Плёны дасканалага ўшанавання ў душы

   [213] Мой дарагі брат, можаш быць спакойны, калі ты будзеш верны унутраным і знешнім практыкаванням гэтага ўшанавання, пра якія я раскажу ніжэй. 

Пазнанне і пагарда самім сабой 

   1. Дзякуючы святлу, якое вам дасць Дух Святы праз Марыю, Сваю дарагую Сужонку, ты спазнаеш свой сапсаваны ўнутраны свет, сваю грэшнасць і няздольнасць да ўсяго добрага[1]. І калі ты гэта  спазнаеш, ты будзеш пагарджаць сабой, будзеш думаць пра сябе з гідотаю. Ты будзеш думаць пра сябе як пра слімака, які ўсё псуе сваёю сліззю, альбо як пра жабу, што ўсё атручвае сваёю жоўцю, ці як пра злую змяю, што жадае толькі аднаго — падмануць. Нарэшце пакорная Марыя удзеліць табе частку Сваёй пакоры, дзякуючы якой ты будзеш пагарджаць сабой, будзеш паважаць іншых і сам упадабаеш пагарду[2].

Удзел у веры Марыі 

   [214]  2. Святая Дзева дасць табе ўдзел у сваёй веры, што была большай за веру ўсіх патрыярхаў, прарокаў, апосталаў і ўсіх святых. Цяпер, калі Марыя валадарыць у небе, у Яе ўжо няма больш гэтай веры, бо там Яна ясна бачыць усе справы Божыя праз святло хвалы. Аднак, са згоды Найвышэйшага, уваходзячы ў хвалу, Яна яе не згубіла. Яна захавала яе дзеля пілігрымуючага Касцёла і сваіх самых верных слугаў. Чым большую дабразычлівасць гэтай велічнай Князёўны і вернай Дзевы ты заваюеш, тым больш чыстай веры будзеш мець у сваім жыцці: веры чыстай, дзякуючы якой ты не будзеш клапаціцца пра рэчы знешнія; веры жывой і ажыўленай міласэрнасцю, дзякуючы якой ты ўсё будзеш рабіць з матыву чыстай любові; веры цвёрдай і непахіснай як скала, дзякуючы якой ты застанешся цвёрдым і верным сярод навальніцаў і жыццёвых выпрабаванняў; веры дзейснай і зоркай, як таямнічы ключ, які дасць табе ўваход ува ўсе таямніцы Езуса Хрыста, у таямніцу прызначэння чалавека і ў сэрца самога Бога; веры адважнай, якая дапаможа без ваганняў пачаць і давесці да канца вялікія  справы дзеля Бога і збаўлення душаў; і, нарэшце, веры, якая будзе тваёй палымянай паходняй, Божым жыццём, укрытым скарбам Божай Мудрасці і тваёй усемагутнай зброяй, якой ты будзеш карыстацца, каб асвячаць тых, што ў цемры і ценю смерці, каб запаліць халодныя душы і тых, каму патрэбная міласэрнасць, каб даць жыццё тым, што памерлі ў граху, каб закрануць і перамяніць сваімі пяшчотнымі і моцнымі словамі зацвярдзелыя сэрцы і ссячы кедры Лібану і нарэшце — каб супрацьстаяць д’яблу і ўсім ворагам збаўлення.

Ласка чыстай любові 

   [215] 3. Гэтая Маці прыгожай любові вызваліць тваё сэрца ад скрупулёзнасці і ўсялякага нявольніцкага страху. Яна адкрые яго і павялічыць, каб табе было лёгка бегчы па шляхах запаветаў Яе Сына ў святой свабодзе дзяцей Божых і ўліць у яго чыстую любоў, скарб якой мае толькі Яна. Таму з гэтай хвіліны ты ўжо будзеш кіравацца не страхам перад Богам любові, але чыстай любоўю. Ты будзеш глядзець на Яго, як на добрага Айца, якому будзеш імкнуцца падабацца, з якім будзеш сардэчна размаўляць, як дзіця са сваім любым бацькам. І калі здарыцца так, што ты яго абразіш, ты станеш перад Ім у пакоры, пакорна папросіш прабачэння, проста працягнеш да Яго свае рукі і з любоўю ўздымешся, без непакою і клопату, і ізноў будзеш ісці да Яго ўжо без смутку.

Вялікі давер да Бога і Марыі 

   [216]  4. Святая Дзева напоўніць цябе вялікім даверам да Бога і Яе самой:

— таму што ты ўжо не будзеш набліжацца да Езуса Хрыста сваімі сіламі, але заўсёды праз гэтую добрую Маці;

— таму што ты аддаў Ёй усе свае заслугі і ўзнагароды, каб Яна імі распараджалася, і Яна за гэта дасць табе свае цноты і апране ў свае заслугі, каб ты мог сказаць Богу з даверам: «Вось Марыя, Твая служабніца, няхай мне станецца паводле Твайго слова» («Ecce ancilla Domini, fiat mihi secundum verbum tuum»);

— таму што ты цалкам аддаўся Ёй, целам і душой, і Яна, шчодрая са шчодрымі і шчадрэйшая за найшчадрэйшых, сама аддасца табе цудоўным, але сапраўдным чынам, і ты смела зможаш Ёй сказаць: «Tuus sum ego, salvum me fac» («Я ўвесь Твой, Святая Дзева, уратуй мяне»); або, як я ўжо згадваў, сказаць Ёй разам з улюбёным вучнем: «Accepi te in mea» («Я ўзяў Цябе, святая Маці, за ўсё свае дабро»). Ты можаш сказаць таксама разам са святым Банавэнтурам: «Ecce Domina salvatrix mea, fiducialiter agam, et non timebo, quia fortitudo mea, et laus mea in Domino es tu... Tuus totus ego sum, et omnnia mea tua sunt, o Virgo gloriosa, super omnia benedicta; ponam te ut signaculum super cor meum, quia fortis est ut mors dilectio tua» (S. Bon. In psal. min. B.V.) («Мая дарагая Гаспадыня і Ўратавальніца, я ўсё буду рабіць з даверам да цябе і нічога не буду баяцца, бо Ты мая моц і праслаўленне ў Госпадзе...  Я ўвесь Твой, і ўсё, што я маю, належыць Табе; о хвалебная Дзева, блаславёная па-над усімі стварэннямі, Цябе я кладу як пячатку на сваё сэрца, бо Твая любоў моцная, як смерць!») Ты можаш сказаць Богу словы прарока: «Domine, non est exaltatum cor meum, neque elati sunt oculi mei; neque ambulavi in magnis, neque in mirabilibus  super  me;  si  non  humiliter  sentiebam,  sed  exaltavi  animam;  sicut  ablactatus  super  matre  sua,  ita retributio in anima mea («Госпадзе, не ўзвышаецца сэрца маё, і не пышаюцца вочы мае, і не прынаджваюць мяне рэчы занадта вялікія і для мяне недасяжныя; але я суцішаў і супакойваў душу маю, як дзіця, што ад матчыных грудзей адлучылася” (Пс 131, 1-2). І толькі на гэтых грудзях мяне напаўняюць дабротамі.

— памножыць твой давер да Яе можа яшчэ тое, што, аддаўшы Ёй на захаванне ўсе свае даброты, ты будзеш мець менш даверу да сябе і нашмат больш да Яе, бо цяпер Яна будзе тваім скарбам. O, які ж давер і суцяшэнне для душы, якая можа сказаць, што скарб Божы, дзе Ён сабраў усё самае каштоўнае, таксама і яе скарб! Ipsa est thesaurus Domini: «Яна, кажа святы», — скарб Божы.

Еднасць з душой і духам Марыі 

   [217] 5. Душа Святой Дзевы будзе з’яднаная з тваёй, каб праслаўляць Бога; Яе дух будзе на месцы твайго, каб узрадавацца ў Богу, сваім Збаўцы, але з умовай, што ты будзеш верным практыкаванню гэтага ўшанавання. Sit in singulis anima Mariæ ut magnificet Dominum, sit in singulis spiritus Mariæ, ut exultet in Deo (S. Amb.) («Няхай душа Марыі будзе ў кожным, каб у ім праслаўляць Бога; няхай дух Марыі будзе ў кожным, каб у ім узрадавацца ў Богу») (Святы Амброзы).  О, калі ж настане гэты шчаслівы час, кажа святы чалавек нашых часоў, што цалкам згубіўся ў Марыі; о, калі ж настане гэты шчаслівы час, калі боская Марыя стане Гаспадыняй і Валадаркай сэрцаў, каб аддаць іх ва ўладу свайго велічнага і адзінага Езуса? Калі ж душы будуць дыхаць Марыяй, як цела дыхае паветрам? Толькі тады адбудуцца цуды ў гэтай даліне слёз, калі Дух Святы, знайшоўшы вобраз Сваёй дарагой Сужонкі ў душах, сыдзе ў іх з багаццем Сваіх дароў, а асабліва дарам мудрасці, каб учыніць у іх цуды ласкі. Мой дарагі браце, калі ж настане гэты шчаслівы час і эпоха Марыі, калі шматлікія абраныя і выпрашаныя Марыяй у Найвышэйшага душы згубяцца ў глыбіні Яе ўнутранага свету, стануць жывым вобразам Марыі, каб любіць і праслаўляць Езуса Хрыста? Гэты час настане толькі тады, калі людзі даведаюцца і будуць практыкаваць ўшанаванне, якому я навучаю: Ut adveniat regnum tuum, adveniat regnum Mariæ.

Перамяненне душаў у Марыі 
па вобразе Езуса Хрыста 

   [218]  6. Калі Марыя, дрэва жыцця, будзе добра дагледжаная ў душы праз вернасць у практыкаванні гэтага ўшанавання, Яна прынясе ў свой час добрыя плады. А гэтым плодам будзе менавіта Езус Хрыстус. Я бачу столькі вернікаў, якія шукаюць Езуса Хрыста тымі ці іншымі шляхамі. І пасля таго, як яны працавалі ўсю ноч, яны могуць сказаць: «Per totam noctem laborantes, nihil cepimus» («Хоць мы і працавалі ўсю ноч, мы нічога не злавілі»). На што ім можна адказаць: «Laborastis  multum, et intulistis parum. Вы шмат працавалі і мала сабралі. Езус Хрыстус яшчэ вельмі слабы ў вас. Але, ідучы шляхам Беззаганнай Марыі і гэтага боскага практыкавання, якому я навучаю, мы працуем удзень у святым месцы і з мінімальнымі намаганнямі. Бо ў Марыі няма ночы, таму што ў Ёй няма граху, нават яго найменшага ценю. Марыя — гэта святое месца, Святое святых, дзе святыя былі ўфармаваныя і адлітыя.

   [219] Заўваж, калі ласка, што я кажу: адлітыя ў Марыі. Ёсць вялікая розніца паміж стварэннем рэльефнай скульптуры з дапамогай малатка і нажніцаў і праз адліванне ў форме. У першым выпадку скульптары шмат працуюць, робячы фігуры, і гэта займае ў іх шмат часу. А ў другім яны працуюць вельмі мала і ўсё робяць за кароткі час. Святы Аўгустын называе Святую Дзеву forma Dei — формай Бога. Si formam Dei te appellem, digna existis. Гэта значыць, формай, якая можа фармаваць і адліваць багоў. Той, хто знаходзіцца ў гэтай боскай форме, вельмі хутка ператвараецца ў Езуса Хрыста, а Езус Хрыстус — у яго. З найменшымі намаганнямі і за кароткі час ён станецца абагаўлёны, таму што быў у той Форме, што ўфармавала Бога.

   [220] Мне здаецца, што я магу дакладна параўнаць тых духоўных кіраўнікоў і пабожных асобаў, што хочуць уфармаваць у сабе і ў іншых Езуса Хрыста, спадзеючыся на свае здольнасці, уменні і спрыт, з тымі скульптарамі, што апрацоўваюць цвёрды камень ці неабчасанае дрэва з дапамогай нажніцаў і шматлікіх удараў малатком, каб вырабіць вобраз Езуса Хрыста. Часта ім не ўдаецца вырабіць Яго сапраўдны вобраз — часам з-за няведання Яго асобы, часам з-за няўдалых удараў малатка, якія сапсавалі ўвесь твор. Але тых, што прымаюць таямніцу, якую я ім адкрываю, я магу параўнаць з ліцейшчыкам, што знайшлі ў Марыі добрую ліцейную форму, дзе Езус Хрыстус быў уфармаваны натуральным і боскім чынам. Яны не спадзяюцца на свае ўласныя ўменні, а толькі на дабрыню гэтай Формы і паглыбляюцца і губляюцца ў Марыі, каб стацца сапраўдным вобразам Езуса Хрыста.

   [221] О, прыгожае і праўдзівае параўнанне! Але хто яго зразумее? Я жадаю, каб гэта быў ты, мой дарагі брат. Але памятай, што ў Форму кладуць толькі тое, што мяккае і вадкае. Гэта значыць, трэба разбурыць і растапіць у сабе старога Адама, каб стацца новым у Марыі.

Найвялікшая хвала Езуса Хрыста 

   [222] 7. Праз гэтае ўшанаванне, верна практыкаванае, ты за адзін месяц больш праславіш Езуса Хрыста, чым праз іншыя набажэнствы, хоць і цяжэйшыя і практыкаваныя на працягу доўгіх гадоў. Кажу, чаму:

   1. Таму, што, робячы ўсё праз Святую Дзеву, як навучае гэтае практыкаванне, ты пакінеш свае ўласныя інтэнцыі і намеры, нават калі яны вельмі добрыя і табе вядомыя, каб згубіцца ў інтэнцыях і намерах Найсвяцейшай Дзевы, хоць яны табе і невядомыя. Праз гэта ты будзеш прымаць удзел у велічы Яе намераў, якія былі настолькі чыстымі, што найменшы з Яе ўчынкаў — напрыклад, праца з верацяном ці шыццё іголкай — праславіў Бога больш, чым Святы Лаўрэнці сваім жудасным пакутніцтвам, і нават больш, чым усе святыя разам сваімі самымі гераічнымі ўчынкамі. За сваё жыцце на зямлі Яна была настолькі перапоўненая ласкамі і заслугамі, што хутчэй можна было б палічыць зоркі ў небе, кроплі ў моры і пясок на ўзбярэжжы, чым Яе заслугі і ласкі. Яна праславіла Бога больш за ўсіх анёлаў і святых. O цудоўная Марыя! Ты здольная чыніць цуды ласкі ў душах, што жадаюць згубіцца ў Табе.

   [223] 2. Таму, што душа праз гэтае ўшанаванне, пагарджаючы тым, што думае ці робіць, і спадзеючыся толькі на Марыю і Яе прыхільнасць, набліжаецца да Езуса Хрыста з большай пакорай, чым душы, што дзейнічаюць па сваёй волі, спадзяюцца толькі на сябе і на свае ўменні, а таму больш праслаўляе Бога, які мае большую хвалу ў пакорных і маленькіх сэрцам.

   [224]  3. Таму, што Святая Дзева вельмі хоча дзякуючы Сваёй вялікай міласэрнасці, каб мы складалі ў Яе дзявоцкія рукі падарункі нашых добрых учынкаў, каб надаць ім прыгажосць і цудоўннае ззянне. Яна Сама ахвяруе іх Езусу Хрысту так, што наш Госпад больш праз гэта праслаўлены, чым калі б атрымаў іх з нашых злачынных рук.

   [225] 4. Нарэшце, колькі ты думаеш пра Марыю, столькі Яна, замест цябе, думае пра Бога. Калі ты праслаўляеш і ўшаноўваеш Марыю, Яна разам з табой праслаўляе і ўшаноўвае Бога. У Марыі ўсё адносіцца да Бога, таму Яе можна назваць “суадноснасцю” Бога, ці “рэхам”  Божым, якое кажа і паўтарае толькі адно: “Бог”. Калі ты кажаш: «Марыя», - Яна кажа: «Бог». Святая Альжбета праслаўляла Марыю і называла Яе блаславёнай за тое, што Яна паверыла. Марыя, вернае рэха Бога, паўтарыла: «Magnificat  anima  mea  Dominum» («Узрадавался душа мая ў Богу»). І цяпер Марыя паўтарае гэта кожны дзень. Калі ты Яе праслаўляеш, любіш, ушаноўваеш і ўсё аддаеш Ёй, тады праслаўляеш Бога, любіш Яго, ушаноўваеш і ўсё аддаеш Яму праз Марыю.



[1] Паколькі Сам Бог — крыніца ўсялякага дабра, Ён таксама крыніца нашых добрых справаў.

[2] Святы Людовік не мае на ўвазе пагарду даслоўна, бо гэта б супярэчыла нашай годнасці дзяцей Божых. Аўтар нястомна паглыбляе ў нас праўду аб нашай залежнасці ад Бога, каб мы жадалі належаць толькі Яму, цалкам даверыцца толькі Яму і толькі ў Ім пакладалі наш давер.