Акт аддання сябе Маці Божай

 Акт сляпога аддання
і поўнага любові даверу
пяшчотнай Дзеве Марыі

    

 Пяшчотная Дзева Марыя! мая велічная Спадарыня! Мая любая Гаспадыня! Мая добрая і любая Маці! Пяшчотная Дзева Марыя, я паклаў у Табе ўсю маю надзею і я ведаю, што не буду расчараваны.

Пяшчотная Дзева Марыя, я моцна веру, што з вышыні неба Ты ўдзень і ўначы чуваеш нада мной і над тымі, хто спадзяецца на Цябе. Я вельмі моцна перакананы, што ніколі не будзе цярпець нястачы той, хто ўсяго чакае ад Цябе. Таму я вырашыў у будучыні жыць без страху і цалкам даручыць Табе ўсе мае клопаты.

Пяшчотная Дзева Марыя, Ты ўмацавала мяне ў моцным, непахісным даверы: я бязмежна ўдзячны Табе за гэту каштоўную ласку! З гэтай хвіліны я буду спакойна спачываць у Тваім Беззаганным Сэрцы: я буду думаць толькі пра тое, як Цябе любіць і быць Табе паслухмяным, а Ты ў гэты час, мая добрая Маці, Сама пакіруеш справамі, найбольш дарагімі майму сэрцу.

Пяшчотная Дзева Марыя, адны сярод дзяцей чалавечых чакаюць шчасця ад свайго багацця, другія яго шукаюць у сваіх талентах, іншыя абапіраюцца на дасканаласць свайго жыцця або на стараннасць свайго пакаяння, ці на моц сваіх малітваў, або на вялікую колькасць сваіх добрых справаў. А я, мая Маці, пасля Бога я буду спадзявацца толькі на Цябе і адзінай глебай маёй надзеі будзе маё спадзяванне на Тваю матчыную дабрыню.

Пяшчотная Дзева Марыя, злыя людзі могуць адабраць у мяне добрае імя і тую малую колькасць дабротаў, што ў мяне ёсць; хваробы могуць пазбавіць мяне сіл і фізічную здольнасць Табе служыць; я магу таксама, нажаль, мая добрая Маці, з-за сваіх грахоў страціць Твае ласкі, але мой поўны любові давер у Тваю матчыную дабрыню... ніколі! Я ніколі яго не страчу..., я захаваю гэты непахісны давер да майго апошняга ўздыхання! Усе пякельныя моцы не адбяруць яго ў мяне! Я буду паміраць, добрая Маці, бясконца паўтараючы Тваё бласлаўлёнае Імя, пакладаючы ў Тваім Беззаганным Сэрцы ўсю маю надзею!

Я маю такое непахіснае спадзяванне на Цябе, таму што Ты Сама мяне навучыла, найсаладзейшая Дзева Марыя, што Ты сама міласэрнасць і толькі міласэрнасць.

Таму я ўпэўнены, о добрая і любая Марыя, я ўпэўнены, што я заўсёды буду Цябе заклікаць, таму што Ты заўсёды мяне суцешыш…; я заўсёды буду Табе дзякаваць, таму што Ты заўсёды прынясеш мне палёгку…; я заўсёды буду Табе служыць, таму што Ты заўсёды будзеш мне дапамагаць…; я заўсёды буду Цябе любіць, таму што і Ты заўсёды будзеш мяне любіць…; я ўсё ў Цябе змагу выпрасіць, таму што Твая любоў заўсёды будзе выходзіць за межы майго спадзявання.

Так, толькі ад Цябе, о пяшчотная Дзева, нягледзячы на мае памылкі, я спадзяюся атрымаць ласку і адзінае дабро, якога я вельмі жадаю: еднасць з Езусам цяпер і ў вечнасці… Толькі ад Цябе, таму што менавіта Цябе боскі Збаўца выбраў, каб размяркоўваць усе  ласкі і пэўным шляхам прывесці мяне да Яго. Так, менавіта Ты, мая Маці, пасля таго, як навучыш спачуваць прыніжэнням і цярпенням Твайго боскага Сына, прывядзеш мяне да хвалы і слодычы, каб праслаўляць Яго і бласлаўляць, побач з Табой і разам з Табой, на векі вечныя. Амэн.

У гэтым мой самы вялікі давер і ўся прычына маёй надзеі: Haec mea maxima fiducia, haec tota ratio spei meae! (Св. Бернард).