[1] Менавіта праз Найсвяцейшую Дзеву Езус Хрыстус прыйшоў у свет, і менавіта праз Яе Ён павінен у ім валадарыць.
[2] Марыя была вельмі
ўкрытая ў сваім жыцці: таму Дух Святы і Касцёл называюць Яе Alma
Mater: Маці ўкрытая і таямнічая. Яе пакора была настолькі глыбокай, што ў Яе жыцці не было больш моцнага і
сталага жадання за тое, каб схавацца ад сябе і ўсіх стварэнняў, каб ведаў Яе
толькі Бог.
[3] Бог, каб выканаць Яе просьбы схаваць Яе,
зрабіць убогай і пакорнай, якія Яна да Яго ўзносіла, з задавальненнем схаваў ад
чалавечага вока Яе зачацце, нараджэнне, жыццё, таямніцы ўваскрашэння і
ўнебаўзяцця. Нават Яе бацькі не ведалі Яе; анёлы часта пыталіся адзін аднаго: «Quae est ista?» «Хто яна?» Таму што
Бог хаваў Яе ад іх; а калі адкрываў ім штосьці з гэтай таямніцы, то хаваў ад іх
Яе яшчэ глыбей.
[4] Бог Айцец згадзіўся на тое, каб у сваім жыцці
Яна не ўчыніла ніводнага вялікага цуду, хоць і даў Ёй магутнасць. Бог Сын
згадзіўся на тое, што Яна амаль не прамаўляла, хоць Ён і надзяліў Яе сваёю
мудрасцю. Бог Дух Святы згадзіўся на тое, што Апосталы і Евангелісты казалі пра
Яе вельмі мала і роўна столькі, колькі было патрэбна, каб іншыя пазналі Езуса,
хоць Яна і была Яго вернай сужонкай.
[5] Марыя — гэта найцудоўнейшае стварэнне
Найвышэйшага, якое ведае і якім валодае толькі Ён. Марыя — гэта годная Маці
Сына, Якую Ён захацеў упакoрыць і хаваць на працягу Яе жыцця і, каб
падкрэсліць Яе пакору, назваў Яе жанчынай, mulier, як чужую, нягледзячы на тое, што ў Сваім Сэрцы
Ён шанаваў і любіў Яе больш за ўсіх анёлаў і людзей. Марыя — гэта замкнёная крыніца
і верная Сужонка Духа Святога, ўвайсці да якой можа толькі Ён. Марыя — гэта
святыня і адпачынак Святой Тройцы, дзе Бог валадарыць самым найцудоўнейшым і
боскім спосабам, як ні ў якім іншым месцы сусвету, не выключаючы нават месца Свайго
прабывання, якое ўзвышаецца над Хэрувімамі і Сэрафімамі. І ніводнае, нават
самае чыстае, стварэнне не мае доступу да гэтай Святыні без асаблівага
прывілею.
[6] Я кажу разам са святымі: Марыя — гэта зямны
рай новага Адама, дзе Ён уцелавіўся са справай Духа Святога, каб учыніць там
неспасцігальныя цуды. Гэта вялікі і цудоўны свет Бога, дзе знаходзяцца хараство
і невымоўныя скарбы. Гэта цуд Найвышэйшага, у якім Ён схаваў, як у Сваім
улонні, Свайго адзінага Сына, а ў Ім усё самае цудоўнае і каштоўнае. О, колькі
ж вялікіх і таямнічых спраў учыніў усемагутны Бог у гэтым стварэнні, як Яна
Сама кажа гэта, нягледзячы на Сваю вялікую пакору: “Што стварыў мне веліч
Моцны”. Свет гэтага не ведае, бо ён да гэтага няздольны і гэтага няварты.
[7] Святыя сказалі шмат найцудоўнейшых
словаў пра гэты святы горад Божы; і, як яны кажуць, ніколі не былі настолькі
красомоўнымі і не мелі такога задавальнення, як у тыя моманты, калі казалі пра
Яе. Пасля гэтага яны кажуць, што нельга ўхапіць узнёсласць Яе заслугаў, якія
Яна ўзнесла да трону Боскасці; нельга змерыць велічыню Яе любові, што большая
за зямлю;
нельга зразумець веліч Яе ўлады, якую Яна мае нават над
самім Богам; і, урэшце, нельга вызначыць бязмежную глыбіню Яе пакоры і ўсіх Яе
цнотаў і ласкаў. O неспасцігальная вышыня! O невыказная шырыня! O невымерная веліч! O непрасякальная глыбіня!
[8] Кожны дзень, ад аднаго кутка
зямлі да другога, у самай вышыні неба, у самай глыбіні зямлі, усё кажа, усё
абвяшчае хвалу Марыі. Дзевяць хораў анёльскіх, усе людзі рознага ўзросту, стану,
веравызнання, добрыя і дрэнныя, нават дэманы прымушаныя моцай праўды называць
Яе блаславёнай. Усе анёлы ў небе няспынна ўсклікаюць, як кажа святы Банавэнтура:
«Sancta, sancta, sancta Maria, Dei Genitrix et Virgo» («Святая, святая, святая Марыя, Маці Божая і Дзева»); і
кожны дзень дораць Ёй мільёны мільёнаў Анёльскага прывітання: Ave, Maria…, кланяючыся перад Ёй і просячы аб ласцы ўшанаваць іх хоць адным сваім
загадам. Нават святы Міхал Арханёл, Князь нябеснага двору, што, па словах
святога Аўгустына, з найбольшым запалам усялякім чынам ушаноўвае Яе і схіляе да
гэтага іншых, заўсёды чакае гонару пайсці па Яе загадзе і аказаць паслугу
аднаму з Яе слугаў.
[9] Уся зямля напоўненая Яе хвалой, асабліва ў
тых краях, правінцыях, дыяцэзіях і гарадах, дзе хрысціяне прызначылі Яе
асаблівай Апякункай і Валадаркай. Шматлікія катэдры прысвечаныя Богу пад Яе
імем. Няма ніводнага Касцёла без алтара ў Яе гонар; няма ніводнай вёсачкі ці
горада, дзе б не было Яе цудоўнага абраза, дзе б не вылечваліся розныя хваробы і
не атрымоўваліся розныя даброты. Існуе столькі брацтваў і кангрэгацыяў у Яе
гонар! Столькі ордэнаў пад Яе імем і абаронай! Столькі братоў і сясцёр з розных
брацтваў і манахаў з розных ордэнаў успяваюць Яе хвалу і абвяшчаюць Яе
міласэрнасць! Няма нават ніводнага маленькага дзіцяці, што не праслаўляла б Яе,
шчабечучы “Вітай, Марыя”. Няма нават ніводнага грэшніка, што б у сваёй
зацвярдзеласці не меў бы хоць іскаркі даверу да Яе. Няма нават ніводнага дэмана
ў пекле, які б, баючыся Яе, не ставіўся да Яе з павагай.
[10] Пасля гэтага
сапраўды трэба сказаць разам са святымі: «De
Maria numquam satis» («Пра Марыю ніколі не досыць»). Мы не дастаткова
праслаўлялі, узвялічвалі, ушаноўвалі, любілі і служылі Марыі. Яна заслугоўвае яшчэ большага праслаўлення, павагі, любові і службы.
[11] Сапраўды трэба
паўтарыць з Духам Святым:
«Omnis gloria
ejus filiae Regis
ab intus» («Уся хвала дачкі Караля знаходзіцца ўнутры»): так, як бы ўся вонкавая хвала, што Ёй аддаюць у небе і на зямлі, нічога не
значыла ў параўнанні з той, якой Яе ўнутрана аздабляе Творца, невядомае маленькае стварэнне, якія не могуць прасякнуць у таямніцу
таямніц Караля.
[12] Цяпер нам трэба
ўсклікнуць разам з апосталам: «Nec
oculus vidit, nec
auris audivit, nec
in cor hominis
ascendit» («Ані вока не бачыла, ані
вуха не чула, ані сэрца чалавека не зразумела прыгажосці, велічы і хараства
Марыі, гэтага цуду з цудаў ласкі, Яе прыроды і хвалы. Калі вы хочаце зразумець
Маці, кажа святы, зразумейце Сына. Гэта годная Маці Бога: «Hic taceat omnis lingua» («Тут няхай змоўкнуць усе вусны»).
[13] Маё сэрца падказала мне ўсё
тое, што я з асаблівай радасцю толькі што напісаў, каб паказаць, што боская
Марыя была да гэтага часу невядомай[1], і гэта адна з прычынаў таго, чаму Езус Хрыстус невядомы так, як павінен
быць. Калі ж, а гэта напэўна, веданне і валадарства Езуса Хрыста ўстановяцца ў
свеце, гэта будзе толькі як абавязковае наступства ведання і валадарання
Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая дала Яго свету ў першы раз і зробіць так, што Ён
заззяе ў другі.
[1] Гэта не азначае, што Марыя нібы не была да гэтага часу
ўвогуле вядомай — хутчэй, большасць ведае Найсвяцейшую Дзеву Марыю так мала,
што можна сказаць, што яны ўвогуле Яе не ведаюць.