Езус Хрыстус — канчатковая мэта ўсіх нашых пабожных практыкаванняў

  [60] Раней ужо было сказана некалькі словаў пра неабходнасць ушанавання Найсвяцейшай Дзевы, цяпер трэба расказаць, што гэта такое. З дапамогай Божай я зраблю гэта, але пасля таго, як растлумачу падставовыя праўды, якія раскрыюць сутнасць гэтай велічнай формы ўшанавання, якое я хачу адкрыць. 

      Езус Хрыстус — наш Госпад і адзіная мэта.

   [61] Першая праўда. Езус Хрыстус, наш Госпад, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, павінен быць канчатковай мэтай усіх нашых пабожных практыкаванняў. У іншым выпадку яны б былі несапраўднымі і памылковымі. Езус Хрыстус — гэта Альфа і Амега, пачатак і канец кожнай рэчы. Мы дзейнічаем, кажа Апостал, толькі дзеля таго, каб кожнага чалавека зрабіць дасканалым у Езусе Хрысце, таму што толькі ў Ім жыве ўся поўня Боскасці і ласкі, цноты і дасканаласці. Таму што толькі ў Ім мы атрымалі духоўнае блаславенства. Таму што Ён — наш адзіны Настаўнік, які павінен нас навучыць, наш адзіны Госпад, ад якога мы павінны залежаць, наш адзіны Гаспадар, з якім мы павінны быць з’яднаныя, наш адзіны ўзор, на які мы павінны быць падобнымі, наш адзіны лекар, які павінен нас лячыць, наш адзіны пастыр, які павінен нас карміць, наш адзіны шлях, па якім мы павінны ісці, нашая адзіная праўда, у якую мы павінны верыць, нашае адзінае жыццё, якое павінна нас ажыўляць, і нашае адзінае ўсё ў кожнай рэчы, якой нам павінна быць дастаткова. І не дадзена пад небам іншага імя, акрамя імя Езуса, якім мы павінны быць збаўленыя. Бог даў нам толькі адзіны падмурак нашага збаўлення, дасканаласці і хвалы — гэта Езус Хрыстус. Кожны будынак, які не стаіць на моцным падмурку, пабудаваны на сыпучым пяску, і безумоўна раней ці пазней упадзе. Кожны вернік, што не з’яднаны з Хрыстом, як вінаградная лаза, упадзе, высахне і будзе прыдатны толькі на тое, каб яго выкінулі ў агонь. Калі мы ў Езусе Хрысце, а Ён у нас, нам не трэба баяцца асуджэння. Ані анёлы ў небе, ані людзі на зямлі, ані дэманы ў пекле, ані іншае стварэнне не можа нам пашкодзіць, бо нішто не можа нас адлучыць ад любові Божай у Езусе Хрысце. Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце мы можам усё: аддаць пашану і хвалу Айцу ў еднасці з Духам Святым, стацца святымі і быць для нашых бліжніх водарам вечнага жыцця. 

      Сапраўднае ўшанаванне Марыі — гэта шлях да Госпада Хрыста

   [62]  Калі мы будзем па-сапраўднаму ушаноўваць Найсвяцейшую Дзеву, то гэта толькі дзеля таго, каб больш дасканала ушаноўваць Езуса Хрыста. Гэта толькі дзеля таго, каб даць лёгкі і пэўны спосаб знайсці Езуса Хрыста. Калі б ушанаванне Святой Дзевы аддаляла ад Езуса Хрыста, яго трэба было б адкінуць як падман д’ябла. Але ўсё наадварот, як я ўжо паказаў і яшчэ пакажу пазней, гэтая форму ўшанавання патрэбная нам, каб дасканалым чынам знайсці Езуса і пяшчотна Яго любіць і верна Яму служыць.

   [63] На хвілінку звяртаюся да Цябе, о мой любы Езу, каб паскардзіцца Тваёй Велічы, што большасць хрысціянаў, нават самых адукаваных, нічога не ведаюць пра абавязковую сувяць паміж Табой і Тваёй святой Маці. Ты, о Госпадзе, заўсёды з Марыяй, а Марыя заўсёды з Табой і не можа быць без Цябе. У іншым выпадку Яна б перастала быць тым, чым Яна ёсць. Яна настолькі ператвораная ў Цябе праз ласку, што гэта ўжо не Яна жыве, не Яна існуе. Гэта Ты адзіны, мой Езу, жывеш і валадарыш у Ёй, больш, чым ува ўсіх анёлах і блаславёных. О! Калі б мы ведалі хвалу і любоў, што Ты атрымліваеш ад гэтага цудоўнага стварэння, мы б інакш ставіліся да Цябе і да Яе. Яна з [Табою] настолькі моцна з’яднаная, што хутчэй можна аддзяліць святло ад сонца, цеплыню ад агню, скажу нават больш: можна хутчэй аддзяліць усіх анёлаў і святых ад Цябе, але не боскую Марыю. Таму што Яна любіць Цябе мацней і прасляўляе дасканалей за ўсе іншыя стварэнні.

   [64] Пасля гэтага, мой любы Настаўнік, ці не з’яўляецца справай дзіўнай і вартай злітавання бачыць тое, што людзі не ведаюць Тваю святую Маці? Я не кажу тут пра ідалапаклоннікаў і язычнікаў, што не ведаюць ані Цябе, ані Яе; не кажу нават пра ератыкоў і схізматыкаў, што, адышоўшы ад Цябе і святога Касцёла, не імкнуцца быць адданымі Тваёй святой Маці. Але кажу тут пра каталіцкіх хрысціянаў і настаўнікаў, што, паабяцаўшы навучаць іншых праўдзе, не ведаюць ані Цябе, ані Тваю святую Маці — ну, хіба што чыста інтэлектуальна, суха, пуста і абыякава. Гэтыя асобы кажуць вельмі рэдка пра Тваю святую Маці і пра павагу, што мы павінны мець да Яе, бо, паводле іх словаў, яны баяцца злоўжывання і таго, што Цябе можна абразіць, занадта ўшаноўваючы Тваю Маці. Калі яны бачаць ці чуюць, як хто-небудзь адданы Святой Дзеве, часта кажа, што ласкавае, моцнае і сталае пакланенне гэтай добрай Маці — гэта пэўны і пазбаўлены ілюзіяў спосаб, кароткі і бяспечны кірунак, беззаганны і дасканалы шлях, цудоўная таямніца, каб знайсці Цябе і дасканала любіць, яны бунтуюцца супраць яго, прыводзяць яму тысячы аблудных доказаў, каб пераканаць, што не трэба столькі гаварыць пра Святую Дзеву, што гэтай формай ушанавання занадта злоўжываюць, і трэба прыкласці ўсе намаганні, каб гэтых злоўжыванняў пазбыцца. А таксама  імкнуцца пераканаць у тым, што трэба больш казаць пра Цябе, а не весці народы да сапраўднага ўшанавання Святой Дзевы, якую яны і так ужо досыць любяць.

   Часам можна пачуць, як гэтыя асобы кажуць не пра тое, што трэба ўстанавіць і пераканаць іншых у неабходнасці ўшанавання Тваёй святой Маці, але пра тое, што трэба знішчыць злоўжыванні ім, хоць самі яны не маюць асаблівай пабожнасці і пяшчотнай адданасці Табе, бо не ведаюць Марыі. Яны лічаць, што ружанец і скапуляр — гэта набажэнствы для слабых і неадукаваных людзей і без іх можна ўратавацца. Калі ім у рукі трапляе прыхільнік Святой Дзевы, які моліцца свой ружанец ці ўшаноўвае Яе іншым чынам, яны адразу ж імкнуцца змяніць яму думкі і пачуцці: замест ружанца раюць яму сем псальмаў, а замест набажэнства да Святой Дзевы — набажэнства да Езуса Хрыста.

   O мой любы Езус, ці гэтыя асобы маюць Твайго Духа? Ці радуюць яны Цябе сваім захаваннем? Ці падабаецца Табе тое, каб не прыкладаць намаганняў дзеля таго, каб падабацца Тваёй Маці з-за боязі не падабацца Табе? Ці ўшанаванне Тваёй святой Маці перашкаджае ўшанаванню Цябе? Ці Марыя прысвойвае сабе пашану, якую мы Ёй аддаем? Ці ж Яна — гэта нешта асаблівае, што не датычыць Цябе? Ці ж Яна чужая Табе і не мае з Табою ніякай сувязі? Ці ж Табе не падабаецца жаданне падабацца Ёй? Ці ж аддацца Ёй і любіць Яе азначае аддаліцца ад Тваёй любові?

   [65] Аднак, мой любы Настаўнік, большасць гэтых мудрых не змогуць аддаліць нас ад ушанавання Тваёй святой Маці і стацца абыякавымі да Яе, бо ўсё, што я толькі што сказаў —  праўда. І будзе гэта ім пакараннем за іх пыху. Захавай мяне, Пане, захавай мяне ад іх думак і іх учынкаў і дай мне Тваю ўдзячнасць, павагу і любоў да Сваёй святой Маці, каб я, чым больш наследваў Цябе, тым больш любіў і праслаўляў Цябе.

   [66] Калі я яшчэ нічога не сказаў у гонар Тваёй святой Маці, дай мне цяпер ласку годна праслаўляць Яе: Fac me digne tuam Matrem collaudare, нягледзячы на ўсіх Яе ворагаў, якія з’яўляюцца таксама і Тваімі, каб я мог велічна сказаць разам са святымі: «Non presumat aliquis Deum se  habere propitium qui benedictam Matrem offensam habuerit» («Няхай не спадзяецца атрымаць ласку Божую той, што абражае Яго святую Маці[1]»).

   [67] Каб праз Тваю міласэрнасць атрымаць ласку сапраўднага ўшанавання Тваёй святой Маці і заахвоціць да гэтага ўсіх жыхароў зямлі, зрабі, каб я горача любіў Цябе, і прымі дзеля гэтага палымяную малітву, якую я прыношу Табе разам са святым Аўгустынам і Тваімі сапраўднымі сябрамі (tom. 9, operum meditat.):

   «Tu es Christus, pater meus  sanctus, Deus meus pius, rex  meus magnus, pastor meus bonus,  magister meus unus, adjutor meus  opti mus, dilectus meus  pulcherrimus, panis meus vivsus, sacerdos meus in aeternum,  dux meus ad patriam, Iux mea vera,  dulcedo mea sancta, via mea  recta, sapientia mea proeclara,  simplicitas mea pura, concordia mea pacifica, custodia mea tota, portio mea bona, salus mea sempiterna...

   Сhriste Jesu, amabilis Domine, cur amavi, quare concupivi in omni vita mea quidquam praeter te Jesum Deum meum? Ubi eram quando tecum mente non eram? Jam ex hoc nunc, omnia desideria mea, incalescite et effluite in Dominum Jesum; currite, satis hactenus tardastis; properate quo pergitis; quaerite quem quaeri tis. Jesu, qui non amat te anathema  sit; qui te non amat amaritu  dinibus repleatur... O dulcis Jesu,  te amet, in te delectetur, te admiretur omnis sensus bonus  tuae conveniens laudi. Deus cordis  mei et pars mea, Christe Jesu,  deficiat cor meum spiritu suo, et vivas tu in me, et concalescat in spiritu meo vivus carbo amoris tui, et excrescat in ignem perfectum;  ardeat jugiter in ara cordis mei,  ferveat in medullis meis, flagret in  absconditis animae meae; in die consummationis meae consummatus inveniar apud te. Amen.»[2]

   Я напісаў на лаціне гэтую цудоўную малітву святога Аўгустына, каб тыя, што разумеюць па-лацінску, маглі штодзённа чытаць яе, каб прасіць аб любові Езуса праз боскую Марыю. Мы нявольнікі Езуса Хрыста і Марыі.



[1] Гэты выраз не супярэчыць нязмернай Божай Міласэрнасці, а хутчэй перасцерагае ад зацвярдзеласці сэрца.

[2]  «Ты, о Езу, мой святы Айцец, мой Бог, поўны міласэрнасці, мой бясконца вялікі Кароль. Ты мой міласэрны пастыр, мой адзіны настаўнік, мой найлепшы памочнік, мой найпрыгажэйшы абраннік, мой хлеб жыцця, мой спрадвечны айцец. Ты мой праваднік да нябеснай айчыны, сапраўднае святло, мая святая слодыч, мой найпрасцейшы шлях. Ты мая зіхоткая мудрасць, мая беззаганная чысціня, мой супакой і пяшчота. І, нарэшце, Ты мой ахоўнік, мая найкаштоўнейшая спадчына, маё вечнае збаўленне…

   О Езу Хрысце, мой любы Настаўнік, чаму ўсё сваё жыццё я любіў і жадаў нечага іншага, акрамя Цябе, Езу, мой Божа? Дзе я быў, калі не думаў пра Цябе? О, нарэшце цяпер, з гэтага моманту, маё сэрца жадае і гарыць толькі дзеля Езуса. Няхай яно гарыць толькі дзеля любові да Цябе. Жаданні майго сэрца, бяжыце да Яго, хопіць чакаць. Спяшайцеся да мэты, да якой вы імкнецеся, шукайце ў праўдзе таго, Каго вы шукаеце. О Езу, няхай будзе няшчасны той, хто Цябе не любіць! Няхай той, хто не мае любові да Цябе, напоўніцца горыччу! О салодкі Езу, будзь любоўю, слодыччу і захапленнем для кожнага сэрца, годна прысвечанага Тваёй хвале. Божа майго сэрца і маё жыццё, боскі Езу, няхай маё сэрца памрэ дзеля Цябе, а Ты Сам станься маім жыццём. Няхай мая душа станецца гарачым вуглём, што палымнее Тваёй любоўю, і няхай там будзе пачатак боскага пажару. Няхай ён гарыць на алтары майго сэрца, няхай запаліць глыбіню маёй істоты, няхай спаліць да самай глыбіні маёй душы, каб у дзень маёй смерці я стаў перад Табой спалены Тваёй любоўю. Амэн.»