім нешта добрае, выхоўваць іх і ўзбагачаць. Паколькі ў Богу Яна добра бачыць дабро і зло, поспех і няўдачы, блаславенства і праклён Бога, Яна загадзя ўкладае ўсё так, каб захаваць ад зла сваіх слугаў і напоўніць іх усялякім дабром. І калі ёсць добрая справа, якую можна ўчыніць для Бога, вядома ж, Марыя будзе толькі спрыяць сваім дзецям і слугам і дасць ім ласку, каб яны маглі дайсці да канца, захаваўшы вернасць. «Ipsa procurat negotia nostra dit un saint».

   [204] 2. Яна дае ім добрыя парады, як Рэбэка Якубу: «Fili mi, acquiesce consiliis meis» («Сын мой, выконвай мае парады»). І Яна раіць ім прынесці двух казлянятаў, гэта значыць, цела і душу, прысвяціць іх, каб прыгатаваць з гэтага страву, прыемную Богу, а таксама зрабіць усё, чаму Езус Хрыстус, Яе Сын, навучыў прыкладам і словам. І калі Яна не дае парады беспасрэдна, то робіць гэта праз паслугу анёлаў, для якіх самы вялікі гонар і радасць — слухацца Яе загадаў і сыходзіць на зямлю, каб дапамагчы аднаму з Яе слугаў.

   [205] 3. Калі Ёй прынесці і прысвяціць сваё цела і душу разам з усім, што ім належыць, дарэшты, што зробіць гэтая добрая Маці? Тое, што зрабіла Рэбэка з двума казлянятамі, што Ёй прынёс Якуб: а) Яна забівае ў іх жыццё старога Адама; б) Яна ачышчае іх ад скуры, гэта значыць, ад іх натуральных схільнасцяў, ад самалюбства і прывязанасці да стварэнняў;  в) Яна ачышчае іх ад змазы і бруду грахоў; г) Яна рыхтуе іх да таго, каб яны спадабаліся Богу, і дзеля Яго большай хвалы. Паколькі толькі Яна ведае Божыя ўпадабанні і найвялікшую хвалу Найвышэйшага, то толькі Яна беспамылкова можа прыстасаваць і падрыхтаваць нашыя цела і душу да ўзвышанага Божага густу і бязмежна ўкрытай хвалы.

   [206]  4. Гэтая добрая Маці, прыняўшы нашую дасканалую ахвяру, якую мы склалі з саміх сябе і нашых заслугаў і ўзнагародаў праз практыкаванне, пра якое я казаў, і, зняўшы з нас старую вопратку, Яна робіць нас Сваёй уласнасцю і годнымі паўстаць перад Нябесным Айцом: а) Яна апранае нас у адзенне чыстае, новае, каштоўнае, з пахам старэйшага брата Эсава, гэта значыць, Езуса Хрыста, Яе Сына, якога Яна хавае ў сябе дома, гэта значыць, мае над ім ўладу, і як скарбніца і вечная размеркавальніца заслугаў і цнотаў Свайго Сына Езуса Хрыста Яна ўдзяляе іх каму хоча, калі хоча, як хоча і колькі хоча, як мы ўжо гэта бачылі; б) Яна пакрывае шыю і рукі сваіх слугаў скурай забітых казлянятаў, гэта значыць, аздабляе заслугамі і вартасцю сваіх уласных учынкаў. Яна забівае і знішчае ўсё, што ў іх ёсць нячыстага і недасканалага, і ў той жа час не губляе і не растрачвае дабротаў, народжаных там праз ласку. Яна іх захоўвае і памнажае, каб зрабіць з іх аздобу і моц на іх шыі і ў іх руках, гэта значыць, каб узмацніць іх, каб несці цяжар Госпада і чыніць вялікія справы на хвалу Божую і дзеля збаўлення іх бедных братоў; в)  Яна надае новую ласку і аздобу іх вопратцы, даючы ім сваё ўласныя шаты з цнотаў і заслугаў, якія Яна ім запаведала, паміраючы ў сваім запавеце, як пра гэта кажа адна святая манахіня, што жыла ў апошнім стагоддзі і памерла ў святасці. Такім чынам усе Яе слугі як нявольнікі маюць падвойную вопратку: Яе Сына і Яе ўласную: «Omnes domestici ejus vestiti sunt  duplicibus». Таму ім не трэба баяцца холаду Езуса Хрыста, белага, як снег, Якога адрынутыя, не апранутыя ў Яго заслугі і заслугі Святой Дзевы, не змогуць знесці.

   [207] 5. Яна дапамагае ім атрымаць блаславенства Айца Нябеснага, якога яны не павінны мець, бо з’яўляюцца толькі малодшымі і прыёмнымі дзецьмі. Апранутыя ў новае, каштоўнае і добра пахучае адзенне, з добра падрыхтаванымі душой і целам з даверам набліжаюцца яны да свайго нябеснага Айца. Ён чуе і адрознівае іх голас ад голасу грэшнікаў, кранаецца іх рук, пакрытых скурай, адчувае добры пах іх адзення, з радасцю спажывае тое, што Марыя, іх Маці, Яму прыгатавала, і пазнае ў іх заслугі і добры водар Свайго Сына і Яго Святой Маці: а) Ён дае ім Сваё падвойнае блаславенства: блаславенства нябеснай расы, de rore coelesti, гэта значыць, ласку Божую, якая з’яўляецца зернем хвалы («Benedixit nos omni benedictione  spirituali in Christo Jesu»); блаславенства урадлівай зямлі, de  pinguedine terræ, гэта значыць, што гэты добры Айцец дае ім хлеб штодзённы і дастатковую колькасць дабротаў гэтага свету; б) Ён робіць іх гаспадарамі сваіх братоў, адрынутых, хоць гэта і не заўсёды бывае адразу ў гэтым свеце, дзе часта пануюць адрынутыя: «Peccatores effabuntur et gloriabuntur. Vidi  impium  superexaltatum  et  elevatum». Але іх панаванне сапраўднае і выразна выявіцца ў іншым свеце, у вечнасці, дзе справядлівыя, як кажа Дух Святы, будуць панаваць і загадваць народам: dominabuntur populis; 3) Яго Веліч не толькі бласлаўляе іх саміх і іх даброты, а бласлаўляе таксама тых, што іх бласлаўляюць, і праклінае тых, што іх праклінаюць і пераследуюць.

      Марыя ўва ўсім ім дапамагае

    [208] Другі ўчынак міласэрнасці Святой Дзевы да сваіх верных слугаў — гэта Яе дапамога ўва ўсіх іх патрэбах душы і цела. Яна апранае іх у падвойнае адзенне, як мы гэта ўжо бачылі, дае ім спажываць найлепшыя стравы Божага стала, Яна дае ім Хлеб жыцця, які Сама ўфармавала. «A generationibus meis implemini, мае дарагія дзеці, - кажа Яна ім у імя Мудрасці, — напоўніцеся маім патомствам, гэта значыць, Езусам, Плодам жыцця, якога я дала свету дзеля вас». «Venite, comedite panem meum et bibite vinum quod miscui vobis; comedite, et bibite, et inebriamini, carissimi» — «Прыйдзіце, — паўтарае Яна ім у іншым месцы, спажывайце мой хлеб, Езуса Хрыста, і піце віно Яго любові, якое Я змяшала дзеля вас са Сваім малаком». Паколькі гэта Яна — скарбніца і размеркавальніца дароў і ласкаў Найвышэйшага, Яна дае сваім слугам вялікую і найлепшую іх частку, каб карміць і падтрымліваць сваіх дзяцей і слугаў. Яны насычаныя Хлебам жывым і напоеныя дзявоцкім віном[1]. Іх носяць на грудзях: аd ubera portabimini. Таму яны з такой лёгкасцю нясуць ярмо Езуса Хрыста і амаль не адчуваюць  яго цяжару дзякуючы Марыі, якая намашчае яго маслам гэтага практыкавання: «Jugum eorum putrescere faciet a facie olei».

      Марыя вядзе сваіх слугаў і накіроўвае

   [209] Трэці ўчынак міласэрнасці Святой Дзевы да сваіх верных слугаў — гэта тое, што Яна вядзе іх і накіроўвае згодна з воляй Свайго Сына. Рэбэка праводзіла свайго маленькага Якуба і час ад часу давала яму добрыя парады: часам каб атрымаць блаславенства яго бацькі, часам — каб пазбегнуць нянавісці і пераследу яго брата Эсава. Марыя, Зорка мора, вядзе сваіх верных слугаў да порту. Яна паказвае ім шлях да вечнага жыцця, дапамагае пазбегнуць небяспечных крокаў, за руку вядзе па сцежках справядлівасці, падтрымлівае іх, калі бачыць, што яны могуць упасці, падымае, калі падаюць, як добрая Маці робіць ім заўвагі, калі трэба, а часам нават з любоўю карае. Ці можа дзіця, паслухмянае Марыі — сваёй Маці-карміцелькі і Гаспадыні, поўнай святла, — збочыць са шляху да вечнасці? Ipsam sequens, non devias. «Наслядуючы Яе, — кажа святы Бернард, — вы не згубіцеся». Не трэба баяцца, што сапраўднае дзіця Марыі будзе падманутае злым духам ці ўпадзе ў фармальную ерась. Там, дзе вядзе Марыя, няма ані злога духа з яго падманам, ані ератыкоў з іх хітрасцямі: іpsa tenente, non corruis. Калі Яна падтрымлівае цябе, ты не ўпадзеш.

      Марыя абараняе і ахоўвае сваіх слугаў

    [210] Чацвёрты добры ўчынак Святой Дзевы да сваіх дзяцей і верных слугаў — гэта тое, што Яна абараняе і ахоўвае іх супраць іх ворагаў. Рэбэка сваімі клопатамі і мудрасцю вызваліла Якуба ад усіх небяспекаў, у якіх ён знаходзіўся, а асабліва ад смерці, якую яго брат Эсаў рыхтаваў яму з-за нянавісці да яго, як перад гэтым Каін забіў свайго брата Авеля. Марыя, добрая Маці абраных, хавае іх пад крыламі сваёй апекі, як кура сваіх куранятаў. Яна прамаўляе да іх, сыходзіць да іх і дапамагае ўва ўсіх іх слабасцях. Каб абараніць іх ад ястрабаў і каршуноў, Яна становіцца побач з імі і суправаджае іх, як войска, гатовае да бітвы: ut castrorum acies ordinata. Ці можа чалавек у атачэнні ўласнага шматмільённага войска баяцца сваіх ворагаў? А вернаму слузе Марыі, ахінутаму Яе абаронай і імператарскай магутнасцю, увогуле няма чаго баяцца. Гэтая добрая Маці і магутная Князёўна неба пашле батальёны мільёнаў анёлаў, каб дапамагчы свайму слузе, які стаўся Яе верным слугой і даверыўся Ёй, і якому пагражае вялікае зло і моц яго ворагаў[2].

      Марыя заступаецца за сваіх слугаў

   [211]  І нарэшце – пяты і самы вялікі ўчынак міласэрнасці, які гэтая любая Марыя чыніць сваім верным адданым, — гэта тое, што Яна заступаецца за іх перад Сваім Сынам і суцішае Яго гнеў Сваімі малітвамі, моцна яднае іх з Езусам і захоўвае іх.

   Рэбэка дапамагла Якубу наблізіцца да ложка свайго бацькі. Добры бацька дакрануўся да яго, абняў і нават з радасцю пацалаваў, бо быў насычаны і задаволены прыгатаванай яму стравай. Потым, калі адчуў добры пах яго адзення, усклікнуў: «Ecce odor filii mei sicut odor agri pleni, cui benedixit Dominus» («Вось водар майго сына, што, як водар напоўненага поля, блаславёнага Госпадам». Гэтае напоўненае поле, што ўзрадавала сэрца бацькі, — гэта менавіта водар цнотаў і заслугаў Марыі, якая з’яўляецца полем, поўным ласкі, на якім Бог Айцец пасеяў пшанічнае зерне абраных — Езуса Хрыста, Свайго адзінага Сына. O, якое ж прыемнае Езусу Хрысту, Айцу будучага стагоддзя, дзіця з водарам Марыі! O, як жа хутка і дасканала ён з ім яднаецца!

   [212]  Пасля таго, як Яна напоўніць сваіх дзяцей і верных слугаў сваімі дабрадзействамі, выпрасіць ім блаславенства Айца нябеснага і еднасць з Езусам Хрыстом, Яна захоўвае іх у Езусе, а Езуса ў іх; Яна абараняе іх і няспынна чувае над імі, каб яны не згубілі ласку Божую і не трапілі ў сеткі сваіх ворагаў. In plenitudine sanctos detinet: Яна захоўвае святых у поўні ласкі і дапамагае вытрываць да канца, як мы гэта ўжо бачылі.

   Вось я растлумачыў гэты вялікі і цудоўны вобраз абраных і адрынутых, так мала вядомы і поўны таямніцаў.



[1] Вядома, у духоўным сэнсе.

[2] Варта згадаць тут пакутніцкую смерць св. Максіміліяна Марыі Кольбэ ў Асвенцыме. Хоць яго каты дрэнна да яго ставіліся, прыніжалі і нарэшце забілі, ані яны, ані жудасныя варункі лагера, ані нават двухтыднёвы галодны бункер не змаглі зламаць дух гэтага бясстрашнага апостала Беззаганнай.