Малітва вернага нявольніка Марыі

(“Таямніца Марыі” 68-69)

 
   

   Вітай Марыя, любая Дачка Спрадвечнага Айца; вітай, Марыя, цудоўная Маці Сына; вітай, Марыя, найвярнейшая Сужонка Духа Святога; вітай, Марыя, мая дарагая Маці, мая любая Гаспадыня і мая магутная Валадарка, вітай, мая радасць, хвала, маё сэрца і мая душа! Ты ўся мая праз міласэрнасць, і я ўвесь Твой праз справядлівасць. Але я яшчэ не цалкам належу Табе: я ізноў цалкам аддаюся Табе як вечны нявольнік, нічога не пакідаючы ані дзеля сябе, ані дзеля іншага.

Калі Ты бачыш ува мне нешта, што Табе не належыць, я прашу Цябе забраць гэта зараз і стаць поўнай Гаспадыняй маёй волі; разбурыць, вырваць і знішчыць усё, што не падабаецца Богу, і змясціць ува мне, вырасціць і зрабіць усё, што Табе падабаецца.

І няхай святло Тваёй веры асветліць цемру майго духа, няхай Твая глыбокая пакора зойме месца маёй пыхі; няхай Тваё велічнае сузіранне спыніць няўважлівасць майго блукаючага ўяўлення; няхай Тваё няспыннае Божае жыццё напоўніць маю памяць Яго прысутнасцю; няхай полымя любові Твайго Сэрца растопіць і распаліць абыякавасць і холад майго сэрца; няхай Твае цноты зоймуць месца маіх грахоў; няхай Твае заслугі будуць маім упрыгожаннем і маім дапаўненнем перад Богам. Нарэшце, мая дарагая і любая Маці, зрабі, калі ласка, каб я не меў іншага духа, апрача Твайго, каб пазнаць Езуса Хрыста і Яго Боскую волю; каб я не меў іншай душы, апрача Тваёй, каб хваліць і праслаўляць Госпада, каб любіць Бога чыстай і гарачай любоўю, як Твая. 

Я не прашу ў Цябе ані візіяў, ані аб'яўленняў, ані смаку, ані задавальненняў, нават духовых. Табе нележыць яснае бачанне без цемры; Табе належыць смакаваць у поўні без горычы; Табе належыць слаўна трыюмфаваць па правіцы Твайго Сына ў небе без аніякага прыніжэння; Табе належыць кіраваць анёламі і людзьмі без аніякага супраціву і нарэшце распараджацца згодна з Тваёй воляй усімі дабротамі Бога бяз рэшты.

Вось, мая Боская Марыя, найлепшая частка, якую даў Табе Бог і якая ніколі не будзе ў Цябе адабраная; і гэта напаўняе мяне вялікай радасцю. У сваю чаргу, тут, на зямлі, я не хачу нічога іншага, апрача таго, што Ты мела: верыць чыста, ані не смакуючы, ані не бачучы; радасна пакутваць без суцяшэння стварэнняў; няспынна паміраць дзеля сябе без адпачынку; шмат працаваць да самай смерці - дзеля Цябе, не маючы ўласнага інтарэсу, як самы нягодны з Тваіх нявольнікаў. Адзіная ласка, аб якой я прашу праз міласэрнасць, - гэта кожны дзень і момант майго жыцця казаць тройчы Амэн: няхай будзе так на ўсё тое, што Ты зрабіла на зямлі, калі жыла тут; няхай будзе так на ўсё тое, што робіш цяпер у небе; няхай будзе так на ўсё тое, што Ты робіш у маёй душы, каб там была толькі Ты, каб у поўні праслаўляць ува мне Езуса цяпер і ў вечнасці. Амэн.