Святы Людвік пісаў свайму
сябру Блэну, што ён адчуваў прысутнасць Езуса і Марыі ў сваёй душы. Манфор
растлумачвае характарыстычную рысу гэтай містычнай еднасці з Марыяй у песні:
“Гэтая добрая Маці і Настаўніца на кожным кроку моцна мяне падтрымлівае, а калі
я па сваёй слабасці ўпаду, Яна адразу мяне ўзнімае. Гэта, кажу я вам,
незразумелая рэч. Я нясу ў сабе Марыю, але ў ценю веры” (Песня 77, 11-15).
Святы Людвік вельмі добра
дае зразумець, што калі нехта сапраўды аўтэнтычным чынам жадае жыць духоўнасцю
прысвячэння, якой ён навучае, то гэтая духоўнасць павядзе яго вузкім шляхам Евангелля
да вызвалення ад эгаізму і самалюбства. Мэтай з’ўляецца ачышчэнне і ўзрастанне
ў любові. Сапраўды, Марыя, вернікаў, якія прысвячаюць сябе Ёй, вядзе шляхам вялікай
і чыстай любові. Менавіта такі гэты шлях, з аднаго боку – паміранне для граху і
для самога сябе, а з другога боку – перамяненне і нараджэнне новага чалавека ў
Езусе Хрысце. У песні сама любоў кажа пра сябе: “Самалюбства цалкам супярэчыць
святому полымю божай любові, трэба ўсё цярпець і ўсё зрабіць, каб перамагчы
гэтую вытанчаную злобу. Каб палаць Маім чыстым полымем, каб каштаваць Маё
святое намашчэнне, мы павінны ненавідзець сябе ажно да цалкавітага ўтаймавання.
Маё збаўчае полымя гасіцца вадой лёгкіх грахоў. Хто не робіць іх дабраахвотна,
той дойдзе да чыстай любові неба” (Песня 5, 29-31).
Святы Людвік шляхам, якім
прайшоў сам, хоча весці душы да чыстай любові і еднасці з Езусам – Мудрасцю. Ён
усведамляе, што можа быць ня лёгка зразумець і прыняць значэнне і сутнасць
гэтай духоўнасці. “Паколькі сутнасць гэтага набажэнства знаходзіцца ўнутры
чалавека, якога яно павінна фармаваць, а таму не кожны зможа яго аднолькава
зразумець” (ТСН №119). “Не трэба вялікіх намаганняў, каб запісацца ў
якое-небудзь брацтва, штодзённа маліцца некалькі розных малітваў; але
сапраўдная цяжкасць заключаецца ў тым, каб увайсці ў дух гэтага ўшанавання,
якое павінна ўнутрана зрабіць душу залежнай, як нявольніка, ад Найсвяцейшай
Дзевы, а праз Яе – ад Езуса” (ТСН № 44).
Каб сапраўды зразумець і
штодзённа жыць духам прысвячэння Езусу праз Марыю, трэба перш за ўсё клапаціцца
аб тым, каб прыняць сапраўдную падставу гэтай духоўнасці, якая заключаецца ў
цалкавітым адданні сябе Марыі, каб менавіта Яна вяла нас шляхам да еднасці з
Езусам праз сітуацыі і падзеі нашага жыцця. Трэба чуваць над унутраным духам
гэтага ахвяравання сябе, згаджаючыся на шлях памірання для граху і самалюбства,
каб мы духоўна ўзрасталі і саспявалі, прымаючы ўсе патрэбныя і неабходныя
прылады духоўнага жыцця, каб шляхам чыстай любові мы дайшлі да еднасці з
Езусам. Вынікам такой духоўнай прыхільнасці з’яўляецца духоўны дынамізм, які
трывае ўсё жыццё. Яго ажыццяўленне не залежыць толькі ад нашай працы, але гэта
таксама дар Божай ласкі.
Малітва. Пане наш Божа, праз свайго ўлюбёнага Сына, праз ласку Ты нас адкупіў і
прыняў як сваіх любых дзяцей так, што мы можам называць Цябе Абба – Ойча. Па
прыкладзе і праз заступніцтва св. Людвіка ты вызваліў нашыя сэрцы ад усяго, што
перашкаджае нам узрастаць духоўна і ад таго, што Табе вельмі непрыемна, каб мы
сапраўды жылі духам нашага ўсынаўлення ў Хрысце дзеля Тваёй хвалы. Пачуй нашую
просьбу і праз заступніцтва св. Людвіка дай нам ласку, каб мы ніколі не сышлі з
гэтага духоўнага шляху і ўзрастання ў веры. Просім Цябе таксама аб ласцы…
(інтэнцыя, ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…