Дасканаласць
святога Ружанца ў малітвах,
з якіх ён складаецца.
[34]
Credo або Апостальскі Сімвал Веры, які
мы чытаем на крыжыку Ружанца і які з’яўляецца святым скарачэннем і пераказам
хрысціянскіх праўдаў, гэта малітва, якая мае вялікую вартасць, таму што вера –
гэта грунт, фундамент і пачатак усіх хрысціянскіх цнотаў, усіх вечных цнотаў і
ўсіх малітваў, прыемных Богу. Accedentem ad Deum credere oportet.[1] Трэба, каб той, хто
набліжаецца да Бога праз малітву, пачаў з веры. І, чым большая ў яго будзе
вера, тым больш моцы і заслугаў будзе мець яго малітва, і тым больш яна
праславіць Бога.
Я не буду спыняцца на тым, каб растлумачваць словы
Апостальскага Сімвала Веры, але я не магу не звярнуць увагу на тое, што тры
першыя словы: Credo in Deum: “Веру ў Бога”, змяшчаюць
тры тэалагальныя цноты: веру, надзею, любоў, а таксама маюць вельмі вялікую моц
для асвячэння душаў і перамагаць дэмана. Менавіта гэтымі словамі шматлікія
святыя перамаглі спакусы, асабліва спакусы супраць веры, надзеі і любові, на
працягу жыцця або ў хвіліну смерці. Гэта былі апошнія словы, якія святы Пётр
мучанік напісаў пальцам на пяску, калі паміраў, пасля таго, як ератык шабляй
рассёк яму галаву.
[35] Паколькі вера – гэта адзіны ключ, які дазваляе нам
увайсці ў таямніцы Езуса і Марыі, укрытыя ў святым Ружанцы, трэба пачынаць з
Сімвала Веры, прамаўляючы яго вельмі ўважліва і пабожна. І, чым больш нашая
вера будзе жывой і моцнай, тым больш заслугаў будзе мець наш Ружанец. Трэба каб
гэтая вера была жывая, а таксама ажыўленая любоўю, гэта значыць, што, каб добра
маліцца святы Ружанец, трэба быць у стане Божай ласкі або шукаць гэтую ласку.
Трэба, каб вера была моцная і вытрывалая, гэта значыць, што не трэба шукаць у
практыкаванні святога Ружанца толькі пачуццёвага смаку і духоўнага суцяшэння. Іншымі
словамі, не трэба яго кідаць толькі таму, што падчас малітвы ў галаве, незалежна
ад нашай волі, з’яўляецца няўважлівасць і незасяроджанасць, дзіўны нясмак у
душы, абцяжарвальная нуда і амаль няспынная санлівасць і вяласць у целе; каб
добра маліцца на Ружанцы не патрэбныя ні пачуцці, ні суцяшэнні, ні ўздыханні,
ні ўзнёсласць, ні слёзы, ні дапамога ўяўлення падчас усёй малітвы. Досыць
толькі чыстай веры і добрай інтэнцыі. Sola fides sufficit.[2]
Дванаццатая Ружа [Дасканаласць малітвы “Ойча наш”]
[36]
“Pater”, малітва Панская,
чэрпае крыніцу дасканаласці ў свайго аўтара, не чалавека
і не анёла, а Валадара анёлаў і людзей, Езуса Хрыста. “Неабходна, кажа святы Кіпрыян, каб
Той, хто прыйшоў даць нам жыццё ў ласцы як Збаўца, навучыў нас таксама малітве
як нябесны Настаўнік.” Мудрасць гэтага боскага Настаўніка праяўляецца ў
парадку, пяшчотнасці, моцы і яснасці гэтай малітвы; яна кароткая, але багатая
навучаннем, зразумелая простым людзям і поўная таямніцаў для вучоных.
“Pater” змяшчае ўсе абавязкі, якія мы маем адносна Бога, пералічвае
ўсе цноты і просьбыаў ва ўсіх нашых патрэбах духоўных і цялесных. Яна змяшчае,
кажа Тэртуліан, кароткі змест Евангелля. Яна перавышае, кажа Тамаш Кемпійскі,
ўсе прагненні святых, таму што мае ў сабе ўсе салодкія ўскліканні псалмоў і
кантыкаў; яна просіць усе, што нам патрэбна для жыцця; яна цудоўным чынам
праслаўляе Бога; яна ўзносіць душу з зямлі ў вышыню неба і моцна яднае душу з
Богам.
[37] Святы Хрызастом кажа, што той, хто не моліцца так,
як маліўся і навучаў маліцца боскі Настаўнік, не з’яўляецца яго вучнем, а Бог
Айцец неахвотна слухае малітвы, складзеныя людскім розумам, аднак ахвотна
слухае тую, якой навучыў нас Яго Сын.
Мы павінны маліцца малітвай “Ойча наш” з вялікай
упэўненасцю, што спрадвечны Айцец яе выслухае, таму што гэта малітва Яго Сына,
якую Ён заўсёды выслухоўвае[3]; а мы – супольнікі[4] Яго
цела. Ці ж можа адмовіць такі добры Айцец так добра складзенай просьбе, якая
абапіраецца на заслугі і парады такога годнага Сына?
Святы Аўгустын запэўнівае, што добра прачытаная малітва “Ойча наш” сцірае лёгкія грахі. Справядлівы
падае сем разоў.[5]
Малітва Панская мае сем просьбаў, дзякуючы якім можна вылечыцца ад сваіх
падзенняў і ўзмацніцца супраць сваіх ворагаў. Яна кароткая і простая, каб па
прычыне нашай слабасці і таго, што мы часта церпім ад шматлікіх няшчасцяў, мы
змаглі атрымаць неадкладную дапамогу, адгаворваючы яе як мага часцей і вельмі
пабожна.
[38] Не памыляйцеся, пабожныя душы, якія пагарджаеце
малітвай Сына Божага, якую Ён даў усім вернікам; вы, што аддаеце перавагу
малітвам, складзеным людзьмі, так, як бы чалавек, нават самы разумны, ведаў лепш
за Езуса Хрыста, як мы павінны маліцца. Вы шукаеце ў людсікіх кнігах спосабы
праслаўляць і маліцца Богу, так нібы вы саромеліся карыстацца той, якую нам
падараваў Яго Сын. Вы, перакананыя ў тым, што малітвы, змешчаныя ў кнігах, для
вучоных і багатых, а ружанец – толькі для жанчынаў, для дзяцей і простых
людзей, так нібы праслаўленні і малітвы, якія вы чытаеце, прыгажэйшыя і больш
прыемныя Богу, чым малітва Панская. Гэта небяспечная спакуса не любіць малітву,
якую нам параіў Езус Хрыстус, і аддаваць перавагу тым, што склалі людзі. Гэта
не азначае, што мы не павінны выкарыстоўваць малітвы, складзеныя святымі, каб
заахвоціць вернікаў праслаўляць Бога, але мы не можам згадзіцца з тым, што яны аддаюць
перавагу не той малітве, якая выйшла з вуснаў уцелаўлёнай Мудрасці, а пакідаюць
крыніцу і бягуць да ручайка, пакідаюць чыстую ваду, каб напіцца мутнай. Таму
што Ружанец, які складаецца з Анёльскага прывітання, гэта менавіта чыстая і
вечная вада, якая цячэ з крыніцы ласкі, а іншыя малітвы, якія шукаюць у кнігах,
гэта толькі маленькія ручайкі і яе атожылкі.
[39] Мы можам
назваць шчаслівым таго, хто, молячыся малітву Панскую, уважліва разважае над
кожным словам; у ёй ён знойдзе ўсё, у чым мае патрэбу, усё, чаго можа жадаць.
Калі мы чытаем гэтую прыгожую малітву, перш за ўсё мы
адразу заваёўваем Яго сэрца, заклікаючы Яго салодкім імем Айцец.
“Ойча наш” – самы пяшчотны сярод айцоў,
усемагутны ў стварэнні, годны захаплення ў яго захаванні, годны любові ў сваім
Провідзе, бязмежна добры ў справе Адкуплення. Бог – наш Айцец, мы ўсе – браты і
сёстры, неба – нашая айчына і нашая спадчына. Ці мы яшчэ не маем прычыны любіць
Бога, любіць бліжняга і адарвацца ад усіх зямных рэчаў? Давайце ж любіць гэтага
Айца і скажам Яму тысячу разоў “Ойча наш, які ёсць у небе”. Ты напаўняеш неба і
зямлю бязмежнасцю Тваёй сутнасці, Ты паўсюль прысутны; праз Сваю хвалу Ты
знаходзішся ў святых, праз справядлівасць – у асуджаных, праз ласку – у
справядлівых, праз цярплівасць, якая чакае – у грэшніках; зрабі так, каб мы
заўсёды памяталі пра нашае нябеснае паходжанне, каб мы жылі, як Твае сапраўдныя
дзеці; каб палкасцю сваіх жаданняў мы цягнуліся толькі да Цябе.
“Свяціся Імя Тваё.” Імя Пана святое і
грознае[6], кажа прарок-валадар,
а неба, паводле Ісаі, напоўнена праслаўленнямі, якія серафімы не стамляюцца
ўзносіць Госпаду[7]
ўсемагутнаму Богу. У гэтым месцы мы просім, каб уся зямля ведала і праслаўляла
якасці гэтага настолькі вялікага і святога Бога; каб Ён быў вядомы, улюбёны і
праслаўлены язычнікамі, варварамі, усімі народамі і ўсімі тымі, што ня маюць
веры; каб усе людзі Яму служылі і праслаўлялі жывой верай, цвёрдай надзеяй, палымянай
любоўю, а таксама адрачэннем ад сваіх аблудаў: адным словам, каб усе людзі былі
святымі, таму што Ён сам святы.
“Прыйдзі валадарства Тваё”. Гэта значыць, што Ты
валадарыш у нашых душах праз Сваю ласку на працягу ўсяго жыцця, каб мы
заслужылі пасля смерці валадарыць разам з Табой у Тваім валадарстве, якое
з’яўляецца найвышэйшым і вечным шчасцем, на якое мы спадзяемся і якога мы
чакаем, шчасцем, што нам абяцана дабрынёй Айца, атрымана для нас заслугамі Сына
і адкрыта святлом Духа Святога.
“Няхай будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі.” Несумненна, нішто не можа ўкрыцца ад распарадку Божага Провіду, які ўсё
прадугледзіў і з самага пачатку ўсё ўпарадкаваў; ніякая перашкода не можа
аддаліць Яго ад мэты, якую Сабе вызначыў; а, калі мы просім Бога, каб
споўнілася Яго воля, то не таму, што мы баімся, кажа Тэртуліан, што будзем
моцна перашкаджаць выкананню Яго намераў, а дзеля таго, каб мы пакорна
згадзіліся на ўсе планы, якія Ён мае адносна нас; каб мы заўсёды выконвалі ўсё і ва ўсім Яго
святую волю, якую мы ведаем дзякуючы Яго прыказанням, з такой самай гатоўнасцю,
любоўю і вытрываласцю, як анёлы і блаславёныя слухаюцца Яго ў небе.
[40]
“Хлеба нашага
штодзённага дай нам сёння.” Езус Хрыстус вучыць нас
прасіць у Бога ўсяго, што нам патрэбна для жыцця цела і жыцця душы. У словах
малітвы Панскай мы пакорна прызнаем нашую мізэрнасць і аддаем пашану Провіду,
вызнаючы тое, што мы верым і хочам атрымаць усе часовыя даброты дзякуючы Яго
дабрыні. Словам “хлеб” мы просім тое, што нам неабходна для жыцця. Надмер тут
не маецца на ўвазе. Гэты хлеб, мы просім яго на сёння, гэта значыць, што мы
абмяжоўваем ўсе нашыя просьбы сённяшнім днём, пакідаючы Провіду клопат пра
заўтрашні. Мы просім хлеба штодзённага, і тым самым прызнаем, што нашыя патрэбы
ўвесь час аднаўляюцца, і паказваем няспынную залежнасць і патрэбу ў дапамозе і
апецы Бога, у якой мы знаходзімся.
“Прабач нам правіны нашы, як і мы прабачаем вінаватым нашым.” Нашыя грахі, кажа св. Аўгустын і Тэртуліан, гэта даўгі, якія мы маем
адносна Бога, а Яго справядлівасць патрабуе сплаціць іх да апошняга грашу. У
нас усіх ёсць гэтыя сумныя даўгі. Нягледзячы на колькасць нашых грахоў, наблізімся
да Яго з даверам і скажам Яму, што мы шчыра за ўсё жалеем: “Ойча наш, які ёсць у небе, прабач нам грахі нашага сэрца і нашых
вуснаў, грахі ўчынкаў і занядбанняў, якія робяць нас вельмі вінаватымі перад
абліччам Тваёй справядлівасці, таму што як дзеці такога цудоўнага і міласэрнага
Айца мы паслухмяна і з любоўю прабачаем нашым вінаватым.”
І “не дазволь”,
каб па прычыне нашай нявернасці Тваім ласкам, “мы не вытрывалі спакусаў” свету, дэмана і цела. Але “вызвалі нас ад злога”, гэта значыць ад
граху, пакарання тут на зямлі і вечнага асуджэння, якое мы заслужылі.
“Няхай будзе так”. Гэта слова вялікага
суцяшэння,
якое, кажа святы Геранім, як пячаць, якую Бог ставіць у
канцы нашых просьбаў, каб запэўніць нас, што Ён нас выслухаў. Гэта так, як бы
Ён сам нам адказваў: Амэн!!! Няхай будзе тое, аб чым вы прасілі; вы сапраўды
гэта атрымалі. Менавіта такі сэнс мае слова "Амэн”.
Трынаццатая Ружа [Дасканаласць малітвы
“Ойча наш”]
[41] Мы ўшаноўваем дасканаласць Бога, вымаўляючы кожнае
слова малітвы Панскай.
Мы ўшаноўваем Яго плоднасць праз імя “Айцец”. Ойча, які
вечна нараджаеш Сына, такога ж Бога, як Ты, вечнага, адзінасутнага, той самай
істоты, той самай моцы, той самай дабрыні, той самай мудрасці, што і Ты; Айцец
і Сын, Вы, любячы адзін аднаго, нараджаеце Святога Духа, такога самага Бога,
што і Вы, тры цудоўныя асобы, адзін Бог.
“Ойча наш”! Гэта значыць Айцец людзей праз
стварэнне, праз захаванне і адкупленне, міласэрны Айцец грэшнікаў, Айцец-сябра
справядлівых, цудоўны Айцец блаславёных.
Які ёсць. Праз гэтыя словы мы захапляемся бясконцасцю, веліччу і
паўнатой сутнасці Бога, які сапраўды завецца Тым, Хто ёсць[8],
хто існуе па сутнасці, абавязкова і вечна; які з’яўляецца Істотай над істотамі,
Прычынай ўсіх істотаў, які ў вышэйшай ступені заключае ў Сабе дасканаласць усіх
істотаў; Ён ува ўсіх праз сваю натуру, сваю прысутнасць і сваю магутнасць і адначасова
ўсім гэтым не абмежаваны. Мы ўшаноўваем Яго ўзвышанасць, Яго хвалу і Яго веліч
гэтымі словамі: “Які ёсць у небе”, гэта
значыць Той, які сядзіш на сваім троне, справядліва судзіш усіх людзей.
Мы пакланяемся Яго святасці, жадаючы, каб Яго Імя было святым.
Мы прызнаем Яго вярхоўную ўладу і справядлівасць яго законаў, жадаючы, каб
прыйшло Яго валадарства і каб людзі былі Яму паслухмянымі на зямлі, як анёлы
Яго слухаюцца ў небе. Мы верым у Яго Провід, просячы даць нам штодзённага
хлеба.
Мы заклікаем Яго ласкавасць, просячы адпусціць нам нашыя
грахі. Мы прыбягаем да Яго моцы, просячы не дазволіць нам паддацца спакусе. Мы
давяраемся Яго дабрыні ў спадзяванні, што Ён вызваліць нас ад злога. Сын Божы
заўсёды праслаўляў Свайго Айца ўчынкамі; Ён прыйшоў на свет, каб людзі таксама
Яго праславілі; Ён навучыў іх, як праслаўляць Айца гэтай малітвай, якую Ён сам
нам прадыктаваў. Таму мы павінны часта з увагай чытаць гэтую малітву ў тым
самым духу, у якім Ён яе склаў.
Чатырнаццатая Ружа [Дасканаласць малітвы “Ойча
наш”]
[42]
Калі мы ўважліва чытаем гэтую боскую малітву, мы робім
столькі ж актаў самых шляхетных хрысціянскіх цнотаў, колькі вымаўляем словаў. Кажучы “Ойча наш, які ёсць у небе, мы робім акты веры,
пакланення і пакоры. Жадаючы, каб Яго імя было праслаўлена, мы праяўляем
гарачае імкненне да Яго хвалы.
Просячы аб тым, каб наследаваць Яго валадарства, мы робім
акт надзеі. Жадаючы, каб Яго воля выканалася на зямлі, як у небе, мы праяўляем
дух дасканалай паслухмянасці. Калі просім нашага штодзённага хлеба, мы
практыкуем убогасць духа і адарванасць ад зямных дабротаў. Просячы адпусціць
нам нашыя грахі, мы робім акт пакаяння. А прабачаючы нашым вінаватым, мы
практыкуем міласэрнасць у самай
дасканалай ступені. Просячы аб дапамозе ў спакусах, мы робім акты пакоры, уважлівасці
і моцы. Чакаючы, што Ён вызваліць нас ад злога, мы практыкуем цярплівасць. Нарэшце, просячы ўсе гэтыя рэчы, не толькі для нас, але таксама для нашага
бліжняга і для ўсіх супольнікаў Касцёла, мы выконваем абавязак сапраўдных
дзяцей Божых, мы наслядуем Яго ў любові, якая ахоплівае ўсіх людзей, а таксама
выконваем прыказанне любові да бліжняга
[43] Мы ненавідзім усе грахі і захоўваем усе Божыя
прыказанні, калі падчас гэтай малітвы нашае сэрца яднаецца з нашай мовай і мы
не маем інтэнцый, якія супярэчаць з сэнсам гэтым боскіх словаў. Таму што, калі
мы разважаем над тым, што Бог у небе, гэта значыць дзякуючы сваёй велічы Ён
бязмежна вышэй за нас, у нас пачынае нараджацца пачуццё самай глыбокай павагі
да Яго; з пачуццём боязі Божай мы пазбягаем ганарлівасці і прыніжаем сябе ажно
да мізэрнасці. Калі, прамаўляючы Імя Айца, мы ўзгадваем пра тое, што абавязаныя
сваім існаваннем Богу, які даў нам жыццё праз нашых бацькоў, а адукацыю праз
настаўнікаў, якія займаюць тут месца Бога і з’яўляюцца Яго жывым вобразам, мы
адчуваем абавязак іх шанаваць або, лепш кажучы, ушаноўваць Бога ў іх асобах, а
таксама стараемся не пагарджаць імі і не засмучаць. Калі мы жадаем, каб Імя
Божае было праслаўлена, мы робім усе намаганні, каб Яго не зняважыць. Калі мы
глядзім на Божае валадарства як на нашу спадчыну, мы выракаемся ўсялякай
прывязанасці да дабротаў гэтага свету; калі мы шчыра просім для нашых бліжніх
тых самых дабротаў, якіх жадаем самі, мы выракаемся нянавісці, раздору і
пажадлівасці. Просячы ў Бога штодзённага хлеба, мы выракаемся абжорства і
сласноты, якія кормяцца дастаткам. Просячы Бога сапраўды нас прабачыць, як мы
прабачаем тых, хто нас абразіў, мы стрымліваем наш гнеў і выракаемся помсты, мы
аддаем дабром за зло і любім нашых ворагаў. Просячы ў Бога не дазволіць нам
упасці ў грэх у хвіліну спакусы, мы паказваем, што пазбягаем ляноты, што шукаем
сродкаў змагацца з парокамі і шляхоў збаўлення. Просячы Бога збавіць нас ад
злога, мы паказваем, што баімся Яго справядлівасці, і мы шчаслівыя, таму што страх Божы – гэта
пачатак мудрасці, таму што менавіта дзякуючы боязі Божай кожны чалавек пазбягае
граху.
Пятнаццатая Ружа [Дасканаласць малітвы “Ave Maria”]
[44] Анёльскае
прывітанне настолькі велічнае, настолькі ўзвышанае, што блаславёны Алэн дэ ля
Рош верыў, што ніводнае стварэнне не можа яго зразумець, і толькі Езус Хрыстус,
які нарадзіўся з Дзевы Марыі, можа яго растлумачыць.
Яна чэрпае сваю дасканаласць галоўным чынам з
дасканаласці святой Дзевы, да Якой яно было скіраванае, з канчатковага моманту
Уцелаўлення Слова, дзеля якога яно было прынесенае з неба, і ад Арханёла
Габрыэля, які першым яго прамовіў.
Анёльскае прывітанне пераказвае ў самай лаканічнай форме ўсю
хрысціянскую тэалогію пра святую Дзеву. У ёй можна знайсці праслаўленне і
заклік. Праслаўленне заключае ўсё, што датычыцца сапраўднай велічы Марыі; заключае ўсё, аб чым мы павінны Яе прасіць і
чаго мы можам чакаць для сябе ад Яе дабрыні. Святая Тройца адкрыла яго першую
частку; святая Альжбета, натхнёная Святым Духам, дадала другую; а Касцёл, на
першым Эфескім Саборы, што адбыўся ў 430 годзе, далучыў заканчэнне, пасля таго,
як асудзіў памылку Нестара і пастанавіў, што святая Дзева – сапраўды Маці
Божая. Сабор загадаў заклікаць святую Дзеву гэтым хвалебным тытулам, а таксама
гэтымі словамі: “Святая Марыя, Маці
Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну нашай смерці.”
[45] Святая Дзева Марыя была Той, да каго было скіравана
гэтае боскае Прывітанне, каб завяршыць самую вялікую і самую галоўную справу ў
свеце, Уцелаўленне спрадвечнага Слова, супакой паміж Богам і людзьмі, а таксама
адкупленне людскога роду. Пасланнікам гэтай шчаслівай навіны быў Арханёл
Габрыэль, адзін з князёў Нябеснага Двара. Анёльскае прывітанне змяшчае веру і надзею
патрыярхаў, прарокаў і апосталаў. Яно – мужнасць і моц пакутнікаў, навука
дактароў, вытрываласць веравызнаўцаў і жыццё манахаў (бл. Алэн). Гэта новая песня закону ласкі, радасць анёлаў
і людзей, пагроза і паражэнне дэманаў.
Праз Анёльскае Прывітанне Бог стаўся чалавекам, Дзева
сталася Маці Божай, душы справядлівых былі выбаўленыя з атхлані, руіны неба
былі адбудаваныя, а пустыя троны напоўненыя, грэх быў прабачаны, ласка нам
дадзеная, хворыя былі аздароўленыя, памерлыя ўваскрэслі, выгнаннікі пакліканыя
назад, Святая Тройца супакоіла свой гнеў, а людзі атрымалі жыццё вечнае.
Нарэшце, Анёльскае Прывітанне – гэта вясёлка, знак літасці і ласкі, якімі Бог
абдараваў свет (бл. Алэн).
Шаснаццатая Ружа [Прыгажосць Анёльскага
прывітання]
[46] Хоць няма нічога такога ж вялікага, як Боская Веліч,
і нічога такога ж годнага пагарды, як грэшны чалавек, гэтая узвышаная Веліч не
пагарджае, аднак, нашымі ўшанаваннямі і дазваляе, каб мы спявалі Ёй
праслаўленні. А прывітанне анёла – гэта самая прыгожая песня, якую мы можам
скіраваць да хвалы Найвышэйшага. Canticum novum cantabo tibi. Я заспяваю Табе новую песню.[9] Гэтая новая песня Давіда прадказала, што менавіта будуць спяваць, калі
прыйдзе Месія: і гэта – Прывітанне арханёла.
Ёсць старая песня і ёсць новая. Старая – гэтая тая, якую
спявалі Ізраэліты ў знак падзякі за стварэнне, захаванне, вызваленне з няволі, пераход
праз Чырвонае мора, манну і ўсе іншыя дабрадзействы неба. Новая песня – гэта
песня, якую спяваюць хрысціяне ў знак падзякі за Ўцелаўленне і Адкупленне. Паколькі
гэтыя цуды былі ўчыненыя праз Анёльскае прывітанне, мы таксама яго паўтараем,
каб падзякаваць Святой Тройцы за ўсе незлічоныя дабрадзействы. Мы праслаўляем
Бога Айца за тое, што Ён так палюбіў свет, што даў нам Свайго адзінароднага
Сына за Збаўцу. Мы праслаўляем Сына за тое, што Ён зышоў з неба, стаўся
чалавекам і адкупіў нас. Мы праслаўляем Духа Святога за тое, што Ён уфармаваў
ва ўлонні Святой Дзевы гэтае найчысцейшае цела, якое сталася ахвярай за нашыя
грахі. Менавіта ў гэтым духу ўдзячнасці мы павінны прамаўляць Анёльскае
Прывітанне, робячы акты веры, надзеі, любові і падзякі за гэты цуд нашага
збаўлення.
[47]
Хоць гэтая новая песня скіраваная непасрэдна да Маці
Божай і Яе праслаўляе, тым не менш, яна ўхваляе таксама Святую Тройцу, таму што
ўся пашана, якую мы аддаем Святой Дзеве, вяртаецца да Бога як да прычыны
ўсялякай дасканаласці і ўсіх цнотаў. Бог Айцец праслаўлены тым, што мы
ўшаноўваем самае дасканалае з усіх Яго стварэнняў. Сын праслаўлены тым, што мы
славім Яго найчысцейшую Маці. Дух Святы праслаўлены тым, што мы захапляемся ласкамі,
якімі Ён напоўніў сваю сужонку.
Як святая Дзева, сваім прыгожым Магніфікатам, скіравала
да Бога свае праслаўленні і бласлаўленні, якімі Яе асыпала святая Альжбета за
Яго годнасць Маці Збаўцы, таксама і Марыя адразу вяртае Богу праслаўленні і бласлаўленні,
якія мы Ёй скіроўваем праз Анёльскае Прывітанне.
[48] Калі Анёльскае Прывітанне праслаўляе Святую Тройцу, тады
яно таксама з’яўляецца самым дасканалым праслаўленнем, якое мы можам падараваць
Марыі.
Святая Мектыльда, жадаючы знайсці найлепшы спосаб, каб засведчыць
аб сваёй пяшчотнай адданасці Маці Божай, адчула духоўнае ўзнясенне; у гэтую
хвіліну Ёй паказалася Святая Дзева з Анёльскім Прывітаннем, напісаным на
грудзях залатымі літарамі, і сказала ёй: “Ведай, дачка Мая, што ніхто не можа
ўшанаваць Мяне прывітаннем найбольш прыемным за тое, якое прыслала Мне годная
праслаўлення Тройца і дзякуючы якому Яна ўзвысіла Мяне да годнасці Маці Божай.
Дзякуючы слову “Ave”, якое з’яўляецца імем Евы, Я даведалася, што Бог, сваёй усемагутнасцю захаваў
мяне ад усялякага граху і слабасці, якую мела першая жанчына.
Імя “Марыя”,
якое азначае Спадарыню Святла, выражае тое, што Бог напоўніў Мяне мудрасцю і
святлом, як зіхаткую зорку, каб асвятляць неба і зямлю.
Гэтыя словы “поўная
ласкі”, нагадваюць Мне, што Дух Святы напоўніў Мяне такім надмерам ласкаў,
што Я магу раздаваць іх так шчодра ўсім тым, хто аб іх просіць праз Маё
пасрэдніцтва.
Кажучы “Пан з
Табою”,
вы аднаўляеце ўва Мне невыказную радасць, якую Я адчула,
калі спрадвечнае Слова ўцелавілася ў Маім улонні.
Калі Мне кажуць: “Блаславёная
Ты паміж жанчынамі”, Я праслаўляю Божую міласэрнасць, якая ўзвысіла Мяне да
настолькі высокай ступені шчасця.
А пры словах “блаславёны
плод улоння Твайго, Езус” усё неба радуецца разам са Мной, бачучы Езуса,
Майго Сына праслаўленым і ўшанаваным за тое, што Ён збавіў людзей.”
Сямнаццатая Ружа [Цудоўныя плады малітвы
“Ave Maria”]
[49] Сярод
цудоўных рэчаў, якія святая Дзева адкрыла блаславёнаму Алэну дэ ля Рош[10] (а мы ведаем што гэты вялікі нявольнік Марыі пацвердзіў
гэтыя аб’яўленні пад прысягай), ёсць тры рэчы, найбольш годныя ўвагі: першая з’яўляецца знакам магчымага і
блізкага вечнага асуджэння за занядбанне, пагарду і абыякавасць да Анёльскага
Прывітання, якое адбудавала свет; другая азначае
тое, што тыя, хто мае вялікую пашану да гэтага боскага Прывітання, маюць вялікі
знак прызначэння; трэцяя азначае, што тыя, хто атрымаў ад неба ласку любіць святую
Дзеву і з любоўю Ёй служыць, павінны імкнуцца да таго, каб яшчэ больш Яе любіць
і служыць Ёй пакуль Яна не выпрасіць у Свайго Сына забраць іх у неба і ўзнесці
да хвалы, адпаведнай іх заслугам (Алэн).
[50] Усе ератыкі,
якія з’яўляюцца дзецьмі д’ябла і носяць яўныя азнакі асуджэння, ненавідзяць “Ave, Maria”; яны яшчэ могуць вывучыць “Pater”, але не “Ave”; яны бы лепш насілі на сабе вужа, але толькі не ружанец.
Каталікі, якія маюць азнаку асуджэння, увогуле не думаюць
пра ружанец, не моляцца на ім або моляцца абыякава і паспешліва. Нават, калі б
я не паверыў у тое, што было аб’яўлена блаславёнаму Алэну дэ ля Рош, мне б
цалкам хапіла майго ўласнага досведу, каб быць перакананым у гэтай страшнай і
адначасова салодкай праўдзе. Я не ведаю, і нават не разумею, як з выгляду такое
маленькае набажэнства можа быць неаспрэчным знакам вечнага збаўлення, а яго
занядбанне – знакам вечнага асуджэння. Тым не менш, няма нічога больш
праўдзівага.
Мы нават бачым, што людзі, якія вызнаюць у нашыя часы
новыя дактрыны і асуджаныя Касцёлам[11], з усёй
іх знешняй пабожнасцю, вельмі не любяць святога Ружанца і часта, пад самымі прыгожымі
прэтэкстамі, імкнуцца выкрэсліць яго з розуму і сэрцаў тых, што побач з імі;
яны вельмі асцерагаюцца адкрыта асудзіць Ружанец і шкаплер, як гэта робяць
кальвіністы; але, чым больш вынаходлівы той спосаб, якім яны гэта робяць, тым
больш ён небяспечны. Пра гэта мы яшчэ будзем гаварыць.
[51] Маё “Ave, Maria”, мой ружанец або мой вяночак, гэта мая малітва і мой краевугольны
камень, каб распазнаць тых, каго вядзе Дух Божы ад тых, што знаходзяцца ў
падмане злога духа. Я ведаў душы, якія ўзносіліся, здавалася, як арлы, да самых
аблокаў у сваёй узвышанай кантэпляцыі, але якія, аднак, былі нажаль падманутыя
дэманам; я распазнаў гэты падман дзякуючы “Ave Maria” і ружанцу, які яны адкідвалі, як бы ён быў іх нягодны.[12]
“Ave, Maria” – гэта нябесная і боская ружа, якая, трапляючы да
прызнчанай душы, перадае ёй цудоўную плоднасць, каб нарадзіць розныя цноты. І,
чым больш асоба палітая гэтай малітвай, тым больш яна становіцца асвечанай у
душы, распаленай у сэрцы і ўзмоцненай супраць усіх сваіх ворагаў.[13]
“Ave, Maria” – гэта прасякваючая і палаючая страла, што ў спалучэнні
са Словам Божым, якое абвяшчае прапаведнік, дае моц прасякнуць, крануцца і
навярнуць самыя зацвярдзелыя сэрцы, нават, калі ў яго няма прыроднага таленту
прапаведваць.
Гэта менавіта тая таямніца святой Дзевы, як я ўжо сказаў,
якой Яна навучыла св. Дамініка і бл. Алэна, каб навяртаць ератыкоў і
грэшнікаў. Адсюль пайшоў звычай сярод
прапаведнікаў маліцца “Ave, Maria” перад казаннем, як запэўнівае святы Антонін.
Васемнаццатая Ружа [Блаславенствы малітвы “Вітай, Марыя”]
[52]
Гэтае боскае Прывітанне сцягвае на нас вялікія
блаславенствы Езуса і Марыі, таму што неаспрэчнай праўдай з’яўляецца тое, што
Езус і Марыя шчодра ўзнагароджваюць тых, хто іх праслаўляе: Яны стакроць вяртаюць за блаславенствы, якія да іх скіроўваюць. “Ego diligentes me diligo, ut ditem diligentes me et thesauros eorum repleam.”[14]
Гэта тое, што Езус і Марыя голасна кажуць: “Мы любім тых, што нас
любяць, мы іх ўзбагачваем і напаўняем іх скарбонкі.” Qui seminat in benedictionibus, de benedictionibus
et metet: “Тыя, што сеюць блаславенствы, збяруць блаславенствы.”[15]
Ці ж маліцца як трэба Анёльскае Прывітанне не азначае
любіць, бласлаўляць і праслаўляць Езуса і Марыю? Кожным “Ave, Maria” мы скіроўваем два блаславенствы да Езуса і Марыі: Блаславёная Ты паміж жанчынамі і блаславёны
плод улоння Твайго, Езус. Кожным “Ave, Maria” ты ўшаноўваеш Марыю такім самым чынам, як Бог ушанаваў Яе, вітаючы з
арханёлам Габрыэлем. Ці можна паверыць у тое, што Езус і Марыя, якія вельмі
часта адплачваюць дабром тым, хто іх зневажае, не паблаславяць тых, што
ўшаноўваюць іх малівай “Вітай, Марыя”?
Каралева неба, кажуць святы Бернард і святы Банавентура, не
менш удзячная і сумленная, чым значныя і добра выхаваныя людзі гэтага свету; Яна
нават перавышае іх у гэтай цноце, як і ўва ўсіх іншых якасцях; Яна ніколі не
дапусціць таго, каб стакроць нам не аддзячыць за тое, што мы з павагай Яе ўшаноўваем.
Марыя, кажа святы Банавентура, вітае нас ласкай, калі мы вітаем Яе малітвай “Ave Maria”: Ipsa salutabit nos cum gratia si salutaverimus eam cum Ave Maria.
Хто можа зразумець ласкі і блаславенствы, якія дзейнічаюць
у нас праз прывітанне і дабразычлівыя позіркі святой Дзевы?
У тую хвіліну, калі святая Альжбета пачула прывітанне
Маці Божай, яна напоўнілася Святым Духам, а дзіцятка, якое яна насіла ў сваім
улонні, узварухнулася ад радасці. Калі мы будзем годнымі ўзаемнага вітання са
святой Дзевай, напэўна мы будзем напоўненыя ласкамі і паток духоўных суцяшэнняў
пальецца ў нашыя душы.
Дзевятнаццатая Ружа [Шчаслівы абмен]
[53] Напісана: “Давайце і будзе вам дадзена”.[16] Возьмем
параўнанне блаславёнага Алэна: “Калі б я
кожны дзень даваў вам сто пяцьдзесят дыяментаў, нягледзячы на тое, што вы былі
б маімі ворагамі, ці вы б мне не прабачылі? Ці не адплацілі б вы мне так, як
сябра, усімі магчымымі дабрадзействамі? Ці хочаце вы ўзбагаціцца дабротамі
ласкаў і хвалы? Вітайце Святую Дзеву, ушаноўвайце вашую добрую Маці.”
Sicut qui thesaurizat, ita et qui honorificat matrem.[17] Той, хто ўшаноўвае сваю Маці, Святую Дзеву, падобны да
чалавека, які збірае скарбы. Кожны дзень прыносьце Ёй хаця б пяцьдзесят “Ave, Maria”, кожная з якіх мае пятнаццаць каштоўных камянёў, якія для Яе больш
вартасныя, чым усе багацці зямлі. Чаго вы не зможаце атрымаць ад Яе шчодрасці? Яна
нашая Маці і нашая сяброўка. Яна Імператрыца сусвету, якая любіць нас больш,
чым усе маці і каралевы, разам узятыя, калі-небудзь любілі смяротнага чалавека,
таму што, кажа святы Аўгустын, любоў Дзевы Марыі большая за ўсялякую натуральную
любоў усіх людзей і ўсіх анёлаў.
[54] Аднойчы, наш
Пан аб’явіўся святой Гертрудзе, лічучы залатыя манеты; яна асмелілася Яго
спытаць, што Ён лічыў. “Я лічу, адказаў
ёй Езус Хрыстус, твае “Вітай, Марыя”, таму што гэта манета, за якую купляюць Мой
рай.”
Пабожны доктар Суарэз з Таварыства Езуса настолькі моцна
цаніў заслугі Анёльскага Прывітання і казаў, што ахвотна аддаў бы ўсе свае веды
за кошт аднаго добра адгаворанага “Ave Maria”.
[55] Няхай той,
хто Цябе любіць, о боская Марыя, кажа Ёй блаславёны Алэн дэ ля Рош, паслухае і
пакаштуе: “Неба радуецца, зямля
захапляецца кожны раз, калі я малюся “Ave, Maria”; я пагарджаю светам, я адчуваю ў сэрцы любоў да Бога, калі я малюся “Ave, Maria”; мае страхі
рассейваюцца, мае пажадлівасці сціхаюць, калі я малюся “Ave, Maria”; я ўзрастаю ў
пабожнасці, я адчуваю жаль за грахі, калі я малюся “Ave, Maria”; мая надзея
ўзмацняецца, маё суцяшэнне павялічваецца, калі я малюся “Ave, Maria”; мой дух радуецца, мой
смутак знікае, калі я малюся “Ave, Maria”; таму што слодыч гэтага блаславёнага Прывітання настолькі вялікая, што
немагчыма гэта выказаць словамі; а пасля таго, як скажаш пра яго дзівоснасць,
яно надалей застаецца настолькі ўкрытым і такім глыбокім, што немагчыма да
канца яго агарнуць. Яно кароткая ў словах, але глыбокае ў сваёй таямніцы; яно саладзейшае
за мёд і каштоўнейшае за золата; трэба ўвесь час мець яго ў сваім сэрцы, каб
разважаць, і на вуснах, каб прамаўляць і пабожна паўтараць.”
“Auscultet tui nominis
amator, O Maria,
coelum gaudet, omnis
terra stupet cum
dico Ave Maria;
Satan fugit, infernus contremiscit,
cum dico Ave
Maria; mundus vilescit,
cor in amore
liquescit, cum dico
Ave Maria; terror evanescit, caro marcescit,
cum dico Ave
Maria; crescit devotio,
oritur compunctio, cum
dico Ave Maria;
spes proficit, augetur consolatio, cum dico Ave Maria; recreatur animus, et in
bono confortatur aeger affectus, cum dico Ave Maria. Siquidem
tanta suavitas hujus
benignoe salutationis, ut
humanis non possit
explicari verbis, sed semper manet altior
et profundior quam
omnis creatura indagare
sufficiat. Haec oratio
parva est verbis,
alta mysteriis, brevis sermone,
alta virtute, super
mel dulcis, super
aurum pretiosa; ore
cordis est jugiter
ruminanda labiisque puris frequentissime legenda ac devote repetenda.”
Той самы блаславёны Алэн піша ў 69 раздзеле свайго псалтыра, што адна манахіня, вельмі верная ружанцовай малітве,
аб’явілася пасля сваёй смерці адной з сясцёр і сказала: “Калі б я магла вярнуцца ў сваё цела толькі дзеля таго, каб памаліцца
“Вітай, Марыя”, хоць і без вялікай стараннасці, але каб мець заслугу гэтай малітвы, я б ахвотна ізноў адпакутвала ўсе
цярпенні, якія я зносіла перад смерцю.” Трэба заўважыць, што, прыкаваная да ложка, яна зносіла
шмат гадоў вельмі жудасныя болі.
[56] Мішэль дэ Лісль, Салюбрскі біскуп, вучань і супрацоўнік блаславёнага Алэна
дэ ля Рош у справе ўзнаўлення набажэнства святога Ружанца, кажа, што Анёльскае
Прывітанне – гэта лек ад шматлікіх хваробаў, якія нас абцяжарваюць, з умовай,
што мы будзем пабожна яго маліцца ў гонар Святой Дзевы.
Дваццатая Ружа
Кароткае тлумачэнне малітвы “Вітай, Марыя”
[57]
Ты апынуўся ў няшчасці граху? Пакліч Марыю, скажы Ёй “Ave”, што азначае: вітаю Цябе з самай глыбокай павагай, Цябе,
якая не маеш граху і яго наступстваў. І Яна вызваліць цябе ад зла тваіх грахоў.
Ты апынуўся ў цемры няведання або аблуды? Ідзі да Марыі,
скажы Ёй “Ave, Maria”, што азначае “Асвечаная промнямі сонца справядлівасці”.
І Яна адорыць цябе Сваім святлом.
Ты збочыў з дарогі да неба? Пакліч Марыю: “Зорка марская і
палярная Зорка, якая кіруеш нашым плаваннем у гэтым свеце!” І Яна павядзе цябе да вечнага збаўлення.
Цябе агарнуў смутак? Звярніся да Марыі, імя
якой азначае “Горкае Мора”, якое было
напоўнена горыччу ў гэтым свеце і а ў небе змянілася на мора, поўнае нябеснай
слодычы; Яна пераменіць твой смутак у радасць, а горыч у суцяшэнне.
Ты згубіў ласку? Ушануй бязліч ласкаў, якімі Бог напоўніў
святую Дзеву, скажы Ёй: “Поўная ласкі”
і ўсіх дароў Святога Духа, і Яна адорыць цябе сваімі ласкамі.
Ты застаўся адзін, пазбаўлены Божай падтрымкі, звярніся
да Марыі, скажы Ёй: “Пан з Табою”, з
Табой Ён з’яднаны мацней, чым з усімі справядлівымі і святымі, таму што Ты з Ім
- адно; Ён Твой Сын, Яго цела – гэта Тваё цела, Ты з’яднаная з Ім праз дасканалае
падабенства і ўзаемную любоў, таму што Ты – Маці. Скажы ж Ёй: “Уся Найсвяцейшая Тройца з Табой, а Ты
каштоўная Святыня”; і Яна возьме цябе ў апеку і абарону Бога.
Ты стаўся прадметам Божага пракляцця? Скажы:
“Ты бласлаўлёная
больш за ўсіх жанчынаў” і за ўсе народы дзякуючы Сваёй
чысціні і плоднасці; Ты перамяніла божае пракляцце ў
блаславенства. І Яна цябе паблаславіць.
Ты адчуваеш прагненне хлеба ласкі і хлеба жыцця?
Наблізься да Той, якая насіла жывы хлеб, што сышоў з Неба, скажы Ёй: “Блаславёны плод Твайго ўлоння”, плод,
які Ты зачала ў дзявоцтве, які Ты насіла без цяжару і нарадзіла без болю.
Блаславёны “Езус”, які адкупіў
зняволены свет, аздаравіў хворы свет, уваскрасіў мёртвага чалавека, вярнуў
выгнанага чалавека, апраўдаў чалавека-злачынцу, уратаваў асуджанага чалавека. Няма сумневу, твая душа будзе насычана хлебам
ласкі ў гэтым жыцці і вечнай хвалой у іншым. Амэн.
[58] Сконч сваю
малітву разам з Касцёлам і скажы: “Святая
Марыя”, святая целам і душой, святая цалкавітай і вечнай адданасцю служэнню
Богу, святая як Маці Бога, які адарыў Цябе вялікай святасцю, адпаведнай гэтай
бясконцай годнасці.
“Маці Божая”, а таксама нашая Маці, нашая
Заступніца і Пасрэдніца, Скарбніца і Распарадчыца ласкаў Бога, выпрасі нам
хутчэй прабачэнне нашых грахоў і прымірэнне з Божай Веліччу.
“Маліся за нас, грэшных”, таму што Ты поўная
спачування да слабых і немачных і ніколі не пагарджаеш і не адкідваеш
грэшнікаў, без якіх Ты не была б Маці Збаўцы.
“Маліся за нас цяпер”, на працягу гэтага
кароткага жыцця, крухкага і мізэрнага, “цяпер”,
таму што мы маем толькі гэтую цяперашняю хвіліну; цяпер мы ахопленыя цемрай, а
ўдзень, і ўначы атакаваныя моцнымі і злымі ворагамі.
“І ў хвіліну нашай смерці”, такой страшнай і
небяспечнай, калі ўжо вычарпаныя нашыя сілы, а нашыя целы абцяжараныя цярпеннем
і трывогай; у хвіліну нашай смерці, калі шатан памнажае свае намаганні, каб
асудзіць нас на вечнасць; у гэтую гадзіну, якая вырашыць наш лёс на ўсю
вечнасць – блаславення або асуджэння.
Прыйдзі на дапамогу Тваім бедным дзецям, о літасцівая
Маці, о Заступніца і Прытулак грэшнікаў, аддалі ад нас у хвіліну
смерці дэманаў, нашых асуджальнікаў, і нашых ворагаў, страшны выгляд якіх нас
пужае.
Прыйдзі асвятліць нас у цемры смерці. Завядзі нас і ідзі разам з намі да
трыбуналу нашага Суддзі, Твайго Сына, заступайся за нас, каб Ён прабачыў нас і
прыняў у грона Тваіх абраных для жыцця ў вечнай радасці. “Амэн”. Няхай так будзе.
[59] Хто пасля гэтага не будзе захапляцца дасканаласцю
святога Ружанца, які складаецца з дзвух боскіх частак: Малітвы Панскай і
Анёльскага Прывітання? Ці ёсць малітва больш прыемная Богу і Святой Дзеве,
лягчэйшая, саладзейшая і больш збаўленная для людзей? Няхай яна заўсёды будзе ў
нашым сэрцы і вуснах, каб ушаноўваць Святую Тройцу, Езуса Хрыста, нашага Збаўцу
і Яго Найсвяцейшую Маці.
А яшчэ добра напрыканцы кожнага дзесятка дадаць “Хвала Айцу і Сыну, і Святому Духу, як была
спрадвеку, цяпер і заўсёды і на векі вечныя.” Няхай будзе так.
[1] Габр 11, 6: “Трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсць…”
[2]
Гімн Pange Lingua з набажэнства на Божае Цела, 2 страфа.
[3] Пар. Ян 11, 42: “Я ведаў, што Ты заўсёды
чуеш Мяне.”
[4] Пар. Эф 5, 30: “бо мы
часткі Цела Ягонага.”
[5] Пар. Высл 24, 16: “Бо справядлівы сем
разоў упадзе і ўзнімецца.”
[6] Пар. Пс 99, 3: “Хай вызнаюць імя Тваё,
вялікае і шаноўнае, бо яно святое.”
[7]
Пар. Іс 6, 3: “Я – для
ўлюбёнага майго, а ўлюбёны мой – для мяне, ён пасвіцца сярод лілеяў.”
[8]
Вых 3, 14.
[9]
Пс 144, 9: “Божа, спяваць
буду Табе песню новую.”
[10]
Гл. Трактат 250.
[11]
Янсеністы.
[12] Гл. Трактат 251.
[13] Гл. Трактат 249 і 253.
[14] Пар. Высл 8, 17. 21: “Я люблю тых, хто любіць мяне; і тыя, хто зранку
пільнуе мяне, знойдуць мяне; (…) каб абагаціць тых, хто любіць мяне, і
напоўніць іх скарбніцы.”
[15] Пар. 2 Кар 9, 6: “Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра,
той шчодра і пажне.”
[16] Лк 6, 38: “Давайце, і будзе дадзена вам: меру
добрую, уціснутую, утрэсеную
і з верхам
адсыплюць вам у
падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.”
[17] Пар. Сір 3, 5 (4): “І хто шануе маці сваю, той быццам збірае скарбы.”