Св. Людвік заахвочвае: “Нарэшце, што
наймацней заахвочвае нас практыкаваць дадзенае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы — менавіта тое, што гэта
найцудоўнейшы сродак вытрываць ў цнотах і застацца вернымі. Чаму большасць
навяртанняў грэшнікаў недаўгавечныя? Чаму яны зноў так лёгка ўпадаюць у грэх?
Чаму большасць справядлівых замест таго, каб ісці ад цноты да цноты і
атрымліваць новыя ласкі, губляюць часта і тую маленькую колькасць ласкаў, што
маюць? Гэтае няшчасце здараецца, як я ўжо сказаў, ад таго, што чалавек, маючы
сапсаваную, слабую і нясталую чалавечую натуру, спадзяецца на сябе і
абапіраецца на свае ўласныя сілы, а таксама лічыць сябе здольным захаваць скарб
сваіх ласкаў, цнотаў і заслугаў. Праз
гэтае ўшанаванне мы давяраем Святой Дзеве, якая застаецца вернай, усё, што ў
нас ёсць. Мы прымаем Яе за поўную ўласніцу ўсіх нашых дабротаў натуры і ласкі.
Мы давяраемся Яе вернасці, абапіраемся на Яе моц, будуем на Яе міласэрнасці і
любові, каб Яна захавала і памножыла нашыя цноты і заслугі, нягледзячы на
супраціў д’ябла, свету і цела, што робяць усе намаганні, каб іх у нас адабраць.
Мы кажам Ёй, як добрыя дзеці сваёй маці і добрыя слугі сваёй гаспадыні: «Depositum custodi. Мая
добрая Маці і Гаспадыня, я прызнаюся, што атрымаў праз Тваё заступніцтва ад
Бога больш ласкаў, чым заслугоўваю, а мой згубны досвед вучыць мяне, што я нашу
гэтыя скарбы ў вельмі крохкім начынні, і я занадта слабы і нягодны, каб
захаваць іх самому: adolescentulus sum ego et contemptus. Праз ласку прымі на
захаванне ўсё, што мне належыць, і захавай дзеля мяне праз Сваю вернасць і моц.
Калі Ты будзеш мяне сцерагчы, я нічога не згублю; калі Ты будзеш мяне падтрымліваць,
я не ўпаду; калі Ты будзеш мяне абараняць, я буду захаваны ад маіх ворагаў” (ТСУ
173).
Малітва: Пане наш Божа, Ты заклікаеш нас, каб мы вытрывалі на
шляху веры да канца жыцця. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і св.
Людвіка удзялі нам ласкі, каб мы добра жылі сапраўды хрысціянскім жыццём і
шчасліва памерлі. Просім Цябе таксама аб ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз
Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…