[68] Другая праўда. Трэба зрабіць выснову, зыходзячы з таго, кім для нас з’яўляецца Езус, што мы, як кажа Апостал, не належым сабе, але цалкам належым Яму, як Яго супольнікі і нявольнікі, якіх Ён купіў вельмі дорага, коштам Сваёй Крыві. Перад хростам мы належалі д’яблу, як яго нявольнікі. Але хрост зрабіў нас сапраўднымі нявольнікамі Езуса Хрыста[1], якія павінны жыць, працаваць і памерці толькі каб прынесці плён дзеля Бога-Чалавека. Мы павінны зрабіць усё, каб праславіць Яго ў нашым целе і дазволіць валадарыць у нашых душах, таму што мы заваяваныя Ім, мы — Яго народ і спадчына. І таму Дух Святы нас параўноўвае: 1) з дрэвамі, пасаджанымі каля водаў ласкі, на полі Касцёла, якія павінны даць плод у свой час; 2) з галінкамі вінаграднай лазы, якой з’яўляецца Езус Хрыстус, што павінны прыносіць добры плён; 3) з авечкамі, добрым пастырам якіх з’яўляецца Езус Хрыстус і якія павінны памнажацца і даваць малако; 4) з урадлівай зямлёй, якую апрацоўвае Бог і ураджай якой памнажаецца ў трыццаць, шэсцьдзесят і сто разоў. Езус Хрыстус праклінае сухое фігавае дрэва і асуджае нягоднага слугу, што схаваў свой талент. Усё гэта пацвярджае, што Езус Хрыстус хоча, каб мы, слабыя людзі, прыносілі плады, гэта значыць, нашыя добрыя справы, бо яны Яго поўная ўласнасць: Creati in operibus bonis in Christo Jesu: “Мы Яго справа, створаныя ў Езусе Хрысце дзеля добрых справаў” (пар. Эф 2, 10). Гэтыя словы Бібліі паказваюць, што Езус Хрыстус — адзіная мэта ўсіх нашых добрых справаў, і мы павінны служыць Яму не толькі як залежныя слугі, але таксама як нявольнікі любові. Зараз я растлумачу.
Два кшталты службы.
[69] На зямлі ёсць два
спосабы належаць каму-небудзь і залежаць ад яго ўлады. А менавіта: простае служэнне
і нявольніцтва, гэта тое, што мы называем слуга і нявольнік.
У агульным служэнні сярод
хрысціянаў чалавек служыць іншай асобе на працягу нейкага часу і за пэўную
ўзнагароду.
У нявольніцтве чалавек цалкам
залежыць ад іншага на працягу ўсяго свайго жыцця і павінен служыць свайму
гаспадару, не патрабуючы ўзнагароды, як жывёла, гаспадар якой мае права на яе
жыццё і смерць.
Тры кшталты нявольніцтва.
[70] Ёсць тры кшталты нявольніцтва: нявольніцтва натуральнае, нявольніцтва прымусу і
нявольніцтва добрай волі. Усе стварэнні
з’яўляюцца нявольнікамі Бога першага кшталту: Domini est terra et plenitudo ejus; дэманы і асуджаныя —
нявольнікі другога кшталту; справядлівыя і святыя — нявольнікі трэцяга кшталту.
Нявольніцтва добрай волі найбольш дасканалае і хвалебнае ў вачах Бога, які
глядзіць у сэрцы і патрабуе толькі сэрца, і завецца Богам сэрца ці воляй, што
Яго любіць. Бо праз гэтае нявольніцтва
чалавек ставіць па-над усім іншым Бога і служэнне Яму, нават калі
натуральнае права да гэтага не абавязвае.
Розніца паміж слугой і нявольнікам.
[71] Існуе вялікая розніца паміж
слугой і нявольнікам:
І. Слуга не аддае гаспадару ўсяго
сябе, усё, што ён мае, і ўсё, што можа атрымаць ад іншага ці зарабіць.
Нявольнік жа, наадварот, аддае гаспадару ўсяго сябе, усё, што мае, і ўсё, што
можа атрымаць, без выключэння.
2. Слуга патрабуе ўзнагароды за сваю працу гаспадару. Нявольнік не можа нічога
патрабаваць, нягледзячы на сваю стараннасць, умеласць і сілу, што ён аддае
гэтай працы.
3. Слуга можа пакінуць свайго
гаспадара, калі захоча або калі скончыцца тэрмін яго працы на гаспадара.
Нявольнік не можа пакінуць свайго гаспадара тады, калі захоча.
4. Гаспадар слугі не мае над ім
ніякага права адносна яго жыцця і смерці. І калі б ён яго забіў, як адно са
сваіх жывёлаў, ён бы ўчыніў несправядлівае забойства. Гаспадар жа нявольніка па
закону мае права адносна яго жыцця і смерці. І, калі б захацеў, мог бы яго прадаць ці забіць, як, напрыклад, свайго каня.
5. І, урэшце, слуга
толькі нейкі час служыць свайму гаспадару, а нявольнік — усё жыццё.
Хрысціяне з’яўляюцца нявольнікамі
Езуса Хрыста.
[72] Толькі нявольніцтва прымушае
аднаго чалавека належаць іншаму. Толькі нявольніцтва добрай волі робіць так,
што мы, хрысціяне, цалкам належым Езусу Хрысту і Яго Святой Маці, як Езус
Хрыстус, які стаўся нявольнікам дзеля любові да нас: Formam servi accipiens. А таксама на ўзор
Святой Дзевы, што назвала Сябе служабніцай і нявольніцай Бога. Апостал з
гонарам называе сябе servus Christi. У Святым Пісанні Хрысціянаў
часта называюць servi Christi. Гэтае слова — servus — паводле аднаго вялікага чалавека, азначала раней нявольніка, бо тады
яшчэ не існавала слугаў, як сёння. Гаспадароў абслугоўвалі толькі нявольнікі ці
вольнаадпушчаныя. Катэхізіс Трыдэнцкага
Сабору, каб не пакінуць сумневаў у тым, што мы нявольнікі Езуса Хрыста,
паслугоўваецца словам, якое выключае двузначнасць, называючы нас «mancipia Christi» — нявольнік Езуса Хрыста.
[73] Таму я кажу, што мы павінны
належаць Езусу Хрысту і Яму служыць не толькі як наёмныя слугі, але як
нявольнікі любові, што з вялікай любові аддаюцца Яму на службу ў якасці
нявольнікаў дзеля годнасці належаць толькі Яму. Да хросту мы былі нявольнікамі
д’ябла. Хрост зрабіў нас нявольнікамі Езуса Хрыста. Таму хрысціяне павінны быць
альбо нявольнікамі д’ябла, альбо нявольнікамі Езуса Хрыста.
Хрысціяне з’яўляюцца таксама нявольнікамі Марыі.
[74] Тое, што я кажу пра Езуса
Хрыста, датычыць Святой Дзевы, якую Езус Хрыстус абраў спадарожніцай Свайго
жыцця, смерці, хвалы і моцы ў небе і на зямлі і даў Ёй праз ласку Сваёй Велічы
ўсе тыя самыя правы і прывілеі, што Ён мае дзякуючы Сваёй натуры: Quidquid Deo convenit per naturam, Mariae convenit per gratiam: Усё, што адпавядае
Богу праз натуру, адпавядае Марыі праз ласку, кажуць святыя. Па іх словах, Езус Хрыстус і Марыя, маючы адну і тую самую
волю і моц, маюць тых самых падданых, слугаў і нявольнікаў.
[75] Такім чынам, пераймаючы
прыклад святых і шматлікіх вялікіх асобаў, мы павінны стацца нявольнікамі
любові Найсвяцейшай Дзевы, каб праз гэта больш дасканалым чынам стацца
нявольнікамі Езуса Хрыста. Святая Дзева — гэта спосаб, якім Наш Госпад скарыстаўся,
каб прыйсці да нас. Гэта таксама той спосаб, які Ён хоча, каб скарысталіся мы,
каб ісці да Яго. Таму што Яна не падобная да іншых стварэнняў, да якіх мы
прывязываемся і якія могуць нас з-за гэтай прывязанасці хутчэй аддаліць ад
Бога, чым да Яго наблізіць. А найбольш гарачае жаданне Марыі — гэта з’яднаць
нас з Езусам Хрыстом, Сваім Сынам, а самае гарачае жаданне Сына — гэта каб мы
прыйшлі да Яго праз Яго святую Маці. Гэта азначае ўганараваць Яго і даставіць
Яму такую радасць, як уганараваць і задаволіць караля, стаўшы нявольнікамі
каралевы, жадаючы больш дасканалым чынам стаць яго нявольнікам і падданым. Таму
святыя Айцы, а сярод іх — святы Банавэнтура, кажуць, што Святая Дзева — гэта
шлях да Нашага Госпада: Via veniendi ad Christum est appropinquare ad illam (In psalt. min.).
[76] Тым больш, што, як я ўжо
сказаў, Святая Дзева — Каралева і Валадарка неба і зямлі: «Ecce imperio Dei omnia subjiciuntur et Virgo; ecce imperio Virginis omnia subjiciuntur et Deus» («Уладзе Бога падпарадкоўваецца ўсё, нават Дзева; уладзе Дзевы
падпарадкоўваецца ўсё, нават Бог»), — кажуць святы Ансэльм, святы Бернард,
святы Бернардын, святы Банавэнтура. Ці ў Святой Дзевы не столькі падданых і
нявольнікаў, колькі людзей на зямлі? Ці не справядліва тое, што пры такой
колькасці нявольнікаў з прымусу ёсць столькі нявольнікаў любові, што па добрай
волі выбіраюць Марыю сваёй гаспадыняй і ахвяруюцца Ёй у якасці нявольнікаў? Як
жа так?
Людзі і дэманы маюць дабраахвотных нявольнікаў, а Марыя —
не? Як жа так? Гэта гонар для караля — Яго Спадарожніца будзе мець нявольнікаў
і будзе мець поўнае права над іх жыццём і смерцю. Таму што гонар і ўлада аднаго
— гэта гонар і ўлада другога. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што Наш Госпад
— найлепшы з усіх сыноў — даў Сваёй Святой Маці удзел у Сваёй уладзе. Ці ж можа
Ён у такім разе не дазволіць Ёй мець Сваіх нявольнікаў? Ці Ён шануе і любіць
Сваю Маці менш, чым Артаксэркс Эстэр і Саламон Вірсавію? Хто асмеліцца сказаць
гэта ці нават падумаць?
[77] Але куды мяне вядзе маё пяро?
Чаму я спыняюся тут, каб даказаць настолькі выразныя рэчы? Калі хтосьці не хоча называць сябе нявольнікам Святой Дзевы — што ж! Тады няхай ён назавецца нявольнікам Езуса Хрыста! Але гэта ўсё роўна азначае быць нявольнікам Святой Дзевы, таму што Езус —
гэта плод і хвала Марыі.
Менавіта да гэтага вядзе ўшанаванне, пра якое мы
пагаворым ніжэй.
[1] Біблійнае пацверджанне
гэтай праўды, якую так цяжка прыняць сучаснаму чалавеку, які хоча быць
незалежным нават ад Бога, можна знайсці ў прарока Ісаі. У гэтым кантэксце можна
зразумець гэта так: “Так кажа Госпад, Твой Творца, Якубе: О Ізраэль, не бойся,
бо Я адкупіў цябе, паклікаў цябе па імені, ты мне належыш” (пар. Іс 43, 1-12).