Асаблівыя ўнутраныя практыкаванні для тых, што жадаюць стаць дасканалымі

    [257] Акрамя знешніх практыкаванняў гэтай формы ўшанавання, пра якія мы толькі што распавялі і якімі не трэба пагарджаць і трэба выконваць настолькі, наколькі дазваляе жыццёвы стан і варункі кожнага, вось яшчэ ўнутраныя практыкаванні, што прыносяць святасць тым, каго Дух Святы кліча да найвышэйшай ступені дасканаласці.

   Дзеля гэтага трэба ўсё чыніць ПРАЗ МАРЫЮ, З МАРЫЯЙ, У МАРЫІ, ДЗЕЛЯ МАРЫІ, каб усё рабіць больш дасканала праз Езуса, з Езусам, у Езусе і дзеля Езуса.

      Усё рабіць праз Марыю

   [258] 1. Трэба ўсё рабіць праз Марыю, гэта значыць, трэба ўва ўсім слухацца Найсвяцейшую Дзеву і ўва ўсім кіравацца Яе духам, які з’яўляецца Духам Божым. Тыя, каго вядзе Дух Божы, з’яўляюцца дзецьмі Божымі. «Qui spiritu Dei aguntur, ii sunt filii Dei». Тыя, каго вядзе дух Марыі, з’яўляюцца дзецьмі Марыі, а гэта значыць, і дзецьмі Божымі, як мы гэта ўжо паказалі. А сярод столькіх прыхільнікаў Святой Дзевы толькі тыя сапраўдныя, што кіруюцца Яе духам. Я ўжо сказаў, што дух Марыі — гэта Дух Божы, таму што Яна ніколі не кіравалася сваім уласным духам, а толькі Духам Божым, які настолькі Ёю авалодаў, што стаўся Яе ўласным духам. Таму святы Амброзы і кажа: «Няхай душа Марыі будзе ў кожным, каб праслаўляць Бога; няхай дух Марыі будзе ў кожным, каб радавацца ў Богу». Якая шчаслівая душа, калі па ўзоры аднаго добрага брата езуіта, якога звалі Радрыгасам[1] і які памёр у святасці, яна будзе цалкам належаць Марыі і будзе кіраванай Яе духам, гэтым духам салодкім і моцным, гарачым і асцярожным, пакорным і адважным, чыстым і плодным!

   [259] Дзеля таго, каб душа магла быць кіраванай духам Марыі, трэба:

   а) адмовіцца ад свайго ўласнага духа, ад свайго ўласнага святла і волі перад тым, як нешта зрабіць — напрыклад, перад тым, як пачаць малітву,  удзельнічаць у святой Імшы, прыступіць да Камуніі і гэтак далей, бо цемра нашага ўласнага духа і злачыннасць нашай уласнай волі, калі мы паддаемся ім, хоць і здаюцца добрымі, аднак зробяцца перашкодай святому духу Марыі;

   б) трэба аддацца духу Марыі, каб ён мог кіраваць намі так, як захоча. Трэба аддацца ў Яе дзявоцкія рукі, як начынне ў руках майстра, як лютня ў руках добрага музыкі. Трэба згубіцца ў Ёй і аддацца, як камень, што кідаюць у мора: гэта адбываецца ў адзін момант, у імгненне вока,  адным актам волі — напрыклад, так: «Я выракаюся сябе і аддаюся Табе, мая дарагая Маці». І хоць выразнай слодычы ў гэтым акце яднання і не адчуваецца, ён усё ж такі сапраўдны. Гэта так сама, як быццам бы нехта казаў, барані Божа: «Я аддаюся д’яблу» — з усёй шчырасцю і нічога не адчуваючы, ён сапраўды б належаў д’яблу;

    в) трэба час ад часу перад пачаткам і пасля заканчэння справы аднаўляць гэты самы акт ахвяравання і яднання. Чым больш мы будзем гэта рабіць, тым хутчэй мы станемся святымі і дойдзем да еднасці з Езусам Хрыстом, якая заўсёды ідзе за еднасцю з Марыяй, бо дух Марыі — гэта дух Езуса.

      Усё рабіць з Марыяй

   [260] 2. Трэба ўсё рабіць з Марыяй, гэта значыць, глядзець на Марыю як на ўзор цнотаў і дасканаласці, які ўфармаваў Дух Святы ў чыстым стварэнні, каб мы маглі яго наследваць у адпаведнасці з нашымі сіламі. Таму ў кожнай справе мы павінны глядзець, як гэта рабіла б ці зрабіла б Марыя на нашым месцы. Дзеля гэтага нам трэба аналізаваць і разважаць над Яе вялікімі цнотамі, у якіх Яна практыкавалася ўсё жыццё: а) Яе жывая вера, дзякуючы якой Яна не вагаючыся паверыла словам анёла; Яна верыла верна і няспынна, да самага падножжа крыжа на Кальварыі; б) Яе глыбокая пакора, дзякуючы якой Марыя ўкрылася, маўчала, усяму была паслухмяная і заўсёды апошняя; в) Яе боская чысціня, падобнай да якой ніколі не было і не будзе пад небам, а таксама ўсе іншыя Яе цноты.

   Нагадваю і паўтараю другі раз, што Марыя — гэта вялікая і адзіная Форма Бога, здольная фармаваць жывыя вобразы Бога з найменшымі выдаткамі і за кароткі час. І, калі душа знойдзе гэтую Форму і згубіцца ў Ёй, яна хутка будзе ператвораная ў Езуса Хрыста, якога гэтая Форма верна рэпрэзентуе.

      Усё рабіць у Марыі

   [261] 3. Трэба ўсё рабіць у Марыі. Каб добра зразумець гэтае практыкаванне, трэба ведаць, што: 1) Найсвяцейшая Дзева — гэта сапраўдны зямны рай новага Адама, а ранейшы зямны рай быў толькі яго вобразам. У гэтым зямным раі ёсць усе багацці, уся прыгажосць, рэдкая і невыказная слодыч, якую там пакінуў новы Адам, Езус Хрыстус. Менавіта ў гэтым раі Ён знайшоў Сваё ўпадабанне і на працягу дзевяці месяцаў чыніў цуды і ўсталяваў свае багацці з сапраўднай Боскай шчодрасцю. Гэта святое месца, створанае з дзявоцкай беззаганнай глебы, якой быў уфармаваны і ўскормлены новы Адам, без ніводнай плямы і заганы, праз дзеянне Духа Святога. Менавіта ў гэтым зямным раі сапраўднае дрэва жыцця нарадзіла Езуса Хрыста, плод жыцця, і дрэва пазнання дабра і зла дала святло свету. Ёсць у гэтым боскім месцы дрэвы, пасаджаныя рукой Божай і палітыя Яго Боскай расой. Гэтыя дрэвы прыносілі і штодня прыносяць плёны з Божым смакам.  Ёсць там кветнікі, аздобленыя рознымі прыгожымі кветкамі цнотаў, а іх водар ап’яняе нават анёлаў. Ёсць у гэтым месцы зялёныя лугі надзеі, нязломныя вежы моцы, прыгожыя дамы даверу. І толькі Дух Святы можа дазволіць спазнаць праўду, схаваную за матэрыяльнымі рэчамі. Паветра тут чыстае і не забруджанае; тут цягнецца прыгожы дзень святасці чалавецтва, і няма ночы, а таксама прыгожы дзень Боскасці без хмараў; там бясконца гарыць полымя любові, у якім жалеза перамяняецца ў золата; ёсць таксама рака пакоры, што б’е з-пад зямлі і, раздзялячыся на чатыры часткі, амывае ўсё навокал: гэта сімвал чатырох кардынальных цнотаў.

   [262] [2)] Дух Святы вуснамі святых Айцоў называе таксама Святую Дзеву: а) Усходняй Брамай, праз якую ўваходзіць у свет і выходзіць вялікі Святар Езус Хрыстус; першы раз Ён увайшоў праз Яе і такім самым шляхам прыйдзе другі; б)  Святыняй Боскасці, Адпачынкам Найсвяцейшай Тройцы, Тронам Божым, Горадам Божым, Алтаром Божым, Святыняй Божай, Святлом Божым. Усе параўнанні і праслаўленні вельмі праўдзівыя што да розных цудаў і ласкаў, што Найвышэйшы ўчыніў у Марыі. O, якое багацце! O, якая хвала! O, якое задавальненне! O, якое шчасце — мець магчымасць увайсці і прабываць у Марыі, дзе Найвышэйшы стварыў Сабе Трон найвышэйшай хвалы!

   [263] Але як жа цяжка такім грэшнікам, як мы, мець дазвол, здольнасць і святло, каб увайсці ў такое высокае і святое месца, якое ахоўваецца не хэрувімамі, як стары зямны рай, а Духам Святым, што з’яўляецца яго поўным Гаспадаром і кажа пра яго: «Hortus conclusus soror mea sponsa, hortus conclusus, fons signatus». Марыя зачыненая, Марыя запячатаная, і бедныя дзеці Адама і Евы, выгнаныя з раю, могуць туды ўвайсці толькі праз асаблівую ласку Духа Святога, якую павінны заслужыць.

   [264] Заслужыўшы вернасцю гэтую невыказную ласку, трэба з упадабаннем прабываць у прыгожым улонні Марыі, у супакоі адпачываць у Ёй, з даверам абапірацца на Яе, з пэўнасцю ў Ёй схавацца і цалкам згубіцца, каб у гэтым дзявоцкім улонні душа: а) кармілася малаком Яе ласкі і матчынай міласэрнасці; б) вызвалілася ад неспакояў, страхаў і скрупулёзнасці; в) была там у бяспецы ад сваіх ворагаў, дэмана, свету і страху, якія не могуць туды увайсці; таму сказана, што той, хто прабывае ў Марыі, не загіне ў граху, «qui operantur in me, non peccabunt», гэта значыць, тыя, што прабываюць духам у Святой Дзеве, не ўчыняць смяротнага граху; в) каб яна была ўфармаваная ў Езусе Хрысце, а Езус Хрыстус — у ёй, бо Яе ўлонне, як кажуць святыя Айцы, — гэта саля Божых сакрамантаў, дзе быў уфармаваны Езус Хрыстус і ўсе абраныя. «Homo et homo natus est in ea».

      Усе рабіць дзеля Марыі

    [265] 4. Нарэшце, трэба ўсё рабіць дзеля Марыі. Цалкам аддаўшыся Яе служэнню, трэба  ўсё рабіць дзеля Яе, як нявольнік і слуга. Не таму, што Яна — канчатковая мэта нашага служэння, бо гэта толькі Езус Хрыстус, але Яна — нашая найбліжэйшая мэта, таямнічае поле дзейнасці Яе Сына і лёгкі шлях, каб ісці да Яго. Таму добры слуга і нявольнік не павінен сядзець склаўшы рукі. Трэба, аднак, абапіраючыся на Яе апеку, брацца і рабіць вялікія справы дзеля гэтай велічнай Гаспадыні. Трэба бараніць Яе годнасць, калі Яе зневажаюць; бараніць Яе хвалу, калі на Яе нападаюць; калі магчыма, усіх заахвочваць да служэння Ёй і да гэтага сапраўднага і магутнага набажэнства;  трэба выступаць супраць тых, што злоўжываюць набажэнствам да Яе, каб абразіць Яе Сына, і адначасова распаўсюджваць гэтае сапраўднае ўшанаванне. А як узнагароду за гэтыя маленькія паслугі жадаць толькі гонару належаць гэтай любай Князёўне і шчасце быць цалкам з’яднаным праз Яе з Езусам, Яе Сынам, неразрыўнай повяззю, цяпер і назаўсёды.

 

Хвала Езусу ў Марыі!
Хвала Марыі ў Езусе!
Хвала Богу адзінаму!



[1] Aльфонса Радрыгаса CJ кананізаваў папа Леў XIII у 1888 годзе.