[120] Нашая поўная дасканаласць — у тым, каб быць падобнымі да Езуса Хрыста, з’яднацца з Ім і прысвяціць сябе Яму. А самае дасканалае з усіх формаў ушанавання — тое, што робіць нас падобнымі, яднае і самым дасканалым чынам прысвячае Езусу Хрысту. Марыя ж найбольш падобная да Езуса Хрыста з усіх стварэнняў. Таму ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы, Яго Святой Маці, прысвячае і робіць душу найбольш падобнай да нашага Госпада. І чым больш душа будзе прысвечаная Марыі, тым больш яна будзе належаць Езусу Хрысту. Таму дасканалае прысвячэнне Езусу Хрысту — гэта не што іншае, як дасканалае і поўнае прысвячэнне сябе Найсвяцейшай Дзеве. Гэта менавіта тое, чаму я навучаю, ці, інакш кажучы, гэта дасканалае аднаўленне абяцанняў святога Хросту.
Сутнасць дасканалага аддання
Найсвяцейшай Дзеве Марыі
[121] Гэтае ўшанаванне заключаецца
ў тым, каб цалкам аддацца Найсвяцейшай Дзеве, каб цалкам належаць Хрысту праз
Яе. Трэба Ёй аддаць: 1) нашае цела разам з усімі пачуццямі і часткамі; 2) нашую
душу разам з усімі яе сіламі; 3) нашыя знешнія даброты, якія мы называем
прыбыткамі, цяперашнімі і будучымі; 4) нашыя даброты ўнутраныя і духоўныя, гэта
значыць, нашыя заслугі, нашыя цноты і добрыя ўчынкі мінулыя, цяперашнія і
будучыя. Адным словам, усё, што мы маем праз ласку і ў натуральным парадку, а
таксама ўсё тое, што мы можам набыць у будучыні натуральным чынам, праз ласку і
хвалу. Трэба аддаць гэта бяз рэшты, да апошняй манеткі, да апошняй валасінкі, і
нават свае найменшыя ўчынкі, на ўсю вечнасць. І пасля гэтага спадзявацца толькі
на адну ўзнагароду за сваю ахвяру і службу — гонар належаць Езусу Хрысту праз
Яе і ў Ёй, нават калі б гэтая любая Гаспадыня не была такой, якой сапраўды
з’яўляецца, гэта значыць, самай шчодрай і ўдзячнай з усіх стварэнняў.
[122] Тут трэба звярнуць увагу на тое, што ёсць два аспекты ў нашых добрых учынках: узнагарода і заслуга. Інакш кажучы, вартасць узнагароды і вартасць заслугі.
Кожны добры ўчынак мае вартасць узнагароды, калі зроблены з намерам
узнагародзіць за грахі або атрымаць новую ласку; вартасць заслугі мае добры
ўчынак, калі дзякуючы яму мы заслугоўваем атрыманне ласкі ці вечнай хвалы. У
гэтым поўным прысвячэнні нас саміх Найсвяцейшай Дзеве мы аддаем Ёй усю вартасць
узнагароды і заслугі, ці, іншымі словамі, заслугі і ўзнагароду за нашыя добрыя
ўчынкі: мы аддаем Ёй нашыя заслугі, ласкі і цноты, не дзеля таго, каб
падзяліцца імі з іншымі (бо нашыя заслугі, ласкі і цноты, праўду кажучы,
неперадавальныя; і толькі Езус Хрыстус, які ахвяраваўся за нас Айцу як
адкупленчая ахвяра, змог надзяліць нас свамі заслугамі). Мы робім гэта дзеля
таго, каб іх захаваць, памножыць і ўпрыгожыць, як пра гэта яшчэ будзе сказана.
Мы аддаем Ёй нашую ўзнагароду, каб Яна магла ўдзяліць яе тым, каму захоча, і
дзеля большай хвалы Божай.
Плады поўнага аддання Марыі
[123] Адсюль вынікае, што: 1) праз
гэтае ўшанаванне найдасканалейшым чынам мы аддаем Езусу Хрысту ўсё, бо праз
рукі Марыі мы можам Яму даць нашмат больш, чым праз усе іншыя набажэнствы, у
якіх аддаем Яму частку нашага часу або частку нашых добрых учынкаў ці частку
ўзнагароды і ўтаймавання плоці. Тут усё аддадзена і прысвечана, да права
распараджацца сваімі ўнутранымі дабротамі і ўзнагародамі, якія мы атрымоўваем
дзякуючы сваім добрым учынкам з дня на дзень.
Гэтага не робяць ані ў водным ордэне. У манаскім ордэне матэрыяльныя
даброты аддаюцца праз шлюб убогасці, даброты цела — праз шлюб чысціні, даброты
волі — праз шлюб паслухмянасці, а часам вольнасць цела — праз шлюб кляўзуры.
Але ў манаскім ордэне не аддаюць вольнасць і права распараджацца вартасцю сваіх
добрых учынкаў і не пазбаўляюцца цалкам усяго самага каштоўнага, што можа мець
хрысціянін, а гэта яго заслугі і вартасць узнагароды.
[124] 2. Адсюль вынікае, што душа,
якая такім чынам прысвяціла сябе Езусу Хрысту праз Марыю, не можа больш
распараджацца вартасцю ніводнага са сваіх добрых учынкаў. Усё, што яна
перажывае, усё, што думае, кажа ці робіць добрага, належыць Марыі, каб Яна
распараджалася гэтым згодна з воляй Свайго Сына дзеля Яго большай хвалы. Гэтая
залежнасць ніяк не шкодзіць абавязкам стану, якія асоба ў дадзены перыяд
выконавае і будзе выконваць у будучыні: напрыклад, абавязкам святара, які
павінен ахвяраваць святую імшу ў інтэнцыі пэўнай асобы, а вышэйзгаданая ахвяра
складаецца толькі згодна з воляй Божай і згодна з абавязкамі стану.
[125] 3. Гэта значыць, што
адначасова мы прысвячаем сябе Найсвяцейшай Дзеве і Езусу Хрысту як дасканаламу
начынню, якое Езус Хрыстус абраў, каб з’яднацца з намі, а мы з Ім, нашым Госпадам,
як з нашай канчатковай мэтай, якой мы абавязаныя ўсім, чым мы з’яўляемся, як
нашаму Збаўцы і Богу.
[126] Я ўжо сказаў, што гэтая форма ўшанавання магла б быць названая дасканалым аднаўленнем абяцанняў, дадзеных на Святым Хросце.
Сутнасць абяцанняў Святога Хросту
Кожны хрысціянін да свайго хросту
быў нявольнікам дэмана, якому ён належыў. Ахрышчаная асоба сваімі ўласнымі
вуснамі або вуснамі хросных бацькоў урачыста адраклася ад шатана, ад яго пастак
і справаў, прыняла Езуса Хрыста як свайго Настаўніка і магутнага Госпада, каб
залежаць ад Яго ў якасці нявольніка любові. Менавіта тое самае мы робім праз
гэтаую форму ўшанавання: мы выракаемся (як гэта адзначана ў тэксце прысвячэння)
дэмана, свету, граху і саміх сябе і цалкам аддаемся Езусу Хрысту праз рукі
Марыі. Можна сказаць, што тут мы робім нешта большае, бо падчас хросту за нас
звычайна кажуць хросныя бацькі, і мы аддаемся Езусу Хрысту праз пасрэдніка. А праз
гэтае ўшанаванне мы робім гэта самі, дабраахвотна, свядома.
Падчас святога хросту чалавек не аддаецца Езусу Хрысту праз Марыю, прынамсі не выказвае гэта словамі, і не аддае Езусу вартасць сваіх добрых учынкаў. Пасля хросту асоба застаецца вольнай ахвяраваць іх каму захоча або захаваць дзеля сябе. Праз гэтае ўшанаванне мы выразна аддаемся нашаму Пану праз Марыю і прысвячаем Яму вартасць усіх нашых учынкаў.
Важнасць абяцанняў Святога Хросту
[127] Людзі, кажа святы Тамаш,
падчас хросту абяцаюць вырачыся д’ябла і яго пыхі: «In baptismo vovent homines abrensuntiare diabolo et pompis ejus». І гэтае абяцанне,
кажа святы Аўгустын, самае вялікае і неабходнае: «Votum maximum nostrum quo vovimus nos in Christo esse mansuros» (Epis. 59 ad Paulin). Тое самае кажуць канонікі: «Proecipuum votum est quod in baptismate facimus». Аднак хто трымае гэтае вялікае абяцанне? Хто застаецца
верны абяцанням Святога Хросту? Ці не амаль усе хрысціяне не захоўваюць
вернасці таму, што яны абяцалі Езусу Хрысту падчас хросту? Адкуль бярэцца гэтая агульная маральная
распуста, як не адтуль, што мы жывем, не памятаючы абяцанняў і абавязкаў Святога
Хросту? І амаль ніхто самастойна не замацоўвае дамовы з Богам, учыненай праз
хросных бацькоў!
[128] Гэта праўда, што Сэнскі Сабор, скліканы
Людовікам Дэбанэрам, каб выправіць вялікую распусту сярод хрысціянаў,
сцвердзіў, што галоўнай прычынай гэтай сапсаванасці звычаў з’яўляецца
непамятанне і няведанне абавязкаў Святога Хросту. І ён не знайшоў лепшага
спосабу выправіць гэтае вялікае зло, як заахвоціць хрысціянаў аднавіць абяцанні
Святога Хросту.
[129] Катэхізіс Трыдэнцкага Сабору, верны
інтэрпрэтатар намераў святога Сабору, заклікае святароў зрабіць тое самае, а
таксама заахвоціць сваіх парафіянаў узгадаць і паверыць, што яны звязаныя з
Езусам Хрыстом і прысвечаныя Яму як нявольнікі свайму Госпаду і Адкупіцелю.
Вось гэтыя словы: «Parochus fidelem populum ad eam rationem cohortabitur ut sciat [...] aequum esse nos ipsos, non secus ac
mancipia Redemptori nostro et Domino in perpetuum addicere et consecrare» (Cat.
Conc. Trid., pte I, c. 3).
[130] Таму, калі саборы, Айцы і досвед кажуць, што найлепшы спосаб выправіць распусту
хрысціянаў — гэта нагадаць ім пра абавязкі Святога Хросту і заахвоціць іх
аднавіць абяцанні, якія яны далі, то ці не разважліва зрабіць гэта зараз,
дасканалым чынам, праз гэтае ўшанаванне і прысвячэнне нашаму Госпаду праз Яго
святую Маці?
Я кажу дасканалым чынам, таму што, каб прысвяціць сябе
Езусу Хрысту, мы паслугоўваемся самым дасканалым спосабам — Найсвяцейшай
Дзевай.
Адказ на некаторыя супярэчнасці
[131] Нельга
сцвярджаць, што гэтая форма ўшанавання новая ці абыякавая. Не новае таму, што
Саборы, Айцы і шматлікія іншыя аўтары, сталыя ці маладыя, кажуць пра гэтае
прысвячэнне нашаму Госпаду і аднаўленне абяцанняў Святога Хросту як пра
старадаўняе практыкаванне і заахвочваюць да яго ўсіх хрысціянаў. Неабыякавае
таму, што галоўнай прычынай распусты, а потым вечнага асуджэння хрысціянаў
з’яўляецца забыццё і абыякавасць да гэтага практыкавання.
[132] Хтосьці можа сказаць, што гэтае ўшанаванне, дзякуючы якому мы аддаем сябе
нашаму Госпаду праз Найсвяцейшую Дзеву, а таксама вартасць усіх нашых добрых
учынкаў, малітваў, утаймаванняў плоці і ахвяраў, робіць дзеля нас немагчымым
дапамагаць душам нашых сваякоў, сяброў і дабрадзеяў.
Я адкажу так. Па-першае,
немагчыма, каб нашыя сябры, сваякі і дабрадзеі пакутвалі ад таго, што мы
аддаліся і прысвяцілі сябе без рэшты служэнню нашаму Госпаду і Яго святой Маці.
Гэта было б зневажаннем магутнасці і дабрыні Езуса і Марыі, якія найлепшым чынам
змогуць дапамагчы нашым сваякам, сябрам і дарбрадзеям, карыстаючы з нашага
духоўнага набытку ці іншым шляхам.
Па-другое, гэтае практыкаванне не
перашкаджае маліцца за іншых, жывых ці памерлых, хоць размеркаванне нашых
добрых учынкаў залежыць ад жаданняў Найсвяцейшай Дзевы. Таму, наадварот, нам
трэба маліцца да Яе з яшчэ большым даверам. Напрыклад, калі багатая асоба ўсё
аддала свайму вялікаму князю, каб больш яго ўшанаваць, то будзе з яшчэ большым
даверам прасіць гэтага князя ахвяраваць нешта аднаму са сваіх сяброў. А для
князя, у сваю чаргу, будзе вялікай радасцю засведчыць сваю ўдзячнасць да таго,
хто пазбыўся ўсяго, каб абдараваць яго, і зрабіўся ўбогім, каб ушанаваць яго.
Тое самае можна сказаць і пра нашага Госпада і Святую Дзеву. Яны заўсёды будуць
вельмі шчодрымі, каб аддзячыць.
[133] Хтосьці, напэўна, скажа:
«Калі я аддаю Найсвяцейшай Дзеве ўсю вартасць маіх учынкаў, каб Яна магла даць
іх таму, каму пажадае, то мне давядзецца доўга пакутваць у чыстцы».
Такое сцвярджэнне паходзіць з самалюбства
і няведання вялікадушнасці Бога і Яго святой Маці і знішчае сама сябе. Гарачая
і шчодрая душа, больш зацікаўленая інтарэсамі Бога, чым сваімі ўласнымі, аддае
Богу ўсю сябе дарэшты, так, што ўжо больш нічога даць не можа, non plus ultra, і жыве толькі хвалой і
валадарствам Езуса Хрыста праз Яго святую Маці і цалкам ахвяруецца, каб яго
набыць, таму, кажу я, ці ж гэтая шчодрая і вялікадушная душа можа быць больш
пакараная ў іншым жыцці за тое, што была больш вялікадушнай і бескарыслівай за
іншыя душы? Наадварот. Менавіта да гэтай душы, як мы далей убачым, наш Госпад і Яго святая
Маці вельмі вялікадушныя ў гэтым жыцці і ў іншым, у парадку натуры, ласкі і
хвалы.