Першы дзесятак

 Дасканаласць святога ружанца
ў яго ўзнікненні і назве


Першая Ружа [Малітвы Ружанца]

[9]  Ружанец складаецца з двух элементаў, менавіта: малітвы разумовай і малітвы вуснай. Разумовая малітва святога Ружанца гэта нішто іншае, як разважанне над галоўнымі таямніцамі жыцця, смерці і хвалы Езуса Хрыста і Яго найсвяцейшай Маці. Вусная малітва Ружанца заключаецца ў тым, каб адгаворваць пятнаццаць дзесяткаў “Вітай, Марыя”, якім папярэднічае “Ойча наш”, разважаючы і сузіраючы пятнаццаць галоўных цнотаў, якія Езус і Марыя практыкавалі ў пятнаццаці таямніцах святога Ружанца.   

У першай частцы ружанца, які складаецца з пяці дзесяткаў, мы ўшаноўваем і разважаем над пяцю радаснымі таямніцамі; у другой – над балеснымі таямніцамі, а ў трэцяй над хвалебнымі таямніцамі. Такім чынам, святы Ружанец – гэта святое спалучэнне малітвы вуснай і разумовай, каб ушаноўваць і наследаваць таямніцы і цноты жыцця, смерці і цярпення, а таксама хвалы Езуса Хрыста і Марыі.  

 

Другая Ружа [Адкуль узяўся Ружанец]

[10] Святы Ружанец, у сваёй глыбіні і сутнасці, які складаецца з малітвы Езуса Хрыста і Анёльскага Прывітання – “Ойча наш” і “Вітай, Марыя” -, а таксама з разважання над таямніцамі Езуса і Марыі, несумненна з’яўляецца першай малітвай і першым набажэнствам, якое вернікі практыкавалі на працягу стагоддзяў, пачынаючы з часоў апосталаў і вучняў.

[11] Аднак, святы Ружанец у той форме і спосабе, якім мы карыстаемся сёння, быў натхнёны Касцёлу, дадзены Святой Дзевай святому Дамініку, каб навярнуць альбігойскіх ератыкоў і грэшнікаў, толькі ў 1214 годзе. Пра гэта распавядае блаславёны Алэн дэ ля Рош у сваёй славутай кнізе пад назвай De Dignitate psalterii. Святы Дамінік, бачучы, што  злачынствы людзей стваралі перашкоду дзеля навяртання альбігойцаў, пайшоў у лес, які знаходзіўся каля Тулузы, і правёў там тры дні і тры начы ў няспыннай малітве і пакутах; ён не не стамляўся стагнаць, плакаць і ўтаймоўваць  сваё цела, каб супакоіць Божы гнеў, а потым упаў напалову мёртвы ад стомленасці. Тады Святая Дзева аб’явілася яму ў суправаджэнні трох нябесных князёўнаў і сказала: “Ці ведаеш ты, мой дарагі Дамінік, якую зброю выкарыстала Святая Тройца, каб перабудаваць свет?” “О, Спадарыня, адказаў ён, Ты ведаеш гэта лепш за мяне, таму што пасля Твайго Сына Езуса Хрыста, Ты была галоўным начыннем нашага збаўлення.” Яна дадала: “Ведай, што галоўнай зброяй быў анёльскі псалтыр, глеба Новага Запавету; таму, калі ты хочаш заваяваць дзеля Бога гэтыя зацвярдзелыя сэрцы, прапаведуй Мой псалтыр.” Святы ўзняўся, цалкам суцешаны і палаючы жаданнем збаўлення людзей, потым ён увайшоў у катэдру, дзе анёлы адразу пачалі званіць у калакалы, каб сабраць жыхароў, і, як толькі ён пачаў казанне, пачалася страшная навальніца, зямля задрыжэла, сонца памеркла, слухачы трэсліся ад жудаснага грому і маланак; а іх страх павялічыўся, калі яны ўбачылі на ўзвышаным месцы выяву Святой Дзевы, якая ўздымала рукі ў неба, каб прасіць Бога аб помсце для іх, калі яны не навернуцца і не папросяць заступніцтва Святой Маці Божай. 

Праз гэтыя цуды неба пажадала ўзвысіць новае набажэнства святога Ружанца і зрабіць яго больш вядомым. 

Нарэшце, пасля малітваў святога Дамініка скончылася навальніца. Ён працягнуў сваё казанне і з вялікім запалам і моцай растлумачыў дзівоснасць святога Ружанца, так, што амаль усе жыхары Тулузы абнялі яго і адмовіліся ад сваіх аблудаў. А праз нейкі час адбыліся вялікія змены ў звычаях і жыцці горада.   

 

Трэцяя Ружа [Ружанец і святы Дамінік]

[12] Гэтае цудоўнае ўстанаўленне набажэнства святога Ружанца, якое нейкім чынам нагадвае тое, як Бог на гары Сінай даў свету свой закон, і сапраўды паказвае дзівоснасць гэтага боскага практыкавання. Святы Дамінік, натхнёны Святым Духам, навучаны Святой Дзевай, а таксама абапіраючыся на ўласны досвед, прапаведваў да канца жыцця пра святы Ружанец прыкаладам і словам, у гарадах і вёсках, вялікім і малым, вучоным і неадукаваным, каталікам і ератыкам. Святы Ружанец, які ён маліўся кожны дзень, быў яго падрыхтоўкай да казанняў і сустрэчай пасля казанняў.

[13]  Аднойчы, у свята святога Яна Евангеліста, калі святы быў у Саборы Парыжскай Божай Маці у капліцы за вялікім алтаром і маліўся святы Ружанец, каб падрыхтавацца да казання, яму аб’явілася Святая Дзева і сказала: “Дамініку, хоць тое, што ты падрыхтаваў, вельмі добрае, аднак, Я прынесла табе нашмат лепшае казанне.” Святы Дамінік атрымлівае ў рукі кнігу, у якой было гэтае казанне, чытае яго, спрабуе і разумее, складаючы падзяку Святой Дзеве. Прыйшоў час казання, ён узышоў на амбону і пасля таго, як сказаў, што св. Ян Евангеліст заслужыў гонар быць апекуном Каралевы неба, паведаміў усім сабраным вучоным і дактарам, што прыйшлі яго паслухаць і прызвычаіліся чуць толькі вытворныя і далікатныя прамовы, што ён не будзе ім казаць вучоных словаў і людской мудрасці, а будзе прамаўляць у прастаце і моцы Святога Духа. І тады святы Дамінік пачаў ім казаць пра святы Ружанец, і растлумачваў ім слова за словам, як малым дзецям, Анёльскае Прывітанне, ужываючы вельмі простыя  параўнанні, якія ён прачытаў на паперы, што дала яму Святая Дзева.  

[14]  А вось словы вучонага Картагена, якія ён часткова ўзяў з кнігі блаславёнага Алэна дэ ля Рош пад назвай De Dignitate psalterii: B. Alanus Patrem sanctum Dominicum sibi haec in revelatione dixisse testatur: «Tu praedicas, fili, sed uti caveas ne potius laudem humanam quaeras quam animarum fructum, audi quid mihi Parisiis contigit. Debebam in majori ecclesia beatae Mariae praedicare, et volebam curiose non jactantiae causa, sed propter astantium facultatem et dignitatem. Cum igitur more meo per horam fere ante sermonem in psalterio meo (Rosarium intelligit) quadam in capella post altare majus orarem, subito factus in raptum, cernebam amicam meam Dei Genitricem afferentem mihi libellum et dicentem: Dominice, et si bonum est quod praedicare disposuisti sermonem, tamen longe meliorem attuli. Laetus librum capio, lego constanter, ut dixit, reperio, gratias ago, adest hora sermonis, adest parisiensis Universitas tota, dominorumque numerus magnus. Audiebant quippe et videbant signa  magna  quae  per  me  Dominus  operabatur;  itaque  ambonem  ascendo.  Festum  erat  sancti  Joannis Evangelistae.  De  eo  aliud  non  dico  nisi  quod  custos  singularis  esse  meruit  Reginae  coeli.  Deinde  auditores  sic alloquor:  Domini  et  Magistri  praestantissimi,  aures  reverentiae  vestrae  solitae  sunt  curiosos  audire  sermones  et auscultare. At nunc ego non in doctis humanae sapientiae verbis, sed in ostensione spiritus et virtutis loquar. Tunc, ait Carthagena post beatum Alanum, stans Dominicus eis explicavit Salutationem angelicam comparationibus et similitudinibus familiaribus hoc modo.[1]

[15] А блаславёны Алэн дэ ля Рош, як кажа той самы Картаген, распавядае яшчэ пра іншыя аб’яўленні нашага Пана і Яго Святой Маці святому Дамініку, каб яго прыспешыць і яшчэ больш заахвоціць распаўсюджваць святы Ружанец, каб знішчыць грэх і навярнуць грэшнікаў і ератыкоў. У іншым месцы ён распавядае, што пасля Маці Божай святому Дамініку аб’явіўся Езус Хрыстус, кажучы яму: «Dominice, gaudeo quod non confidas in tua sapientia, sed cum humilitate potius affectas salvare animas quam vanis hominibus placere. Sed multi praedicatores statim volunt contra gravissima peccata instare, ignorantes quod ante gravem medicinam debet fieri praeparatio, ne medicina sit inanis et vacua: quapropter prius homines debent induci ad orationis devotionem et signanter ad psalterium meum angelicum; quoniam, si omnes coeperint hoc  orare,  non  dubium  est  quin  perseverantibus  aderit  pietas  divinae  clementiae.  Praedica  ergo  psalterium meum[2]

[16] У іншым месцы ён кажа: «Omnes sermocinantes et praedicantes christicolis exordium pro gratia impetranda a Salutatione angelica faciunt. Hujus rei ratio sumpta est ex revelatione facta beato Dominico cui beata Virgo dixit: «Dominice,  fili,  nil  mireris  quod  concionando  minime  proficias.  Enimvero  aras  solum  a  pluvia  non  irrigatum. Scitoque, cum Deus renovare decrevit mundum Salutationis angelicae pluviam praemisit; sicque ipse in melius est reformatus.  -  Hortare  igitur  homines  in  con-cionibus  ad  Rosarii  mei  recitationem,  et  magnos  animarum  fructus colliges.» Quod sanctus Dominicus strenue executus uberes ex suis concionibus animarum fructus retulit.» (Hoec in Libro miraculorum sancti Rosarii, italice conscripto, et in Justino, discursu I43.)[3]

[17] З вялікім задавальненнем я працытаваў слова за словам гэтыя лацінскія ўрыўкі добрых аўтараў дзеля тых прапаведнікаў і вучоных асобаў, якія маглі паставіць пад сумнеў цудоўныя дабрадзействы святога Ружанца.  Пакуль, па прыкладзе святога Дамініка, прапаведнікі распаўсюджвалі набажэнства святога Ружанца, пабожнасць і стараннасць квітнелі ў манаскіх супольнасцях, якія практыкавалі гэтае набажэнства, а таксама ва ўсім хрысціянскім свеце; але, як толькі пачыналі занядбоўваць гэты падарунак, дадзены небам, паўсюль можна было бачыць толькі грахі і беспарадак.

 

Чацвёртая Ружа [Ружанец і блаславёны Алэн дэ ля Рош]

[18]  Усе рэчы, нават самыя святыя, асабліва, калі яны залежаць ад волі людзей, схільныя да зменаў; таму не трэба здзіўляцца, што Брацтва Святога Ружанца праіснавала ў першапачатковым запале каля ста гадоў пасля яго заснавання; потым яно было амаль пахавана ў забыцці. Акрамя гэтага злосць і зайздрасць дэмана несумненна вельмі паўплывалі на тое, што святы Ружанец быў занядбаны, каб спыніць паток Божых ласкаў, якія прыцягвала ў свет гэтае набажэнства. І сапраўды, Божая справядлівасць балюча кранулася ў I349 усіх каралеўстваў Еўропы самай жудаснай за ўсе часы эпідэміяй чумы, якую калі-небудзь бачылі. З Усходу яна распаўсюдзілася на Італію, Германію, Францыю, Польшчу, Венгрыю, і апусташыла амаль усе гэтыя землі, таму што са ста чалавек ледзьве адзін заставаўся жывым; гарады, прыгарады, вёскі і манастыры былі амаль апусташоныя за тры гады, пакуль працягвалася гэтая эпідэмія. Пасля гэтай Божай кары былі яшчэ дзве іншыя: ерась бічавальнікаў і няшчасная схізма ў I376.

[19] Пасля таго, як дзякуючы Божай міласэрнасці гэтыя няшчасці скончыліся, Святая Дзева загадала блаславёнаму Алэну дэ ля Рош, знакамітаму доктару і славутаму прапаведніку ў Ордэне святога Дамініка з манастыра Дзінан у Брэтаніі, аднавіць старажытнае Брацтва Святога Ружанца. Паколькі яно нарадзілася ў гэтай правінцыі, Маці Божая пажадала, каб манах з той самай правінцыі меў гонар яго аднавіць. Гэты блаславёны Айцец узяўся за гэтую вялікую справу ў I460, асабліва, як ён сам кажа, пасля таго, як наш Пан Езус Хрыстус прамовіў да яго ў Святой Гостыі падчас святой Імшы і заахвоціў яго распаўсюджваць святы Ружанец:  «А таму, сказаў яму Езус Хрыстус, ты зноў мяне ўкрыжоўваеш!” “Як гэта, Пане?” – спытаўся вельмі спалоханы бл. Алэн. “Гэта твае грахі мяне ўкрыжоўваюць, адказаў яму Езус Хрыстус, лепш бы Я быў укрыжаваны яшчэ раз, чым бачыў, як зневажаюць майго Айца грахамі, якія ты раней учыніў. А ты ізноў мяне ўкрыжоўваеш, таму што ты ведаеш, што трэба распаўсюджваць Ружанец Маёй Маці і гэтым спосабам навучаць і ратаваць шматлікія душы ад граху; ты мог бы іх уратаваць і дапамагчы пазбегнуць шмат зла. Але ты не робіш гэтага і таму вінаваты ў грахах, якія яны чыняць.” Гэтыя жудасныя папрокі прымусілі блаславёнага Алэна вырашыцца няспынна прапаведваць Ружанец.   

[20] Святая Дзева яму таксама сказала аднойчы, каб яшчэ больш заахвоціць яго распаўсюджваць святы Ружанец: “У маладосці ты быў вялікім грэшнікам, але Я выпрасіла ў Свайго Сына тваё навяртанне, Я малілася за цябе і жадала гэтага, нягледзячы на ўсе цяжкасці, таму што навернутыя грэшнікі – гэта Мая хвала. Я таксама вельмі жадала зрабіць цябе годным паўсюль абвяшчаць  вартасць Майго Ружанца.” Святы Дамінік, адкрываючы яму вялікія плёны, якія ён атрымаў праз гэтае прыгожае набажэнства, якое ён увесь час распаўсюджваў, казаў яму: “Vides  quomodo  profecerim  in sermone isto; id etiam facies et tu, et omnes Mariae amatores, ut sic trahatis omnes populos ad omnem scientiam virtutum. Паглядзі, якія плады я атрымаў прапаведваючы набажэнства святога Ружанца, рабіце так сама, як я, вы і ўсе іншыя, што любіце Святую Дзеву, каб прыцягнуць гэтым святым практыкаваннем Ружанца ўсе народы да сапраўднага ведання цнотаў.” 

Вось у двух словах тое, што нам кажа гісторыя пра ўстанаўленне святога Ружанца святым Дамінікам і пра яго ўзнаўленне блаславёным Алэнам дэ ля Рош.  

 

Пятая Ружа [Ружанцовае Брацтва]

[21]  Існуе толькі адно Ружанцовае Брацтва, гэта Брацтва 150 “Вітай, Марыя”; але ў залежнасці ад стараннасці розных асобаў, якія моляцца ружанец, ёсць тры віды: Ружанец супольны або звычайны, вечны Ружанец і штодзённы Ружанец. Брацтва звычайнага Ружанца патрабуе адгаворваць яго толькі раз у тыдзень.  Брацтва вечнага Ружанца – толькі раз у год, але Брацтва штодзённага Ружанца просіць маліцца кожны дзень поўны ружанец, гэта значыць 150 “Вітай, Марыя”. Аднак, калі не атрымаецца ў нейкі дзень памаліцца Ружанец, то не будзе ніякага граху, нават лёгкага, таму што прыналежнасць да Брацтва цалкам дабраахвотная і неабавязковая; не трэба таксама ўступаць у яго, калі няма цвёрдага рашэння кожны дзень маліцца на ружанцы, як прадпісвае Брацтва, і, наколькі гэта магчыма, не занядбоўваць абавязкі стану. Такім чынам, калі стаіць выбар паміж малітвай на ружанцы і абавязкам стану, трэба аддаць перавагу абавязку, а не Ружанцу, якім бы святым ён не быў. Калі з-за хваробы немагчыма памаліцца ні ўвесь ружанец, ні адну яго частку, не павялічыўшы цярпенне, ніхто не абавязаны гэта рабіць.  Калі па паслухмянасці або па ненаўмыснай забыўчасці, або па вялікай неабходнасці, нехта не меў магчымасці яго памаліцца, не будзе ніякага граху, нават лёгкага; і ён нават не будзе пазбаўлены ласкаў і заслугаў іншых братоў і сясцёр ва ўсім свеце, якія моляцца ружанец. 

Хрысціянін, нават, калі ты не памолішся  ружанца па прычыне свайго ўласнага занядбання, але без пагарды, ты не зграшыш у сціслым значэнні гэтага слова, але праз гэта ты губляеш удзел у малітвах, добрых учынках і заслугах брацтва, а з-за сваёй нявернасці ў малых і неабавязковых рэчах, ты станеш няверным у рэчах вялікіх і ў галоўных абавязках. Таму: Qui spernit modica paulatim decidet. Хто пагарджае малымі рэчамі, той хутка ўпадзе”.[4]

 

Шостая Ружа [Псалтыр Марыі]

[22] З таго часу, як святы Дамінік устанавіў гэтае набажэнства, ажно да I460, калі блаславёны Алэн дэ ля Рош, па загаду з неба, яго ўзнавіў, яго называлі псалтыром Езуса і Святой Дзевы, таму што ў ім столькі ж Анёльскіх Прывітанняў, што і псалмоў ў псалтыры Давіда. А простыя і неадукаваныя людзі, не маючы магчымасці чытаць псалтыр Давіда, у ружанцовай малітве знаходзяць той самы плён, які прыносіць чытанне псалмоў Давіда, а нават  яшчэ больш багаты: 1) таму што Анёльскі псалтыр мае больш шляхетны плод: уцелаўлёнае Слова, а псалтыр Давіда толькі яго прадказвае; 2) паколькі праўда вышэйшая за вобраз і цела за цень, таксама і псалтыр Святой Дзевы перавышае псалтыр Давіда, які быў толькі ценем і вобразам; 3) таму што Святая Тройца імгненна склала псалтыр святой Дзевы або Ружанец, які складаецца з Pater і Ave. 

Вось, што на гэту тэму кажа вучоны Картаген: Sapientissimus Aquensis. libro ejus de Rosacea Corona ad Imperatorem Maximilianum conscripto, dicit: «Salutandae Mariae ritus novitiis inventis haud quaquam adscribitur. Si  quidem  cum  ipsa  pene  ecclesia  pullulavit;  nam  cum  inter  ipsa  nascentis  ecclesioe  primordia,  perfectiores quoque fideles tribus illis Davidicorum psalmorum quinquagenis, divinas [laudes] assidue celebrarent, ad rudiores quoque  qui  modo  arctius  divinis  vacabant  piis  moris  oemulatio  est  derivata...  rati  id  quod  erat,  cuncta  illorum sacramenta psalmorum in coelesti hoc elogio delitescere, si quidem eum quem psalmi venturum concinunt, hunc jam  adesse,  hoec  formula  nuntiavit; sicque trinas salutationum  quinquagenas «Mariae Psalterium appellare coeperunt,  oratione  utique  dominica  in  singulas  decades  ubique  praeposita  prout  a  psalmidicis  observari  ante adverterunt»”.[5]

[23] Псалтыр або Ружанец святой Дзевы падзелены на тры часткі па пяць дзесяткаў кожная: 1) каб ушанаваць тры асобы Святой Тройцы; 2) каб ушанаваць жыццё, смерць і хвалу Езуса Хрыста; 3) каб наследаваць трыюмфуючы Касцёл, каб падтрымаць Касцёл у змаганні і аблегчыць яго цярпенні; каб наследаваць тры часткі псалмоў, з якіх адна – дзеля ачышчальнага жыцця, другая – дзеля асвячальнага жыцця, трэцяя – дзеля жыцця, яднаючага з Богам; 4) каб напоўніць нас ласкай на працягу жыцця, супакоем у хвіліну смерці і хвалой у вечнасці.

 

Сёмая Ружа [Ружанец – вянок з ружаў]

[24] Як толькі блаславёны Алэн дэ ля Рош ўзнавіў гэтае набажэнства, голас народа, а гэта голас Бога, даў яму назву Ружанец, што азначае “карона з ружаў”; гэта значыць, што кожны раз, калі мы, як трэба адгаворваем наш ружанец, мы ўскладаем на галаву Езуса і Марыі карону, якая складаецца са ста пяцідзесяці трох белых ружаў і шаснаццаці ружовых ружаў раю, якія ніколі не згубяць ні сваёй прыгажосці, ні свайго бляску.

Святая Дзева прыняла і згадзілася на назву Ружанец, адкрываючы шматлікім розным асобам, што яны падораць Ёй столькі салодкіх ружаў, колькі згавораць Ave Maria ў Яе гонар, і столькі каронаў з ружаў, колькі адгавораць Ружанцаў.

[25] Брат Альфонс Радрыгез, з Таварыства Езуса, маліўся на ружанцы з такой палкасцю, што часта бачыў падчас кожнага “Pater, як з яго вуснаў выходзіла чырвоная ружа, а падчас кожнага “Ave, Maria – белая, такая ж прыгожая і пахучая, толькі іншага колеру.

Хронікі святога Францішка распавядаюць, што адзін манах меў слаўны звычай кожны дзень маліцца перад пасілкам вяночак Святой Дзевы. Аднойчы, не ведаю, па якой прычыне, ён гэтага не зрабіў; калі пазванілі на вячэру, ён папрасіў настаяцеля дазволіць яму памаліцца перад тым, як сесці за стол. З гэтым дазволам ён пайшоў у свой пакой; але паколькі ён вельмі спазняўся, настаяцель паслаў за ім іншага манаха, каб яго паклікаць. 

Гэты манах знайшоў яго ў сваім пакоі, ён быў у ззянні нябеснага святла, а святая Дзева разам з двума анёламі побач з ім; як толькі ён казаў “Ave, Maria, прыгожая ружа выходзіла з яго вуснаў; анёлы бралі ружы адну за другой і клалі на галаву Святой Дзеве, якая выказвала сваё задавальненне. Два іншыя манахі, пасланыя даведацца прычыну спазнення двух першых, убачылі гэтую таямніцу. Аднак, Святая Дзева не знікла, пакуль не быў згавораны ўвесь вяночак.[6]   

Поўны ружанец – гэта вялікая карона, а адна частка – гэта маленькі вяночак з кветак, або маленькая карона з нябесных ружаў, якую мы ўскладаем на галаву Езуса і Марыі. Ружа з’яўляецца каралевай кветак, таксама і Ружанец, як ружа, з’яўляецца першым з усіх набажэнстваў.

 

 

Восьмая Ружа [Цуды Ружанца]

[26] Немагчыма выказаць, наколькі Святая Дзева любіць Ружанец больш за ўсе іншыя набажэнствы, і якая Яна шчодрая, каб аддзячыць тых, што працуюць, каб яго распаўсюдзіць, умацаваць і практыкаваць; і наадварот, наколькі Яна грозная да тых, хто гэтаму супрацьстаіць. 

Святы Дамінік на працягу ўсяго жыцця меў у сваім сэрцы толькі адно жаданне – праслаўляць Святую Дзеву, распавядаць пра Яе веліч і заахвоціць увесь свет ушаноўваць Яе праз Ружанец. Гэтая магутная Каралева неба таксама не стамлялася шчодра адорваць гэтага святога рознымі блаславенствамі. Яна ўкаранавала яго намаганні рознымі цудамі: чаго б ён ні папрасіў у Бога, усё атрымаў праз заступніцтва святой Дзевы; а вяршыняй дабразычлівасці стала тое, што Яна зрабіла яго пераможцам ерасі Альбігойцаў, айцом і патрыярхам вялікага Ордэна.

[27] Што мне сказаць пра блаславёнага Алэна дэ ля Рош, узнавіцеля гэтага набажэнства? 

Святая Дзева ўганаравала яго шмат разоў сваімі аб’яўленнямі, каб навучыць розным спосабам збаўлення, зрабіць добрым святаром, дасканалым манахам і паслядоўнікам Езуса Хрыста.   

Падчас спакусаў і жудасных пераследванняў дэманамі, якія напаўнялі яго вялікім смуткам, нават да роспачы, Яна яго суцяшала і Сваёй салодкай прысутнасцю рассейвала гэтыя хмары і цемру. Яна вучыла яго, як маліцца на Ружанцы, паказваючы яго дзівоснасць і плёны, Яна адарыла яго хвалебным тытулам свайго новага абранніка, і ў знак сваёй дзявочай прыхільнасці, Яна надзела яму на палец пярсцёнак, а на шыю павесіла каралі, сплеценыя з Яе валасоў, а таксама дала Ружанец. Абат Трытэм, доктар Картаген, вучоны Марцін Наварскі і іншыя кажуць пра яго шмат пахвальных словаў… 

Пасля таго, як ён прыцягнуў да Брацтва Ружанца больш за сто тысячаў душаў, ён адышоў да Бога ў Зволі, у Фландрыі, 8 верасня I475.

[28] Дэман, зайздросны з-за вялікіх справаў, якія чыніў з дапамогай ружанцовай малітвы блаславёны Тамаш ад Святога Яна, славуты прапаведнік святога Ружанца, дакучаючы яму, загнаў яго ў доўгую і цяжкую хваробу, што нават лекары апусцілі рукі. Аднойчы ноччу, калі ён думаў, што вось-вось памрэ, дэман прыйшоў да яго ў жудасным абліччы. Але пабожна ўзняўшы сэрца і вочы на абраз святой Дзевы, які быў над яго ложкам, Тамаш закрычаў з усёй моцы: “Дапамажы мне, прыйдзі мне на дапамогу, о мая пяшчотная Маці!” Як толькі ён прамовіў гэтыя словы, святая Дзева працягнула яму руку са святога абраза, сціснула яму далонь і сказала: “Нічога не бойся, мой дарагі сын Тамаш, вось Я прыйшла табе на дапамогу; устань і працягвай прапаведваць мой Ружанец так, як ты пачынаў. Я абараню цябе ад усіх тваіх ворагаў.” Пасля гэтых словаў святой Дзевы дэман уцёк. Хворы цалкам выздаравеў і падзякаваў сваёй добрай Маці патокам слёзаў, а потым з вялікім поспехам працягнуў прапаведваць Ружанец.  

[29] Святая Дзева адорвае не толькі прапаведнікаў Ружанца, Яна таксама шчодра ўзнагароджвае тых што, напрыклад, прыцягваюць іншых да гэтага набажэнства. 

Альфонс, Кароль Леона і Галіцыі,[7] жадаў, каб ўсе яго дамачадцы ўшаноўвалі святую Дзеву праз Ружанец. Ён пачаў, каб заахвоціць іх сваім уласным прыкладам, насіць з боку вялікі Ружанец, але сам на ім не маліўся. Гэта абавязала ўсіх асобаў яго двору пабожна маліцца на Ружанцы.   

Потым кароль моцна захварэў, і калі ўжо думалі, што ён памер, яго дух быў перанесены да трыбуналу Езуса Хрыста. Ён убачыў там шмат дэманаў, якія абвінавачвалі яго ў розных злачынствах, якія ён учыніў, і, калі суддзя ўжо быў гатовы асудзіць яго на вечныя мукі, святая Дзева заступілася за яго перад Сваім Сынам. Туды прынеслі вагу, на адной шалі паклалі ўсе грахі караля, а на другой Святая Дзева паклала вялікі Ружанец, які ён насіў у Яе гонар разам з тымі Ружанцамі, на якіх маліліся асобы, якіх ён заахвоціў сваім прыкладам. Яны аказаліся цяжэйшымі за ўсе яго грахі. Потым, гледзячы на яго дабразычлівым поглядам, Яна яму сказала: “Я выпрасіла для цябе ў Свайго Сына, як падзяку за тваю маленькую паслугу, якую ты Мне аказаў, носячы Ружанец, яшчэ некалькі гадоў жыцця. Добра іх выкарыстай і жалей за грахі.” Кароль, зноў атрымаўшы свядомасць, закрычаў: “О блаславёны Ружанец Святой Дзевы, дзякуючы якому я быў выбаўлены ад вечнага асуджэння.” Пасля гэтага ён цалкам выздаравеў і правёў рэшту жыцця, верна молячыся кожны дзень святы Ружанец. 

Няхай прыхільнікі святой Дзевы імкнуцца заваяваць як мага больш вернікаў для Брацтва святога Ружанца, па прыкладзе гэтых святых і гэтага караля; яны атрымаюць за гэта ласкі тут на зямлі і жыццё вечнае пасля смерці. Qui elucidant me vitam æternam habebunt. Тыя, што мяне абвяшчаюць, атрымаюць жыццё вечнае.

 

Дзевятая Ружа [Ворагі Ружанца]

[30] Паглядзім цяпер, якая гэта несправядлівасць перашкаджаць распаўсюджванню Брацтва святога Ружанца і як Бог пакараў тых няшчасных, якія ім пагардзілі і пажадалі яго знішчыць 

Хоць набажэнства святога Ружанца было зацверджана небам пры дапамозе шматлікіх цудаў, а таксама зацверджана Касцёлам праз шматлікія папскія буллы, ёсць, аднак шмат вальнадумцаў, бязбожнікаў і моцных гэтага свету, якія імкнуцца або зняславіць брацтва святога Ружанца, або прынамсі аддаліць яд яго вернікаў.[8] Лёгка здагадацца, што іх мова заражаная атрутай пекла і што іх падштурхоўвае злы дух; ніхто не можа асуджаць набажэнства святога Ружанца, не асуджаючы пры гэтым самае пабожнае, што ёсць у хрысціянстве: малітва Панская, Анёльскае Прывітанне, таямніцы жыцця, смерці і хвалы Езуса Хрыста і Яго Святой Маці.

Гэтыя вальнадумцы, якія не могуць знесці таго, што іншыя моляцца на ружанцы, часта ідуць, не ведаючы пра гэта, шляхам бязбожных ератыкоў, якія ненавідзяць святы Ружанец. 

Ненавідзець Брацтва – азначае аддаліцца ад Бога і ад сапраўднай пабожнасці, бо Езус Хрыстус запэўнівае нас, што знаходзіцца сярод тых, што сабраліся ў Яго імя. Нельга быць таксама добрым каталіком, пагарджаючы столькімі адпустамі, якія Касцёл удзяляе брацтвам. Нарэшце, аддаляць людзей ад ружанцовай малітвы гэта азначае быць ворагам збаўлення душаў, таму што дзякуючы ружанцу яны пакідаюць грэх і ідуць шляхам пабожнасці. Святы Банавентура меў рацыю, калі сказаў, што памрэ ў сваім граху той, хто пагарджае святой Дзевай. Qui negligerit illam morietur in peccatis suis (in psalterio suo), як жа будуць пакараныя тыя, хто адцягвае іншых ад  таго, каб Яе ўшаноўваць!...

 

Дзесятая Ружа [Ружанцовыя цуды]

[31] Калі святы Дамінік прапаведваў пра гэтае набажэнства ў Каркасоне, адзін ератык высмейваў яго цуды і 15 таямніцаў святога Ружанца, што вельмі перашкаджала ў навяртанні грэшнікаў. Бог, каб пакараць гэтага бязбожніка, дазволіў, каб у яго ўвашлі пятнаццаць тысяч дэманаў. Бацькі прывялі яго да блаславёнага айца, каб ён вызваліў яго ад злых духаў. Ён пачаў маліцца сам і папрасіў усіх сабраных голасна маліцца разам ім на ружанцы. І вось, падчас кожнага Ave Maria Святая Дзева загадвала ста дэманам выйсці з цела гэтага ератыка ў выглядзе палаючых вуглёў. Пасля таго, як ён быў вызвалены, ён прызнаў свае памылкі, навярнуўся і ўступіў у ружанцовае Брацтва разам з вялікай колькасцю сваіх сяброў, якія былі ўзрушаныя гэтым пакараннем і моцай святога Ружанца.

[32] Доктар Картаген з ордэна Святога Францішка, разам з іншымі аўтарамі, распавядае, што ў I482, калі блаславёны айцец Жак Спрэнжэ і яго браты ў манастве старанна працавалі, каб узнавіць набажэнства святога Ружанца ў горадзе Кёльне, два славутыя прапаведнікі, зайздросныя вялікім плёнам, якія збіралі манахі дзякуючы гэтаму святому практыкаванню, імкнуліся ачарніць іх сваімі казаннямі, а паколькі яны былі вельмі здольныя і мелі вялікі ўплыў, ім удалася пераканаць шмат людзей не ўступаць ў Брацтва. Адзін з прапаведнікаў, каб лепш дасягнуць сваёй злоснай мэты, спецыяльна падрыхтаваў казанне і запланаваў яго на нядзелю. Калі надышла гадзіна казання, прапаведнік не прыйшоў; яго чакалі, яго шукалі, нарэшце яго знайшлі мёртвым. Ён памер і ніхто не змог яму дапамагчы. Другі прапаведнік, перакананы ў тым, што гэта натуральная з’ява, вырашыў замяніць свайго сябра, каб знішчыць Брацтва Ружанца. У той дзень, калі ён павінен быў сказаць казанне, Бог пакараў гэтага прапаведніка паралічом, які пазбавіў яго магчымасці рухацца і гаварыць. Ён прызнаў сваю памылку і памылку свайго сябра, ён звярнуўся да Святой Дзевы ў сваім сэрцы, абяцаючы Ёй паўсюль казаць пра Ружанец з той самай моцай, з якой супраць яго змагаўся.  Ён прасіў Яе вярнуць яму дзеля гэтага здароўе і мову. І святая Дзева яго выслухала. Пасля таго, як ён ізноў атрымаў здароўе, ён устаў, як Саўл, і з пераследвальніка перамяніўся ў абаронцу святога Ружанца. Ён публічна выправіў сваю памылку і з вялікім запалам і глыбокай узрушанасцю прапаведваў святы Ружанец.   

[33] Я не сумняваюся ў тым, што вальнадумцы і крытыканы нашага часу, якія прачытаюць гісторыі гэтага маленькага твора, паддадуць іх сумневу, як яны заўсёды гэта рабілі, хоць я пазычыў іх у вельмі добрых сучасных аўтараў і, часткова, з новай кнігі, напісанай шаноўным айцом Антанінам Тамашам з Ордэна Братоў Прапаведнікаў, якая мае назву “Містычны куст Ружы”. 

Усе ведаюць, што верыць у розныя гісторыі можна на тры спосабы. Факты Святога Пісання мы павінны прымаць боскай верай; свецкія гісторыі, якія не супярэчаць розуму і напісаныя добрымі аўтарамі, мы прымаем людской верай; а ў пабожныя гісторыі добрых аўтараў, якія не супярэчаць ні розуму, ні веры, ні добрым звычаям, нават, калі яны трохі дзіўныя і незвычайныя, мы прымаем верай, якая выплывае з пабожнасці. Прызнаюся, што не трэба быць ні занадта даверлівым, ні занадта крытычным, што ўва ўсім трэба знайсці залатую сярэдзіну, каб знайсці сутнасць праўды і цноты. Але я ведаю таксама, што, як любоў лёгка верыць усяму, што не супярэчыць ні веры, ні добрым звычаям: Charitas  omnia  credit, так і ганарлівасць мае тэндэнцыю аспрэчваць амаль усе добра абгрунтаваныя гісторыі пад прэтэкстам таго, што іх няма ў Святым Пісанні. 

Гэта пастка шатана, куды трапілі ератыкі, якія пярэчаць традыцыі, і куды паволі трапляюць таксама сучасныя крытыканы, не веручы ў тое, чаго яны не разумеюць, або гэта ім не падыходзіць, і толькі па адной прычыне: гаранлівасць і самадастатковасць.



[1] «Блаславёны Алэн сцвярджае, што яго духоўны айцец святы Дамінік некалі сказаў яму ў аб’яўленні: “Сын мой, ты абвяшчаеш Слова Божае, але, каб ты не лічыў, што людская пахвала важнейшая за збаўленне душаў, паслухай, што здарылася са мной у Парыжы. 

Я павінен быў абвяшчаць Божае Слова ў вялікім касцёле, прысвечаным Найсвяцешай Панне Марыі, і я хацеў зрабіць гэта па-майстэрску, не з ганарлівасці, а па прычыне пасадаў і годнасці прысутных там асобаў. Калі гадзіну перад сваім казаннем я маліўся, як звычайна, на ружанцы, адбылося аб’яўленне. Я ўбачыў маю Сяброўку, Маці Божую, якая прынесла мне кніжачку і сказала: “Дамініку, хоць казанне, якое ты падрыхтаваў, і добрае, але Я прынесла табе лепшае.”

Узрадаваны, я бяру кніжку, прачытваю яе цалкам і, як сказала Маці Божая, знаходжу там усё, што трэба казаць. Я дзякую Ёй з усяго майго сэрца. Наступае хвіліна казання, перада мной увесь парыжскі Ўніверсітэт і шмат вяльможных асобаў. Яны чулі і бачылі вялікія знакі, якія Бог чыніў праз мяне. Я падыходжу да амбоны. Гэта быў успамін св. Яна; але пра гэтага Апостала я сказаў толькі тое, што ён заслужыў быць выбраным, каб быць апекуном Каралевы Неба. Потым я так казаў сваім слухачам: “Шаноўныя спадары і паважаныя педагогі, вы прызвычаіліся слухаць вытворныя і вучоныя казанні. Але я не хачу кіраваць да вас вучоныя словы людской мудрасці, я хачу паказаць вам Божага Духа і Яго цноты.” Тады, як паўтарае Картаген за бл. Алэнам дэ ля Рош, святы Дамінік растлумачыў ім Анёльскае Прывітанне, ужываючы простыя параўнанні і вядомыя яму на практыцы прыклады.»

[2] “Дамініку, радуйся таму, што ты не абапіраешся на ўласную мудрасць і пакорна працуеш дзеля збаўлення душаў, а не дзеля таго, каб падабацца марным людзям. Аднак шмат прапаведнікаў жадае адразу нанесці ўдар па самым цяжкім грахам, не ведаючы, што перад тым, як даць моцны лек, трэба падрыхтаваць хворага, каб ён мог яго прымаць і карыстацца ім. Таму яны павінны спачатку заахвочваць слухачоў палюбіць малітву, а ў першую чаргу Анёльскі Псалтыр. Калі б яны пачалі так рабіць, тады напэўна Божая ласка спрыяла б тым, якія вытрывалі. Таму заахвочвай да Ружанца.”

[3] “Усе прапаведнікі раяць хрысціянам маліцца Анёльскае Прывітанне перад казаннем, каб атрымаць Божую ласку. Гэта вынікае з аб’яўлення Маці Божай святому Дамініку: “Сын мой, сказала яму, не здзіўляйся, што твае казанні не прыносяць плёнаў. Акрапі зямлю, якая не была палітая дажджом. Ведай, што калі Бог хацеў аднавіць свет, ён спаслаў спачатку дождж Анёльскага Прывітання: такім чынам свет быў адноўлены. Схіляй жа людзей у сваіх казаннях да малітвы на маім Ружанцы і ты збярэш вялікія плёны для душаў” – што святы Дамінік і рабіў вельмі вытрывала, а яго казанні мелі вялікі поспех. (Гэта знаходзіцца ў кнізе цудаў святога Ружанца ў 143 казанні св. Юстына)”. 

[4] Пар. Сір 19, 1.

[5] Адзін вельмі вучоны пісьменнік з Экс-ля-Шапэль (Ж. Бейссэль) кажа ў сваёй кнізе “Карона з Ружаў”, прысвечанай цэзару Максіміліяну: “Нельга сцвярджаць, што Анёльскае Прывітанне – гэта малітва, распаўсюджаная адносна нядаўна. Яна распаўсюдзілася разам з самім Касцёлам. Сапраўды, з самага пачатку існавання Касцёла, больш адукаваныя вернікі праслаўлялі Бога праз патройныя пяцьдзесят Псалмоў Давіда. У простых людзей, якія сустракаліся з большымі цяжкасцямі ў службе Божай, нарадзілася жаданне святога саперніцтва… Яны верылі, і вельмі правільна, што ў гэтай нябеснай малітве праслаўлення (Ружанцы) змешчаны ўсе боскія таямніцы Псалмоў, асабліва, калі Псалмы праслаўлялі Яго як таго, хто павінен прыйсці, а “Аve звярталася да Яго як да таго, хто ўжо прыйшоў. Таму людзі пачалі называць Псалтыром Марыі патройныя пяцьдзесят Прывітанняў, якім папярэднічала малітва Панская, як гэта было пачута ад тых, што маліліся Псалмамі.”

[6] Antoine  Boissieu "Le  chrétien  prédestiné  à  la  Sainte Vierge".

[7] У Гішпаніі.

[8] Гл. Трактат 93-104, дзе святы кажа пра "хлуслівых шанавальнікаў НМП".