Ва ўшанаванні і
прысвячэнні сябе Марыі св. Людвік трываў усё сваё жыццё і гэтаму навучаў іншых.
Фундамент ушанавання Марыі ён знайшоў у Евангеллі і ў волі Езуса. Езус прагнуў
скіраваць духоўны шлях сваіх вучняў так, каб раней ці пазней яны сустрэліся з
Марыяй і абралі Яе за сваю Маці. Марыя з’яўляецца Езусовым дарам для вучняў,
які трэба прыняць у сваім духоўным жыцці. Св. Людвік прыняў гэты дарі і параіў
яго іншым: “Я жадаю лепш памерці, чым жыць, не належачы цалкам Марыі. Я тысячу
разоў пад крыжам прыняў Марыю разам са святым Янам Евангелістам за ўсё сваё
дабро і столькі ж разоў аддаў сябе Ёй” (ТМ 66). “O, які ж шчаслівы чалавек, які ўсё даверыў Марыі і сам цалкам даверыўся і
згубіўся ў Ёй! Ён цалкам належыць Марыі, і Марыя цалкам належыць яму. Ён смела
можа сказаць разам з улюбёным вучнем: «Я ўзяў Яе як усё сваё дабро»” (ТСУ 179).
Паводле св. Людвіка,
прысвячэнне сябе Езусу праз Марыю з’яўляецца дасканалым аднаўленнем абяцанняў
св. Хросту. Ён раіць таксама, каб кожны хрысціянін цалкам прысвяціў сябе Марыі,
каб цалкам быць Езусавым. Гэтае прысвячэнне непасэрдна спасылаецца на
хрысціянскія зарокі і свядомае прыняцце абавязкаў хрысціянскага жыцця і вядзе
асобу да ўзрастання ў веры. Марыя, якая заўсёды была верная Богу, дапамагае на
гэтым шляху душы, якая прысвячае сябе Ёй. Манфор піша: “Нашая поўная
дасканаласць — у тым, каб быць падобнымі да Езуса Хрыста, з’яднацца з Ім і
прысвяціць сябе Яму. А самае дасканалае з усіх набажэнстваў — тое, што робіць
нас падобнымі, яднае і самым дасканалым чынам прысвячае Езусу Хрысту. Марыя ж
найбольш падобная да Езуса Хрыста з усіх стварэнняў. Таму набажэнства да
Найсвяцейшай Дзевы, Яго Святой Маці, прысвячае і робіць душу найбольш падобнай
да нашага Госпада. І чым больш душа будзе прысвечаная Марыі, тым больш яна
будзе належаць Езусу Хрысту. Таму дасканалае прысвячэнне Езусу Хрысту — гэта не
што іншае, як дасканалае і поўнае прысвячэнне сябе Найсвяцейшай Дзеве. Гэта
менавіта тое набажэнства, якому я навучаю, ці, інакш кажучы, гэта дасканалае
аднаўленне абяцанняў святога Хросту.” (ТСУ 120).
Малітва: Пане наш Божа, Ты ўдзяліў св. Людвіку ласку сапраўднага ўшанавання
Найсвяцейшай Дзевы Марыі і зрабіў яго настаўнікам прысвячэння Езусу праз Марыю.
Праз яго заступніцтва удзялі нам ласку, каб нас уфармоўвала Найсвяцейшая Панна
Марыя, і каб мы жылі сапраўдным жыццём хрысціяніна. Просім Цябе таксама аб
ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…