Адным з хвалебных тытулаў Манфора, Айца з вялікім ружанцам, несумненна з’яўляецца тытул Апостала Крыжа і Ружанца. І сапраўды, ружанец адыграў вельмі значную ролю ў яго асабістым удасканальванні і ў яго місіянерскай працы.
Тым не менш, вельмі цяжка вызначыць
месца, якое займае гэты маленькі твор, названы “Дзівосная таямніца святога
Ружанца”, сярод іншых твораў. Калі параўнаць яго з іншымі марыйнымі тэкстамі:
“Любоў Спрадвечнай Мудрасці”, “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Святой Дзевы”,
“Таямніца Марыі”, дзе ён агульна і ў асобных формах разглядае марыйную
пабожнасць, можна зрабіць пэўныя высновы. У гэтым творы аўтар кажа толькі пра
адну з формаў марыйнай пабожнасці, якую ён сам называе вонкавай: малітва
святога Ружанца. Акрамя гэтага, трэба адзначыць, што гэтая маленькая кніга
найменш асабістая з усіх іншых, таму што ў ёй змешчана вялікая колькасць
тэкстаў, пазычаных у іншых аўтараў. І ўсё ж такі Ружанец адыграў галоўную ролю
ў яго місіянерскай дзейнасці.
Айцец Манфор перш за ўсё місіянер
простых людзей, а яго ўлюбёная форма апостальства – гэта місіі ў самых
пакінутых і сялянскіх парафіях. Ен вельмі дакладна акрэслівае мэту місій так,
як ён яе бачыць: “Аднавіць дух
хрысціянства ў хрысціянах” (РМ 56). Ён сам тлумачыць сэнс гэтага выразу: “Уся нашая дасканаласць заключаецца ў тым,
каб быць падобнымі да Езуса Хрыста, злучанымі з Ім і прысвечанымі Яму” (СН
120), “усё зводзіцца
да таго, каб знайсці дзейсны сродак
атрымаць у Бога неабходную ласку, каб стаць святым; і гэта менавіта тое, чаму я
хачу цябе навучыць. І я кажу: каб знайсці ласку Божую, трэба знайсці Марыю” (ТМ
6). І менавіта Ружанец з’яўляецца для Манфора той дзівоснай
таямніцай, якая дапаможа знайсці Марыю: “Я
бачыў вялікую розніцу ў звычаях людзей, дзе я праводзіў місіі. Таму што адны,
пакінуўшы малітву на Ружанцы, пачыналі моцна грашыць, а іншыя, якія працягвалі
маліцца, захавалі сябе ў ласцы Божай і кожны дзень узрасталі ў цнотах” (ДТСР
113)
Ён пісаў: “Я, які гэта піша, уласнымі вачыма бачыў моц гэтай малітвы ў справе
навяртання самых зацвярдзелых грэшнікаў” (ДТСР 113). Узмоцнены гэтым
досведам, Манфор піша ў рэгуле айцоў місіянераў Таварыства Марыі: “Яны з усёй моцы павінны імкнуцца падчас
місіяў… на канферэнцыях, у казаннях, укараніць вялікую пашану да штодзённага
набажэнства святога Ружанца” (пар. ДТСР 136), яны павінны прымаць у брацтвы –
паколькі маюць такое права (пар, Ліст 23) – усіх, каго змогуць; яны павінны ім
растлумачыць малітвы і таямніцы, з якіх ён складаецца, або словамі, або
спецыяльнымі выявамі, якія маюць дзеля гэтай мэты; яны павінны даваць ім
прыклад, кожны дзень місіяў молячыся Ружанец у голас, цалкам, на сваёй мове, з
ахвяраваннямі таямніцаў, у тры розныя гадзіны: ранішні ружанец, перад святой
Імшой; другі ружанец – апоўдні, перад катэхэзай, пакуль збіраюцца дзеці; а
трэці – вечарам, перад апошнім казаннем. Вось адна з вялікіх таямніцаў,
атрыманых з неба, каб паліць сэрцы нябеснай расой (пар. ДТСР 51) і дапамагчы людзям
атрымаць плады Слова Божага, якія яны зведаюць кожнага дня” (РМ 57).
Калі чытаеш гэты твор, здаецца, што Манфор напісаў яго для місіянераў Таварыства Марыі. Канешне, святары і браты, якія яго падтрымлівалі, дапамаглі яму ўстанавіць набажэнства святога Ружанца. Добра вядома, што яго паслядоўнікі, між іншых М. Мулот, у вельмі шматлікіх мясцовасцях заснавалі Брацтвы Ружанца. Але ўсё ж такі здаецца, што “Дзівосная таямніца святога Ружанца” была напісаная раней за “Рэгулу святароў Таварыства Марыі”.
Адно напэўна! Гэтая маленькая кніга
не была надрукаваная пакуль жыў аўтар; затое чатыры першыя раздзелы,
адрэдагаваныя пасля таго, як твор быў скончаны, і змешчаныя ў канцы рукапісу,
даказваюць нам, што мэта аўтара была ў тым, каб данесці гэты твор да людзей.
Тыя маленькія ружы, якія сапраўды
з’яўляюцца ўводзінамі (гл. ДТСР 1-8), кажуць нам таксама пра чытачоў, якім
місіянер прызначаў свой твор: святары, грэшнікі, кантэмпляцыйныя душы і дзеці.
Але не трэба шукаць у тэксце асобныя раздзелы дзеля кожнай з гэтых катэгорый.
Аўтар звяртаецца да ўсіх, таму што ўсе могуць скарыстаць з гэтай цудоўнай
таямніцы святасці. […]
Але трэба разглядзець галоўнае
пытанне. Які галоўны аргумент прапаноўвае Манфор, каб заваяваць сваіх чытачоў?
Ён ідзе звычайным шляхам: распавядае
пра цудоўнае ўзнікненне гэтай формы марыйнай пабожнасці і атмасферу цудаў, у
якой яна ўзрастала на працягу стагоддзяў. Але дзеля святароў місіянер дадае
шматлікія тэксты Святога Пісання і доўгія лацінскія ўрыўкі добрых аўтараў (ДТСР
17). І, нягледзячы на ўсё, ён не стварае сабе ілюзіяў: “Я не сумняваюся ў тым, што вальнадумцы і крытыканы нашага часу, якія
прачытаюць гісторыі гэтага маленькага твора, паддадуць іх сумневу, як яны
заўсёды гэта рабілі, хоць я пазычыў іх у вельмі добрых сучасных аўтараў” (ДТСР
33).
Айцец Манфор меў пад рукой “Містычны ружовы куст”
дамініканца Тамаша Антоніна. Гэты том на 400 старонак быў падзелены на
пятнаццаць дзесяткаў, кожны з якіх меў па 10 раздзелаў. Манфор скараціў свой да
пяці дзесяткаў, кожны з якіх налічвае дзесяць Ружаў. Сярод іншых твораў, якімі
карыстаўся Манфор, варта адзначыць “De Sacris Arcanis Deiparae Virginis de Johannes de Carthagena”. Але
цытаты, змешчаныя ў кнізе пра Ружанец, ужо былі запісаныя айцом у яго Сшытку
Нататкаў. Два тэксты, якія Манфор змясціў у канцы свайго рукапісу пад назвай “De virtute et dignitate Rosarii” i “De dignitate salutationis Angelicae” – гэта
ўрыўкі з “Discursus praedicabiles super Litanias Lauretanas” de Justunus Miechovius OP.
Карыстаючыся кнігай Тамаша Антоніна, Айцец Манфор вяртаецца да крыніцы,
агульнай для ўсіх твораў пра Ружанец : Алэн дэ ля Рош.
Упершыню “Дзівосная таямніца святога
Ружанца” была надрукаваная толькі ў 1912 годзе, амаль два стагоддзі пасля
смерці свайго аўтара. За гэты апошні час ён вельмі хутка распаўсюдзіўся, быў
перакладзены на галоўныя мовы і прачытаны тымі, хто шукаў у святым Ружанцы
найбольш просты, але глыбокі спосаб, каб разважаць і ўглядацца ў жыццё Езуса і
Марыі. Папа, святы Ян Павел ІІ назваў яго “каштоўным” у сваім Апостальскі Лісце
“Rosarium Virginis Mariae”, дзе ён узгадаў Манфора сярод Святых “якія знайшлі ў
Ружанцы сапраўдны шлях да святасці” (№ 8).