Галоўныя практыкаванні сапраўднага ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы

Звычайныя практыкаванні

 [115] Існуе шмат унутраных практыкаванняў сапраўднага ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы. Вось самыя галоўныя ў некалькіх словах:

   1. Ушаноўваць Яе як годную Маці Бога ў выглядзе культу гіпердуліі[1]. Гэта азначае паважаць і ўшаноўваць Яе па-над усімі іншымі святымі як архісправу ласкі і першую пасля Езуса Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека.

   2. Разважаць над Яе цнотамі, прывілеямі і чынамі.

   3. Сузіраць Яе веліч.

   4. Чыніць дзеля Яе акты любові, праслаўлення, удзячнасці.

   5. Сардэчна заклікаць Яе.

   6. Аддаць сябе Ёй і з’яднацца.

   7. Рабіць усё так, каб Ёй падабацца.

   8. Пачынаць, працягваць і скончваць усе свае справы праз Яе, у Ёй, з Ёй і дзеля Яе, каб рабіць усё праз Езуса, у Езусе, з Езусам і дзеля Езуса — нашай канчатковай мэты. Я растлумачу потым гэтае апошняе практыкаванне.

   [116] Сапраўднае ўшанаванне Святой Дзевы мае таксама мноства знешніх практыкаванняў. Вось самыя галоўныя з іх:

   1. Уступіць у якое-небудзь марыйнае брацтва ці супольнасць.

   2. Уступіць у ордэн, заснаваны ў Яе гонар.

   3. Праслаўляць Яе.

   4. Даваць ахвяру, захоўваць пост і ўтаймоўваць плоць ў Яе гонар.

   5. Насіць Яе знакі — напрыклад, ружанец, шкаплер ці маленькі ланцужок.

 6. Уважліва, пабожна і стрымана маліцца ружанец, які складаецца з пятнаццаці дзесяткаў «Вітай, Марыя» ў гонар пятнаццаці галоўных таямніцаў Езуса Хрыста, або адну з трох яго частак[2]: радасную (Звеставанне, Наведванне Святой Альжбеты, Нараджэнне Езуса Хрыста, Ахвяраванне Езуса ў святыні, Знаходжанне Езуса ў святыні); балесную (Малітва ў садзе Аліўным, Бічаванне, Укаранаванне цернем, Нясенне крыжа, Смерць на крыжы); хвалебную (Уваскрашэнне, Унебаўшэсце, Спасланне Духа Святога, Унебаўзяцце Марыі, Укаранаванне Марыі на Каралеву Неба і зямлі). Можна маліцца ружанец, які складаецца з шасці ці сямі дзесяткаў — у гонар тых гадоў, што, як лічыцца, Святая Дзева пражыла на зямлі. Або маленькі вяночак да Святой Дзевы з трох “Ойча наш” і дванаццаці «Вітай, Марыя» ў гонар Яе кароны з дванаццаці зорак або дванаццаці прывілеяў. Можна таксама маліцца Гадзінкі да Святой Дзевы, паўсюдна прынятыя і ўжываныя ўва ўсім Касцёле; або Малы Псалтыр да Святой Дзевы, які святы Банавентура напісаў у Яе гонар. Ён настолькі прыгожы і пабожны, што нельга чытаць яго без захаплення. Можна маліцца чатырнаццаць «Ойча наш» і «Вітай, Марыя» ў гонар чатырнаццаці Яе радасцяў або якія-небудзь іншыя гімны ці ўрачыстыя песні Касцёла, як, напрыклад, «Salve  Regina», «Alma Redemptoris Mater», «Ave Regina coelorum», «Regina coeli», згодна з перыядам літургічнага года або «Ave maris Stella», «O gloriosa Domina», «Magnificat» ці нейкія іншыя пабожныя малітвы, якімі перапоўненыя малітоўнікі.

   7. Спяваць у Яе гонар духоўныя спевы і заахвочваць да гэтага іншых.

   8. Укленчыць дзеля Яе пэўную колькасць разоў ці пакланіцца, паўтараючы Ёй пры гэтым, напрыклад, кожную раніцу ад шасцідзесяці да ста разоў: «Ave Maria, Virgo Fidelis» («Вітай, Марыя, Дзева верная»), каб выпрасіць праз Яе ў Бога вернасць ласкам на працягу ўсяго дня, а ўвечары паўтараць: «Ave Maria, Mater misericordiae» («Вітай, Марыя, Маці міласэрнасці»), каб праз Яе выпрасіць у Бога прабачэнне грахоў, учыненых на працягу дня.

   9. Падтрымліваць Яе брацтвы, упрыгожваць Яе алтары, каранаваць і аздабляць Яе абразы.

  10. Насіць Яе абразы ў працэсіях і заахвочваць да гэтага іншых, а таксама насіць абразок ці медалік на сабе як магутную зброю супраць злога.

  11. Заахвочваць маляваць Яе абразы і вешаць іх у касцёлах, дамах ці на дзвярах і брамах гарадоў.

  12. Прысвяціць сябе Ёй урачыста і выключным спосабам.

 [117] Ёсць таксама іншыя практыкаванні сапраўднага ўшанавання Святой Дзевы, якія Дух Святы ўліў у сэрцы святых душаў. Яны маюць вялікую асвячальную ласку. Пра гэта можна прачытаць у кніжцы «Адчынены рай», напісанай айцом Паўлам Бары з ордэну Езуітаў. Ён сабраў у гэтым творы вялікую колькасць набажэнстваў, што практыкавалі святыя ў гонар Найсвяцейшай Дзевы. Яны цудоўна служаць асвячэнню душаў, калі іх ужываеш належным чынам. А менавіта: 1) з добрай і шчырай інтэнцыяй падабацца толькі Богу, з’яднацца з Езусам Хрыстом як са сваёй канчатковай мэтай, навучаць гэтаму іншых; 2) з увагай, без дабраахвотнай няўважлівасці; 3) з пабожнасцю, без паспешлівасці і нядбайнасці; 4) са сціпласцю, паважлівай і павучальнай паставай цела. 

Дасканалыя практыкаванні

   [118]  Я прачытаў амаль усе кнігі пра ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы, я па-сяброўску размаўляў з самымі святымі і мудрымі асобамі свайго часу і не знайшоў пабожнага практыкавання ў гонар Святой Дзевы, падобнага да таго, пра якое я хачу расказаць, якое патрабуе ад душы найбольшай ахвяры для Бога, якое найбольш вызваляе душу ад сябе самой і самалюбства, якое верна захоўвае душу ў ласцы, а ласку ў ёй, якое самым дасканалым і простым чынам яднае з Езусам Хрыстом і, нарэшце, якое прыносіць найбольш хвалы Богу, найбольш асвячае душу і прыносіць больш пажытку бліжнім.

   [119] Паколькі сутнасць гэтага ўшанавання ўнутры чалавека і там яно павінна быць уфармаванае, не ўсе аднолькава яго зразумеюць. Адны спыняцца на знешніх рэчах і не пойдуць далей. Такіх будзе найбольш. Другія — такіх будзе найменш — гэта тыя, што ўвойдуць ва ўнутраную сутнасць, але яны здолеюць узняцца толькі на першую прыступку. Хто здолее ўзняцца на другую? Хто дойдзе да трэцяй? І, нарэшце, хто ж будзе жыць ім? Гэта будзе толькі той, каму дух Езуса Хрыста адкрые яго таямніцу і сам павядзе верную душу ад цноты да цноты, ад ласкі да ласкі, ад святла да святла, каб дайсці да перамянення ў Езуса Хрыста, у чалавека дасканалага і да хвалы ў небе.

[1] Трэба адрозніваць два кшталты рэлігійнага ўшанавання: „латрыя” i „дулія”. „Латрыя” — гэта найвышэйшая пашана, якую мы аддаем самому Богу, бо Ён бясконца дасканалы. „Дулія” — гэта пашана, якую мы аддаем асобам створаным, бо яны маюць пэўную надзвычайную дасканаласць, якой іх абдарыў Бог. Такая пашана належыць анёлам і святым. Найсвяцейшая Дзева Марыя па прычыне сваёй асаблівай годнасці патрабуе асаблівага ўзроўню вышэйназванага ўшанавання, якое мы называем „гіпердуліяй”.

[2]. З 2002 года ружанец складаецца з чатырох частак. Святы Айцец Ян Павел II дадаў таямніцы святла: Хрост Езуса, Цуд у Кане Галілейскай, Абвяшчэнне Божага Валадарства, Перамяненне на гары Табор, Устанаўленне Эўхарыстыі. – Заўв. пер.).