Матывы, якія павінны нас заахвоціць да дасканалага ўшанавання НПМ

    [135] Першы матыў, які паказвае нам цудоўнасць гэтага прысвячэння сябе Езусу Хрысту праз рукі Марыі.

   Калі на зямлі нельга знайсці больш узвышанай працы, чым служэнне Богу, калі найменшы слуга Божы багацейшы, мацнейшы і шляхетнейшы за ўсіх цароў і імператараў зямлі, што не былі слугамі Бога, то якія ж тады багацці, магутнасць і годнасць у вернага і дасканалага слугі Божага, адданага Яго службе, цалкам бяз рэшты і настолькі, наколькі можа ім быць! Менавіта такім з’яўляецца верны і закаханы слуга Езуса і Марыі, што цалкам аддаўся служэнню гэтаму Цару цароў праз Марыю і нічога не пакінуў дзеля сябе: усё золата зямлі і хараство нябёсаў не змогуць зраўнацца з каштоўнасцю такога слугі.

   [136] Шматлікія кангрэгацыі, супольнасці і брацтвы, заснаваныя ў гонар нашага Госпада і Яго святой Маці, якія даюць вельмі шмат карысных рэчаў хрысціянству, не кажуць аддаваць усё бяз рэшты. Яны загадваюць сваім супольнікам рабіць толькі пэўныя практыкаванні і ўчынкі, праз якія яны выконваюць свае абавязкі.  Яны застаюцца вольнымі адносна іншых учынкаў і выкарыстоўвання свайго асабістага часу. А гэтае набажэнства загадвае ўсё аддаць Езусу і Марыі дарэшты: усе свае думкі, словы, ўчынкі, пакуты і ўвесь свой асабісты час, каб, ці чуваем мы ці спім, ці п’ем ці ядзім, ці робім маленькія справы ці вялікія, мы маглі шчыра сказаць, што ўсё, што мы робім, нават калі пра гэта не думаем, моцай нашага прысвячэння з’яўляецца ўласнасцю Езуса і Марыі, пакуль мы выразна ад яго не адмовімся. Якое суцяшэнне!

   [137] Тым больш, як я ўжо сказаў, што няма лепшага сродку, праз які можна было б лёгка пазбавіцца звычаю шукання сябе, які незаўважна  ўкрадаецца ў нашыя найлепшыя ўчынкі. А наш добры Езус дае вялікую ласку душы, каб узнагародзіць за гэты гераічны і бескарыслівы ўчынак, ахвяруючы праз Сваю святую Маці ўсю вартасць яе добрых справаў. Калі Ён дае стакроць тым, што нават у гэтым жыцці з любові да Яго пакідаюць знешнія, часовыя і згубныя даброты, то як жа Ён узнагародзіць тых, што прысвяцілі Яму нават свае ўнутраныя і духоўныя даброты!

   [138] Езус, наш вялікі сябра, аддаўся нам дарэшты, целам і душой, разам з цнотамі, ласкамі і заслугамі: «Se toto totum me comparavit», — кажа святы Бернард («Ён цалкам заваяваў мяне, цалкам аддаючыся мне»). Ці гэта не патрабаванне справядлівасці і ўдзячнасці — аддаць Яму цяпер усё, што мы можам Яму даць? Ён першым быў шчодрым да нас. Цяпер нашая чарга. І тады мы спазнаем у гэтым жыцці, у хвіліну смерці і ў вечнасці яшчэ большую Яго шчодрасць: Cum liberali liberalis erit.

    [139] Другі матыў, які паказвае нам, што вельмі патрэбна і карысна для хрысціяніна цалкам прысвяціць сябе Найсвяцейшай Дзеве, каб больш дасканала належаць Езусу Хрысту.

   Гэты добры Настаўнік не пасаромеўся замкнуцца ва ўлонні Святой Дзевы як вязень і нявольнік любові і быць Ёй паслухмяным і падданым трыццаць гадоў. І тут, паўтараю, чалавечы розум губляецца, калі пачынае сур’ёзна разважаць над гэтымі паводзінамі Уцелаўлёнай Мудрасці, якая не пажадала аддацца людзям адразу, але толькі праз Найсвяцейшую Дзеву, і не пажадала прыйсці ў свет дарослым незалежным чалавекам, але бедным маленькім дзіцяткам, залежным ад Сваёй святой Маці. Гэтая бясконцая Мудрасць, якая нязмерна жадала праславіць Бога — Свайго Айца і ўратаваць людзей, не знайшла найлепшага і найпрасцейшага сродку гэта зрабіць, як ува ўсім падпарадкавацца Найсвяцейшай Дзеве, і не толькі на працягу першых васьмі, дзесяці ці адзінаццаці гадоў свайго жыцця, як іншыя дзеці, але трыццаці. І сваім трыццацігадовым падпарадкаваннем і залежнасцю ад Найсвяцейшай Девы Яна праславіла Бога — Свайго Айца больш, чым калі б Яна выкарыстала гэты час на цуды, абвяшчэнне Добрай Навіны па ўсёй зямлі, навяртанне грэшнікаў. Калі б так, то Яна б гэта зрабіла. O! Праслаўляйце велічна Бога, падпарадкоўваючыся Марыі па прыкладзе Езуса!

   Маючы перад сваімі вачыма такі выразны і вядомы прыклад, ці можам мы быць настолькі неразважлівымі, каб шукаць больш дасканалы  сродак і больш кароткі  шлях, каб праславіць Бога, замест таго, каб падпарадкавацца Марыі па прыкладзе Яе Сына?

   [140] Каб даказаць неабходнасць нашай залежнасці ад Найсвяцейшай Дзевы, трэба нагадаць сабе ўсё тое, што я сказаў, спасылаючыся на прыклад Айца, Сына і Духа Святога. Айцец даў і дае нам Сына толькі праз Яе, фармуе сабе дзяцей толькі праз Яе і надзяляе Сваімі ласкамі толькі праз Яе. Бог Сын прыняў людское цела дзеля ўсяго свету толькі праз Яе, кожны дзень Ён фармуецца і робіцца прысутным толькі праз Яе ў еднасці з Духам Святым і надзяляе сваімі цнотамі і заслугамі толькі праз Яе. Бог Дух Святы ўфармаваў Езуса толькі праз Марыю, толькі ў Ёй фармуе часткі Яго Містычнага Цела і размяркоўвае Свае дары і ласкі толькі праз Яе. Пасля столькіх прыгожых прыкладаў Святой Тройцы ці можам мы абысціся без Марыі і не прысвяціць сябе Ёй, каб належаць Ёй і праз Яе ісці да Бога і ахвяраваць сябе Яму? Калі б так, мы былі б зусім сляпымі.

   [141]  Вось некалькі лацінскіх урыўкаў са святых Айцоў, каб даказаць тое, што я толькі што сказаў: «Duo filii Mariae sunt, homo Deus et homo purus; unius corporaliter; et alterius  spiritualiter mater est  Maria» (святы Банавэнтура і Арыген)[1].

  «Haec est voluntas Dei, qui totum nos voluit habere per Mariam; ac proinde, si quid spei, si quid gratiae, si quid salutis ab ea noverimus redundare» (святы Бернардын)[2].

   «Omnia dona, virtutes et gratiae ipsius Spiritus Sancti, quibus vult, quando vult, quomodo vult et quantum vult per ipsius manus administrantur» (святы Бернардын)[3].

   «Qui indignus eras cui daretur, datum est Mariæ, ut per eam acciperes quidquid haberes» (святы Бернард)[4].

   [142]  Бог, бачучы нашую нягоднасць атрымаць ласкі беспасрэдна з Яго рук, кажа святы Бернард, дае іх Марыі, каб праз Яе мы мелі ўсё тое, што Ён хоча нам даць. Ён таксама лічыць хвалебным для Сябе атрымаць праз Яе рукі падзяку, пашану і любоў, якія мы павінны Яму даць, каб падзякаваць за Яго дары. І вельмі слушна, калі мы будзем ісці за прыкладам Бога, каб, як кажа той самы святы Бернард, ласка вярнулася да свайго аўтара тым самым шляхам, што і прыйшла: «Ut eodem alveo ad largitorem gratia redeat quo fluxit».

   Гэта тое, што адбываецца праз гэтае ўшанаванне: мы ахвяруем і прысвячаем усё, чым мы ёсць, Найсвяцейшай Дзеве Марыі, каб наш Госпад атрымаў праз Яе нашую хвалу і ўдзячнасць. Мы прызнаем сябе ня годнымі і ня здольнымі самім наблізіцца да Яго бясконцай Велічы і таму прыбягаем да заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы.

   [143] Тым больш, што ў гэтым мы практыкуем вялікую пакору, якую Бог любіць больш за ўсе іншыя цноты. Душа, якая ўзвышае сябе, паніжае Бога, а душа, што паніжае сябе, узвялічвае Бога. Бог супраціўляецца ганарлівым і дае ласку пакорным. Калі вы прыніжаеце сябе, лічучы сябе ня годнымі паўстаць перад Ім і да Яго наблізіцца, Ён сыходзіць, каб прыйсці да нас, каб знайсці ў нас Сваё ўпадабанне і ўзвялічыць. І наадварот: калі мы дзёрзка набліжаемся да Бога без пасрэдніка, тады Бог аддаляецца, і нельга да Яго наблізіцца. O! Як жа Ён любіць пакору сэрца! Менавіта гэтай пакоры дае практыкаванне гэтай формы ўшанавання, бо яно вучыць ніколі самому не набліжацца да Бога, хоць Ён пяшчотны і міласэрны,  але заўсёды праз заступніцтва Святой Дзевы: часам каб прыйсці да Бога, часам каб пагаварыць з Ім, часам каб проста наблізіцца да Яго, часам каб ахвяраваць нешта ці з’яднацца і прысвяціць сябе Яму. 

  Марыя аддаецца свайму нявольніку любові

   [144] Трэці матыў. Найсвяцейшая Дзева, Маці слодычы і міласэрнасці, найвялікшая ў любові і шчодрасці, бачучы, што душа аддаецца ёй, каб ушаноўваць Яе і служыць Ёй, пазбаўляецца самага каштоўнага, каб Яе аздобіць, таксама цалкам і невыказным спосабам аддаецца таму, хто аддае Ёй усё. Яна пагружае яе ў бездань сваёй ласкі, аздабляе сваімі цнотамі, абапірае на сваю моц, асвячае сваім святлом, напаўняе сваёй любоўю, адорвае сваімі дабрадзействамі: пакорай, верай, чысцінёй і гэтак далей. Яна становіцца яе гарантыяй, дапаўненнем і ўсім перад Езусам. Нарэшце, як гэтая асоба цалкам прысвечаная Марыі, так і Марыя цалкам дзеля яе. Таму можна сказаць, што дасканалы слуга і дзіця Марыі — як святы Ян Евангеліст, які прыняў Найсвяцейшую Дзеву за ўсё сваё дабро: «Accepit eam discipulus in sua».

   [145] Усё гэта нараджае ў вернай душы вялікі недавер да сваіх уласных сілаў, пагарду і агіду да сябе, а таксама вялікі давер да Найсвяцейшай Дзевы і адданасць сваёй добрай Гаспадыні. Душа не абапіраецца, як гэта было раней, на свае здольнасці, намеры, заслугі, цноты і добрыя ўчынкі, таму што, склаўшы поўную ахвяру Езусу Хрысту праз гэтую добрую Маці, мае цяпер толькі адзін скарб, дзе змяшчаюцца ўсе яе даброты, якія ёй ужо не належаць, — гэта Марыя. Таму цяпер ён можа наблізіцца да нашага Госпада  без страху паднявольнага і маліцца да Яго з вялікім даверам. Ён можа таксама адчуць тое, пра што казаў пабожны і мудры святар Рупэрт, згадваючы перамогу Якуба над анёлам, і прамовіць да Найсвяцейшай Дзевы гэтыя прыгожыя словы: «O Maрыя, мая Князёўна і Беззаганная Маці Бога-Чалавека, Езуса Хрыста, я жадаю змагацца з гэтым Чалавекам, Словам Божым, узброены не ў свае чалавечыя заслугі, але ў Твае» «O Domina,  Dei Genitrix, Maria, et incorrupta Mater Dei et hominis, non meis, sed tuis armatus meritis, cum isto Viro, scilicet Verbo Dei, luctari cupio» (Rup. prolog. in Cantic.).

   O! Якія ж мы моцныя перад Езусам Хрыстом, калі ўзброеныя ў заслугі годнай Маці Бога, якая, як кажа святы Аўгустын, любоўю перамагла Ўсемагутнага!

      Марыя ачышчае нашыя добрыя ўчынкі

   [146] Паколькі ў гэтым практыкаванні мы аддаем нашаму Госпаду праз рукі Яго Святой Маці ўсе нашыя добрыя справы, гэтая добрая Гаспадыня ачышчае іх, аздабляе, каб Яе Сын прыняў іх.

   1. Яна ачышчае іх ад бруду самалюбства і прывязанасці да стварэнняў, якія незаўважна прасякваюць нават у нейлепшыя справы. І як толькі яны апынаюцца ў гэтых чыстых і пладавітых руках, якія ніколі не былі бясплоднымі і пасіўнымі, якія ачышчаюць усё, да чаго дакранаюцца, ачышчаюць падарунак, які Ёй дораць, ад усяго сапсутага і недасканалага.

   [147] 2. Яна ўпрыгожвае іх сваімі заслугамі і цнотамі. Гэта як селянін, што, хочучы заваяваць прыязнасць і дабразычлівасць караля, пайшоў спачатку да каралевы і даў яблык, які быў усім яго здабыткам, каб яна паднесла яго каралю. Каралева, прыняўшы бедны маленькі падарунак селяніна, паклала яго на вялікі і прыгожы пазалочаны паднос і паднесла каралю ад імя селяніна. І яблык, хоць і быў падарункам, не годным караля, стаўся годным яго Велічы дзякуючы пазалочанаму падносу і асобе, якая яго рэпрэзентавала.

   [148] 3. Марыя прыносіць нашыя добрыя справы Езусу Хрысту, бо Яна нічога не пакідае Сабе з таго, што Ёй дораць. Яна ўсё верна накіроўвае Езусу. І калі мы нешта аддаем Ёй, гэта значыць, што мы аддаем гэта Езусу. Калі мы праслаўляем Яе, мы праслаўляем Езуса. І сёння, як і тады, калі Яе праслаўляла святая Альжбета, калі мы Яе праслаўляем і бласлаўляем, Яна спявае магніфікат: «Magnificat anima mea Dominum».

   [149] 4. Яна робіць так, што Езус прымае нашыя добрыя справы, якімі б малымі і ўбогімі яны ні былі дзеля гэтага Святога святых і Валадара валадароў. Калі мы самі прыносім нешта Езусу, абапіраючыся на свае ўласныя здольнасці, Езус аглядае падарунак і часта не прымае яго з-за таго, што ён забруджаны самалюбствам, так, як раней Ён адкідваў ахвяры Юдэйскага народу, поўныя іх ўласнай волі. Але, калі Яму прынесці нешта ў падарунак праз чыстыя і дзявоцкія рукі Яго Ўмілаванай, то тады, калі можна так сказаць, мы закранаем Яго слабы бок: Ён глядзіць не столькі на падарунак, колькі на Сваю добрую Маці, якая яго прыносіць; Ён глядзіць не столькі на тое, адкуль бярэцца гэты падарунак, колькі на Тую, што яго прыносіць. Такім чынам, Марыя ніколі не атрымоўвае адмовы, і Сын заўсёды добра Яе прымае, а Яго Веліч прыязна прымае ўсё, што Яна Яму дорыць, маленькае ці вялікае. Езусу, каб прыняць падарунак, досыць таго, што гэта Яго Маці Яму яго прыносіць. Гэта вялікая парада, якую святы Бернард даваў тым, каго вёў да дасканаласці: «Калі вы хочаце нешта ахвяраваць Богу, імкніцеся зрабіць гэта праз прыемныя і годныя рукі Марыі, калі вы не хочаце, каб вашая ахвяра была адкінутая» («Modicum quod offerre desideras,  manibus Mariae offerendum  tradere cura, si non vis sustinere  repulsam» (saint Bernard, Lib. de Aquaed.).

   [150] Ці гэта не сама натура падказвае маленькім адносна вялікіх, як мы гэта ўжо бачылі? Чаму ж тады ласка не можа падказаць тое самае адносна Бога, які незраўнана вышэй за нас усіх і перад якім усе мы меншыя за атамы. А мы маем настолькі магутную Заступніцу, якая ніколі не атрымоўвае адмовы, настолькі знаходлівую, якая ведае ўсе сакрэты, як заваяваць сэрца Бога, настолькі добрую і міласэрную, якая ніколі нікога не адкідвае, якім бы маленькім ці злосным ён ні быў. Ніжэй я прывяду сапраўдны вобраз таго, што кажу, у гісторыі Якуба і Рэбэкі[5].

    [151] Чацвёрты матыў. Гэтая форма ўшанавання, калі яе верна практыкаваць, будзе цудоўным сродкам ужываць усе нашыя добрыя справы так, каб прынесці найвялікшую хвалу Богу. Амаль ніхто не дзейнічае дзеля гэтай вялікай мэты, хоць усе да гэтага абавязаныя. Часам з-за таго, што не ведаюць, у чым найвялікшая хвала Божая, часам таму, што зусім яе не прагнуць. Але Найсвяцейшая Дзева, якой мы аддаем вартасць і заслугі нашых добрых учынкаў, ведае дасканала, у чым найвялікшая хвала Божая, і ўсё робіць толькі дзеля Яго найвялікшай хвалы. Таму дасканалы слуга гэтай добрай Гаспадыні, які цалкам ахвяраваўся Ёй, як мы ўжо сказалі, можа смела сказаць, што вартасць усіх яго добрых справаў, думак і словаў, выкарыстаная дзеля найвялікшай хвалы Божай, пакуль ён выразна не адмовіцца ад свайго прысвячэння. Ці можна знайсці нешта больш суцяшальнае дзеля душы, што любіць Бога чыстай і бескарыслівай любоўю і клапоціцца пра хвалу Божую больш, чым пра сваю ўласную?

   [152] Пяты матыў. Гэтае ўшанаванне з’яўляецца лёгкім, кароткім, дасканалым і пэўным шляхам да еднасці з нашым Госпадам. У тым самым і хрысціянская дасканаласць.

      Гэтае ўшанаванне з’яўляецца  лёгкім шляхам.

   1. Гэта лёгкі шлях. Гэта шлях, які Езус Хрыстус праклаў, прыйшоўшы да нас. На гэтым шляху няма ніякіх перашкодаў, каб ісці да Яго. Канешне, можна ісці да еднасці з Богам і іншымі шляхамі, але гэта будзе праз вялікія крыжы, цяжкія ўтаймаванні плоці і шматлікія іншыя перашкоды, якія нельга так лёгка перамагчы. Трэба будзе прайсці праз цёмныя ночы, праз цяжкую барацьбу, стромыя горы, вострыя церні і жудасныя пустэльні. А шляхам Марыі ідуць мякка і спакойна.

   Праўда, там таксама сустракаюцца вялікія бітвы і вялікія цяжкасці. Але гэтая добрая Маці і Гаспадыня настолькі блізка да сваіх верных слугаў, каб іх асвяціць у цемры, даць параду ў сумневах, узмацніць у страху, падтрымаць у барацьбе і цяжкасцях, што гэты дзявоцкі шлях, каб знайсці Езуса Хрыста, стаецца шляхам з ружаў і мёду ў параўнанні з іншымі шляхамі. Былі такія святыя, праўда, няшмат, як святы Яфрэм,  святы Ян Дамаскін, святы Бернард, святы Бернардын, святы Францыск Сальскі і іншыя, што прайшлі гэтым салодкім шляхам, каб дайсці да Езуса Хрыста, таму што Дух Святы, верны Абраннік Марыі, паказаў ім гэты шлях праз асаблівую ласку. Іншыя святыя, іх шмат, хоць і ўшаноўвалі Найсвяцейшую Дзеву, альбо не ўвайшлі на гэты шлях, альбо ўвайшлі, але ў вельмі малой ступені. Таму яны прайшлі праз самыя жудасныя і самыя небяспечныя выпрабаванні.

   [153] Чаму тады, скажуць мне некаторыя верныя слугі Марыі, верныя слугі гэтай добрай Маці столькі пакутуюць, і нават больш за тых, што не да такой ступені Ёй адданыя? Ім супярэчаць, пераследуюць, узводзяць на іх паклёп і не зносяць іх. Альбо яны ідуць ва ўнутранай цемры і пустэльні, дзе няма ані кроплі нябеснай расы. Калі гэтая форма ўшанавання Святой Дзевы з’яўляецца лягчэйшай, каб знайсці Езуса Хрыста, то чаму яны ўкрыжаваныя больш за астатніх?

   [154] Я адкажу ім, што гэта праўда, што менавіта верныя слугі Святой Дзевы, якіх Яна больш за ўсіх любіць, якія атрымоўваюць ад Яе найвялікшыя ласкі і прывілеі неба, найбольш укрыжаваныя. Але настойваю таксама, што менавіта гэтыя верныя слугі Марыі нясуць свой крыж з самай вялікай лёгкасцю, найвялікшымі заслугамі і хвалой. Тое, што іншых тысячу разоў прывяло б да ўпадку, ніколі не спыняе верных слугаў Марыі і робіць так, што яны ідуць наперад, бо гэтая добрая Маці, поўная ласкі і намашчэння Святога Духа, напаўняе крыж, які ім выбірае, слодыччу сваёй матчынай пяшчоты і намашчэннем чыстай любові, так што яны з радасцю паглынаюць гэты крыж, як цукровыя арэхі, хоць бы нават яны былі невыносна горкімі. І я веру, што асоба, якая жадае быць адданай і жыць пабожна ў Езусе Хрысце, а значыць ад пераследаў і кожны дзень несці свой крыж, ніколі не зможа несці вельмі цяжкага крыжа і не зможа несці яго радасна і да канца без салодкага ўшанавання Святой Дзевы — слодычы крыжа. Гэтак сама, як ніхто не зможа есці зялёныя арэхі без агіды, калі яны не будуць запраўленыя цукрам.

      Гэтае ўшанаванне з’яўляецца кароткім шляхам

   [155] 2. Гэтае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы з’ўляецца кароткім шляхам, каб знайсці Езуса Хрыста, таму што на гэтым шляху нельга заблукаць і таму, што, як я ўжо сказаў, па ім крочыцца з радасцю і лёгкасцю, а таму шмат хутчэй. У адданасці і залежнасці ад Марыі ідзеш шмат хутчэй, чым жывучы доўгія гады, абапіраючыся на ўласную волю і на сябе самога. Таму што чалавек, паслухмяны і падданы боскай Марыі, будзе выхваляць перамогу над усімі ворагамі. Праўда, тыя захочуць перашкодзіць яму ісці наперад, або прымусіць павярнуць назад, або пхнуць, каб ён упаў. Але з дапамогай і кіраўніцтвам Марыі яны не ўпадуць, не павернуць назад і нават не спозняцца, а вялікімі крокамі будуць ісці да Езуса Хрыста тым самым шляхам, якім, як напісана, Езус прыйшоў да нас вялікімі крокамі і ў кароткі час.

   [156] Як вы думаеце, чаму Езус так мала пражыў на зямлі, і амаль на працягу ўсяго гэтага кароткага часу Ён пражыў у падпарадкаванасці і ў паслухмянасці Сваёй Маці? A гэта таму, што Ён дасягнуў мудрасці вельмі рана і пражыў шмат і нават больш за Адама, памылкі якога прыйшоў выправіць, хоць Адам жыў больш за 900 гадоў. А Езус Хрыстус жыў нядоўга, таму што, прагнучы здзейсніць волю Бога, Свайго Айца, быў падпарадкаваны і жыў у вялікай еднасці са Сваёй Святой Маці. Таму што: 1. Той, хто ўшановае сваю маці, падобны да чалавека, які збірае скарбы, кажа Дух Святы, гэта значыць, што той, хто ўшаноўвае Марыю, Яго Маці, падпарадкаваннем Ёй і  паслухмянасцю ў кожнай рэчы, вельмі хутка стане вельмі багатым, бо кожны дзень збірае скарбы пры дапамозе гэтага філасофскага каменя: «Qui honorat matrem, quasi qui thesaurizat». 2. Таму што паводле  духоўнага погляду на гэтыя словы Духа Святога: «Senectus mea in misericordia uberi» («Мая сталасць знаходзіцца ва ўлонні міласэрнасці»), гэта значыць, што менавіта ва ўлонні Марыі ахінуты апекай і народжаны дасканалы чалавек, і менавіта Яе ўлонне было здольнае змясціць Таго, каго ўвесь сусвет не разумее і не можа змясціць. Менавіта там, кажу я, маладыя людзі робяцца сталымі ў святле, святасці, дасведчанасці і мудрасці і за кароткі час дасягаюць меры паўнаты Езуса Хрыста. 

      Гэтае ўшанаванне з’яўляецца дасканалым шляхам.

   [157] 3. Гэтае практыкаванне ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца пэўным шляхам, каб ісці і з’яднацца з Езусам Хрыстом, таму што боская Марыя — самае дасканалае і святое з усіх чыстых стварэнняў, а Езус Хрыстус, які прыйшоў да нас самым дасканалым шляхам, не абраў іншага дзеля свайго вялікага і цудоўнага вандравання. Найвышэйшы, незразумелы і недасягальны, Той, Хто ёсць, пажадаў прыйсці да нас, маленькіх зямных чарвякоў, якія з’яўляюцца нічым. Як гэта магло здарыцца? Найвышэйшы дасканалым і боскім чынам зышоў да нас праз пакорную Марыю, нічога не згубіўшы са сваёй боскасці і святасці. І цяпер менавіта праз Марыю гэтыя маленькія павінны дасканалым і боскім чынам уздымацца да Найвышэйшага, нічога не баючыся. Нязмернасць дазволіла сябе пазнаць маленькай Марыі і нічога не згубіла са сваёй велічы. Таксама і мы павінны дазволіць цалкам напоўніць сябе і праводзіць да канца.

   Недасяжны наблізіўся, беспасрэдна, дасканала і нават прыватна з’яднаўся з нашай чалавечай натурай праз Марыю, нічога не губляючы са Сваёй велічы. Таксама і мы павінны праз Марыю наблізіцца да Бога і з’яднацца з Ёю дасканала і беспасрэдна, не баючыся быць адкінутымі.

   Нарэшце, Той, Хто ёсць, пажадаў прыйсці да тых, якія «ня ёсць»[6], і зрабіць так, каб тое, што «ня ёсць», сталася Богам[7], або «Тым, Хто ёсць». Ён зрабіў гэта дасканалым чынам, аддаючыся і цалкам падпарадкоўваючыся маладой Дзеве Марыі, не перастаючы ў той самы час быць Тым, Хто Ёсць, праз усю Вечнасць. Так сама і мы праз Марыю, хоць нічога самі па сабе ня вартыя, можам стаць падобнымі да Бога праз ласку і хвалу, аддаючыся Ёй настолькі дасканала і бяз рэшты, каб мы былі нічым у сабе, а ўсім перад Ёй, не баючыся памыліцца.

   [158] Знайдзіце мне новы шлях, каб ісці да Езуса Хрыста, каб гэты шлях быў узбагачаны ўсімі заслугамі блаславёных, аздоблены ўсімі іх гераічнымі цнотамі, асвечаны ўпрыгожаны святлом і прыгажосцю анёлаў, і каб усе анёлы і святыя былі побач, каб весці, абараняць і падтрымліваць тых, што захочуць ім ісці. І я кажу шчыра, што выбраў бы шлях Беззаганнай Марыі: Posui immaculatam viam meam — шлях без найменшай плямы ці заганы, без граху першароднага і цяперашняга, без цемры. І калі б мой Любы Езус прыходзіў другі раз у хвале, каб тут валадарыць, Ён бы выбраў той самы шлях для Свайго падарожжа — боскую Марыю, — праз які Ён настолькі ўпэўнена і дасканала прыйшоў упершыню. Розніца паміж першым і другім прыйсцем у тым, што першы раз Ён быў таямнічы і ўкрыты, другі ж будзе хвалебны і нечаканы. Але і адзін, і другі будуць дасканалыя, бо будуць  здзейсненыя праз Марыю. На жаль! Гэта таямніца, якую ніхто не разумее: «Hic taceat omnis lingua».

      Гэтае ўшанаванне з’яўляецца пэўным шляхам.

   [159] 4. Гэтае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца пэўным шляхам, каб ісці да Езуса Хрыста і дасягнуць дасканаласці, яднаючыся з Ім:

   1. Таму што гэтае практыкаванне, якому я навучаю, не новае. Яно настолькі старое, што можна нават, як кажа спадар Будон, які не так даўно памёр як святы, у кнізе, дзе распавядае пра гэтае ўшанаванне, вызначыць, калі яно нарадзілася. З пэўнасцю можна сказаць, што на працягу больш чым сямі стагоддзяў у Касцёле знаходзяць знакі гэтага ўшанавання.

   Святы Адылон, манах з Клюні, які жыў каля 1040 года, быў першым, хто адкрыта яго практыкаваў у Францыі, як гэта пазначана ў яго жыцці.

   Кардынал П’ер Дам’ен адзначае, што ў 1076 годзе блаславёны Марцін, яго брат, стаўся нявольнікам Найсвяцейшай Дзевы ў прысутнасці свайго шэфа вельмі павучальным чынам: ён павесіў  сабе на шыю вяроўку, убічаваў сябе і ў знак сваёй адданасці і прысвячэння Найсвяцейшай Дзеве склаў на алтары пэўную суму грошай.  Ён працягваў верна гэта рабіць усё сваё жыццё і заслужыў тое, што ў хвіліну смерці да яго прыйшла суцешыць яго добрая Гаспадыня, якая абяцала яму рай ва ўзнагароду за яго паслугі.

   Цэзар Баландус апавядае пра знакамітага рыцара Вацье дэ Бірбака, блізкага сваяка графаў Лювэн. Ён недзе ў 1300 годзе прысвяціў сябе Святой Дзеве. Гэтая форма ўшанавання павінна была практыкавацца шматлікімі асобамі, раз у XVII стагоддзі  стала вельмі папулярным.

   [160] Айцец Сімон дэ Руаяс з ордэну Святой Тройцы, называны таксама ордэнам адкуплення нявольнікаў, прапаведнік караля Філіпа III, вельмі распаўсюджваў гэтую форму ўшанавання па ўсёй Гішпаніі і Германіі, а таксама з дапамогай Філіпа III атрымаў ад Грыгорыя  XV вялікія індульгенцыі дзеля тых, што яго практыкуюць. 

   Айцец Лос Рыяс з закону Святога Аўгустына разам са сваім сябрам айцом дэ Руаяс прыклаў намаганні да распаўсюджвання гэтай самай формы ўшанавання ў Гішпаніі і Германіі словам і пісьмом. Ён напісаў вялікі твор пад назвай «Hierarchia Mariana», у якім з вялікай пабожнасцю і эрудыцыяй піша пра пачатак, дасканаласць і сутнасць гэтага ўшанавання. Айцы Тэатыны ў апошнім стагоддзі распаўсюдзілі гэтае ўшанаванне ў Італіі, Сіцыліі і Савойі.

   [161] Айцец Станіслаў Фалацы з ордэну Езуітаў цудоўна распаўсюдзіў гэтае ўшанаванне ў Польшчы[8].

   Айцец дэ Лос Рыяс у сваёй кнізе, пра якую я ўжо казаў, пералічвае імёны князёў, князёўнаў, біскупаў і кардыналаў з розных каралеўстваў, якія практыкавалі гэтае ўшанаванне. Айцец Карнэлі Лапід, таксама вядомы сваёй пабожнасцю і глыбокімі ведамі, атрымаў ад шматлікіх біскупаў і тэолагаў заданне дасканала прааналізаваць гэтую форму ўшанавання. Пасля таго, як ён скончыў свой аналіз, ён выказаў належнае праслаўленне вялікай пабожнасці гэтага практыкавання. Шматлікія іншыя вядомыя асобы па яго прыкладзе зрабілі тое самае. Айцы Езуіты, заўсёды старанныя на службе Найсвяцейшай Дзевы ў імя  калонскіх рэлігійных дзячоў рэпрэзентавалі князю Фердынанду дэ Баўэр маленькі трактат аб гэтым практыкаванні. Потым арцыбіскуп Калоні зацвердзіў яго і даў дазвол на друк, заклікаючы ўсіх пробашчаў і манахаў сваёй дыяцэзіі наколькі магчыма практыкаваць і распаўсюджваць гэтае ўшанаванне.

   [162]  Кардынал Берулій, якога з удзячнасцю ўзгадвае ўся Францыя, быў адным з самых старанных у распаўсюджванні ў Францыі гэтага ўшанавання, нягледзячы на ўсе паклёпы і пераследы з боку крытыканаў і вальнадумцаў[9]. Яны абвінавачвалі яго ў навізне і забабонах. Яны пісалі і друкавалі супраць яго паклёпніцкія артыкулы, а таксама выкарысталі, ці, хутчэй, дэман праз іх, тысячы хітрыкаў, каб перашкодзіць кардыналу распаўсюдзіць гэтае практыкаванне ў Францыі. Але гэты вялікі і святы чалавек адказваў на іх паклёпы толькі цярплівасцю, а на іх  абвінавачванні, змешчаныя ў пашквілі, ён адказаў маленькім творам, у якім абвяргае іх довады, паказваючы ім, што гэтае ўшанаванне абапіраецца на прыклад Езуса Хрыста, на нашыя абавязкі адносна Яго і на нашыя абяцанні, якія мы прынеслі падчас Святога Хросту. Менавіта гэтым апошнім довадам ён закрывае рот сваім супраціўнікам, паказваючы ім, што гэтае прысвячэнне Найсвяцейшай Дзеве і Езусу Хрысту праз Яе рукі — ні што іншае, як дасканалае аднаўленне абяцанняў Святога Хросту. Ён кажа шмат прыгожых рэчаў наконт гэтага практыкавання, якія можна прачытаць у яго творах.

   [163] У кніжцы Будона можна знайсці імёны шматлікіх папаў, якія зацвердзілі гэтае практыкаванне, тэолагаў, якія яго аналізавалі, можна прачытаць пра пераследы, якія яно перажыло і перамагло, пра шматлікіх асобаў, якія яго практыкавалі, і ніводны папа не асудзіў яго. І яго нельга адкінуць, бо тады быў бы зруйнаваны фундамент хрысціянства. Можна з пэўнасцю сказаць, што гэтае практыкаванне не новае, але калі не ўсе яго практыкуюць, то гэта таму, што яно вельмі каштоўнае, і мала тых, хто можа зразумець яго і практыкаваць.

   [164] 2. Гэтае ўшанаванне з’яўляецца пэўным сродкам, каб ісці да Езуса Хрыста, таму што Святая Дзева верна вядзе нас да Яго, гэтак сама, як Ён верна вядзе нас да Спрадвечнага Айца. І не трэба памылкова думаць, што Марыя можа быць перашкодай, каб дасягнуць еднасці з Богам. Бо ці можа быць так, што Тая, што знайшла ласку ў Бога дзеля ўсяго свету і дзеля кожнага асобна, сталася перашкодай для душы, каб знайсці ласку еднасці з Ім? Ці гэта магчыма, каб Тая, што была поўная ласкі, настолькі з’яднаная з Богам і абагаўлёная, што Ён уцелавіўся ў Ёй, перашкаджала душы дасканала з’яднацца з Богам?

   Гэта праўда, што прывязанасць да іншых стварэнняў, хоць і святых, магло б, магчыма, часам перашкодзіць з’яднанню з Богам. Але толькі не з Марыяй, як я ўжо гэта сказаў і буду заўсёды нястомна казаць. Прычынай таго, што так мала душаў дасягаюць дасканаласці Езуса Хрыста, з’яўляецца тое, што Марыя, Маці Езуса Хрыста і плодная Сужонка Святога Духа, не досыць уфармаваная ў іх сэрцах. Хто хоча мець добра саспелы плод, павінен мець дрэва, якое яго нараджае. Хто хоча мець плод жыцця, Езуса Хрыста, павінен мець дрэва жыцця, Марыю. Хто хоча, каб у ім дзейнічаў Дух Святы, павінен быць у еднасці з Яго вернай і неразрыўнай Сужонкай, боскай Марыяй, якая робіць Яго плодным, як мы ўжо казалі раней.

    [165]  Таму можаце быць упэўненыя: чым больш вы будзеце ўглядацца ў Марыю ў сваіх малітвах, кантэмпляцыі, дзейнасці і пакутах, хоць і не зусім ясна і выразна, але агульна і незаўважна, тым лягчэй вы знойдзеце Езуса Хрыста, які заўсёды з Марыяй, вялікі, магутны, дзейсны і неспасцігальны. Ён у Ёй больш, чым у небе ці іншым стварэнні сусвету. Таму Марыя, цалкам пагружаная ў Бога, не можа стаць перашкодай, каб імкнуцца да еднасці з Богам. І ніколі не было і не будзе больш дасканалага стварэння, якое б найлепш дапамагала нам у гэтым вялікім імкненні. І Марыя надзяляе дзеля гэтага сваімі ласкамі. І, як кажа святы, ніхто не быў напоўнены думкамі Божымі, як толькі праз Марыю: «Nemo cogitatione Dei repletur nisi per te». З іншага боку, Яна абараняе нас ад ілюзіяў і падману злога духа.

   [166] Там, дзе ёсць Марыя, няма злога духа. Адным з самых бясспрэчных знакаў таго, што нас вядзе добры дух, ёсць тое, што мы адданыя Марыі, часта думаем пра Яе і кажам. На думку святога, як дыханне з’яўляецца пэўным знакам таго, што цела не памерла, так частыя думкі і любоўныя ўскліканні да Марыі з’яўляюцца пэўным знакам таго, што душа не памерла ў граху.

   [167] Святы Касцёл кажа, што толькі Марыя і Дух Святы, які Яе вядзе, можа знішчыць усе ерасі[10]: «Sola cunctas hoereses interemisti in universo mundo».  Хоць крытыканы і аспрэчваюць гэта, ніколі вернік, адданы Марыі, не заблукае і не ўпадзе ў ерась ці фармальную памылку. Ён можа заблукаць у памылках матэрыяльных[11], прыняць хлусню за праўду, злога духа за добрага, хоць і не так лёгка, як хтосьці іншы. Але раней ці пазней ён зразумее свае памылкі. І, калі гэта адбудзецца, ён будзе супраціўляцца і вернецца да праўдаў веры.

   [168] Таму той, хто хоча без страху аблудаў, уласцівых людзям малітвы, ісці па шляху дасканаласці і знайсці Езуса Хрыста, няхай усім сэрцам, corde magno et animo volenti, прыме гэтае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы, якога, магчыма, да гэтай хвіліны і не ведаў. Няхай увойдзе на гэты цудоўны шлях, якога да гэтага не ведаў і які я паказваю:  Excellentiorem  viam  vobis  demonstro. Гэты шлях пракладзены Езусам Хрыстом, Уцелаўлёнай Мудрасцю, нашым адзіным Настаўнікам. Ідучы гэтым шляхам, нельга памыліцца. Гэта лёгкі шлях, таму што ён поўны ласкі і прасякнуты Духам Святым, які яго напаўняе. На гэтым шляху не стамляешся і не адступаеш. Гэта кароткі шлях, які за кароткі час прывядзе нас да Езуса Хрыста. Гэта дасканалы шлях, дзе няма ніякай заганы, пылу і бруду граху. Нарэшце, гэта пэўны шлях, які вядзе нас да Езуса Хрыста і да жыцця вечнага прамымі і пэўнымі сцежкамі, не збочваючы ані ўправа, ані ўлева. Станем жа на гэты шлях і будзем ісці ім удзень і ўначы, да поўні дасканаласці Езуса Хрыста

   [169] Шосты матыў. Практыкаванне гэтага ўшанавання дае вялікую ўнутраную свабоду тым, хто верна яго практыкуе. Гэта свабода дзяцей Божых. Праз гэтае ўшанаванне мы робімся нявольнікамі Езуса Хрыста, цалкам прысвячаемся Яму ў гэтай якасці. Як узнагароду за нявольніцтва гэты добры Настаўнік:  1) выбаўляе ад усялякай скрупулёзнасці і нявольніцкага страху, якія могуць толькі сціснуць душу, зняволіць яе і заблытаць; 2) павялічвае сэрца праз святы давер Богу, у якім кажа бачыць Айца; 3) улівае ў душу салодкую дзіцячую любоў.

   [170] Не спыняюся больш на тым, каб пацвярджаць гэтую праўду, я лепш прывяду тут у якасці прыклада гісторыю, якую я прачытаў у Жыцці Маці Агнешкі ад Езуса, якабінскай манахіні з манастыра ў Ланжак, якая там сама і памерла ў святасці ў 1634 г. Калі яна мела толькі сем гадоў і пакутвала духоўна, то пачула голас, які сказаў, што, калі яна хоча пазбавіцца ўсіх гэтых цяжкасцяў і быць абароненай ад ворагаў, трэба як найхутчэй стаць нявольніцай Езуса і Яго святой Маці. Перш, чым вярнуцца дадому, яна цалкам аддалася ў няволю Езусу і Яго святой Маці, хоць і не ведала раней пра гэтае практыкаванне. Пасля яна знайшла жалезны ланцужок, начапіла на сябе і насіла яго да канца жыцця. Дзякуючы гэтаму ўчынку ўсе яе духоўныя праблемы скончыліся і яна атрымала вялікі супакой і радасць сэрца. Пасля гэтага яна пачала навучаць гэтаму практыкаванню іншых, і яны  мелі ў гэтым вельмі вялікія поспехі. Напрыклад, Алье, заснавальнік Семінарыі ў Сэн-Сюльпіс, а таксама шмат іншых святароў з той самай семінарыі... Аднойчы Святая Дзева прыйшла да яго і надзела на шыю залаты ланцужок, каб засведчыць яму радасць ад таго, што ён стаў Яе нявольнікам і Яе сынам. А святая Цэцылія, што прыйшла разам з Дзевай, сказала яму: «Шчаслівыя верныя нявольнікі Каралевы неба, бо яны будуць цешыцца сапраўднай свабодай: Tibi servire libertas». 

    [171] Сёмы матыў. Заахвоціць нас да практыкавання гэтай форму ўшанавання можа яшчэ тое, што нашыя бліжнія атрымаюць праз яго вялікія даброты. Праз гэтае ўшанаванне мы асаблівым чынам практыкуемся ў любові да бліжняга, бо праз рукі Марыі аддаем усё самае каштоўнае, узнагараджальную і заступніцкую вартасць усіх нашых добрых учынкаў, не выключаючы найменшай добрай думкі і найменшай пакуты. Мы згаджаемся на тое, што кожны акт узнагароды, што мы ўчынілі ці ўчынім у будучыні, да самай смерці, будзе выкарыстаны згодна з воляй Святой Дзевы дзеля навяртання грэшнікаў ці вызвалення душаў з чысца.

   Ці гэта не дасканалая любоў да бліжняга? Ці гэта не значыць быць сапраўдным вучнем Езуса Хрыста, якога пазнаюць па любові? Ці гэта не сродак  навяртання грэшнікаў, без небяспекі марнасці, і вызвалення душаў з чыстца, не робячы нічога, акрамя таго, што кожны з нас абавязаны рабіць згодна са сваім жыццёвым станам?

   [172] Каб ведаць веліч гэтага матыву, трэба ведаць веліч даброты навяртання грэшніка ці вызвалення душы з чыстца. Гэта бясконцае дабро, большае за стварэнне неба і зямлі, бо праз гэта мы аддаем душу ва ўласнасць Богу. Калі праз гэтае ўшанаванне мы здолеем за ўсё жыццё навярнуць толькі аднаго грэшніка ці вызваліць з чысца толькі адну душу, ці не будзе гэтага досыць, каб кожнага міласэрнага чалавека заахвоціць да практыкавання гэтага ўшанавання? Але трэба заўважыць, што нашыя добрыя ўчынкі, праходзячы праз рукі Марыі, робяцца больш чыстымі, а значыць, набываюць большую заступніцкую і ўзнагараджальную вартасць. Таму яны робяцца больш здольнымі аблегчыць стан душаў чысцовых і навярнуць грэшнікаў толькі тады, калі праходзяць праз дзявоцкія і міласэрныя рукі Марыі. Тое малое, што мы, без уласнай волі і праз бескарыслівую міласэрнасць, аддаем Святой Дзеве, сапраўды набірае больш моцы, каб суцішыць гнеў Божы і прыцягнуць Яго міласэрнасць. І ў хвіліну смерці можа стацца так, што душа, верная гэтаму практыкаванню, дзякуючы яму ўжо вызваліла шмат душаў з чысца і навярнула шмат грэшнікаў, хоць рабіла самыя звычайныя справы свайго стану. Якая радасць на судзе Божым! Якая хвала ў вечнасці!

   [173] Восьмы матыў. Нарэшце, што наймацней заахвочвае нас практыкаваць дадзеную форму ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы — гэта тое, што гэта найцудоўнейшы сродак вытрываць ў цнотах і застацца вернымі. Чаму большасць навяртанняў грэшнікаў недаўгавечныя? Чаму яны зноў так лёгка ўпадаюць у грэх? Чаму большасць справядлівых замест таго, каб уздымацца ад цноты да цноты і атрымліваць новыя ласкі, губляюць часта і тую маленькую колькасць ласкаў, што маюць? Гэтае няшчасце здараецца, як я ўжо сказаў, ад таго, што чалавек, маючы сапсаваную, слабую і нясталую чалавечую натуру, спадзяецца на сябе і абапіраецца на свае ўласныя сілы, а таксама лічыць сябе здольным захаваць скарб сваіх ласкаў, цнотаў і заслугаў.  Праз гэтае ўшанаванне мы давяраем Святой Дзеве, якая застаецца вернай, усё, што ў нас ёсць. Мы прымаем Яе за поўную ўладарку ўсіх нашых дабротаў натуры і ласкі. Мы давяраемся Яе вернасці, абапіраемся на Яе моц, будуем на Яе міласэрнасці і любові, каб Яна захавала і памножыла нашыя цноты і заслугі, нягледзячы на супраціў д’ябла, свету і цела, што робяць усе намаганні, каб іх у нас адабраць. Мы кажам Ёй, як добрыя дзеці сваёй маці і добрыя слугі сваёй гаспадыні: «Depositum custodi. Мая добрая Маці і Гаспадыня, я прызнаюся, што атрымаў праз Тваё заступніцтва ад Бога больш ласкаў, чым заслугоўваю, а мой згубны досвед вучыць мяне, што я нашу гэтыя скарбы ў вельмі крохкім начынні, і я занадта слабы і нягодны, каб захаваць іх самому: adolescentulus sum ego et contemptus. Праз ласку прымі на захаванне ўсё, што мне належыць, і захавай дзеля мяне праз Сваю вернасць і моц. Калі Ты будзеш мяне сцерагчы, я нічога не згублю; калі Ты будзеш мяне падтрымліваць, я не ўпаду; калі Ты будзеш мяне абараняць, я буду захаваны ад маіх ворагаў».

   [174] Гэта тое, што кажа святы Бернард, каб заахвоціць нас да гэтага практыкавання: «Калі Яна цябе падтрымлівае, ты не ўпадзеш; калі Яна цябе абараняе, ты не будзеш баяцца; калі Яна вядзе цябе, ты не стомішся; калі Яна добразычлівая да цябе, ты дасягнеш порту збаўлення (Ipsa tenente, non corruis, ipsa protegente, non metuis; ipsa duce, non fatigaris; ipsa propitia, pervenis)» (Serm. super Missus).

   Святы Банавэнтура, здаецца, кажа тое самае, але больш выразна: «Святая Дзева, — кажа ён, — не толькі сама захаваная ў поўні святасці, але Яна яшчэ захоўвае святых у поўні іх святасці, каб яна не паменшылася. Яна не дазваляе, каб згубіліся іх цноты, заслугі і ласкі, захоўвае іх, каб дэманы ім не зашкодзілі. Нарэшце, Яна не дазваляе нашаму Госпаду караць іх, калі яны грашаць (Virgo non solum in plenitudine sanctorum detinetur, sed etiam in plenitudine sanctos detinet, ne plenitudo minuatur;  detinet  virtutes  nefugiant;  detinet  merita  ne  pereant;  detinet  gratias  ne  effluant;  detinet  daemones  ne noceant; detinet Filium ne peccatores percutiat)» (S. Bon., in Speculo B. V.).

   [175] Найсвяцейшая Дзева — гэта Дзева верная, якая праз сваю вернасць выправіла памылкі нявернай Евы, учыненыя праз яе нявернасць. Яна таксама ўдзяляе ласку вернасці Богу тым, што Ёй давяраюць. Таму святы параўноўвае Яе з  моцным якарам, які іх утрымлівае і захоўвае ад катастрофы на бурлівым моры гэтага свету, дзе гінуць тыя, што не хапаюцца за гэты моцны якар. «Мы прывязваем, — кажа святы, — душы да Тваёй святой надзеі, як да моцнага якара (Animas  ad  spem  tuam  sicut  ad  firmam  anchoram alligamus)». Святыя, якія ўратаваліся і ўратавалі іншых, менавіта да Яе былі найбольш прывязаныя і прывязвалі іншых, каб вытрываць у цнотах. Шчаслівыя і тысячакроць шчаслівыя хрысціяне, што верна і цалкам прывязваюцца да Яе, як да моцнага якара. Хвалі мора гэтага бурлівага свету не затопяць іх і не загубяць іх нябесныя скарбы. Шчаслівыя тыя, што ўваходзяць у Яе, як у Ноеў Каўчэг! Воды патопу грахоў, у якіх загінула столькі душаў, не зашкодзяць ім, таму што: «Qui operantur in me non peccabunt (Тыя, што ўва мне, каб працаваць над сваім збаўленнем, не зграшаць), - кажа Яна разам з Мудрасцю. Шчаслівыя няверныя дзеці нешчаслівай Евы, што прывязваюцца да Марыі, Дзевы вернай, якая заўсёды трывае ў Сваёй вернасці і ніколі не падводзіць (Fidelis permanet, se ipsam negare non potes) і любіць тых, што Яе любяць («Ego  diligentes me diligo»), любоўю не толькі чулай, але дзейснай і плённай, перашкаджаючы багаццем Сваіх ласкаў збочыць са шляху цнотаў ці ўпасці ў грэх, губляючы пры гэтым ласкі Яе Сына.

   [176] Гэтая добрая Маці з чыстай міласэрнасцю прымае ўсё, што Ёй даюць на захаванне. І як толькі Яна атрымлівае нешта ад нас на захаванне, моцай справядлівасці Яна абавязаная захаваць гэта для нас. Гэта як той, каму б я даверыў на захаванне тысячу экю. Гэтая асоба была б абавязаная захоўваць іх дзеля мяне. І калі б з-за нядбайнасці гэтая асоба згубіла мае тысячу экю, яна была б адказная за гэта ў сілу справядлівасці. Але ж не, ніколі верная Марыя не згубіць па нядбайнасці тое, што Ёй даверылі. Неба і зямля хутчэй пройдуць, чым Яна будзе нядбайнай і нявернай у дачыненні тых, што Ёй даверыліся.

   [177]  Бедныя дзеці Марыі, вашая слабасць і нясталасць такія вялікія, ваш унутраны свет такі сапсаваны. Я кажу, вас выцягнулі з той самай масы сапсаваных дзяцей Адама і Евы. Але не адчайвайцеся з-за гэтага, суцешцеся і ўзрадуйцеся: вось таямніца, якой я вас навучаю, таямніца, пра якую не ведае амаль ніхто з хрысціянаў, нават самых пабожных.

   Не пакідайце вашага скарбу ў сваіх куфарах, разбітых і абкрадзеных злым духам, бо яны занадта маленькія, крохкія і старыя, каб захаваць такі вялікі і каштоўны скарб. Не ўлівайце чыстай і светлай крынічнай вады ў свае сапсаваныя судзіны. Нават калі там ужо няма граху, там усё яшчэ застаецца яго брыдкі пах, і вада будзе забруджаная. Не ўлівайце вашага вытанчанага віна ў старыя бочкі, у якіх да гэтага было дрэннае віно, бо яно можа сапсаваць добрае і разліцца.

   [178]  Хоць вы добра мяне разумееце, душы прызначаныя, я буду казаць яшчэ больш адкрыта. Не хавайце золата вашай міласэрнасці, ані срэбра вашай чысціні, ані водаў нябесных ласкаў, ані віна вашых заслугаў і цнотаў у дзіравай торбе, у разбітым і старым куфры, у сапсаванай судзіне, якімі вы з’яўляецеся, бо тады вы будзеце абкрадзеныя злачынцамі, гэта значыць, дэманамі, што шукаюць і сноўдаюць удзень і ўначы, каб гэта зрабіць. Вы можаце забрудзіць дрэнным пахам самалюбства, сваволля і спадзявання на саміх сябе ўсё самае чыстае, што вам дае Бог. Складзіце ў Сэрцы Марыі ўсе вашыя скарбы, ласкі і цноты, бо Яна — Святыня духоўная, Святыня годная, Святыня пабожнасці («Vas  spirituale, vas honorabile, vas  insigne devotionis»). Як толькі сам Бог схаваўся ў гэтай Святыні з усёй сваёй дасканаласцю, Яна Сама сталася цалкам духоўнай і ператварылася ў духоўны прытулак самых адухаўлёных душаў, Яна сталася годным Пасадам самых вялікіх князёў вечнасці, Святыняй пабожнасці і Прытулкам душаў, што найбольш ззяюць лагоднасцю, ласкамі і цнотамі. Нарэшце, Яна сталася багатай, як залаты дом, моцнай, як вежа Давідава, і чыстай, як слановая косць.

   [179] O, які ж шчаслівы чалавек, які ўсё даверыў Марыі і сам цалкам даверыўся і згубіўся ў Ёй! Ён цалкам належыць Марыі, і Марыя цалкам належыць яму. Ён смела можа сказаць разам з Давідам: «Haec facta est mihi» («Марыя створаная дзеля мяне»). Ці разам з улюбёным вучнем: «Accepi eam in mea.» («Я ўзяў Яе як цалкам сваё дабро»). Або разам з Езусам Хрыстом: «Omnia mea tua sunt, et omnia tua mea sunt» («Усё, што я маю, Тваё, і ўсё, што Ты маеш, маё»).

   [180] Калі нейкі крытыкан, што чытае гэтыя словы, думае, што я перабольшваю ці кажу ад неўтаймаванай пабожнасці, на жаль, ён мяне не разумее. Можа, таму, што ён занадта матэрыяльны і не можа скаштаваць духоўных рэчаў, можа, таму, што ён цалкам належыць свету і не можа атрымаць святло Духа Святога, а можа, таму, што ганарлівы і любіць крытыкаваць і асуджае ўсё, чаго не разумее. Але душы, што нарадзіліся не ад жадання крыві, не ад жадання цела, не ад жадання чалавека, але ад Бога і Марыі, зразумеюць мяне і скаштуюць тое, што я кажу. І менавіта для іх я гэта пішу.

   [181] Кажу, аднак, як для адных, так і для другіх, што Боская Марыя, самая шчырая і міласэрная за ўсе іншыя стварэнні, ніколі не дазволіць пераўзысці Сябе ў любові і вялікадушнасці. Яна заўсёды вяртае стакроць больш, кажа святы. Гэта значыць, што, калі мы даем тую малую долю, што ў нас ёсць, Яна дае нам з той большай долі, якую атрымала ад Бога. Калі душа аддаецца Ёй дарэшты, Яна таксама цалкам аддаецца гэтай душы. Калі душа без ганарлівасці і саманадзейнасці пакладае ў Ёй усю сваю надзею, здабываючы цноты і перамагаючы свае злыя схільнасці, то і Марыя цалкам аддаецца той душы.

   [182] Няхай жа верныя слугі Святой Дзевы смела кажуць са святым Янам Дамаскіным: "Давяраючы Табе, о Маці Божая, я буду ўратаваны; пад Тваёй апекай я нічога не буду баяцца; з Тваёй дапамогай я перамагу і праганю ўсіх маіх ворагаў. Бо ўшанаванне Цябе — гэта зброя збаўлення, якую Бог дае тым, што хочуць уратавацца: «Spem tuam habens, o Deipara, servabor; defensionem tuam possidens, non timebo; persequar inimicos meos et in fugam vertam, habens protectionem tuam et auxilium tuum; nam tibi devotum esse est arma quaedam salutis quae Deus his dat quos vult salvos fieri» (Joan. Damas., ser. de Annuntiat).



[1] У Марыі ёсць два Сыны: Бог-Чалавек і звычайны чалавек; аднаму Яна Маці цялесная, другому — Маці духоўная.

[2] Менавіта такая воля Божая, Які прагне, каб у нас усё было праз Марыю. Калі ў нас ёсць нейкая надзея, нейкая ласка, нейкі збавенны дар, то мы ведаем, што гэта ўсё дзякуючы Ёй.

[3] Усе дары, цноты і ласкі Духа Святога Марыя размяркоўвае Сваімі рукамі, калі хоча, як хоча і каму хоча.

[4] Вы былі не вартымі атрымаць ласкі Божыя, таму яны былі дадзеныя Марыі, каб праз Яе ў вас было ўсё, што вы калі-кольвек атрымаеце.

[5] Глядзі частку шостую.

[6] Гэта значыць, да нас — людзей.

[7]  Глядзі Пс 82, 6. Створаныя на вобраз Божы (Быц 1, 27) і абдораныя ласкай назвацца Яго дзецьмі (Рым 8, 15), мы ўсе пакліканыя быць “багамі” праз удзел у натуры Самога Бога (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 460).

[8] Кароль Уладыслаў IV, які быў запісаны ў кнізе Садаліцыі, даручыў Айцам Езуітам распаўсюджванне гэтага ўшанавання ў сваім Княстве.

[9] Вальнадумства або масонства. Вельмі актуальная сёння думка Святога Максіміліяна Марыі Кольбэ: «Сённяшнія часы патрабуюць ад нас вялікага прысвячэння і адданасці святой справе. Як некалі янсэністы, так сёння масоны, ужываючы найноўшыя адкрыцці тэхнічныя і культурныя, з дапамогай таемных інтрыгаў уплываюць на згашэнне рэлігійнага духа вернікаў. З іншага боку, розныя секты раскідваюць свае сеткі, падрываюць давер вернікаў да духавенства, аддаляюць людзей ад Касцёла і ўшанавання Маці Божай. А што ж казаць пра дапамогу бедным язычнікам, што прагнуць праўды Божай?

  Сапраўды, колькі ж працы нас яшчэ чакае! Як шмат трэба перамагчы цяжкасцяў, каб дасягнуць вызначанай мэты — здабыць свет для Беззаганнай і аддаць Ёй ва ўласнасць усе душы і кожную з іх паасобку. Гэтая праца перавышае чалавечыя сілы, і Марыя не жадае ад нас надзвычайных учынкаў, а хоча толькі, каб мы сталіся паслухмянымі судзінамі ў Яе Беззаганных руках, і ўсе цяжкасці Яна пераможа Сама. Нам застаецца толькі паслухмянасць Яе волі, дзіцячы давер да бязмежнай дапамогі гэтай найлепшай з Маці. Як дзіця, казаў святы Людвік дэ Манфор, атрымлівае ад маці спажыванне згодна з яго слабасцю, так і абраныя чэрпаюць духовае харчаванне і моц у Маці Божай. Мы выразна бачым гэта ў жыцці Людвіка-Марыі. Без падтрымкі з боку людзей, без матэрыяльных сродкаў, узброены толькі шчытом даверу да дапамогі Беззаганнай, ён кідаецца ў вір змагання. Калі яго выкідалі праз адны дзверы, ён уваходзіў праз іншыя, паўсюль засяваючы любоў, веру і суцяшэнне».

[10] Лацінскі афіцыюм да Маці Божай.

[11] Фармальна памыляецца той, хто ведаючы, свядома пярэчыць нейкай праўдзе веры. Матэрыяльна памыляецца той, хто не ведаючы, несвядома і з добрай верай нейкую памылку прызнае за праўду.