Бог жадае пачаць і скончыць Свае
найвялікшыя справы
праз Святую Дзеву.
[14] Я вызнаю разам з усім
Касцёлам, што Марыя, чыстае стварэнне рук Найвышэйшага, у параўнанні з Яго
бясконцай Веліччу меншая за атам, ці хутчэй зусім нішто, бо толькі Ён адзіны
“Той, хто ёсць”. І гэты вялікі Госпад, заўсёды незалежны і самадастатковы, не
патрабаваў і не патрабуе Найсвяцейшай Дзевы, каб ажыццявіць сваю волю і
паказаць сваю хвалу. Яму досыць пажадаць, каб усё здзейсніць.
[15] Прымаючы ўсё так, як ёсць, я
кажу, аднак, што, калі Бог пажадаў распачаць і скончыць свае найвялікшыя справы
праз Найсвяцейшую Дзеву з таго самага моманту, як Яе стварыў, можна быць
упэўненымі, што Ён не зменіць свайго жадання давеку, бо з’яўляецца Богам і не
змяняецца ані ў сваіх пачуццях, ані ў сваіх паводзінах.
[16]
Бог Айцец даў свету свайго Адзінага Сына толькі праз
Марыю. Нягледзячы на ўсе ўздыханні патрыярхаў, на ўсе просьбы, што на
працягу чатырох тысяч гадоў узносілі прарокі і святыя старога запавету, каб атрымаць гэты скарб, толькі Марыя заслужыла і знайшла ласку ў Бога
моцай сваёй малітвы і веліччу сваіх цнотаў. Свет на заслугоўваў,
кажа святы Аўгустын, атрымаць Сына Божага беспасрэдна з рук Айца, і Ён даў Яго Марыі, каб свет атрымаў Яго праз Яе.
Сын Божы стаўся
чалавекам дзеля нашага збаўлення, але ў Марыі і праз Марыю.
Бог Дух Святы ўфармаваў
Езуса Хрыста ў Марыі, але пасля таго, як папрасіў у Яе згоды праз аднаго з
першых пасланцоў свайго двору.
[17] Бог Айцец абдараваў Марыю
сваёю плоднасцю настолькі, наколькі гэта магло прыняць чыстае стварэнне, каб
Яна была здольная нарадзіць свайго Сына і ўсіх удзельнікаў яго містычнага Цела.
[18] Бог Сын зышоў у Яе дзявоцкае
ўлонне, як новы Адам у свой зямны рай, каб знайсці там упадабанне і таямніча
ўчыніць свае цуды ласкі. Гэты Бог, які стаўся чалавекам, знайшоў сваю свабоду ў
тым, каб змясціць сябе ў Яе ўлонні; Ён праявіў сваю моц дазваляючы насіць Сябе
гэтай маленькай дзяўчынцы; Ён знайшоў Сваю хвалу і хвалу Айца ў тым, што схаваў
сваю веліч ад усіх стварэнняў тут, на зямлі, каб адкрыць іх толькі Марыі; Ён
праславіў Сваю незалежнасць і веліч у залежнасці ад гэтай любай Дзевы падчас
зачацця ў Ёй, нараджэння, ахвяравання ў святыні, укрытым жыцці з Ёй на працягу
трыццаці гадоў – аж да самай смерці, у якой Яна павінна была ўдзельнічаць, каб
скласці з Ёй адзіную ахвяру і з Яе згоды ахвяравацца Спрадвечнаму Айцу, як
некалі Ісаак быў складзены ў ахвяру са згоды Абрагама, які паддаўся волі Божай.
Гэта Марыя ўскарміла Яго, выхавала, клапацілася і ахвяравала дзеля нас.
O цудоўная і незразумелая
залежнасць Бога, якую Дух Святы не змог абысці маўчаннем у Евангеллі, каб
паказаць нам яе кошт і хвалу, хоць і схаваў ад нас амаль што ўсе цудоўныя
справы, што гэтая ўцелаўлёная Мудрасць учыніла ў Сваім укрытым жыцці. Езус
Хрыстус залежнасцю ад Сваёй Маці на працягу трыццаці гадоў праславіў Бога
Свайго Айца больш, чым навяртаннем усяго зямнога шару праз самыя вялікія цуды. O! Як жа праслаўляе Бога той, хто, каб Яму падабацца,
робіцца залежным ад Марыі па прыкладзе Езуса Хрыста, нашага адзінага ўзору!
[19] Калі мы глыбей угледзімся ў рэшту жыцця Езуса
Хрыста, мы ўбачым, што Ён жадаў пачаць Свае цуды праз Марыю. Ён асвяціў святога
Яна ва ўлонні яго маці святой Альжбеты словам Марыі. Як толькі Яна прамовіла
слова, Ян быў асвечаны, і гэта Яго першы і самы вялікі цуд ласкі. На вяселлі ў
Кане Ён перамяніў ваду ў віно па пакорнай просьбе Марыі, і гэта быў яго першы
цуд у парадку натуральным. Езус распачаў і працягваў Свае цуды праз Марыю. Ён
будзе працягваць чыніць іх праз Марыю да сканчэння часу.
[20] Дух Святы, бясплодны ў Богу,
гэта значыць, Ён не даваў пачатку іншым боскім асобам, стаўся плодным праз
Марыю, з Якою Ён узяў шлюб. Менавіта з Ёй і ў Ёй і ад Яе Ён уфармаваў Сваё
Арцыстварэнне – Уцелаўлёнага Бога — і штодзённа да сканчэння свету фармуе
выбраных і часткі містычнага Цела. Таму, чым больш Ён знаходзіць у душы Марыю,
Сваю найдаражэйшую і неразлучную Сужонку, тым больш робіцца дзейсным і магутным, каб фармаваць Езуса
Хрыста ў гэтай душы і гэтую душу ў Езусе Хрысце.
[21] Гэта не азначае, што
Найсвяцейшая Дзева дае плоднасць Святому Духу так, як быццам бы Ён яе не меў,
бо як Бог Ён мае і плоднасць, і здольнасць даваць пачатак як Айцец і Сын, хоць
і не ўжывае яе, даючы пачатак іншай Боскай Асобе. Але гэта азначае хутчэй, што
Дух Святы праз удзел Найсвяцейшай Дзевы, якой Ён хоча паслужыцца, хоць і не мае
ў гэтым патрэбы, выявіў сваю плоднасць, фармуючы ў Ёй і праз Яе Езуса Хрыста і
Яго часткі. Гэта таямніца ласкі, схаваная нават ад самых мудрых і духоўна
дасведчаных хрысціянаў.