Ушанаванне Марыі павінна весці нас да Езуса Хрыста. Гэта вялікае перакананне св. Людвіка, пра якое ён шмат разоў казаў. Рознымі спосабамі выражаў гэтую цэнтральную праўду нашай веры ў Езуса Хрыста. Сутнасцю кожнай духоўнасці, таксама і марыйнай, з’яўляецца той факт, што яна павінна весці нас да Езуса.
Марыя неразрыўна звязана з жыццём Езуса Хрыста, а гэта значыцца і з хрысціянамі. Св. Людвік так
прапаведваў, абапіраючыся на Слове Божым: “Езус Хрыстус, наш Госпад, сапраўдны Бог і
сапраўдны Чалавек, павінен быць канчатковай мэтай усіх нашых пабожных практыкаванняў.
У іншым выпадку яны былі б несапраўднымі і памылковымі. Езус Хрыстус — гэта
Альфа і Амега, пачатак і канец кожнай рэчы. Мы дзейнічаем, кажа Апостал, толькі
дзеля таго, каб кожнага чалавека зрабіць дасканалым у Езусе Хрысце, таму што
толькі ў Ім жыве ўся поўня Боскасці і ласкі, цноты і дасканаласці. Таму што
толькі ў Ім мы атрымалі духоўнае блаславенства. Таму што Ён — наш адзіны Настаўнік,
які павінен нас навучыць, наш адзіны Госпад, ад якога мы павінны залежаць, наш
адзіны Гаспадар, з якім мы павінны быць з’яднаныя, наш адзіны ўзор, на які мы
павінны быць падобнымі, наш адзіны лекар, які павінен нас лячыць, наш адзіны
пастыр, які павінен нас карміць, наш адзіны шлях, па якім мы павінны ісці,
нашая адзіная праўда, у якую мы павінны верыць, нашае адзінае жыццё, якое
павінна нас ажыўляць, і нашае адзінае ўсё ў кожнай рэчы, якой нам павінна быць
дастаткова. І не дадзена пад небам іншага імя, акрамя імя Езуса, якім мы
павінны быць збаўленыя. Бог даў нам толькі адзіны падмурак нашага збаўлення,
дасканаласці і хвалы — гэта Езус Хрыстус. Кожны будынак, які не стаіць на
моцным падмурку, пабудаваны на сыпучым пяску, і безумоўна раней ці пазней упадзе.
Кожны вернік, што не з’яднаны з Хрыстом, як вінаградная лаза, упадзе, высахне і
будзе прыдатны толькі на тое, каб яго выкінулі ў агонь. Калі мы ў Езусе Хрысце,
а Ён у нас, нам не трэба баяцца асуджэння. Ані анёлы ў небе, ані
людзі на зямлі, ані дэманы ў пекле, ані іншае стварэнне не можа нам пашкодзіць,
бо нішто не можа нас адлучыць ад любові Божай у Езусе Хрысце. Праз Хрыста, з
Хрыстом і ў Хрысце мы можам усё: аддаць пашану і хвалу Айцу ў еднасці з Духам
Святым, стацца святымі і быць для нашых бліжніх водарам вечнага жыцця.
Калі мы будзем па-сапраўднаму ушаноўваць Найсвяцейшую Дзеву, то гэта толькі дзеля таго, каб больш дасканала ушаноўваць Езуса Хрыста. Гэта толькі дзеля таго, каб даць лёгкі і надзейны спосаб знайсці Езуса Хрыста. Калі б ушанаванне Святой Дзевы аддаляла ад Езуса Хрыста, яго трэба было б адкінуць як падман д’ябла. Але ўсё наадварот, як я ўжо паказаў і яшчэ пакажу пазней, гэтае набажэнства патрэбнае нам, каб дасканалым чынам знайсці Езуса і пяшчотна Яго любіць і верна Яму служыць.” (ТСУ 61-62).
Малітва: Пане наш Божа, Ты клічаш нас да таго, каб мы верылі ў Твайго Сына, Езуса
Хрыста, і каб мы Яго любілі. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і св.
Людвіка удзялі нам ласку сапраўднай любові да Езуса. Просім Цябе таксама аб
ласцы… (інтэнцыя ў якой молімся). Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…