ПАННА МУДРАЯ

 Не толькі Ларэтанская Літанія ўказвае на мудрасць Марыі, называючы Яе Паннай Мудрай і Сталіцай Мудрасці, але нават літургія Касцёла прыстасоўвае да Марыі словы са Старога Запавету, якія праслаўляюць мудрасць: “Я - Мудрасць, жыву з разважлівасцю і знаходжу дасканаласць ведаў. Госпад валодае мною ад пачатку дарог Сваіх, перш чым стварыць што-небудзь, спакон вякоў;ад вечнасці ўзнікла я і ад старадаўніх часоў, перш чым зямля ўзнікла” (Высл 8, 12.22-23).

Можна таксама знайсці ў сучаснай біблійнай марыялогіі месца Марыі сярод мудрацоў Ізраэля. Магчыма нехта мог бы здзівіцца, што такая маладая асоба дайшла за кароткае яшчэ жыццё да мудрасці, роўнай мудрацам. Такое пытанні можа паявіцца там, дзе веды мыляць з мудрасцю. Мы ведаем аб тым, што можна награмадзіць у памяці вялікую колькасць розных ведаў, кніжнай  інфармацыі, але не мець мудрасці. Ёсць ажно шмат таму прыкладаў у звычайным жыцці.

Сапраўдная мудрасць паходзіць ад Бога. Толькі тыя, хто адкрывае перад ім розум і сэрца, могуць быць ёй напоўненыя. І адбываецца гэта асабліва ў глыбокай малітве. Несумненна Марыя ў такой малітве ўвесь час “фармавалася”, набываючы Божую мудрасць. Гэта заўважыла шмат аўтараў і мастакоў, якія прадстаўлялі Марыю падчас Звеставання, занураную ў малітве. Сапраўды, гэта падзея выразна сведчыць пра вялікую мудрасць маладзенькай Марыі. Таму Яе размова з Арханёлам Габрыэлем не трывала доўга. Марыя добра разумее, з чым прыйшоў да Яе Божы пасланнік. Разумее, да чаго Бог Яе кліча, а пытае толькі пра другасныя дэталі, таму што яны звязаныя з натуральным законам, які датычыцца перадавання жыцця. Яна не кажа: але ж гэта немагчыма, бо такі закон. У сваёй мудрасці Яна спадзяецца, што Бог можа ўчыніць тое, што пажадае. Яе пытанне не датычыцца ўмовы “ці”, але “як”. Яна зусім не патрабуе, каб Бог адразу прадставіў Ёй падрабязны план, чакаючага Яе задання. Яна давяраецца Богу бяз рэшты. Гэта несумненна галоўнае сведчанне Яе сталай мудрасці.

І Марыю ў гэты момант справядліва можна бачыць сярод мудрацоў Ізраэля. Яна адказвае сваё “так” на сутыкненні двух Запаветаў – Старога і Новага. Менавіта так паварочваецца святы час – у Яе мудрым і ахвярным адказе: роля, якую меў да гэтага выканаць Ізраэль у планах Божых, цяпер пераходзіць у час Касцёла, распачынае яго. Нельга не заўважыць, што гэты новы час мае пачатак у мудрасці Дзевы з Назарэта – Панны Мудрай.

Мудрасць Аб’яўлення, якая адкрываецца паступова перад вачамі і розумам вучняў Хрыста,  Марыю таксама вядзе да ўваходу ў глыбіню Божай таямніцы збаўлення. Яна “разглядае” яе ў розуме і ў сэрцы – а гэта тыповы занятак мудрацоў. І так Марыя ўвесь час развіваецца ў мудрасці. Яна вельмі прагрэсіўна адкрывае глыбіню даручанай Ёй таямніцы і становіцца яе асаблівай ўдзельніцай як Маці Сына Божага. Яна вучыцца разуменню спраў Божых і людзкіх. Хто больш разумее ў Бога, той таксама больш разумее ў людзкіх справах – вельмі глыбокіх, а не толькі менш значных, павярхоўных, з інфарматыўным характарам.

Мудрасць Марыі заключалася таксама ў тым, што тое, што Яна зразумела, разважаючы над словам Божым, а таксама з выказванняў і ўчынкаў Езуса, рабіла праграмай свайго жыцця – паводле іх усё рабіла, жыла імі.

Як наша Маці і Настаўніца Яна прагне, каб мы па Яе прыкладзе разважалі над словам Божым і ўцелаўлялі яго ў жыццё, паступаючы ў Божай мудрасці. Каб мы розумам і сэрцам паглыбляліся ў яго і чэрпалі з яго мудрасці.    

 

Крыніца: Zeszyty Maryjne Nr 4(148)/2022