Прадмова

    […] Дадзены твор — навучанне святога падчас яго місіяў. Галоўнай мэтай было адкрыць ролю Маці Божай у Божым плане збаўлення, у духоўным і апостальскім жыцці хрысціяніна. Ён скіраваны да шырокага кола, і разам з тым гэтая таямніца адкрытая “асаблівым чынам простым і ўбогім” (СУ 26).

   Дату напісання вызначыць немагчыма. Зважаючы на словы аўтара “на працягу доўгіх гадоў”, стварэнне твора можна звязаць з канцом яго місіяў. Аднак узгадванне а. Будона, “што нядаўна памёр”, прымушае быць вельмі ўважлівымі ў высновах. А. Будон памёр у 1702 годзе. Таму вось магчымыя варыянты даты напісання твору: зіма 1710-1711 гг.: Манфор адпачываў у Нантах і мог скарыстаць з гэтых некалькіх месяцаў цішыні; восень 1712 году падчас яго пабыту ў пустэльні Сэнт-Элуа; другая палова 1715 году, калі ён правёў шмат часу ў лясах Мэрвэ; 1712 год — гэтая дата традыцыйна найбольш верагодная.

   Наконт аўтэнтычнасці рукапісу ніколі не ўзнікала сумневаў. Падчас рэвалюцыі рукапіс спачываў “у цемры і цішыні куфара”, схаванага ў Сэн-Ларан-сюр-Сэўр у суседняй капліцы, прысвечанай святому Арханёлу Міхалу. Пасля буры ён заставаўся ў забыцці аж да 29 красавіка 1842 г.

   З першага погляду тэкст быў лёгкапазнавальны дзякуючы шматлікім ўласцівасцям, настолькі яскравым, што яго адразу ж прыпісалі Манфору.

  Аднак існуюць пэўныя сумневы што да некоторых паправак, зробленых у рукапісе. Здаецца, не ўсе яны належаць аўтару.

   Як толькі стала вядома пра тое, што знойдзены рукапіс, з усіх бакоў пачалі прасіць тэкст. Навіцыят Дачок Мудрасці заняўся тым, каб зрабіць шмат копій. Але трэба было яго надрукаваць як мага хутчэй.

   18 снежня 1842 г. мансеньёр Рэнэ-Франсуа Суайе, біскуп Люсона, дае свой імпрыматур. Першае выданне ўбачыла свет ў 1843 годзе (127 гадоў пасля смерці аўтара) ў Парыжы.

   Сёння “Трактат” налічвае больш за трыста выданняў на дваццаці мовах. […]

   Клопатам першых выдаўцаў было наданне назвы рукапісу, першыя старонкі якога не захаваліся, і таму загалоўка не было. Таму было вырашана даць назву “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Святой Дзевы”.

   Традыцыя патрабуе захаваць назву і ў дадзеным выданні. Аднак нам падалося надзвычай карысным падаць яшчэ і падзагаловак — гэта акрэсленне, якое дае сам Манфор у сваім творы (СН 227): “Падрыхтоўка да надыходу Валадарства Езуса Хрыста”. […]

   Калі разглядаць гэты твор больш дакладна, то яго непаўторнасць трэба разглядаць знутры. Місіянер ставіць форму ўшанавання Маці Божай, якая ўжо існуе, у перспектыву розных яго аўтараў. Ён сам скаштаваў яе дзякуючы глыбокаму асабістаму досведу, які з’яўляецца для яго крытэрыям духоўнай плённасці. І нарэшце, ён “апрануў” яе ў новую форму, дадаў свае спосабы практыкавання, унутраныя і вонкавыя.

   Сёння гэтая новая форма можа здавацца састарэлай і непатрэбнай. Зразумела, што гэты твор быў напісаны ў часы і ў асяроддзі, якія моцна адрозніваюцца ад нашага стагоддзя. Выразы, параўнанні, біблійныя інтэрпрэтацыі могуць заблытаць таго, хто застаецца на ўзроўні вельмі абмежаванага мыслення. Але чытач, які здолее ўхапіць фундаментальны сэнс гэтага твору, з радасцю адкрые яго надзвычай глыбокае навучанне, якое прывабіць тэолагаў і зацікавіць духоўных асобаў.