Нам патрэбны пасрэднік перад Самім Пасрэднікам.
[83] Чацвёртая праўда. Самы дасканалы спосаб, бо самы пакорны — не набліжацца да Бога ўласнымі сіламі, без пасрэдніка. Нашае нутро, як я ўжо паказаў, настолькі сапсаванае, што, калі мы абапіраемся на нашую ўласную працу, уменні, падрыхтоўку, каб ісці да Бога і Яму спадабацца, уся нашая справядлівасць з пэўнасцю будзе забруджаная або не будзе мець вялікай вартасці перад Богам, каб Ён з’яднаўся з намі і выслухаў нас. Нездарма Бог даў нам пасрэднікаў перад Яго веліччу. Ён бачыў нашую нягоднасць і няздольнасць. І Ён злітаваўся над намі, а, каб даць нам доступ да Сваёй Міласэрнасці, даў нам магутных заступнікаў перад Яго Веліччу. Таму пагарджаць Яго пасрэднікамі і набліжацца непасрэдна да Яго Святасці без заступніцтва — гэта не мець пакоры і пашаны да настолькі вялікага і святога Бога. Гэта б азначала менш паважаць і шанаваць гэтага Валадара валадароў, чым звычайнага зямнога караля ці князя, да якога мы не асмельваемся падысці без заступніцтва якога-небудзь сябра, які б за нас паразмаўляў з ім.
Езус Хрыстус — наш Пасрэднік
перад Богам Айцом.
[84] Наш Госпад — наш
Заступнік і Пасрэднік праз ласку адкуплення перад Богам Айцом. Менавіта праз
Яго мы павінны маліцца разам з усім Касцёлам трыюмфуючым і пілігрымуючым.
Менавіта праз Яго мы маем доступ да Яго Велічы. Мы павінны паўставаць перад Ім
толькі з падтрымкай Езуса і апранутымі ў Яго заслугі, як маленькі Якуб быў
апрануты ў скуру ягняці, калі паўстаў перад сваім айцом Ісаакам, каб атрымаць
блаславенства.
Марыя — нашая Пасрэдніца перад Езусам Хрыстом.
[85] Але ці патрэбны нам пасрэднік перад самім Пасрэднікам? Ці досыць нашай чысціні, каб самім беспасрэдна з’яднацца з Ім? Ці Ён не Бог, ува ўсім роўны Айцу і таму Святы над святымі, таксама годны
такой самай пашаны, што і Айцец? Ён, праз Сваю бясконцую
міласэрнасць, стаўся нашай зарукай і пасрэднікам перад Богам Сваім Айцом, каб
Яго суцішыць і сплаціць Яму нашыя даўгі. Ці можам мы пасля гэтага мець да Яго
менш павагі і боязі да Яго Велічы і Святасці?
Таму асмелімся сказаць разам са
святым Бернардам, што нам патрэбны пасрэднік перад самім Пасрэднікам. А боская
Марыя найбольш здольная выканаць гэтае міласэрнае заданне. Гэта праз Яе Езус
Хрыстус прыйшоў да нас, і менавіта праз Яе мы павінны ісці да Яго. Калі мы баімся ісці беспасрэдна да Езуса Хрыста, Бога, можа, з-за Яго
бясконцай велічы, можа, з-за нашай нягоднасці, а можа, з-за нашых грахоў, то
горача просім дапамогі і заступніцтва Марыі, нашай Маці. Яна добрая і
пяшчотная. У Ёй няма нічога суровага і непрыемнага, нічога празмерна велічнага
і бліскучага. Бачучы Яе, мы бачым нашую натуру. Яна не сонца, што гарачынёй
сваіх промняў магло б нас асляпіць з-за нашай слабасці. Яна прыгожая і
пяшчотная, як месяц, што атрымлівае сваё святло ад сонца і змякчае яго, каб
прыстасаваць да нашай маленькасці. Яна настолькі міласэрная, што не адмаўляе
нікому з тых, што просяць Яе заступніцтва, якімі б грэшнымі яны ні былі. Як
кажуць святыя, ад стварэння свету ніколі не здаралася, каб той, хто з даверам і
вытрымкай прыбягаў да Святой Дзевы, быў адкінуты. Яна настолькі магутная, што
Бог ніколі не адмаўляў Ёй у Яе просьбах. Ей досыць падысці да Свайго Сына, каб
папрасіць Яго. Ён адразу выконвае Яе просьбы. Любоў і малітвы Яго найдаражэйшай
Маці заўсёды Яго перамагаюць.
[86] Пра гэта казалі святы Бернард і святы Банавэнтура. Па іх словах, мы маем тры ступені, каб ісці да Бога. Першая — найбольш блізкая да нас і найбольш адпаведная нашым здольнасцям — гэта Марыя. Другая — гэта Езус Хрыстус. Трэцяя — гэта Бог Айцец. Каб ісці да Езуса, трэба ісці спачатку да Марыі. Яна нашая Пасрэдніца ў заступніцтве. Каб ісці да Спрадвечнага Айца, трэба ісці спачатку да Езуса — нашага Пасрэдніка моцай адкуплення. Таму праз ушанаванне, пра якое я скажу ніжэй, можна дасканала захаваць гэты парадак.
[87] Пятая праўда. З-за нашай
слабасці і крохкасці нам вельмі цяжка захаваць ласкі і скарбы, дадзеныя Богам:
1. Таму што мы захоўваем гэты скарб,
даражэйшы за неба і зямлю, у крохкіх судзінах:
Habemus thesaurum istum in vasis fictilibus, нашых тленных целах, слабых і няздольных захаваць сталасць душах, якія
турбуюцца з-за найменшых дробязяў.
[88] 2. Таму што дэманы — гэтыя
хітрыя злодзеі — хочуць заспець нас знянацку, каб абрабаваць. Яны ўдзень і
ўночы шукаюць дзеля гэтага зручны момант. Яны нястомна віруюць вакол нас, каб
нас паглынуць і ў адзін момант праз грэх скрасці ў нас усе ласкі і заслугі, што
мы атрымоўвалі гадамі. Іх злосць, іх досвед, іх хітрасць і колькасць павінны
прымусіць нас баяцца гэтага няшчасця, бо іншыя асобы, нягледзячы на тое, што
мелі больш ласкі, больш цнотаў, мелі большы досвед і былі больш святымі, былі
нечакана і бязлітасна абкрадзеныя гэтымі страшнымі ворагамі. О! Колькі ж было кедраў
Лібану і зорак нябесных, якія марна ўпалі і згубілі сваю вышыню і святло ў
кароткі час! Адкуль паходзіць гэтая дзіўная перамена? Гэта не была адсутнасць ласкі, якой даволі ўсім, але адсутнасць пакоры. Гэтыя душы лічылі сябе больш моцнымі і
самадастатковымі, чым гэта было на самой справе. Яны лічылі, што самі змогуць
захаваць свае скарбы. Яны ганарыліся і абапіраліся самі на сябе. Яны лічылі
свае дамы і дахі досыць моцнымі, каб захаваць гэты каштоўны скарб ласкі. І
менавіта з-за гэтага незаўважнага абапірання на сябе (хоць яны лічылі, што
абапіраюцца выключна на ласку Божую) справядлівы Госпад дазволіў, каб яны былі
абкрадзеныя, і пакінуў іх самім сабе. На жаль! Каб яны ведалі пра цудоўнае ўшанаванне
Марыі, якое я пакажу ніжэй, яны б даверылі свае скарбы моцнай і вернай Дзеве,
якая б захавала іх, як Сваё ўласнае дабро, і палічыла гэта абавязкам
справядлівасці.
[89]
3. Вельмі цяжка быць сталым
у захаванні справядлівасці з-за сапсаванасці свету. Гэты свет настолькі сёння сапсаваны, здаецца, што трэба, каб кожнае сэрца
было запэцканае або яго брудам, або яго пылам. І цуд, калі якая-небудзь асоба
застаецца цвёрдай і некранутай сярод бязбожных навальніцаў; калі ў гэтым вірлівым
моры не патоне і не будзе абрабаваная піратамі ці карсарамі; калі ў гэтым
атрутым паветры не набярэцца заразы. Менавіта адзіная верная Дзева, да якой
шатан не можа нават наблізіцца, можа ўчыніць гэты цуд для тых, што Яе моцна
любяць.