Чацвёрты дзесятак

 Дасканаласць святога Ружанца ў цудах, 
якія Бог учыніў дзякуючы гэтай малітве.

 

Трыццаць першая Ружа [Бланка Кастыльская – Альфонс VII]  

[98] Святы Дамінік вырашыў наведаць святую Бланку, каралеву Францыі, якая на працягу 12 гадоў была ў сужэнстве, але не мела дзяцей, і таму была вельмі засмучаная. Святы Дамінік параіў ёй кожны дзень маліцца на Ружанцы, каб выпрасіць у неба гэтую ласку, што яна і рабіла. Яна нарадзіла свайго старэйшага Сына Філіпа ў 1213 годзе. Аднак, з  люлькі яго забрала смерць. Пабожная каралева яшчэ мацней прасіла дапамогі ў святой Дзевы. Яна раздала вялікую колькасць Ружанцаў па ўсяму двару і ў розных гарадах каралеўства, каб Бог адарыў яе цалкавітым блаславенствам. І так сталася. У 1215 нарадзіўся святы Людвік, хвала Францыі і прыклад хрысціянскіх каралёў.  

[99]  Альфонс VII, кароль Арагоніі і Кастыліі, з-за сваіх грахоў быў пакараны Богам і быў вымушаны з’ехаць у горад аднаго са сваіх хаўруснікаў. Святы Дамінік, які святкаваў у тым жа горадзе Божае Нараджэнне і, як заўсёды, прапаведваў там Ружанец і ласкі, якія можна дзякуючы яму выпрасіць у Бога, сказаў між іншым, што тыя, хто будуць пабожна маліцца, атрымаюць перамогу над сваімі ворагамі і вернуць усё, што да гэтага страцілі.   

Кароль звярнуў увагу на гэтыя словы, паслаў да святога Дамініка і спытаўся, ці тое, што ён казаў пра святы Ружанец, праўда. Святы адказаў, што зусім не трэба ў гэтым сумнявацца і абяцаў яму, што калі кароль пажадае практыкаваць гэтае набажэнства і далучыцца да Брацтва, то ўбачыць вялікія плёны. Кароль вырашыў кожны дзень маліцца на Ружанцы. Ён маліўся цэлы год, і ў той самы дзень Божага Нараджэння, пасля ружанцовай малітвы, яму аб’явілася Святая Дзева і сказала: “Альфонс, вось ужо год, як ты вельмі пабожна служыш Мне праз Мой Ружанец, Я хачу табе аддзячыць. Ведай, што Я атрымала ад Свайго Сына прабачэнне ўсіх тваіх грахоў; вось ружанец, які Я табе даю; насі яго на сабе, і ніколі ніводны з тваіх ворагаў не зможа зрабіць табе крыўды.” Яна знікла і пакінула караля вельмі суцешаным; ён вярнуўся, трымаючы ў руцэ ружанец. Падышоўшы да каралевы, ён радасна распавёў ёй пра ласку, якую атрымаў ад Святой Дзевы. Ён дакрануўся ружанцам да яе вачэй, і яна зноў атрымала зрок, які раней страціла. 

Праз нейкі час, кароль сабраў некалькі атрадаў і з дапамогай сваіх хаўруснікаў мужна атакаваў сваіх ворагаў, змусіў іх вярнуць яму землі і направіць шкоду. Пасля таго, як ён цалкам іх выгнаў, яму настолькі спрыяў поспех, што да яго ішлі ўсе жаўнеры, каб змагацца пад яго штандарамі, таму што перамога, здавалася, суправаджала ўсе яго бітвы. Не трэба гэтаму здзіўляцца, таму што ён ніколі не пачынаў бітвы, не адгаварыўшы перад гэтым на каленях свайго Ружанца. Ён заахвоціў далучыцца да брацтва святога Ружанца ўвесь свой двор і абавязаў сваіх афіцэраў і службовых быць  адданымі гэтай малітве. Каралева таксама далучылася. І, абодва, яны трывалі ў служэнні Святой Дзеве і пражылі ў вялікай пабожнасці.

 

Трыццаць другая Ружа [Дон Пэрэс] (Бл. Алэн, раздз. 53)

[100]  У святога Дамініка быў дваюрадны брат, якога звалі Дон Пэрэс або Пэдро і які вёў вельмі распуснае жыццё. Пачуўшы, што святы прапаведваў пра дзівосы Ружанца і шмат людзей дзякуючы гэтаму навярталася і змяняла жыццё, ён сказаў: “Я страціў надзею на сваё збаўленне, але я пачынаю не баяцца. Трэба, каб я пачуў Божага чалавека.” Аднойчы ён прыйшоў паслухаць казанне святога Дамініка. Калі святы яго ўбачыў, ён з падвойнай моцай пачаў асуджаць грахі і ў сэрцы прасіў Бога адкрыць вочы яго дваюраднаму брату, каб той пазнаў убогі стан сваёй душы. Дон Пэрэс спачатку спужаўся, але не вырашыўся навярнуцца. Ён прыйшоў другі раз на казанне і святы, бачучы што яго зацвярдзелае сэрца не навернецца без моцнага штуршка, моцна ўсклікнў: “Пане Езу, пакажы гэтым людзям, у якім стане знаходзіцца той, хто ўвайшоў у Твой дом.”   

У гэтую хвіліну ўсе ўбачылі Дона Пэрэса, абкружанага дэманамі ў выглядзе жудасных жывёлаў, якія трымалі яго закаванага ў жалезныя ланцугі. Усе, вельмі напужаныя, уцякалі хто куды. А ён быў яшчэ больш напужаны, калі ўбачыў тое, чаму напалохаліся ўсе прысутныя. Святы Дамінік спыніў іх і сказаў гэтаму спадару: “Ведай, няшчасны, у якім плачэўным стане ты знаходзішся; упадзі да стоп Святой Дзевы і прасі злітавання.” Ён даў яму ружанец і сказаў: “Вазьмі гэты ружанец, маліся на ім пабожна і з жалем за грахі, а таксама зрабі пастанову змяніць сваё жыццё.” 

Ён укленчыў і памаліўся ружанец. Потым ён адчуў натхненне пайсці паспавядацца і зрабіў гэта з вялікім пакаяннем. Святы загадаў яму кожны дзень маліцца святы Ружанец. Дон Пэрэс абяцаў рабіць гэта і сам упісаў сваё імя ў Брацтва. Яго твар, які раней пужаў усіх людзей, цяпер, калі ён выходзіў з касцёла, ззяў, як у анёла. Ён трываў у ружанцовай малітве, вёў вельмі пабожнае жыццё і шчасліва памёр. 

Трыццаць трэцяя Ружа [Апантаны чалавек з секты Альбігойцаў]

[101]  Калі святы Дамінік прапаведваў святы Ружанец каля Каркасоны, яму прывялі аднаго альбігойскага ератыка, апанаванага дэманам. Святы прачытаў экзарцызм у прысутнасці вялікай колькасці людзей; кажуць, што гэта чулі больш за дваццаць тысяч чалавек. Дэманы, якія апанавалі гэтым няшчасным і былі змушаныя насуперак іх волі адказаць на пытанні святога, сказалі: 

[1]  што іх было пятнаццаць тысяч у целе гэтага няшчаснага, таму што ён атакаваў пятнаццаць таямніцаў Ружанца; 

2) што праз Ружанец, які святы прапаведваў, ён сеяў жудасць і жах ва ўсім пекле; што быў чалавекам на зямлі, якога яны больш за ўсё ненавідзелі з-за таго, што  Ружанцам ён вырываў у іх душы; 

3) Яны адкрылі яму яшчэ шмат іншых рэчаў. Святы Дамінік кінуў на шыю апантанаму свой ружанец, спытаўся ў дэманаў, каго са святых яны баяліся больш за ўсё і хто з іх павінен быць самым улюбёным і шанаваным сярод людзей. 

На гэтае пытанне яны пачалі жудасна крычаць, так, што прысутныя, ахопленыя жахам, пападалі на зямлю. Потым, гэтыя злыя духі, каб не адказваць, плакалі і лямантавалі так жалобна і кранальна, што многія, злітаваўшыся, пачалі плакаць разам з імі. Вуснамі апантанага яны казалі лямантуючым тонам: “Дамінік, Дамінік, злітуйся над намі, мы абяцаем, што ніколі не зробім табе крыўды. Ты, які літуешся над грэшнікамі і няшчаснымі, пашкадуй нас, няшчасных. Мы так церпім, чаму ты яшчэ павялічваеш нашыя цярпенні? Задаволься тым пакараннем, якое мы цяпер зносім. Міласэрнасці, міласэрнасці, міласэрнасці!”

[102] Святы, якога не кранулі салодкія словы злых духаў, адказаў ім, што не перастане іх мучыць, пакуль яны не адкажуць на яго пытанне. Дэманы сказалі яму, што адкажуць, але толькі яму на вуха, а не перад усімі прысутнымі. Святы настойваў і загадваў ім казаць гучна, каб усе чулі. Але дэманы не захацелі больш сказаць ні слова, нягледзячы на ўсе яго загады. 

Ён укленчыў і пачаў маліцца да Святой Дзевы: O  excellentissima  Virgo  Maria,  per  virtutem  psalterii  et rosarii tui, compelle hos humani generis hostes questioni meae satisfacere. О Найсвяцейшая Дзева, загадай гэтым ворагам людскога роду адказаць на маё пытанне.” 

Пасля гэтай малітвы з вушэй, ноздраў і рота апантанага паваліла полымя, якое напалохала ўсіх прысутных, але нікому не зашкодзіла. Тады дэманы закрычалі: “Дамінік, просім цябе, праз муку Езуса Хрыста і праз заслугі Яго Святой Маці і ўсіх святых, дазволь нам выйсці з цела гэтага чалавека, нічога не сказаўшы. Анёлы ўсё табе скажуць, калі ты захочаш. Ці мы не хлуснікі? Як ты зможаш нам паверыць? Не муч нас больш, злітуйся над намі.” 

“Няшчасныя, вы не заслугоўваеце таго, каб вас выслухалі”, сказаў святы Дамінік і ўкленчыўшы зноў, пачаў маліцца да Святой Дзевы: O  Mater  sapientioe  dignissima  et  de  cujus  salutatione  quomodo  illa  fieri  debeat  jam edoctus est populus; pro saluute populi circumstantis rogo. Coge hosce tuos adversarios, ut plenam et sinceram veritatem palam hic profiteantur. O, Маці, поўная мудрасці, малю Цябе ў інтэнцыі людзей, тут сабраных, якія ўжо ўмеюць добра маліцца Анёльскае Прывітанне. Прымусь сваіх ворагаў публічна прызнаць поўную і шчырую праўду наконт Цябе.” Толькі ён скончыў сваю малітву, як убачыў побач з сабой Святую Дзеву разам з вялікай колькасцю анёлаў. Яна трымала ў руцэ залатую пугу, хлыстала ёй дэмана, кажучы: “Адкажы майму слузе Дамініку па яго загадзе.” Трэба таксама адзначыць, што людзі не бачылі і не чулі Святую Дзеву, а толькі святога Дамініка.

[103] Тады дэманы пачалі крычаць: O inimica nostra, ô nostra damnatrix, ô nostra inimica, о nostra domnatrix, о confusio nostra, quare de coelo descendisti, ut nos hic ita torqueres? Per te quae infernum evacuas et pro peccatoribus tanquam potens advocata exoras; о Via coeli certissima et securissima, cogimur sine mora  et  intermissione  ulla,  nobis  quamvis  invitis,  et  contra  nitentibus,  totam  rei  proferre  veritatem. Nunc declarandum  nobis  est  simulque  publicandum  ipsum  medium  et  modus  quo  ipsimet  confundamur,  unde  voe  et maledictio in aeternum nostris tenebrarum principibus. 

Audite  igitur  vos,  christiani.  Haec  christi  Mater  potentissima  est  in  preservandis  suis  servis  quominus  precipites ruant  in  baratrum  nostrum  inferni.  Illa  est  quae  dissipat  et  enervat,  ut  sol,  tenebras  omnium  machinarum  et astutiarum nostrarum, detegit omnes fallacias nostras et ad nihilum redigit omnes nostras tentationes. Coactique fatemur  neminem  nobiscum  damnari  qui  ejus  sancto  cultui  et  pio  obsequio  devotus  perseverat.  Unicum  ipsius suspirium, ab ipsa et per ipsam sanctissimae Trinitati oblatum, superat et excedit omnium sanctorum preces, atque pium  et  sanctum  eorum  votum  et  desiderium,  magisque  eum  formidamus  quam  omnes  paradisi  sanctos;  nec contra fideles ejus famulos quidquam praevalere possumus. 

Notum  sit  etiam  vobis  plurimos  christianos  in  hora  mortis  ipsam  invocantes  contra  nostra  jura  salvari,  et  nisi Marietta illa obstitisset nostrosque conatus repressisset, a longo jam tempore totam Ecclesiam exterminassernus, nam  saepissime  universos  Ecclesioe  status  et  ordines  a  fide  deficere  fecissemus.  Imo  planius  et  plenius  vi  et necessitate compulsi, adhuc vobis dicimus, nullum in exercitio Rosarii sive psalterii ejus perseverantem aeternos inferni  subire  cruciatus.  Ipsa  enim  devotis  servis  suis  veram  impetrat  contritionem  qua  fit  ut  peccata  sua confiteantur, et eorum indulgentiam a Deo consequantur.

[104] Гэта азначае: “О наш вораг, нашае знішчэнне, нашае паражэнне, чаму Ты прыйшла з неба, каб так моцна нас мучыць? О Заступніца грэшнікаў, якая выцягваеш іх з пекла, о надзейны шлях да неба, ці сапраўды трэба, каб мы, супраць волі, сказалі ўсю праўду? Ці трэба, каб мы прызналіся перад усімі прысутнымі ў тым, што будзе прычынай нашага паражэння і зруйнавання? Бяда нам, бяда нашым князям цемры. Паслухайце ж, хрысціяне. Гэтая Маці Езуса Хрыста з’яўляецца ўсемагутнай, каб дапамагчы сваім слугам не трапіць у пекла. Менавіта Яна, як сонца, рассейвае цемру нашых змоваў і хітрыкаў;  менавіта Яна раскрывае нашыя падкопы, знішчае нашыя пасткі і робіць марнымі і бессэнсоўнымі ўсе нашыя спакусы. Мы вымушаныя прызнаць, што ніводны з тых, што Ёй служыць, не бывае асуджаны разам з намі. Адно Яе ўздыханне, якое Яна ўзносіць да Найсвяцейшай Тройцы, большае за ўсе малітвы, зарокі і прагненні ўсіх святых. Мы баімся Яе больш, чым усіх бласлаўлёных разам узятых і не можам нічога зрабіць супраць Яе слугаў. 

Шмат хрысціянаў, якія заклікаюць Яе ў хвіліну смерці, і якія па нашым законам павінны быць асуджаныя, збаўляюцца праз Яе заступніцтва. Ох! Калі б гэтая Марыета (так дэманы Яе называлі са злосці) не супрацьстаяла нашым намерам і намаганням, мы б ужо даўно знішчылі Касцёл і перавярнулі б яго загады ў аблуды і нявернасць. Мы таксама змушаныя прызнаць, што ніводны з тых, хто верна моліцца Ружанец, не бывае асуджаны, таму што Яна выпрошвае для сваіх пабожных слугаў сапраўдны жаль за грахі, а дзякуючы гэтаму яны атрымліваюць прабачэнне і адпушчэнне грахоў.” 

Тады святы Дамінік сказаў, каб усе маліліся на Ружанцы, павольна і пабожна. Падчас кожнага “Вітай, Марыя”, якое прамаўляў святы разам з прысутнымі (дзіўная рэч), з цела гэтага няшчаснага выходзіла вялікая колькасць дэманаў, у выглядзе гарачых вуглёў. Калі ўсе дэманы выйшлі і ератык быў вызвалены, Святая Дзева, хоць і нябачна для іншых, паблаславіла ўсіх прысутных, якія таксама адчулі вялікую радасць. Гэты цуд паспрыяў навяртанню вялікай колькасці ератыкоў, якія потым далучыліся да Брацтва святога Ружанца.  

 

Трыццаць чацвёртая Ружа [Сымон дэ Манфор, Алэн дэ Ланвалле, Отэр] (Бл. Алэн, ч. 2 раздз. I7)

[105]  Хто мог бы расказаць пра перамогі Сымона, графа дэ Манфора, над Альбігойцамі пад покрывам Маці Божай Каралевы святога Ружанца? Яны настолькі славутыя, што свет не бачыў нічога падобнага. Аднаго разу ён супрацьстаяў з пяцюстамі асобамі дзесяці тысячам ератыкаоў; іншым разам, з трымастамі ён перамог тры тысячы; потым, з васьмюстамі коннымі і тысячай пяхотных, ён перамог войска Арагонскага караля, якое складалася са ста тысячаў чалавек, згубіўшы пры гэтым толькі аднаго коннага і восем сваіх жаўнераў.

[106] А з якіх небяспекаў вызваліла Святая Дзева Алэна дэ Ланвале, брэтонскага рыцара, які змагаўся з Альбігойцамі! Аднойчы, калі ворагі абкружылі яго з усіх бакоў, Святая Дзева скінула на іх сто пяцьдзесят камянёў і вызваліла з іх рук.   

Аднаго разу, яго карабель пацярпеў крушэнне і амаль патануў, гэтая добрая Маці паказала яму сто пяцьдзесят маленькіх узгоркаў, па якіх ён дабраўся да Брэтаніі. І ў памяць цудаў, якія Святая Дзева ўчыніла дзеля яго праз Ружанец, які ён адгаворваў кожны дзень, ён пабудаваў у Дынане кляштар для новага Ордэна святога Дамініка, а потым сам стаў манахам і пабожна памёр у Арлеане.   

[107]  Отэр, іншы брэтонскі жаўнер з Вокулёр, часта змушаў уцякаць толпы ератыкоў і злодзеяў пры дапамозе Ружанца, які ён насіў на руцэ і рукаўі свайго мяча. Яго пераможаныя ворагі прызналіся, што бачылі, як ззяў яго меч. А іншым разам казалі, што шчыт на яго руцэ, на якім былі выявы Езуса Хрыста, Святой Дзевы і святых, рабілі яго нябачным і давалі яму моц для перамогі. 

Аднойчы, разам з дзесяцю атрадамі ён змагаўся супраць дваццаці тысячаў ератыкоў і не згубіў ніводнага са сваіх жаўнераў. Гэта настолькі здзівіла генерала войска ератыкоў, што ён падышоў да Отэра, выракся сваёй ерасі і вызнаў, што бачыў, як падчас бітвы палалі яго мячы.  

 

Трыццаць пятая Ружа [Кардынал Пётр] (Бл. Алэн ч. 4 раздз. 40).

[108] Блаславёны Алэн распавядае, як адзін кардынал, які зваўся Пётр, з базылікі Маці Божай з Тыбру, навучаны сваім блізкім сябрам святым Дамінікам малітве святога Ружанца, настолькі палюбіў  гэтае набажэнства, што стаўся яго вялікім прыхільнікам і ўсіх да яго заахвочаў. Кардынал у якасці легата быў пасланы ў Святую Зямлю да хрысціянаў, якія ў гэты час удзельнічалі ў крыжовым паходзе супраць Сарацынаў. Ён пераканаў хрысціянскую армію ў тым, што Ружанец мае вялікую моц. Усе ўдзельнікі прынялі гэтае набажэнства і пачалі прасіць у неба аб дапамозе ў бітве, таму што іх было толькі тры тысячы. І яны перамаглі сто тысячаў.   

Дэманы, як мы ўжо бачылі, вельмі моцна баяцца Ружанца. Святы Бернард кажа, што Анёльскае Прывітанне змушае іх уцякаць і прымушае дрыжаць усё пекла. Блаславёны Алэн запэўнівае, што бачыў шмат асобаў, якія аддалі д’яблу цела і душу, выракаючыся хросту і Езуса Хрыста, а потым пачыналі практыкаваць ружанцовае набажэнства, і былі вызваленыя з яго няволі.

 

Трыццаць шостая Ружа [Жанчына з Анвэр, вызваленая з апантанасці]

[109]  Год 1578, жанчына з Анвэр аддала сябе дэману праз распіску, падпісаную ўласнай крывёй. Праз нейкі час яна пачала моцна аб гэтым шкадаваць і вельмі жадала выправіць зло, якое яна ўчыніла. Яна шукала добрага і міласэрнага спаведніка, каб ён дапамог ёй знайсці спосаб вызваліцца ад моцы д’ябла.  

Яна знайшла мудрага і пабожнага святара, які параіў ёй знайсці айца Генрыха, кіраўніка Брацтва святога Ружанца з кляштара Святога Дамініка, каб паспавядацца і далучыцца да Брацтва.  Яна аб гэтым папрасіла, але замест айца, знайшла дэмана ў выглядзе манаха, які жорстка яе папракнуў і сказаў, каб не спадзявалася больш на Божую ласку, а таксама, што няма магчымасці адмяніць тое, што яна падпісала. Гэта вельмі яе засмуціла. Але яна не страціла надзеі на Божую міласэрнасць. Таму ізноў пайшла шукаць айца і зноў сустрэла д’ябла, які знеахвоціў яе, як і ў першы раз.  Яна вярнулася трэці раз і з Божай дапамогай знайшла айца Генрыха, якога шукала. Ён дабразычліва яе прыняў, заахвоціў даверыцца Божай дабрыні і добра паспавядацца. Ён таксама прыняў яе ў Брацтва і загадаў часта маліцца Ружанец. Аднойчы, падчас св. Імшы, якую айцец цэлебраваў дзеля яе, Святая Дзева прымусіла д’ябла аддаць жанчыне распіску, якую яна падпісала. Такім чынам яна была вызваленая дзякуючы моцы і аўтарытэту Марыі і набажэнству святога Ружанца.

 

Трыццаць сёмая Ружа [Кляштар, рэфармаваны дзякуючы Ружанцу]

[110] Адзін чалавек, які меў шмат дзяцей, аддаў адну са сваіх дачок у кляштар, які быў вельмі распушчаны, а манахіні праводзілі жыццё ў марнасці і пошуках задавальненняў. Спаведнік, чалавек, які старанна і пабожна маліўся святы Ружанец, спачатку жадаў весці гэтую маладую манахіню шляхам цнотаў да лепшага жыцця і загадаў ёй кожны дзень адгаворваць Ружанец у гонар Святой Дзевы, разважаючы над жыццём, пакутай і хвалой Езуса Хрыста. Яна ахвотна згадзілася. Па-троху яна пачала мець агіду да неўпарадкаванага жыцця сваіх сясцёр. Яна пачала цягнуцца да цішыні і ўнутранай малітвы, нягледзячы на пагарду і папрокі іншых, якія лічылі яе святошай. 

У гэты час, святы абат, які ішоў наведаць гэты кляштар, убачыў падчас сваёй малітвы дзіўную візію. Яму падалося, што ён убачыў у пакоі манахіню дзівоснай прыгажосці, вакол яе было шмат анёлаў. Яны пры дапамозе палаючых джалаў выганялі дэманаў, якія хацелі туды ўвайсці. Гэтыя злыя духі, у выглядзе брудных жывёлаў, уцякалі ў пакоі іншых сясцёр, каб падштурхнуць іх да граху, і шмат сясцёр адчыняла ім сваю брамку. 

Абат, дзякуючы гэтай візіі, даведаўся пра плачэўны стан гэтага манастыра і ледзь не памёр ад засмучэння. Ён паклікаў маладую манахіню і папрасіў набрацца цярплівасці. Разважаючы над моцай святога Ружанца, ён вырашыў рэфармаваць гэты кляштар праз гэтае набажэнства. Ён купіў вельмі прыгожыя ружанцы, раздаў іх усім манахіням, пераконваючы іх кожны дзень на іх маліцца, і паабяцаў ім, што, калі яны гэта зробяць, ён ніколі не будзе змушаць іх змяніць сваё жыццё. Яны з радасцю ўзялі ружанцы і згадзіліся маліцца на гэтай умове. (Цуд!)

Паволі яны пакінулі сваё марнае жыццё, вярнуліся да цішыні і засяроджанасці, і, недзе праз год, яны ўсе разам папрасілі рэформы. Ружанец зрабіў у іх сэрцах больш, чым абат сваімі казаннямі і аўтарытэтам.

 

Трыццаць восьмая Ружа [Любоў гішпанскага біскупа да святога Ружанца]

[111] Адна гішпанская графіня, якую святы Дамінік навучыў малітве святога Ружанца, малілася кожны дзень, цудоўным чынам узрастаючы ў цнотах. Паколькі яна імкнулася толькі да дасканаласці, то спытала аднойчы пралата і славутага прапаведніка, што яна яшчэ можа зрабіць, каб дасягнуць дасканаласці. Пралат сказаў ёй, што спачатку яму трэба распазнаць стан яе душы і даведацца пра яе пабожныя практыкаванні. Яна сказала, што галоўнае практыкаванне – гэта ружанец, які яна малілася кожны дзень, разважаючы над радаснымі, балеснымі і хвалебнымі таямніцамі, што дае вялікі пажытак яе душы. Біскуп, у захапленні ад таго, што пачуў такія рэдкія навучанні, якія змяшчаюцца ў таямніцах, сказаў ёй: “Я ўжо дваццаць гадоў доктар тэалогіі, я чытаў шмат цудоўных рэчаў пра розныя набажэнствы. Але я не ведаю набажэнства больш плённага і больш адпаведнага хрысціянству. Я хачу пайсці за вашым прыкладам, я буду распаўсюджваць Ружанец.”

Ён рабіў гэта з такім вялікім поспехам, што праз нейкі час убачыў вялікія змены звычаяў у дыяцэзіі, шмат навяртанняў, ахвярнасці і прымірэнняў. Распуста, гульні і пошукі выгады скончыліся. Пачаўся росквіт супакою ў сем’ях, пабожнасці і любові. Гэта было настолькі дзіўна, таму што біскуп вельмі шмат працаваў, каб змяніць сваю дыяцэзію, але безвынікова.

Каб лепш заахвоціць да ружанцовай малітвы, ён насіў з боку вельмі прыгожы ружанец і паказваў яго сваім слухачам. Ён казаў: “Ведайце, дарагія браты, што Ружанец Святой Дзевы настолькі цудоўны, што я, ваш біскуп, доктар тэалогіі, добры ў адным і другім, вельмі ганаруся тым, што ўвесь час нашу яго як самую знакамітую азнаку майго біскупства і дактарату.”

 Трыццаць дзевятая Ружа [Асвячэнне парафіі праз Ружанец]

[112] Рэктар адной парафіі ў Даніі часта распавядаў дзеля большай хвалы Божай і з вялікай радасцю ў душы, што ён бачыў ружанцовы цуд у сваёй парафіі падобны да таго, што біскуп меў у сваёй дыяцэзіі.

“Я спрабаваў, кажа ён, уводзіць розныя набажэнствы, самыя важныя і самыя плённыя, але безвынікова. Я не бачыў ніякіх зменаў у сваёй парафіі. Нарэшце я вырашыў распаўсюджваць святы Ружанец. Я растлумачыў яго дасканаласць і спосаб яго практыкавання. І прызнаюся, што, як толькі я даў пасмакаваць людзям гэтае набажэнства, праз шэсць месяцаў я ўбачыў вялікія змены. Сапраўды, гэтая Боская малітва мае нябесную моц, каб крануць сэрцы і абудзіць агіду да граху і любоў да цноты.”

Святая Дзева сказала аднойчы блаславёнаму Алэну: “Як Бог выбраў Анёльскае Прывітанне дзеля Ўцелаўлення Свайго Слова і адкуплення людзей, так і тыя, што жадаюць змяніць звычаі людзей і аднавіць іх у Езусе Хрысце, павінны Мяне ўшаноўваць і вітаць тым самым Прывітаннем. Я, дадала Яна, шлях, якім Бог прыйшоў да людзей. І таму яны могуць атрымаць ласкі і цноты праз Маё пасрэдніцтва.”

[113] Я, які ўсё гэта пішу, сваімі ўласнымі вачыма бачыў моц гэтай малітвы ў навяртанні самых зацвярдзелых сэрцаў. Падчас місій я бачыў душы, якіх не ўражвалі нават самыя страшныя праўды, пра якія я казаў. Але пасля таго, як па маёй парадзе, яны кожны дзень маліліся на Ружанцы, яны навярнуліся і ўсё аддалі Богу.   

Я бачыў вялікую розніцу ў звычаях людзей, дзе я праводзіў місіі. Таму што адны, пакінуўшы малітву на Ружанцы, пачыналі моцна грашыць, а іншыя, якія працягвалі маліцца, захавалі сябе ў ласцы Божай і кожны дзень узрасталі ў цнотах.  

 

Саракавая Ружа [Цудоўныя плёны малітвы на Ружанцы]

[114] Блаславёны Алэн дэ ля Рош, айцец Ян Дзюмон, айцец Тамаш, летапісцы святога Дамініка і іншыя аўтары, якія часта былі навочнымі сведкамі, распавядаюць пра вялікую колькасць цудоўных навяртанняў грэшнікаў, якія 20,  30 і 40 гадоў жылі ў найвялікшых грахах і якіх нішто не магло навярнуць, а аднак гэта здарылася дзякуючы цудоўнаму набажэнству. Але я не буду прыводзіць прыкладаў, таму што гэта будзе занадта доўга.

Я не хачу нават апісваць тое, што бачыў сваімі ўласнымі вачыма. Я аміну гэта па розных прычынах.   

Дарагі чытач, калі ты практыкуеш і распаўсюджваеш гэтае набажэнства, праз уласны досвед ты навучышся больш, чым з якой-небудзь кнігі, і шчасліва зведаеш плёны абяцанняў, якія дала Святая Дзева святому Дамініку, бл. Алэну дэ ля Рош і ўсім тым, хто робіць намаганні, каб расквітнела гэтае набажэнства, якое Яна вельмі любіць, якое навучае людзей Яе цнотам і Яе Сына, вядзе да кантэмпляцыі, наследавання Езуса Хрыста, частага прымання сакрамэнтаў, практыкавання цнотаў і добрых учынкаў, дапамагае атрымаць столькі прыгожых адпустаў, пра якія людзі не ведаюць, таму што прапаведнікі гэтага набажэнства  амаль ніколі пра гэта не кажуць, часта задавольваючыся толькі казаннем пра Ружанец. Часта гэта абуджае толькі захапленне, але не дае ніякага навучання.  

[115] Нарэшце, я з радасцю скажу вам з блаславёным Алэнам дэ ля Рош, што Ружанец з’яўляецца крыніцай і скарбніцай ўсялякіх ласкаў. 

1. P Peccatoribus praestat poenitentiam:

        грэшнікі атрымаюць прабачэнне. 

2. S Sitientibus stillat satietatem: прагнучыя

        душы насыцяцца.

3. A Alligatis adducit absolutionem: спутаныя

        ўбачаць, як развязваюцца іх вузлы. 

4. L Lugentibus largitur loetitiam: плачучыя

        атрымаюць радасць.      

5. T Tentatis tradit tranquillitatem:

        спакушаныя атрымаюць супакой.     

6. E Egenis expellit egestatem: слабыя

        атрымаюць дапамогу. 

7. R Religiosis reddit reformationem: духоўныя

        асобы зменяць звычаі. 

8. I Ignorantibus inducit intelligentiam:

       неадукаваныя будуць навучаныя. 

9. V Vivis vincit vastitatem: жывыя

        затрыюмфуюць над упадкамі. 

10. M Mortuis mittit misericordiam per modum suffragii: памерлыя атрымаюць палёгку дзякуючы малітвам жывых.

Volo”, аднойчы сказала Святая Дзева блаславёнаму Алэну,  ut  psaltae  mei  in  vita  et  in  morte,  et  post  mortem, habeant benedictionem, gratiae plenitudinem ac libertatem, immunesque sint a caecitate, obduratione, inopia ac servitude. Я хачу, каб прыхільнікі Майго Ружацна мелі ласку і блаславенства Майго Сына на працягу жыцця, у хвіліну смерці і пасля смерці; каб яны пазбеглі ўсялякага нявольніцтва, каб сталі каралямі, каб мелі карону на галаве і скіпетр у руцэ, а таксама жыццё вечнае. Амэн.”