Біяграфія дэ Манфора

   

   Святы Людвік-Марыя Грыньён дэ Манфор нарадзіўся 31 студзеня 1673 г. у Манфор-ля-Кан у Брэтані, і дзяцінства яго прайшло пераважна непадалёк ад Іфэндыку. У 1685 годзе ён пачаў вучыцца ў калежы Святога Тамаша ў Рэне, якім кіравалі айцы Езуіты.

Адчуваючы пакліканне да святарства, увосень 1693 г. накіраваўся ў Парыж. Пры падтрымцы спадарыні Манціні яго прынялі ў супольнасць Клода Бацю дэ ля Бармандзьер, дзе ўшаноўвалі “беднае жыццё Езуса, каб аддавацца служэнню яго боскага святарства пад апекай Найсвяцейшай Дзевы, святога Юзафа, святых Апосталаў і місіянераў”. Праз год яго прынялі ў каледж у Мантэгю, у супольнасць М. Бушэ, а ў 1695-м ён паступіў у маленькую семінарыю ў Сэн-Сюльпіс. Ад самага пачатку навучання ў Парыжы ён наведваў лекцыі ў Сарбоне. Але прахварэўшы некалькі месяцаў “вырашыў больш не хадзіць да Сарбоны на лекцыі тэалогіі разам з іншымі, а задаволіўся лекцыямі Доктара тэалогіі на даму”.

Гэта дазволіла семінарысту прысвяціць шмат часу асабістаму чытанню, чаму спрыялі таксама абавязкі бібліятэкара, якія святы тады выконваў. На вуліцы Мазарыні захаваўся каталог семінарыі, распачаты айцом Грыньёнам, почырк якога сустракаецца часта, асабліва ў першых пяці тамах. Людвік-Марыя не абмяжоўваўся толькі натаваннем назваў кніг. Ён быў вялікім чытачом. Блэн, яго сябра, кажа нават, што “амаль усе кнігі на тэму духоўнага жыцця прайшлі праз яго рукі”. Ён рабіў нататкі ў рукапісе пад назвай “Сшытак нататкаў”, які суправаджаў місіянера ў шматлікіх падарожжах.

Гэты перыяд фармацыі дасць шмат кампанентаў, якія потым закладуць падмурак  духоўных твораў Грыньёна дэ Манфора. Да гэтых нататкаў далучыцца таксама, асабліва пасля яго святарскага пасвячэння 5 чэрвеня 1700 г., апостальскі досвед, багаты  на здарэнні.

Святы прагнуў паехаць на місіі за мяжу. Спачатку ён думаў пра Канаду. Яго пробашч а. Лешасье адгаварыў яго і накіраваў да супольнасці Левэк у Нантах, але там малады святар, да свайго моцнага расчаравання, быў пазбаўлены дзейнасці. Аднак улетку 1701 г. у яго з’явілася магчымасць арганізаваць у дыяцэзіі шэраг місій, самай адметнай з якіх была місія ў Вялікіх Палях.

Пасля ўвесну ў Фантэрволт ён сустрэў спадарыню Мантэспон, дзякуючы якой  пазнаёміўся з мансеньёрам Жырарам, біскупам Пуацье. Менавіта дзякуючы гэтым знаёмствам ён змог уладкавацца душпастырам у галоўны шпіталь гораду. Гэта адбылося ў канцы 1701 года. Ён паспрабуе перарабіць, як ён казаў, гэты дом беспарадку, бедны Вавілон. Добра прыняты спачатку, пасля ён сутыкнуўся з супрацівам, што змусіла яго пакінуць тыя мясціны.

Менавіта ў тыя месяцы, калі ён мог служыць бедным, ён сустрэў Марыю-Луізу Трышэ, якая стала першай Дачкой Мудрасці. Ён уладкаваў яе ў шпіталь і 2 лютага 1703 г. змусіў змяніць сукенку дачкі кіраўніка на шэрую сукенку служкі і сялянкі.

У Сальпетрыеры[1] ў Парыжы ён служыць хворым і ўбогім. Напрыканцы 1703 г. бярэ ўдзел у рэформе пустэльнікаў з Ман-Валер’ен. Потым сваімі малітвамі бедакі з Пуацье выпрасілі ў Бога вяртанне свайго душпастыра. Але вярнуўся ён толькі на кароткі час, бо потым ізноў быў вымушаны пакінуць шпіталь.

У 1702 г. ён піша а. Лескалье: “Толькі спадзеючыся на тое, што мог бы з часам агарнуць і гарады, і вёскі, я іду ў шпіталь”. І яго жаданне здзейснілася, але толькі пасля таго, як ён пакінуў шпіталь. Ён правёў місіі ў шматлікіх парафіях у цэнтры і ваколіцах Пуацье.

Вымушаны пакінуць горад, ён вырушае пілігрымкай у Рым. За гэты час яму трэба было вырашыць пытанне сваёй місіянерскай дзейнасці, да чаго яго змушалі перашкоды, што напаткалі яго дзейнасць у Францыі. Пасля аўдыенцыі ў папы Клімента XI ён пачынае распрацоўваць план місій на ўсходзе. Папа просіць яго застацца ў Францыі і дае згоду на мэту і метады: аднаўленне хрысціянскага духу праз аднаўленне абяцанняў Святога Хросту. Святы вяртаецца ў Францыю з тытулам апостальскага місіянера, нададзенага яму Святым Айцом.

Вяртаючыся з Рыму, місіянер праходзіць праз Пуацье. Перасякаючы Сомюр, дзе  сустракае маладую Жану дэ ля Ну, ён кіруецца да Гары Святога Міхала, каб адзначыць свята Арханёла 29 верасня 1706 г. Спакваля ён набліжаецца да Брэтані, дзе яго прываблівае асоба, вядомая з расповедаў а. Бэлье, святара з Рэну, які яшчэ за часы яго студэнцтва параіў заняцца ўбогімі і далучыцца да брэтонскіх місіяў. Менавіта дзякуючы а. Бэлье Манфор далучаецца да групы а. Леўдэгера, кіраўніка школы пры Катэдры ў Сэн-Брыёк. Яны працуюць разам да жніўня 1707 г. Прыкры выпадак стаўся повадам іх разыходу. Прычына, здаецца, у іх розных падыходах да апостальскага жыцця.

Людвік-Марыя спыняецца ў лясным манастыры ў Манфор-ля-Кан. Тут, у гэтым месцы пад назвай Сэн-Лазар, ён выяўляе сябе на поўную моц, праводзячы рэкалекцыі ў навакольных парафіях.

У сярэдзіне 1707 г. ён быў у рэгіёне Нантаў, дзе яго рэкалекцыі прайшлі вельмі хутка. Менавіта ў гэтым месцы нарадзілася так званая “справа Кальварыі”. Калі ён праходзіў праз Ман-Валер'ен ля Парыжу, яму прыйшла думка пабудаваць кальварыю як мемарыял Галгофы і адначасова духоўны цэнтр. Ён паспрабаваў зрабіць гэта ў сваім рэгіёне. Яму ўдалася пабудаваць у Поншато прыгожую гару з трыма крыжамі. Вечарам 13 верасня 1710 г., напярэдадні ўрачыстага пасвячэння, прыйшоў загад адкласці цырымонію. З гары ўсё было знесена. І, каб напоўніць келіх да канца, біскуп Нантаў забараніў яму ўсялякую місіянерскую дзейнасць. Святому цяпер заставалася толькі схавацца ў езуітаў і зрабіць сабе рэкалекцыі.

Манфор не застаецца без дзейнасці. У Нантах ён  мае магчымасць займацца справамі на карысць убогіх, асабліва падчас паводак Луары… Тады ж ён уступае ў трэці дамініканскі ордэн.

Гэтыя нантскія выпрабаванні не паслабляюць у святога жадання місіянерскай дзейнасці. Ён быў прыняты місіянерамі Лескура і Шамфлюра ў іх паважаных дыяцэзіях Люсон і Ля Рашэль. Шмат парафіяў пачула казанні святога.

Гэта час, калі яго канцэпцыя і місіянерская педагогіка, здаецца, найбольш выразныя, а таксама набываюць новае вымярэнне. Такім чынам, ён разумее, што патрэбныя маленькія школы як сродак евангелізацыі, і ў гэтым духу прыводзіць у Ля Рашэль Марыю-Луізу Трышэ і Кацярыну Брунэ, дзвюх першых Дачок Мудрасці. Тут яны займаюцца ўбогімі ў шпіталях.

Таксама ў гэты перыяд, як ніколі раней, ён займаецца падрыхтоўкай супольнасці святароў місіянераў, якія працягваюць у яго духу апостальскую дзейнасць. Ён рухаецца далей: у Парыжы, побач з паслядоўнікамі Пуляра дэ Пляс, які ў 1703 годзе паабяцаў яму падрыхтаваць святароў; у Руане, дзе ён спрабуе ўгаварыць далучыцца да яго каноніка Блэна, свайго сябра па семінарыі. Потым да яго далучаюцца два святары, спадарожнікі ў місіях. З Братамі, што ўжо працуюць разам з ім на місіях ці ў школах міласэрнасці, яны створаць першае гняздо яго супольнасці місіянераў.

Пазней з гэтых клопатаў і намаганняў выйдзе Статут, які стане падмуркам яго духоўных спадарожнікаў…

Ён жа сам да самага канца будзе імкнуцца да сваёй мэты прапаведніка. Менавіта падчас адной з місіяў у Сэн-Ларан-сюр-Сэўр ён аддасць душу Богу 28 красавіка 1716 г ва ўзросце сарака трох гадоў.



[1]. Прытулак для старых і душэўнахворых у Парыжы