Ушанаванне Марыі асабліва неабходнае ў апошнія часы

     [49] Менавіта праз Марыю пачалося збаўленне свету, менавіта праз Яе яно павінна скончыцца. Падчас першага прыйсця Езуса Хрыста Марыя амаль не паказвалася, каб людзі, якія яшчэ мала ведалі Яе Сына, не адышлі ад праўды, занадта прывязаўшыся да Яе, што магло здарыцца, калі б Яна была вядомая, бо Найвышэйшы абдарыў Яе дзівосным хараством, нават звонку. Святы Дзяніс Арэапагіт напісаў, што, калі б ён Яе ўбачыў і калі б вера не навучыла яго супрацьлегламу, ён прыняў бы Яе за боства з-за Яе дзівоснага хараства і незраўнанай прыгажосці. Падчас другога прыйсця Езуса Хрыста Марыя павінна быць вядомай і раскрытай Духам Святым, каб праз Яе людзі пазналі, упадабалі і служылі Езусу Хрысту. І прычынаў, па якіх Дух Святы хаваў Сваю Абранніцу на працягу ўсяго Яе жыцця і так мала распавядаў пра Яе ў Евангеллі, больш не будзе.

    Чаму Марыя выступіць асабліва ў апошнія часы,
перад другім прыйсцем Хрыста?

  [50] Бог хоча раскрыць Марыю — найвялікшае стварэнне сваіх рук — у апошнія часы.

   1.  Таму, што Яна схавалася ад гэтага свету і ў сваёй глыбокай пакоры стала ніжэйшай за пыл, дзякуючы чаму Бог, Апосталы і  Евангелісты амаль пра Яе не згадвалі.

   2. Таму, што Бог жадае, каб Яго праслаўлялі тут, на зямлі, за гэтае стварэнне,  на зямлі найвышэйшае праз ласку, а ў небе — праз хвалу.

   3. Паколькі Яна — заранка, што папярэднічае і адкрывае Сонца справядлівасці, Езуса Хрыста, Яна павінна быць вядомая і прынятая, каб і Езус Хрыстус таксама быў прыняты.

   4. Паколькі Яна — шлях, якім прыйшоў да нас Езус упершыню, Яна будзе ім, калі Ён прыйдзе і ў другі раз, хоць ужо і інакш.

   5. Паколькі Яна — надзейны сродак, а таксама прамы і беззаганны шлях да Езуса Хрыста, менавіта праз Яе душы, прызначаныя да святасці, павінны Яго знайсці. Той, хто знойдзе Марыю, знойдзе жыццё — Езуса Хрыста, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём. Але нельга знайсці Марыю, не шукаючы Яе. Нельга Яе шукаць, не ведаючы Яе, таму што ніхто не шукае тое, чаго не ведае. Таму трэба, каб Марыя была больш вядомая, чым раней, дзеля большага пазнання і хвалы Найсвяцейшай Тройцы.

   6. У апошнія часы Марыя больш, чым раней, павінна заззяць міласэрнасцю, моцай і ласкай: міласэрнасцю, каб прывесці і з любоўю прыняць бедных грэшнікаў і заблукалых, якія навернуцца і вернуцца да Касцёла; моцай супраць ворагаў Бога, ідалапаклоннікаў, схізматыкаў, магаметанаў, юдэяў і зацвярдзелых бязбожнікаў, якія злосна ўзбунтуюцца, каб спакусіць і пхнуць пры дапамозе абяцанняў і пагрозаў ўсіх тых, хто будзе ім пярэчыць. Нарэшце, Яна павінна заззяць ласкай, каб ажывіць і падтрымаць мужных жаўнераў і верных слугаў Езуса Хрыста, што будуць змагацца за Яго.

   7. І ўрэшце Марыя павінна стаць як грозныя войскі перад бітваю супраць д’ябла і яго паплечнікаў, асабліва ў апошнія часы, таму што д’ябал, ведаючы, што ў яго мала часу, і ён вельмі хутка можа страціць душы, кожны дзень павялічвае свае сілы і змаганні. Хутка ён зробіць так, што пачнуцца жудасныя пераследы, і паставіць страшэнныя пасткі верным слугам і сапраўдным дзецям Марыі, якіх яму цяжэй перамагчы, чым іншых людзей.

      Апошняя бітва паміж д’яблам і Марыяй

   [51]  Менавіта гэтых апошніх і жудасных пераследаў д’ябла, якія штодзённа будуць памнажацца да прыйсця Антыхрыста, датычыць першае і добра вядомае прадказанне і праклён Бога супраць змея ў Эдэме. Гэта трэба было патлумачыць тут дзеля хвалы Найсвяцейшай Дзевы, уратавання Яе дзяцей і ганьбы д’ябла.

   «Inimicitias ponam inter te et mulierem, et semen tuum et semen illius; ipsa conteret caput tuum, et tu insidiaberis calcaneo ejus»  (Быцця 3, 15) («Я пакладу варожасць паміж табой і жанчынай, яе пакаленнем і тваім; яна раздушыць табе галаву, а ты будзеш джаліць яе ў пяту»).

   [52] Адзін толькі раз Бог паклаў непрыміральную варожасць, якая будзе цягнуцца і павялічвацца ажно да самага канца. Гэта варожасць паміж Марыяй, Яго годнай Маці, і шатанам, паміж дзецьмі і слугамі Святой Дзевы і слугамі і паплечнікамі Люцыфера. Найбольшы вораг, якога Бог стварыў супраць д’ябла, — гэта Марыя, Яго святая Маці. Ужо ў зямным раі, хоць Яна была яшчэ толькі ў Яго намерах, Ён удыхнуў у Яе столькі нянавісці да гэтага праклятага ворага, столькі майстэрства, каб распазнаць злыя намеры гэтага пякельнага змея, столькі моцы, каб перамагчы, растаптаць і раздушыць гэтага  пыхлівага бязбожніка, што ён баіцца Яе не толькі больш за ўсіх анёлаў і людзей, але нават больш, чым самога Бога. Але не таму, што гнеў, нянавісць і моц Божая меншыя, чым у Найсвяцейшай Дзевы. Гэта не так, бо дасканаласць Марыі абмежаваная. Але таму, што бязмежна пыхлівы шатан найбольш баіцца быць пераможаным і ўкараным маленькай і пакорлівай служабніцай Божай. Яе пакорлівасць прыніжае яго больш, чым Божая моц. А яшчэ таму, што Бог даў Марыі настолькі вялікую моц супраць дэманаў, што яны, як самі вымушаныя гэта прызнаваць вуснамі апантаных, аднаго Яе ўздыхання ў абарону душы баяцца больш за малітвы ўсіх святых, разам і адной Яе пагрозы супраць іх — больш за ўсе іншыя пакуты.

   [53]  Тое, што Люцыфер згубіў праз пыху, Марыя атрымала праз пакору; што Ева згубіла праз непаслухмянасць, Марыя ўратавала праз паслухмянасць. Ева, паслухаўшы змея, загінула сама і згубіла ўсіх сваіх дзяцей і аддала іх пад яго ўладу;  Марыя, дасканала паслухмяная Богу, уратавалася сама і  ўратавала ўсіх сваіх дзяцей і слугаў і прысвяціла іх Богу.

   [54] Бог паклаў варожасць не толькі паміж Марыяй і дэманам, але таксама паміж пакаленнем Найсвяцейшай Дзевы і пакаленнем дэмана. Гэта азначае, што Бог паклаў варожасць, непрыязнасць і ўкрытую нянавісць паміж сапраўднымі дзецьмі і слугамі Святой Дзевы і дзецьмі і нявольнікамі д’ябла. Яны не любяць адно аднаго, і няма аніякай унутранай сувязі паміж імі. Дзеці Бэліяла[1], нявольнікі шатана, сябры гэтага свету (бо гэта адно і тое) заўсёды пераследвалі і будуць пераследваць яшчэ больш, чым раней, тых, што належаць Найсвяцейшай Дзеве, як некалі Каін пераследваў свайго брата Авеля, а Эсаў — свайго брата Якуба: яны з’яўляюцца вобразам адступнікаў і прызначаных.  Але пакорлівая Марыя заўсёды пераможа гэтых пыхліўцаў, і перамога будзе настолькі вялікай, што Яна раздушыць галаву, у якой знаходзіцца пыха дэмана. Яна раскрые яго змяіную злосць, выявіць яго пякельныя намеры, знішчыць яго д’ябальскія парады і да самага канца забяспечыць абарону Сваім верным слугам ад яго жахлівай лапы.

   Але ўлада Марыі над дэманамі заззяе асаблівым чынам у апошнія часы, калі шатан пачне джаліць Яе ў пяту, гэта значыць, Яе пакорных нявольнікаў і бедных дзяцей, якіх Яна падрыхтуе дзеля барацьбы з ім. Яны будуць маленькімі ў вачах гэтага свету і ніжэйшымі, пагарджанымі і пераследаванымі, як пята адносна ўсіх іншых частак цела. Затое яны будуць мець вялікую ласку Божую, якой Марыя шчодра іх абдорыць, яны будуць вялікімі і святымі ў вачах Бога, вышэйшымі за ўсіх іншых у сваім жывым запале. Яны будуць настолькі моцна абапірацца на дапамогу Божую, што ў сваёй пакоры разам з Марыяй раздушаць галаву шатана і наблізяць трыюмф Езуса Хрыста.

      Ушанаванне Марыі асабліва патрэбнае ў апошнія часы

   [55] У рэшце рэшт Бог хоча, каб Марыя сёння была больш вядомая, больш любая, больш ушанаваная, чым раней. Гэта напэўна адбудзецца, калі Яе прызначаныя з дапамогай ласкі і святла Духа Святога будуць дасканала практыкаваць у душы тое, пра што я зараз раскажу. Тады яны выразна ўбачаць, наколькі ім дазволіць іх вера, гэтую Зорку Мора, якая шчасліва прывядзе іх да порту збаўлення, нягледзячы на навальніцы і піратаў. Яны спазнаюць веліч гэтай Гаспадыні і цалкам прысвецяць сябе Яе службе ў якасці Яе падданых і нявольнікаў любові. Яны скаштуюць Яе слодычы і матчынай дабрыні і будуць пяшчотна любіць Яе, як Яе любыя дзеці. Яны спазнаюць поўню Яе міласэрнасці, і Яна заўсёды будзе клапаціцца пра іх патрэбы. І кожны раз яны будуць прыбягаць да Яе як да сваёй Заступніцы і Пасрэдніцы перад Езусам Хыстом. Яны даведаюцца, што Яна — самы пэўны, самы лёгкі, самы кароткі і самы дасканалы шлях да Езуса Хрыста, і аддадуцца Ёй целам і душой, без рэшты, каб цалкам быць для Езуса Хрыста.

      Апосталы апошніх часоў

   [56] Дык хто ж гэтыя слугі, нявольнікі і дзеці Марыі?

   Гэта будуць пасланнікі Божыя, што, як запаленыя паходні, будуць запальваць паўсюль полымя Божай любові.

    Гэта будуць sicut sagittae in manum potentis, вострыя стрэлы ў руках магутнай Марыі, каб уражваць Яе ворагаў.

   Гэта будуць дзеці Левія, што добра ачышчаныя полымем вялікіх выпрабаванняў і моцна трымаюцца Бога, што будуць несці золата любові ў сваіх сэрцах, кадзідла малітвы ў сваіх душах і смірну ўтаймавання плоці ў сваіх целах, што паўсюль будуць прыемным водарам Езуса Хрыста дзеля бедных і маленькіх, і водарам смерці дзеля вялікіх, багатых і пыхлівых гэтага свету.

   [57] Гэта будуць грозныя хмары, што ад найменшага подыху Духа Святога, ані абапіраючыся і ані прывязваючыся да зямных рэчаў, анічому не здзіўляючыся, ані з-за чаго не засмучаючыся, панясуць Божае Слова жыцця вечнага. Будуць змагацца з грахом, супрацьстаяць свету, выступяць супраць д’ябла і яго паплечнікаў і моцна прасякнуць наскрозь сваім вострым мечам Слова Божага ўсіх тых, да каго будуць пасланыя Найвышэйшым. 

   [58] Гэта будуць сапраўдныя апосталы апошніх часаў, каму Госпад дасць слова і моц, каб чыніць цуды і хвалебна перамагаць ворагаў. Яны не будуць мець ані золата, ані срэбра і без клопату спачываць будуць сярод духоўных асобаў, “inter  medios cleros”. І, тым не менш, у іх будуць срэбныя крылы галубкі, каб з чыстай інтэнцыяй хвалы Божай і ўратавання душаў ісці паўсюль, куды пакліча іх Дух Святы. І паўсюль, дзе яны прапаведвалі, пасля сябе будуць пакідаць толькі золата любові, якой з’яўляецца выкананне закону.

   [59]  Нарэшце, мы ведаем, што гэта будуць сапраўдныя вучні Езуса Хрыста, што, ідучы па слядах убогасці, пакоры, пагарды светам, любові, навучаючы шляхам Божым у чыстай праўдзе, згодна з Евангеллем, а не навукай гэтага свету, не стамляючыся і нікім не пагарджаючы, не шкадуючы сябе, не баючыся ніводнага смяротнага чалавека, нават самага моцнага. Іх вусны будуць вострым мечам Слова Божага. Яны будуць несці на сваіх плячах акрываўлены сцяг Крыжа, распяцце ў правай руцэ, ружанец у левай, святыя Імёны Езуса і Марыі ў сэрцах, сціпласць і ўтаймаванне плоці Езуса Хрыста ў сваіх паводзінах.

   Вось вялікія асобы, што прыйдуць і якіх Марыя падрыхтуе па загадзе Найвышэйшага, каб устанавіць Сваё Валадарства над валадарствам бязбожных, ідалапаклоннікаў і магаметанаў. Але калі і як гэта адбудзецца?.. Толькі Бог гэта ведае. А нам застаецца захоўваць цішыню, маліцца і чакаць. Exspectans exspectavi.



[1] Бэліял — у Старым Запавеце сінонім несправядлівасці, шатан; у Новым Запавеце — Бэліяр — вораг Хрыста, Антыхрыст.