[90] Цяпер, пасля вышэйнапісаных пяці праўдаў, як ніколі раней складана выбраць сапраўдную форму ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы. Сёння больш, чым раней, існуе мноства ілжывых формаў ушанавання Найсвяцейшай Дзевы, якія можна зблытаць з сапраўднымі. Д’ябал, як фальшываманетчык, тонкі і дасведчаны хлуснік, ён ужо падмануў і звёў на асуджэнне столькі душаў праз ілжывае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы. Ён штодня паслугоўваецца сваёй д’ябальскай дасведчанасцю, каб потым загубіць шмат душаў, забаўляючы і ўсыпляючы іх у граху пад прэтэкстам некалькіх дрэнна прачытаных малітваў і некалькіх знешніх практыкаў, якія ён ім падсоўвае. Як фальшываманетчык, які падрабляе толькі золата і срэбра, і вельмі рэдка іншыя металы, бо яны амаль нічога не каштуюць, гэтак сама і злы дух падрабляе толькі формы ўшанаванняў Езуса і Марыі, набажэнства да Святой Камуніі і да Святой Дзевы, бо гэта золата і срэбра сярод іншых металаў.
[91] Таму вельмі важна ведаць, па-першае, ілжывыя формы ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы, каб іх пазбегнуць, а потым сапраўдныя, каб практыкаваць іх. Па-другое, трэба ведаць, які з розных спосабаў практыкавання сапраўднага ўшанавання Святой Дзевы з’яўляецца найпрыемнейшым для Святой Дзевы, найхвалебнейшым для Бога і найасвячальнейшым для нас.
Ілжывыя ўшанаванні і хлуслівыя
ўшанавальнікі Найсвяцейшай Дзевы
[92] Я ведаю сем кшталтаў ілжывіх ушанаванняў і ілжывых ушанавальнікаў Святой Дзевы, а менавіта: 1) крытыканы; 2) скрупулёзы; 3) павярхоўнікі; 4) саманадзейныя; 5) нясталыя; 6) крывадушнікі; 7) карыслівыя.
Тыя, што ўшаноўваюць крытычна.
[93] Крытычныя ўшанавальнікі — зазвычай
гэта ганарлівыя навукоўцы, асобы моцныя і самадастатковыя, якія ў душы нейкім
чынам ушаноўваюць Святую Дзеву, але крытыкуюць усе спосабы практыкавання гэтага
ўшанавання, якія простыя людзі проста і свята практыкуюць у гонар гэтай добрай
Маці. А крытыкуюць таму, што гэта не адпавядае іх скажоным уяўленням. Яны паддаюць сумневу ўсе цуды і гісторыі, распаведзеныя вартымі даверу
асобамі альбо запісаныя ў
хроніках манастыроў, якія вераць у міласэрнасць і моц Найсвяцейшай Дзевы. Яны з
цяжкасцю зносяць простых і пакорлівых людзей, што моляцца на каленях перад
алтаром ці абразом Маці Божай, а часам прыпыняюцца на вуглу вуліцы, каб
памаліцца Богу. Яны нават абвінаваючваюць іх у ідалапаклонстве — так, як быццам
бы яны пакланяліся дрэву ці каменю. Яны кажуць, што не любяць гэтых знешніх набажэнстваў
і занадта слабыя, каб паверыць у гэтыя гісторыі, якія апавядаюць пра Святую
Дзеву. Калі ім прапаноўваюць цудоўныя праслаўленні Святых Айцоў у гонар Святой
Дзевы, яны адказваюць, што гэта аратарскія перабольшванні, або кепска тлумачаць
іх словы.
Гэтага кшталту ілжывых
ушанавальнікаў і ганарліўцаў трэба асцерагацца, бо яны наносяць вялікую шкоду
сапраўднаму ўшанаванню Найсвяцейшай Дзевы і аддаляюць ад яго іншых пад прэтэкстам змагання супраць злоўжыванняў.
Тыя, што ўшаноўваюць скрупулёзна.
[94] Скрупулёзы — гэта людзі, якія
баяцца абразіць Сына, ушаноўваючы Маці, панізіць аднаго, узвышаючы другога. Яны
не зносяць, калі Святой Дзеве аддаюць справядлівую пашану, якую Ёй аддавалі
Святыя Айцы. Яны не зносяць, калі бачаць, што перад алтаром Святой Дзевы больш
людзей, чым перад Найсвяцейшым Сакрамантам, так, як быццам бы адно
супярэчыла другому;
так, як быццам бы тыя, што моляцца да Святой Дзевы, не
моляцца да Езуса Хрыста праз Яе! Яны не хочуць, каб пра Святую Дзеву
казалі занадта часта і часта звярталіся да Яе.
Вось некалькі ўласцівых
ім фразаў: “Навошта столькі ружанцаў, столькі брацтваў і знешніх набажэнстваў да
Святой Дзевы?”, “Яны зусім нічога не ведаюць”, “Гэта робіць смешным нашую
веру”, “Мы прызнаем толькі тых, хто моліцца да Езуса Хрыста (кажуць яны, часта не хаваючыся; я пішу пра гэта ў дужках): трэба прыбягаць да Езуса Хрыста — адзінага Пасрэдніка. Трэба абвяшчаць
Езуса Хрыста — толькі гэта вартае!
Тое, што яны кажуць, у
нейкім сэнсе праўда. Але з-за намаганняў, якія яны робяць, каб перашкодзіць ушанаванню
Святой Дзевы, гэта робіцца вельмі небяспечным. Гэта тонкая пастка злога, якую
ён ставіць пад прэтэкстам большага дабра. Але ніколі мы не аддаем большай
пашаны Езусу Хрысту, чым калі аддаем большую пашану Найсвяцейшай Дзеве. І Яе мы
ўшаноўваем, каб больш дасканала ўшаноўваць Езуса Хрыста. І ідзем мы да Яе, як
да шляху, каб знайсці мэту, да якой мы ідзем — да Езуса Хрыста.
[95] Святы Касцёл з Духам Святым бласлаўляе спачатку Святую Дзеву, а потым Езуса
Хрыста: «Benedicta tu in mulieribus, et benedictus fructus ventris tui, Jesus». Не таму, што Святая
Дзева большая за Езуса Хрыста ці роўная Яму: гэта было б незраўнанай
ерассю. Але дзеля таго, каб больш дасканала блаславіць Езуса Хрыста, трэба
спачатку блаславіць Марыю. Таму скажам разам з усімі сапраўднымі прыхільнікамі
Святой Дзевы супраць гэтых скрупулёзаў: O Mарыя, блаславёная Ты паміж
жанчынамі, і блаславёны плод улоння Твайго, Езус.
Тыя, што ўшаноўваюць павярхоўна.
[96] Наступная катэгорыя — гэта
людзі, што ўшаноўваюць знешне. Дзеля іх уся марыйная побожнасць — гэта знешнія
практыкі. Ім даспадобы толькі знешняе ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы, бо яны не
маюць унутранага Духа. Яны наспех моляцца ружанец, часта без увагі
ўдзельнічаюць у Святой Імшы, без пабожнасці ідуць у працэсіі, уступаюць ува ўсе
марыйныя брацтвы, не выпраўляючы ані свайго жыцця, ані сваіх дрэнных схільнасцяў,
ані не наслядуючы цноты гэтай Святой Дзевы. Яны любяць толькі знешні бок ушанавання,
звязаны з пачуццямі, не кранаючыся глыбіні. Калі яны нічога не адчуваюць, то
пачынаюць думаць, што больш нічога не робяць, і адразу ж усё кідаюць або робяць
нядбайна. У свеце шмат такіх павярхоўных ушанавальнікаў, і ніхто так не
крытыкуе людзей малітвы, якія ўнутраны бок лічаць галоўным і адначасова не
пагарджаюць знешняй сціпласцю, якая заўсёды ідзе побач з сапраўднай пабожнасцю.
Тыя, што ўшановаюць саманадзейна.
[97] Саманадзейныя ўшанавальнікі —
гэта грэшнікі — нявольнікі сваіх дрэнных
схільнасцяў або вялікія аматары гэтага свету, якія пад прыгожым імем хрысціянаў
і адданых Святой Дзеве хаваюць пыху або хцівасць, нячыстасць або п’янства, гнеў
або лаянку, праклён або несправядлівасць і гэтак далей. Яны спакойна спяць у
сваіх дрэнных звычках, надта не намагаючыся іх выправіць, тлумачачы гэта тым,
што яны ўшаноўваюць Святую Дзеву. А гэта значыць, што дзякуючы гэтаму Бог іх
прабачыць, яны не памруць без споведзі і не будуць асуджаныя. А яшчэ таму, што
яны моляцца на ружанцы, захоўваюць пост у суботу і запісаныя ў брацтва Святога
Ружанца, або Шкаплера, або іншае брацтва Святой Дзевы, яны носяць маленькі
кавалачак тканіны або маленькі ланцужок у гонар Святой Дзевы і гэтак далей.
Калі ім кажуць, што іх пабожнасць
— гэта толькі ілюзія д’ябла і небяспечная саманадзейнасць, здольная іх
загубіць, яны не хочуць гэтаму верыць. Яны кажуць, што Бог добры і міласэрны і
стварыў нас не дзеля таго, каб нас загубіць. Тым больш няма ніводнага чалавека,
які б не грашыў, і яны не памруць без споведзі, і досыць аднаго жалю за грахі
ў хвіліну смерці, тым больш яны
ўшаноўваюць Святую Дзеву і носяць шкаплер, кожны дзень добра моляцца сем “Ойча
наш” і “Вітай, Марыя” ў Яе гонар і нават час ад часу моляцца ружанец і гадзінкі
да Святой Дзевы, посцяць і гэтак далей. Каб падмацаваць сказанае і яшчэ больш
увесці ў аблуду, яны распавядаюць некалькі выпадкаў, пачутых ці прачытаных у
кнігах, сапраўдных ці не, не важна, але
каб іншыя паверылі, што асобы, памерлыя ў смяротным граху, без споведзі, але
дзякуючы таму, што за жыццё яны памаліліся некалькі малітваў і адправілі некалькі
набажэнстваў да Маці Божай, уваскрэслі, каб паспавядацца, або іх душа цудоўным
чынам заставалася ў целе да хвіліны споведзі, або праз міласэрнасць Святой
Дзевы пасля смерці яны атрымалі ласку скрухі і прабачэнне грахоў, а потым былі
збаўленыя. Такім чынам, гэтыя саманадзейныя асобы спадзяюцца на тое ж самае.
[98] Няма нічога больш годнага
асуджэння ў хрысціянстве за гэтую д’ябальскую саманадзейнасць. Ці можна
сказаць, што мы сапраўды любім і ўшаноўваем Святую Дзеву, а ў той жа час сваімі
грахамі зраньваем, абражаем і неміласэрна крыжуем Езуса Хрыста, Яе Сына? Калі б
Марыя пажадала ратаваць праз Сваю Міласэрнасць такіх людзей, Яна б узаконіла
злачынства і дапамагала б абражаць і крыжаваць Свайго Сына. Ці можна асмеліцца
думаць такое?
[99] І я кажу, што так злоўжываць ушанаваннем
Найсвяцейшай Дзевы, якое пасля ўшанавання нашага Госпада і Найсвяцейшага Сакраманту самае святое і
велічнае, — азначае, учыніць найвялікшае блюзнерства, што пасля блюзнерства
нягоднага прыняцця Святой Камуніі самае вялікае і невыбачальнае.
Я прызнаю, што, каб мець ласку сапраўднага
ўшанавання Святой Дзевы, не абавязкова быць настолькі святым, каб пазбягаць
кожнага граху, хоць і трэба гэтага жадаць. Але трэба прынамсі (трэба добра занатаваць тое, што я зараз скажу):
Па-першае, трэба мець
шчырую пастанову пазбягаць хаця б смяротнага граху, які зневажае як Маці, так і
Сына.
Па-другое, трэба
прымушаць сябе пазбягаць граху.
Па-трэцяе, уступіць у
марыйнае брацтва, маліцца на ружанцы ці
чытаць іншыя малітвы, захоўваць пост у суботу і гэтак далей.
[100] Гэта вельмі неабходна дзеля навяртання грэшнікаў, нават самых зацвярдзелых. І калі ты, мой чытач, у гэтым стане і нават ужо адной нагой у вечным асуджэнні, я раю табе выконаваць тое, што я сказаў вышэй, з умовай, аднак, што ты будзеш гэта рабіць дзеля таго, каб атрымаць ад Бога праз міласэрнасць Святой Дзевы ласку навяртання і прабачэння грахоў, каб перамагчы свае злыя схільнасці, а не спакойна заставацца ў граху, нягледзячы на дакоры сумлення, насуперак прыкладу Езуса Хрыста і святых і словам Святога Евангелля.
Тыя, што ўшаноўваюць нястала.
[101] Ёсць такія, што ўшаноўваюць
Святую Дзеву з перапынкамі і паводле ўласных капрызаў: часам яны гарачыя, а
часам цёплыя, часам яны, здаецца, гатовыя ўсё аддаць дзеля Яе служэння, а
потым, праз нейкі час, зусім мяняюцца. Спачатку яны гатовыя ўзяцца за ўсе
набажэнствы да Святой Дзевы, уступіць ува ўсе брацтвы, а потым не выконваюць з
вернасцю ўсе практыкі. Яны зменлівыя, як месяц. А Марыя, ставіць іх пад свае
стопы разам з паўмесяцам, бо яны нясталыя і ня вартыя быць сярод верных слугаў,
гатовых усё аддаць дзеля служэння гэтай вернай Дзеве. Лепш не загружаць сябе
такой колькасцю малітваў і пабожных практыкаванняў, лепш выканаць іх менш, але
захоўваючы вернасць, нягледзячы на спакусы свету, д’ябла і плоці.
Тыя, што ўшаноўваюць крывадушна.
[102] Існуюць яшчэ крывадушныя
ўшанавальнікі Святой Дзевы, якія хаваюць свае грахі і злосныя схільнасці пад
плашчом гэтай вернай Дзевы, каб у вачах людзей быць не тымі, кім з’яўляюцца на
самой справе.
Тыя, што ўшаноўваюць карысліва.
[103] Ёсць таксама карыслівыя
ўшанавальнікі, якія прыбягаюць да Святой Дзевы толькі каб перамагчы ў нейкай
справе, пазбегнуць небяспекі, вызваліцца ад хваробы або ў нейкай іншай патрэбе.
У іншым выпадку яны б пра Яе і не згадалі. Усё гэта ілжывая пабожнасць, і асобы
гэтай катэгорыі не мілыя ані Богу, ані Яго Святой Маці.
[104] Таму асцерагаймася быць у
ліку тых крытыканаў, якія ні ў што не вераць і ўсё крытыкуюць; у ліку
скрупулёзаў, якія са страху зняважыць Езуса баяцца зашмат праслаўляць Святую
Дзеву; у ліку павярхоўных, якія задавальняюцца толькі знешнімі практыкаваннямі;
у ліку саманадзейных, якія пад выглядам сваёй ілжывай пабожнасці да Святой
Дзевы застаюцца жыць у граху; у ліку нясталых, якія праз сваю нядбайнасць
змяняюць розныя кшталты ўшанавання або ўвогуле іх пакідаюць пры найменшай
спакусе; у ліку крывадушнікаў, якія ўступаюць у брацтвы і носяць знакі Святой
Дзевы, каб здавацца добрымі; і, нарэшце, у ліку карыслівых, якія прыбягаюць да
Святой Дзевы толькі каб быць збаўленымі ад небяспекаў і атрымаць часовыя
даброты.