Маці і Каралева Супакою

Марыя, якой хрысціянства дало тытул Каралевы Супкою, атрымала яго вельмі справядліва. Менавіта Яна нарадзіла Таго, хто з’яўляецца Валадаром Супакою і самім Супакоем. Таму можна сказаць, што Марыя прынесла свету Супакой – Збаўцу – дзякуючы сваёй місіі мацярынства. Таму Яна з’яўляецца Маці Супакою. І Марыя ўвесь час клапоціцца аб Божым супакоі на зямлі. Яна імкнецца да таго, каб супакой закараніўся ў нашым свеце і ў нашых сэрцах.

Пра гэта сведчаць шматлікія аб’яўленні Марыі ў свеце, падчас якіх Яна нястомна заклікае, як цэлыя народы, так і асобных людзей, стаць на шлях супакою.

Каралевай Супакою Марыя з’яўляецца ў першую чаргу таму, што, як ужо было сказана, Яна з’яўляецца Маці Валадара Супакою. Аднак Марыя не толькі Яго Маці, але таксама Вучаніца – першая і самая дасканалая. Так як Хрыстус чэрпаў з Марыі жыццядайныя сокі, калі Яна насіла Яго пад сэрцам, так потым Яна чэрпала ад Яго сілы і цудоўную духоўную прыгажосць – таксама і цноту супакою. У Яе Сэрцы ніколі не было нястачы супакою для свету і для людзей. У гэтым Яе Сэрцы і далей жыве гарачае прагненне, каб і мы – Яе дзеці – на Яе ўзор мелі адзін да аднаго адносіны, поўныя дабразычлівасці, сардэчнасці, зразумення і спакою. Гэта павінна праявіцца таксама ў адносінах да нашых суседзяў. Суседства гэта асаблівае месца, дзе праяўляецца наша хрысціянства – тое, ці яно аўтэнтычнае ці толькі так называецца.

Калі б хтосьці сцвярджаў, што любіць Марыю, і штодзённа маліўся б Ружанец, а таксама ўдзельнічаў бы ва ўсіх марыйных набажэнствах, а трываў бы ў нязгодзе з суседзямі, то не меў бы Марыі за сваю Каралеву і Маці. Сэрца шанавальніка Марыі напаўняе супакой, які Яна насіла ў Сабе. Не можа ён ставіць у ім муры варожасці да кагосьці, а таму і да суседзяў таксама. Але сама згода з суседзямі гэта не ўсё.

Біблія паказвае нам, што валадарыць у Божым сэнсе азначае служыць. І Марыя з’яўляецца менавіта той Каралевай, якая служыць. Так, як Яе Сын, які не прыйшошў, каб Яму служылі, але, каб самому служыць (пар. Мц 20, 28). Ён быў ахвярным слугой нашага збаўлення, які да канца нам служыў, да таго моманту, калі аддаў жыццё за нас, бо “да канца нас палюбіў” (пар. Ян 13, 1). Таксама і Марыя, Каралева, якая служыць, аддала ўсё Сваё жыццё Сыну ў служэнні для нашага збаўлення.

Марыя чакае ад нас, што мы будзем служыць іншым на іх шляху да збаўлення. У першую чаргу ў нашай сям’і, але потым таксама нашым суседзям. Тое, ці Марыя сапраўды з’яўляецца нашай Маці і Каралевай, а Езус ншым Настаўнікам і Панам, праяўляецца не толькі ў нашых словах, але і ў спосабе нашага жыцця і адносінаў да людзей, асабліва тых, якія да нас бліжэй – гэта суседзі. Часам яны нават становяцца нам больш блізкімі, чым нашы сваякі, якія жывуць далёка або занадта шмат нас з імі падзяляе.

Марыя нічога не мусіла нават казаць, бо тыя, хто на Яе глядзеў, атрымлівалі Яе ўнутраны супакой, дабразычлівасць і напаўняючую Яе сэрца любоў да Бога і людзей. Менавіта гэта найбольш іх прыцягвала да Бога і веры. Свой унутраны супакой, якім Яна агарняла сустраканых асобаў, меў незвычайную моц перамянення людзкіх сэрцаў і адкрывання іх на Бога.

Таксама і мы, углядаючыся ў нашу Каралеву Супакою, прымем Яе стыль жыцця – таксама і ў адносінах да нашых суседзяў. Той з’яўляецца сапраўдным шанавальнікам Каралевы Супакою, хто носіць у сваім сэрцы супакой Хрыстовы – так, як Яна.

 

Перакладзена з польскай мовы.
Крыніца: „
Matka Pokoju
”, № 4(98)/2022.