Св. Людвік з’яўляецца вялікім настаўнікам духоўнасці
Хрыстовага Крыжа. Гледзячы на Крыж, св. Людвік глядзеў на пасхальную таямніцу
Езусавай пакуты, смерці і ўваскрашэння: “Вось, як мне здаецца, самая вялікая
“каралеўская таямніца”, самая вялікая таямніца Спрадвечнай Мудрасці: гэта Крыж.
Ох! Як жа далёка знаходзяцца думкі і шляхі Спрадвечнай Мудрасці і як моцна яны
адрозніваюцца ад думак і шляхоў людскіх, нават самых наймудрэйшых! Гэты вялікі
Бог хоча адкупіць свет, выгнаць і звязаць злых духаў; зачыніць пекла і адчыніць
людзям Неба; Спрадвечнаму Айцу аддаць бясконцую хвалу. Гэта вялікая мэта,
цяжкая справа і вялікае прадпрыемства. Чым скарыстаецца Мудрасць, пазнанне якой
ахоплівае ўвесь свет ад аднаго канца да другога, якая лагодна валадарыць і ўсё
робіць з вялікай моцай? Яна мае ўсемагутную правіцу; адным рухам рукі можа
знішчыць усё, што Ёй супрацьстаіць, і можа зрабіць усё, што пажадае; адным
словам сваіх вуснаў можа стварыць і ўсё знішчыць. Досыць толькі Ёй гэтага
пажадаць, каб так сталася. Яе Любоў дыктуе законы гэтай моцы. Яна прагне
ўцелавіцца, каб даць чалавеку сваедчанне свайго сяброўства; Яна хоча сама сысці
на зямлю, каб зрабіць магчымым узнясенне ў Неба. Няхай так станецца! (…) Яна
глядзіць менавіта на Крыж; мае ў ім упадабанне; цэніць яго па-над усё, што
самае вялікае і цудоўнае ў Небе і на зямлі, як прыладу Яе заваявання і аздобу
Яе велічы, багацце і раскоша Яе панавання, сяброўку і абранніцу Яе Сэрцу. О
глыбіня багаццяў, мудрасці і ведаў Божых. Які ж цудоўны Яго выбар, а Яго думкі
і суджэнні – узвышаныя і незразумелыя! Якая ж невыказная Яго любоў да гэтага
Крыжа! (ЛСМ 167, 168).
Пакута і смерць Езуса на Крыжы з’яўляецца Божым
выбарам і самым вялікім доказам і праяўленнем збаўчай любові Сына Божага, які,
будучы цалкам вольным, ахвяруе Сябе дзеля нашага адкуплення. Пакута і смерць
Езуса з’яўляюцца доказам і праяўленнем любові, і гэта яна кліча, каб людзі
адказалі ёй любоўю. Хрысціянскае жыццё з’яўляецца наследаваннем Езуса Хрыста і
адказам на Яго пакліканне да любові, якая кожнага дня выражаецца ў нашых
крыжах. Такім чынам можна зразумець духоўнасць Крыжа, якой навучае св. Людвік:
“Сярод усіх аргументаў, якія могуць нас схіліць да любові Езуса Хрыста,
Уцелаўлёнай Мудрасці – на маю думку – самым моцным аргументам з’яўляюцца Яго
пакуты, якія Ён пажадаў выцярпець, каб даць нам доказ Сваёй любові” (ЛСМ 154).
Малітва: Пане наш Божа, Ты ў Сваёй усемагутнай Мудрасці
пажадаў, каб Твой Сын, Езус Хрыстус, збавіў гэты свет праз смерць на Крыжы і
Ўваскрашэнне. Ты, Божа, зрабіў св. Людвіка палымяным апосталам Хрыстовага
Крыжа, які ён прапаведваў прыкладам і словам. Праз яго заступніцтва ўдзялі нам
ласкі, каб мы добра неслі наш крыж, наслядуючы Твайго Сына. Просім Цябе таксама
аб ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…