Неабходнасць сапраўднага ўшанавання Марыі

 ПЕРШАЯ ЧАСТКА
Неабходнасць сапраўднага ўшанавання Марыі

Ласка Божая безумоўна неабходная

3. Душа, жывы вобраз Бога, адкуплены найкаштоўнейшай Крывёю Езуса Хрыста, воля Божая аб табе ў тым, каб ты была святой, як Ён, у гэтым жыцці і слаўнай, як Ён, у іншым.

Набыццё святасці Божай - гэта тваё бясспрэчнае пакліканне; менавіта ў гэтым кірунку ўсе твае думкі, словы і ўчынкі, пакуты і рухі твайго жыцця павінны імкнуцца; у іншым выпадку ты будзеш супраціўляцца Богу, не выконваючы тое, дзеля чаго Ён цябе стварыў і захоўвае цяпер.

O! Які цудоўны твор! Пыл пераменены ў святло, бруд у чысціню, грэх у святасць, стварэнне ў Творцу і чалавек у Бога! O цудоўны твор! Я паўтараю гэта, але твор складаны сам па сабе і немагчымы для адной чалавечай натуры; толькі Бог праз сваю ласку, незлічоную і непараўнальную, можа здзейсніць гэта; і стварэнне ўсяго сусвету не ідзе ў параўнанне з гэтым шэдэўрам.

4. Душа, што ты зробіш? Якія сродкі ты абярэш, каб узняцца да Бога, які цябе кліча? Усім вядомыя сродкі збаўлення і святасці, занатаваныя ў Евангеллі, растлумачаныя настаўнікамі духоўнага жыцця, практыкуюцца святымі і неабходныя ўсім тым, хто хоча збавіцца і дасягнуць дасканаласці; імі з'яўляюцца пакора сэрца, няспынная малітва, поўнае прыніжэнне, адданне Божаму Провіду, паслухмянасць Божай Волі.

5. Каб практыкаваць усе гэтыя сродкі збаўлення і святасці, ласка і дапамога Бога вельмі неабходныя, і гэтая ласка дадзеная ўсім у большай ці меншай ступені; ніхто ў гэтым не сумняецца. Я кажу, у большай ці меншай ступені, бо Бог, хоць Ён і нязмерна добры, дае сваю ласку неаднолькава, хоць і ў дастатковай меры для ўсіх. Душа, верная вялікай ласцы, здзяйсняе вялікую справу, малой ласцы – малую справу. Каштоўнасць і веліч ласкі, дадзенай Богам і выкарыстанай душой, дае каштоўнасць і веліч нашым справам. Гэтыя прынцыпы  бясспрэчныя.

Каб знайсці ласку Божую, трэба знайсці Марыю

6. Усё зводзіцца да таго, каб знайсці дзейсны сродак атрымаць у Бога неабходную ласку, каб стаць святым; і гэта менавіта тое, чаму я хачу цябе навучыць. І я кажу: каб знайсці ласку Божую, трэба знайсці Марыю.

Таму што:

7. 1) Толькі Марыя знайшла ласку ў Бога і дзеля Сябе, і дзеля кожнага асобнага чалавека. Патрыярхі і прарокі, усе святыя старога права не змаглі знайсці гэтую ласку.

8. 2) Гэта Яна дала існаванне і жыццё Аўтару ўсялякай ласкі, таму Яна названая Маці ласкі, Mater gratiae.

9. 3) Бог Айцец, ад якога паходзіць усялякі дасканалы дар і ўсялякая ласка як з галоўнай крыніцы, даючы Ёй свайго Сына, даў Ёй усе свае ласкі такім чынам, што, як кажа святы Бернард, воля Божая дадзеная Ёй у Ім і з Ім.

10. 4) Бог абраў Яе ў якасці скарбніцы, захавальніцы і размеркавальніцы сваіх ласкаў такім чынам, што ўсе ласкі і ўсе Яго дары праходзяць праз Яе рукі; і згодна з уладай, якую Яна атрымала, як кажа св.Бернард, Яна дае каму хоча, колькі хоча, калі і як хоча ласкі Спрадвечнага Айца, цноты Езуса Хрыста і дары Святога Духа.

11. 5) Як у натуральным законе патрэбна, каб дзіця мела бацьку і маці, гэтак сама ў  законе ласкі трэба, каб у сапраўднага дзіцяці Касцёла Бог быў бацькам і Марыя – маці; і, калі ён хваліцца тым, што Бог - яго бацька, але не мае і кроплі пяшчоты сапраўднага дзіцяці да Марыі, гэта хлуснік, і дэман яго бацька.

12. 6) Паколькі Марыя сфармавала Галаву прызначаных, якой з'яўляецца Езус Хрыстус, то Ёй належыць фармаваць часткі цела гэтай Галавы, якімі з'яўляюцца сапраўдныя хрысціяне, бо маці не фармуе ані галавы без частак цела, ані частак цела без галавы. Таму кожны, хто хоча быць часткай цела Езуса Хрыста, поўнага ласкі і праўды, павінен быць сфармаваны ў Марыі пры дапамозе ласкі Езуса Хрыста, які жыве ў Ёй у паўнаце, каб быць дадзеным у той самай паўнаце сапраўдным часткам цела Езуса Хрыста і яго сапраўдным  дзецям.

13. 7) Святы Дух, пашлюбаваўшыся з Ёю і стварыўшы ў Ёй, праз Яе і ад Яе Езуса Хрыста, гэты шэдэўр, уцелаўлёнае Слова, і ні на міг не адступіўшы ад Яе, працягвае кожны дзень у Ёй і праз Яе цудоўным, але сапраўдным чынам ствараць прызначаных.

14. 8) Марыя атрымала ад Бога асаблівую ўладу над душамі, каб іх карміць і гадаваць у Богу. Святы Аўгустын кажа, што нават у свеце прызначаных усе ўкрытыя ва ўлонні Марыі, і яны прыходзяць у свет толькі тады, калі гэтая добрая Маці нараджае іх да жыцця вечнага. Такім чынам, як дзіця чэрпае ўвесь свой спажытак у Маці, адпаведны сваёй слабасці, гэтак сама і прызначаныя чэрпаюць свой духоўны спажытак і ўсю сваю моц у Маці.

15. 9) Гэта Марыі Бог сказаў: «In Jacob inhabitа» - «Дачка мая, жыві ў Якубе», - гэта значыць, у маіх прызначаных, выяўленых у вобразе Якуба. Гэта Марыі Бог Сын сказаў: «In Israel haereditare» - «Мая дарагая Маці, няхай Твая спадчына будзе ў Ізраілі», - гэта значыць, у прызначаных. Нарэшце, гэта Марыі Святы Дух сказаў: «In electis meis mitte radices» - «Пусці, мая дарагая Сужонка, свае карані ў маіх абраных”. Таму ў кожным абраным і прызначаным жыве Святая Дзева, гэта значыць, у яго душы, і ён дазваляе Ёй пусціць у сабе карані глыбокай пакоры, гарачай любові і ўсялякіх цнотаў.

16. 10) Марыя названая Святым Аўгустынам і сапраўды з'яўляецца жывой формай Бога, forma Dei, гэта значыць, што толькі ў Ёй Бог-Чалавек быў сфамаваны ў людской натуры, захаваўшы ўсе рысы Боскасці, і толькі ў Ёй чалавек можа быць ператвораны ў Боскую натуру – настолькі, наколькі чалавечая натура да гэтага здольная праз ласку Езуса Хрыста.

Скульптар можа зрабіць скульптуру або партрэт двума спосабамі: 1) карыстаючыся сваім майстэрствам, сваёй сілай, навукай і добрымі прыладамі, каб вырабіць гэты вобраз з жорсткага і пазбаўленага формы матэрыялу; 2) ён можа змясціць яе ў форму. Першы спосаб доўгі і цяжкі і наражаны на шматлікія няўдачы: досыць аднаго няўдалага руху нажніцаў ці малатка, каб сапсаваць увесь выраб. Другі - хуткі, лёгкі і зручны, амаль без намаганняў і кошту - з умовай, што форма дасканалая і адпавядае ўзору, а ўжыты матэрыял вельмі падатлівы, не супраціўляецца яго руцэ.

17. Марыя з'яўляецца вялікай формай Бога, створанай Святым Духам, каб фармаваць натуру Бога-Чалавека праз гіпастатычнае адзінства, а таксама чалавека-Бога праз ласку. Гэтая форма мае ўсе рысы Боскасці; кожны, хто ў яе змешчаны і дазваляе такім чынам сябе ўфармаваць, набывае ўсе рысы Езуса Хрыста, сапраўднага Бога, вельмі пяшчотна і суадносна чалавечай слабасці і без цяжкіх намаганняў і працы; спосабам надзейным, без небяспекі падману, бо дэман не мае і ніколі не будзе мець доступу да Марыі, святой і беззаганнай, без ценю якой-колечы плямы граху.

18. O! Дарагая душа, якая вялікая розніца паміж душой, сфармаванай у Езусе Хрысце пры дапамозе звычайных сродкаў, што, як скульптары, давярае свайму ўмельству і спадзяецца на сваё майстэрства, і душой вельмі гнуткай, вельмі лёгкай і падатлівай, што без аніякага спадзявання на самую сябе пагружаецца ў Марыю і дазваляе кіраваць сабой праз дзеянне Святога Духа! Колькі плямаў, колькі хібаў, колькі цемры, колькі зманлівасці, колькі чалавечага ў першай душы; і наколькі чыстая, боская і прыпадобненая да Езуса Хрыста другая!

19. Няма і ніколі не будзе ніводнага стварэння, дзе б Бог больш узвялічыўся, па-за сабой і ў самым сабе, як толькі ў Марыі, не выключаючы нават блаславёных, херувімаў, ані вышэй за серафімаў, нават у самым раі.

Марыя – гэта рай Бога і Яго невыказны свет, куды Сын Божы ўвайшоў, каб учыніць цуды, каб захаваць яго і ўпадабаць. Ён стварыў свет дзеля пілігрымуючага чалавека, гэта менавіта наш свет; Ён стварыў свет дзеля блаславёнага чалавека, гэта рай; але Ён стварыў другі свет дзеля Сябе, якому даў імя Марыя; свет, невядомы амаль што ўсім смяротным тут, на зямлі, і незразумелы нікому з анёлаў і блаславёных у небе, якія, у захапленні бачучы Бога, такога ўзвышанага і аддаленага ад іх, такога адасобленага і схаванага ў сваім свеце, боскай Марыі, усклікаюць удзень і ўначы: «Святы, Святы, Святы!»

20. Шчаслівая і тысячакроць шчаслівая душа на зямлі, якой Святы Дух адкрыў таямніцу Марыі, каб ведаць яго, і якой Ён адкрывае гэты замкнёны сад, каб у яго увайсці, і гэтую запячатаную крыніцу, каб чэрпаць з яе і піць вялікімі глыткамі жывую ваду ласкі! Гэтая душа знойдзе ў тым умілаваным стварэнні аднаго толькі Бога, без іншых стварэнняў; але Бог у той жа самы час бясконца святы і ўзвышаны, бясконца паблажлівы і адпаведны яе слабасці. Паколькі Бог паўсюль, Яго можна знайсці паўсюль, нават у пекле; але няма месца, дзе стварэнне магло б знайсці Яго бліжэй і адпаведней сваёй слабасці, чым у Марыі, бо менавіта дзеля гэтага Ён зышоў з Неба. Паўсюль у іншых месцах Ён Хлеб моцных і анёлаў; але ў Марыі Ён - Хлеб дзяцей.

21. Не трэба згаджацца ў меркаванні з тымі, хто памылкова ўяўляе, што, калі Марыя з'яўляецца стварэннем, Яна будзе перашкаджаць яднанню з Творцам: гэта ўжо не Марыя жыве, гэта сам Езус Хрыстус, гэта сам Бог жыве ў Ёй. Яе перамяненне ў Богу перавышае перамяненне Святога Паўла і іншых святых так, як неба перавышае зямлю.

Марыя створаная толькі дзеля Бога і не затрымоўвае дзеля Сябе ніводнай душы, а, наадворот, адразу змяшчае яе ў Бога і яднае з Ім з яшчэ большай дасканаласцю - так, што душа яшчэ больш яднаецца з Ёй. Марыя - гэта дзівоснае рэха Бога, якое адказвае толькі «Бог», калі да Яе клічаш «Марыя», якое праслаўляе толькі Бога, калі разам са святой Альжбетай Яе называюць блаславёнай. Калі б заблукалыя, што былі няшчасна падманутыя дэманам нават у малітве, змаглі знайсці Марыю, а праз Марыю Езуса, а праз Езуса - Бога, яны б не ўчынілі такіх жудасных аблудаў. Як толькі душа знаходзіць Марыю, а праз Марыю Езуса, а праз Езуса - Бога Айца, яна знаходзіць усе даброты, кажуць святыя душы: Inventa, etc. Хто кажа «ўсё», той нічога не выключае: усялякая ласка і поўнае сяброўства з Богам; поўная ўпэўненасць супраць ворагаў Бога, поўная праўда супраць хлусні; поўная лёгкасць і перамога супраць цяжкасцяў у збаўленні; поўная слодыч і радасць сярод горычы жыцця.

22. Гэта не азначае, што той, хто знайшоў Марыю праз сапраўднае набажэнства, будзе пазбаўлены крыжа і пакутаў; ён падлягае гэтаму больш, чым хто-кольвечы іншы, таму што Марыя, Маці жывых, дае ўсім сваім дзецям кавалачкі Дрэва жыцця, якім з'яўляецца крыж Езуса, але, падбіраючы ім добры крыж, Яна дае ім ласку несці яго цярпліва і нават радасна, такім чынам, што крыж, які Яна дае тым, хто Ёй належыць, - гэта больш прысмакі і цукеркі, чым горкі крыж, альбо, калі яны адчуваюць у нейкі момант горыч келіху, які трэба абавязкова выпіць, каб быць сябрам Бога, суцяшэнне і радасць, якія дае пасля смутку гэтая добрая Маці, бясконца іх ажыўляюць, каб несці яшчэ больш цяжкі і горкі крыж.

Неабходнае сапраўднае ўшанаванне  Святой Дзевы

23. Складанасць заключаецца ў тым, каб сапраўды знайсці боскую Марыю дзеля таго, каб знайсці бязмежную ласку. Бог, адзіны Гаспадар, сам можа даць тое, што Ён дае звычайна толькі праз Марыю; нельга адмаўляць, без дзёрзкасці, што паводле закону, ўстаноўленага Боскай Мудрасцю, Ён звычайна ўдзяляецца людзям толькі праз Марыю дзякуючы ласцы, як кажа святы Тамаш. Каб узняцца і з'яднацца з ім, трэба скарыстаць з таго самага сродка, якім скарыстаўся Ён, каб спусціцца да нас, стацца чалавекам і ўдзяліць свае ласкі; і гэтым сродкам з'яўляецца сапраўднае ўшанаванне да Святой Дзевы.