Азнакі сапраўднага ўшанавання Святой Дзевы

    [105] Пасля таго, як мы адкрылі і асудзілі ілжывую пабожнасць да Святой Дзевы, трэба сказаць некалькі слоў пра сапраўдную. Сапраўднае ўшанаванне Святой Дзевы: 1) унутранае; 2) пяшчотнае; 3) святое; 4) сталае і 5) бескарыслівае.

Сапраўднае ўшанаванне
Найсвяцейшай Дзевы ўнутранае
.

   [106] Па-першае, сапраўднае ўшанаванне Святой Дзевы ўнутранае, гэта значыць, яно зыходзіць з сэрца і душы. Яно нараджаецца з павагі да Святой Дзевы, усведамлення Яе велічы і любові да Яе.

Сапраўднае ўшанаванне
Найсвяцейшай Дзевы пяшчотнае.

   [107] Па-другое, гэтае ўшанаванне пяшчотнае, гэта значыць, поўнае даверу да Найсвяцейшай Дзевы, як у дзіцяці да сваёй маці. Душа прыбягае да Яе ўва ўсіх патрэбах душы і цела з вялікай простасцю, даверам і пяшчотай. Яна просіць дапамогі ў сваёй добрай Маці ў любы час, у любым месцы і ў кожнай справе: у сумневах, каб атрымаць святло; на бездарожжы, каб знайсці добры кірунак; у спакусах, каб атрымаць дапамогу; у слабасцях, каб быць узмоцненай; у паразах, каб узняцца; у безнадзейнасці, каб атрымаць надзею; у скрупулёзнасці, каб яе пазбыцца; у крыжах, працы і жыццёвых выпрабаваннях, каб атрымаць суцяшэнне. Нарэшце, ува ўсіх бедах цела і душы Марыя — сталы прытулак для такой душы, без страху надакучваць гэтай добрай Маці і не падабацца Езусу Хрысту.

Сапраўднае ўшанаванне
 Найсвяцейшай Дзевы
святое.

   [108] Па-трэцяе, сапраўднае ўшанаванне Святой Дзевы святое, гэта значыць, яно дае душы ласку пазбягаць граху і наследваць цноты Найсвяцейшай Дзевы, асабліва Яе глыбокую пакору, жывую веру, сляпую паслухмянасць, няспынную малітву, поўнае ўтамаванне плоці, боскую чысціню, гарачую любоў, гераічную цярплівасць, анёльскую пяшчотнасць і боскую мудрасць. Гэта дзесяць галоўных цнотаў Найсвяцейшай Дзевы.

Сапраўднае ўшанаванне
Найсвяцейшай Дзевы сталае.

   [109] Па-чацвёртае, сапраўднае ўшанаванне Святой Дзевы сталае. Яно ўмацоўвае душу ў добрым, дае ласку не пакідаць лёгка пабожныя практыкаванні. Яно робіць душу адважнай, каб супрацьстаяць свету, яго модзе і правілам, целу з яго смуткам і дрэннымі схільнасцямі, а таксама д’яблу ў яго спакусах. Таму душа, сапраўды адданая Святой Дзеве, не зменлівая, не смутная, не скрупулёзная, не баязлівая. Гэта не значыць, што яна ніколі не падае і не змяняе сваіх пачуццяў у сваёй пабожнасці. Але, калі яна падае, то ўздымаецца, працягваючы руку да сваёй добрай Маці; калі яна ўпадае ў сухасць, то занадта не турбуецца, бо справядлівы і верны прыхільнік Марыі жыве верай у Езуса і Марыю, а не пачуццямі.

Сапраўднае ўшанаванне
Найсвяцейшай Дзевы бескарыслівае.

   [110] Па-пятае, сапраўднае ўшанаванне Святой Дзевы бескарыслівае, гэта значыць, яно дае душы ласку не шукаць сябе, але толькі Бога ў Яго Святой Маці. Сапраўдны прыхільнік Марыі не служыць гэтай велічнай Каралеве ў духу выгады і ўласнага інтарэсу ані дзеля свайго зямнога, ані дзеля вечнага, ані дзеля цялеснага, ані дзеля духоўнага дабра, але толькі таму, што Яна заслугоўвае, каб Ёй служылі, і толькі Богу ў Ёй. Гэтая душа любіць Марыю не таму, што тая нешта дзеля яе робіць ці таму, што спадзяецца нешта атрымаць ад Яе, але таму, што гэта любая Дзева. І таму душа любіць Яе і верна Ёй служыць як у нясмаку і сухасці, так і ў слодычы і чулым запале. Душа любіць Яе як на Кальварыі, так і на вяселлі ў Кане. O! Як жа гэты прыхільнік Святой Дзевы, што не шукае сябе ў служэнні Дзеве, прыемны і каштоўны ў вачах Бога і Яго Святой Маці! Але як жа іх сёння мала! Менавіта дзеля таго, каб іх сталася больш, я ўзяўся за пяро і пачаў пісаць на паперы ўсё тое, чаму плённа навучаў публічна, а асабліва падчас місіяў на працягу доўгіх гадоў.

Прадказанне наконт сапраўднага
ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы.

   [111] Я ўжо шмат сказаў пра Найсвяцейшую Дзеву. Але я маю сказаць яшчэ больш і не змагу сказаць нязмерна больш з-за свайго няведання і недахопу часу, бо я маю намер уфармаваць сапраўднага прыхільніка Марыі і сапраўднага вучня Езуса Хрыста.

   [112] O! Як бы была ўзнагароджаная гэтая маленькая праца, калі б яна трапіла ў рукі душы, народжанай з Бога і Марыі, а не з крыві і жадання плоці ці волі чалавека. Каб яна ласкай Духа Святога адкрыла ёй цудоўнасць і каштоўнасць сапраўднага і велічнага ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы, пра якое я зараз буду казаць! Калі б я ведаў, што мая грэшная кроў можа паслужыць таму, каб уліць у сэрцы праўды, пра якія пішу ў гонар маёй дарагой Маці і велічнай Гаспадыні, бо я апошні з Яе дзяцей і нявольнікаў, то замест атраманту ўжыў бы ўласную кроў у надзеі знайсці шляхетныя душы, што праз сваю вернасць форме ўшанавання, якой я навучаю, узнагародзяць маю дарагую Маці і Гаспадыню за ўсе страты, якія Яна мела з-за маёй няўдзячнасці і нявернасці.

   [113] Як ніколі раней я ажыўлены верай і надзеяй, што здзейсніцца ўсё тое, што глыбока вырыта ў маім сэрцы і аб чым я прашу Бога ўжо доўгія гады. А менавіта ведаць, што раней ці пазней у Найсвяцейшай Дзевы будзе больш дзяцей, слугаў і нявольнікаў любові, а плёнам гэтага будзе тое, што Езус Хрыстус, мой дарагі Настаўнік, будзе валадарыць у сэрцах як ніколі раней.

   [114] Я прадбачу, як драпежныя звяры злятуцца са злосцю, каб сваімі д’ябальскімі зубамі разарваць гэтую маленькую кніжачку і таго, кім Дух Святы паслужыўся, каб яе напісаць, альбо прынамсі схаваць яе ў цемры і цішы якога-небудзь куфара, каб толькі яна ніколі не з’явілася. Яны нават будуць атакаваць і пераследваць тых, што будуць яе чытаць і практыкаваць тое, што там напісана[1]. Але нічога! Нават лепш! Гэта нават дадае мне адвагі і надзеі на вялікі поспех, гэта значыць, на вялікую эскадру мужных і адважных жаўнераў Езуса і Марыі, мужчынаў і жанчынаў, каб змагацца са светам, д’яблам і сапсаванай натурай у згубныя як ніколі раней часы, што павінны надысці! 

Qui legit intelligat.
Qui potest capere capiat.



[1] Гэтае прадказанне здзейснілася даслоўна. На працягу ўсяго XVIII стагоддзя паслядоўнікі св. Людовіка пакутвалі ад нападаў янсэністаў з-за стараннасці ў распаўсюджванні гэтага ўшанавання, а каштоўны рукапіс гэтага твору быў схаваны з-за падзеяў францускай рэвалюцыі. Яго знайшлі толькі ў 1842 годзе ў куфары сярод іншых старых кнігаў. Праз год яго ўпершыню апублікавалі.